ЖАНРЫ

Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Некаторыя даследчыкі лічаць, што ўступка Усвятаў і Віцебска была найперш ударам па Смаленску, і бачаць у ёй а дну з прычын барацьбы Смаленска з Полацкам, якая ўзнікла пазней 274, і ў гэтым часткова яны маюць рацыю.

Паколькі ў Сафійскім і Васкрасенскім летапісах сказана, што Брачыслаў згадзіўся «заадзін» ваяваць разам з Яраславам да канца свайго жыцця, то можна зрабіць вывад, што ён прымаў удзел калі не ва ўсіх, то ў многіх заваёўніцкіх паходах Яраслава. Аднак крыніцы пра гэта маўчаць, і таму нічога пэўнага сцвярджаць у гэтых адносінах мы не можам. I. Бяляеў выказаў меркаванне, што Брачыслаў мог прыняць удзел у паходзе Яраслава ў 1038 г. на яцвягаў275. Што гэты паход быў накіраваны на панямонскіх яцвягаў, не можа быць сумнення, бо ўслед за ім адбыўся і паход на літву, што асела ў Верхшм Панямонні. Цікава, што пра апошняе здагадваўся і I. Бяляеў, але ён думаў, што тут знаходзілася толькі частка, а не ўся Літва276. Аднак звесткі пра вынікі паходу 1038 г. у крыніцах вельмі супярэчлівыя. У летапісным зводзе 1479 г. гаворыцца, што Яраслаў не мог узяць яцвягаў277, а ў Хлебнікаўскім і Пагодзінскім спісах Іпацьеўскага летапісу сцвярджаецца аб перамозе над яцвягамі. Вельмі важныя звесткі пра гэты паход мы знаходзім у Тацішчава. Хоць тут таксама сцвярджаецца пра перамогу Яраслава, аднак зазначаецца, што ён «градов их (яцвягаў) взять не мог, ибо не хотел со стенами биться и людей терять» і таму «скрта и имения по сёлам множество побрав, возвратился»278. Як бачым, яцвягі мелі добрыя ўмацаваннікрэпасці, якія Яраслаў не змог узяць і абмежаваўся абрабаваннем.

Намі вышэй было адзначана, што племя літва, пасяліўшыся ў Верхнім Панямонні, заняло частку яцвяжскай тэрыторыі. Таму зразумела сувязь паміж паходамі на яцвягаў і на літву. Не перамогшы першых, нельга было ісці на другіх, што і адбыДося ў 1040 г. Пераважная болынасць крыніц маўчыць пра вынікі гэтага паходу і ўспамінаюць толькі паасобныя з іх. Хлебнікаўскі і Пагодзінскі спіскі ўслед за словамі «Ярослав иде на литву» дадаюць «и победи их»279. Зноў болын падрабязныя звесткі аб гэтым мы атрымліваем у матэрыялах В. Тацішчава, дзе сказана, што Яраслаў пакарыў літву і ўсклаў на яе даніну280.

Паходы Яраслава на яцвягаў і літву азначалі пачатак падначалення беларускага Панямоння ўладзе Кіева. Наўрад ці Брачыслаў, уладанні якога ляжалі блізка да гэтай тэрыторыі, быў зацікаўлены ў яе адыходзе да Кіева. Нельга забывацца, што ў канцы X ст. быў заснаваны Ізяслаўль, які знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да Старажытнай Літвы, а магчыма, ужо і на яе тэрыторыі, і, такім чынам, мог з’явіцца першым полацкім каланізацыйным асяродкам у ёй. Я. Длугаш таксама гаворыць аб перамозе Яраслава над літвой у 1040 г., у выніку чаго той пакарыў значную частку нёманскага ўзбярэжжа. Прычым гэты гісторык удакладняе і месца перамогі: на палях слонімскіх281. У сё гэта змушае нас лічыць болын правильным сведчанне аб перамозе Яраслава над яцвягамі і літвой (паведамленне Я. Длугаша дае права рабіць вельмі важную выснову, што Слонім знаходзіўся на тэрыторыі Старажытнай Літвы, і гэта пацвярджае тапонім Літва на тэрыторыі Слонімскага раёна).

