Сотнікаў
Шрифт:
Ён хацеў жыць! Ён яшчэ і цяпер не траціў надзеі, кожную секунду шукаў выпадку, каб як абысці свой лёс і ўратавацца. Цяпер ужо Сотнікаў не меў для яго ранейшага значэння. Апынуўшыся ў палоне, былы камбат вызваляў яго ад усіх абавязкаў у адносінах да сябе. Цяпер абы толькі пашчасціла, і Рыбакова сумленне перад ім было б амаль чыстае — не мог жа ён уратаваць яшчэ і параненага. І ён прагна лавіў вачыма ўсё навакол з самае той хвіліны, як падняў рукі: на гарышчы, пасля ў сенцах усё лучыў момант, каб выскачыць. Ды там выскачыць не надарылася выпадку, а потым ім звязалі рукі — колькі ён неўзаметку ні высільваў іх з тае супонькі, нічога не атрымлівалася. І ён думаў: праклятая супоня, няўжо праз яе давядзецца загінуць?
Можа, варта было паспрабаваць кінуцца са звязанымі рукамі? Але на гэта патрэбна больш зручнае месца; не роўнядзь, а якая-небудзь паваротка, роў з хмызам, які-небудзь абрыў або лес. Тут жа, як на бяду, было поле, пагорак, потым дарога пайшла логам. Трапіўся масток, але раўчук пры ім быў зусім неглыбокі, адкрыты, у такім не схаваешся. Стараючыся не дужа круціць галавой у санях, Рыбак тым не менш пільна азіраўся навокал, шукаючы хоць колькі-небудзь прыдатную для ўцёкаў мясціну, і не знаходзіў нічога. І чым болей мінала часу, і чым яны бліжэй пад'язджалі да мястэчка, тым усё большы неспакой, амаль разгубленасць апаноўвалі Рыбака. Станавілася ўсё болей зразумела: яны прапалі.
11
У тым, што яны прапалі, Сотнікаў не сумняваўся ні на хвіліну, намеру ўцякаць у яго не было, надзеі на літасць паліцаяў таксама. І ён напружана маўчаў, прыдушаны цяжарам свае віны, што вісела над ім падвойным грузам. Асабліва яго непакоіла Дзёмчыха. Пакуль, аднак, невядома было, што дазналіся пра яе паліцаі і наколькі сур'ёзнае іх падазрэнне адносна яе сувязі з лесам. Ён думаў таксама і пра начную перастрэлку, у якой, мяркуючы па ўсім, дасталося некаму з гэтых бобікаў. Нейкаму Хадаронку. Вядома, падстрэліў яго Сотнікаў, тут ужо ні Рыбак, ні тым болей Дзёмчыха ні пры чым.
Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў — два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб'і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё — трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны.
Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны пад'язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца.
Яшчэ здаля Сотнікаў угледзеў вароты і ля іх паліцая ў кажусе з вінтоўкай, побач месцілася ладная цагляная дамоўка, пэўна — колішняя крама ці якая ўстанова, з чатырма закрачанымі вокнамі. Калі яны пад'ехалі бліжэй, паліцай закінуў за спіну вінтоўку і расчыніў вароты. Абое саней уехалі на даволі прасторны, ачышчаны ад снегу двор са старой абгрызенай конавяззю, нейкім хляўком і дашчанай шпакоўняю-прыбіральняй у куце. На ганку з'явіўся яшчэ адзін паліцай — франтаваты малады хлапец у нямецкім кіцелі з белай павязкай на рукаве.
— Прывезлі?
— А то як жа! — ахвотна азваўся Стась. — Мы ды каб не прывезлі. Во, прымай галубчыкаў!
Ён лёгка саскочыў з саней, паддаў локцем вінтоўку — тут ужо ў ёй не было пільнай патрэбы, тут не ўцячэш. Пакуль возчык і Рыбак вылазілі з саней, Сотнікаў паныла аглядаў будыніну, дзе, мяркуючы па ўсім, ім хутка давядзецца сербануць ліха: мураваныя сцены, высокі ганак з паддашкам, крутыя прыступкі ў склеп. Адно з закрачаных вокнаў было пабіта, а ніжнія шыбы застаўлены жоўтымі фанерынамі з абрыўкамі нейкага гатычнага надпісу. Усё тут было прыбрана, падмецена. Тым часам паліцай у кіцелі дастаў ключ і па сходках пайшоў уніз да дзвярэй пад ганкам — там на пагрэбчыку віднеўся здаравенны вісячы замок з перакладзінай.
— Давай усіх сюды!
Ужо ўсе павылазілі з саней — Стась, Рыбак з возчыкам, воддаль паліцаі з тых развальнёў і Дзёмчыха, ад выгляду якой у Сотнікава жаласна сцялася сэрца: яе за што? Са звязанымі ззаду рукамі яна згорбілася, угнулася, хусцінка спаўзла на патыліцу, а ў роце дзіка і недарэчна ўсё тырчала суконная рукавіца — відаць, яны не спяшаліся вызваляць яе ад гэтага кляпа.
Сотнікаву аднанож было горш выбрацца з саней; як ні павярніся — заходзілася болем нага. Трываючы той боль, усё ж вылез на снег і трохі скокнуў каля саней. Ён знарок прычакаў Дзёмчыху і, калі тая параўнялася з ім, унікаючы яго позірку, падняў абедзве звязаныя рукі і рвануў за рукавіцу.