У сё сказанае робіць праблематычным удзел Брачыслава ў адзначаных паходах. Можна нават меркаваць, што паход Яраслава на літву ў 1040 г. мог выклікаць пэўныя пярэчанні Брачыслава, на што ўкажуць падзеі 1044 г, пра якія мы будзем гаварыць ніжэй.

Трэба думаць, што пасля 1021 г., калі было вырашана жыццёва важнае пытанне пашырэння ўладанняў на ўсходзе, увага Брачыслава скіроўвалася на прасоўванне на захад. На гэта можа ўказаць г. Браслаў, заснаванне якога прыпісваенда Брачыславу і які першапачаткова называўся Брачыслаўлем282. Праўда, у апошні час В. Жучкевіч абвяргаў гэта, лічачы паходжанне гэтай назвы балцкім283. Аднак цяжка ўявіць, як ад «брасто», г. зн. «брод», магла ўтварыцца назва «Браслаў», якая ў ранейшых крыніцах мае форму «Браславль»284. Тое, што на месцы Брас лава існавала паселішча да XI ст., таксама не адвяргае тэта. Яно магло быць разбураным, а замест яго магло быць узведзена новае, з новай назвай. Ніводзін горад не ўзнікаў на голым месцы. Што назва «Браслаў» не балцкага паходжання, можа сведчыць наяўнасць і іншых назваў, якія паходзяць ад імя Брачыслаў. Яны размецічаны на межах Полацкай зямлі, і іх няма паза межамі яе. Тэта: в. Браслаў ля возера Сівера ў 20 км на паўночны ўсход ад горада Краслаўкі (Усходняя Латвія), дзе маецца разбуранае гарадзішча, Браслава (у Абрэнскім рне Латвійскай ССР) і асабліва Браслаўль у 15–20 км на поўнач ад Оршы285. Умацаваныя гарадзішчы, якія ўзніклі ў XI ст. на астравах азёраў Дрысвяты і Мядзел, таксама сведчаць аб прасоўванні Полацка ў гэты час ў глыб балцкай тэрыторыі ў заходнім кірунку. Вось гэтыя назвы побач з Віцебскам і Усвятамі могуць быць у некаторым сэнсе пэўньім арыенцірам у вызначэнні межаў тэрытарыяльнага росту Полаччыны ў час князявання Брачыслава. Існуе думка, што ў гэты час да Полацка адышла і частка Падняпроўя з Оршай і Копысем286. Яе аднолькава цяжка і прыняць і абвергнуць. А дно толькі пэўна, што гэтыя гарады ўваходзілі ў склад Полаччыны, але невядома, з якога часу. Крыху далей мы выкажам аб гэтым свае меркаванні. Цяжка сказаць, куды прасунуліся паўднёвыя межы Полаччыны ў час Брачыслава. Нам дакладна вядома, што ўжо ў канцы X ст. ёй належаў Ізяслаўль, г. зн. вярхоўе Свіслачы. Можна толькі меркаваць, што і Менск у гэты час быў уладаннем Полацка, як гэта пацвердзяць падзеі 1067 г.

Хоць дайшоўшыя да нас матэрыялы далёка не выяўляюць шырокіх абсягаў дзейнасці Брачыслава, усё ж яны паказваюць, што ён вызначаўся энергіяй, рашучасцю, палітычнай праніклівасцю, дыпламатычным умением, і таму наўрад ці адпавядае сапраўднасці самахарактарыстыка Брачыслава, што ўнесена ў «Эймундаву сагу»: «Я не такі знаходлівы, як Яраслаўкнязь»287. Падзеі 1021 г. паказалі, што Брачыслаў у досціпе нічым не ўступаў Яраславу. Сага добра выявіла моц полацкага веча і залежнасць ад яго князя, калі мы чуём словы апошняга, сказаныя Эймундавым нарманам: «Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, бо яны даюць грошы, хоць выплачваю іх я»288. Такім чынам, веча мела першаступеннае значэнне ўжо на пачатку полацкай гісторыі.