— Ты што? Ты што, чмур?! — гыркнулі ззаду, і ў наступнае імгненне ён паляцеў тварам на снег, збіты лютым ударам нечага бота.
Боль у назе абцугамі сцяў яго адчуванне, ён сашчаміў зубы, але не здзівіўся і не пакрыўдзіўся — ён прыняў гэты ўдар як заслужаны. Пакуль ён, кашляючы, узграбаўся на адно калена, недзе побач абурана гудзеў знаёмы бас старшага паліцая:
— Ах ты, вырадак камісарскі! Бач — самаўпраўца! Ану, цягні яго ў штубу! Да Будзілы яго!
Аднак ззаду, выкрыкваючы праклёны Гітлеру, залямантавала Дзёмчыха, і яны там усе разам накінуліся на яе. У іх злоснай хватцы і ў галасах адчувалася набрынялая злая варожасць, якая кожную секунду гатова было выбухнуць з усёй сваёй лютасцю. Тут, вядома, было яшчэ горш, чым там, дзе іх узялі, або ў дарозе, тут на поўную сілу даваў сябе знаць крыважэрны фашысцкі орднунг. Чалавек тут пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў часова жывую істоту, пазбаўленую права і цалкам аддадзеную ва ўладу гэтае банды наймітаў. Апеляваць да справядлівасці ці сумлення тут было бескарысна.
Усё той лёгкі на падхваце Стась падскочыў да яго, дужа хапіў пад паху, тузануў; ён зноў упаў голымі звязанымі рукамі на снег, але бяздушная сіла гэтага паліцая падхапіла-павалакла яго да ганка, пхнула ў дзверы.
Ратуючы хворую нагу, ён дужа ўдарыўся плячом аб вушак. Стась адным дыхам правалок яго па калідоры, шырока расчыніў яшчэ нейкія дзверы і дужым рыўком кінуў на затаптаную, у мокрых слядах падлогу. Сам жа на развітанне вылаяўся, пнуў яго ботам і з сілай грукнуў дзвярыма.
Стала ціха. Было толькі чуваць, як дзесь, нібы з рукамыйніка, капала вада і за сцяной бубніў нейкі голас. Сотнікаў, трываючы боль і задышку, марудна адольваючы слабасць, падняў галаву. У пакоі болей нікога не было, гэта трохі здзівіла. Ён з нечаканай надзеяй зірнуў на акно, але яно было моцна загароджана кратамі з самадзелкавых, прыбітых да вушака прантоў. Не, адсюль не ўцячэш! Зразумеўшы гэта, ён расслаблена апусціўся на падлогу, без цікавасці агледзеўся. Пакой меў звычайны казённы выгляд, здаваўся няўтульным і пуставатым, хоць тут быў засланы шэрай байкавай коўдрай стол, аблезлае крэсла за ім і лёганькае гнутае крэселка ля печы-галандкі, ад чорных круглых бакоў якой ішло густое, такое прыемнае цяпер цяпло. Але ззаду па падлозе цякла з дзвярэй сцюжа. Сотнікаў азябла скалануўся і, стрымліваючы стогн, патроху-памалу з асцярогай выцягнуў убок параненую нагу.
«Ну вось, тут усё і скончыцца! — журботна падумаў ён. — Дай толькі, Божа, стрываць!»
Ён разумеў, што падышоў да свае мяжы, свайго галоўнага рубяжа, а сілы ў яго было дужа мала. І ён найбольш непакоіўся, што можа не стрываць фізічна, — іншага ён не баяўся. Дыхнуўшы цёплага паветра, ён пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве, — самым прывязлівым кашлем, які дапякаў яму другі дзень. Так кепска ён даўно ўжо не кашляў, мабыць, з дзяцінства, калі сваёй прастудай выклікаў нямала трывог у маці, якая бясконца перажывала за яго слабыя лёгкія. Але тады нічога не здарылася, ён перарос хваробу, дажыў да дваццаці шасці год. А цяпер што ж — цяпер здароўе ўжо не мела для яго вялікага значэння. Цяпер было важна іншае.
Праз кашаль ён не пачуў, як у пакоі з'явіўся яшчэ нехта, ён толькі ўбачыў боты, не дужа новыя, але дагледжаныя, з падбітымі наскамі і дбайна наваксаванымі халявамі. Сотнікаў падняў голаў.
Насупраць стаяў немалады ўжо мужчына ў цёмным цывільным пінжаку пры гальштуку, павязаным на нясвежую, у палоску кашулю, у ладных, вайсковага крою брыджах. У паглядзе яго маленькіх, але надта пільных вочак было нешта гаспадарскае, спакойнае, у меру заклапочана разважлівае; пад носам тапырылася шчотачка коратка падстрыжаных вусікаў — як у Гітлера. «Будзіла, ці што?» — падумаў Сотнікаў, хоць нічога з таго пагрозліва-звераватага, якое паліцаі прыпісвалі гэтаму чалавеку, у ім не было зусім. Аднак адчувалася, што гэта начальства, і Сотнікаў сеў на падлозе трохі раўней, наколькі гэта дазваляла яго балючая нага.