Летапіс паведаміў аб смерці Брачыслава ў 1044 г. Можна думаць, што ён жыў каля 45 гадоў. Бясспрэчна, лепшыя якасці Брачыслава пераняў і памножыў яго славуты сын Усяслаў, які ўнаследаваў ад яго і полацкі паса д. Але паколькі паведамленні пра дзейнасць Усяслава пададзены ў летапісе толькі з 1060 г., то мы звернемся спачатку да больш ранніх падзей, якія адбываліся ў Панямонні, Тураўскай і Смаленскай землях.

ПАНЯМОНСКІЯ, ТУРАЎСКІЯ I СМАЛЕНСКІЯ ПАДЗЕІ Ў СЯРЭДЗІНЕ XI СТАГОДДЗЯ

Найперш пра паход Яраслава Мудрага на літву ў 1044 г. Асвятленне гэтага факта ў крыніцах прымушае паставіць пытанне: «А ці меў ён месца ў гісторыі?» Сапраўды, такія аўтарытэтныя летапісы, як «Аповесць мінулых гадоў», Іпацьеўскі, Троіцкі, Густынскі, Зводы 1497 і 1518 гг. і некаторыя іншыя, не адлюстравалі гэтай падзеі, у іх толькі гаворыцца пра аналагічны паход у 1040 г. Але адначасова такія летапісы, як Сафійскі I, Наўгародскі IV, «Софийский временник», Ніканаўскі, Цвярскі, а таксама «История Российская» В. Тацішчава, паказваюць гэту падзею, прычым упамінаючы і пра паход 1040 г. Для нас асабліва важныя сведчанні першых трох крыніц, бо ў іх пачатку былі змешчаны ўрыўкі з летапіснага помніка, болей старажытнага, чым «Аповесць мінулых гадоў», з г. зв. Пачатковага зводу269. У сё гэта і дае нам падставу лічыць гэты паход сапраўдным гістарычным фактам.

Важнае прынцыповае значэнне мае і пытанне: «Калі менавіта адбыўся гэты паход: да ці пасля смерці Брачыслава?» Усе ўказаныя летапісы паказваюць першае. I толькі ў В. Тацішчава — другое290. I, на нашу думку, апошняя крыніца болей верагодная і вось чаму. Мы вышэй ужо выказвалі меркаванне, што паходы Яраслава на яцвягаў у 1038 г. і асабліва на літву ў 1040 г. маглі выклікаць незадаволенасць Брачыслава, і, магчыма, паміж ім і Яраславам была заключана пэўная ўмова, згодна з якой Яраслаў абавязваўся не пранікаць далей у Літву. Не выключана таксама, што тэрыторыя Літвы, гаворачы сучаснай мовай, была па дзе лена на сферы ўплыву паміж Кіевам і Полацкам. Але са смерцю Брачыслава гэта ўмова траціла сваю сілу, і Яраслаў рашыў далей умацоўваць свае пазіцыі ў Літве.

Вось для гэтага і спатрэбіўся паход на яе ў 1044 г., і таму натуральна, што паведамленне пра яго ў В. Тацішчава, які карыстаўся больш праўдзівымі крыніцамі, што не дайшлі да нас, і ідзе за паведамленнем пра смерць Брачыслава. Паход тэты быў пераможны, бо завяршыўся пабудовай «Новагорода», пад якім, як гэта першы заўважыў В. Тацішчаў, трэба разумець сучасны Наваградак. Паасобныя каментатары лічадь, што пад упомненым тут «Нрвогородом» трэба разумець закладку каменных гарадскіх сцен у Ноўгарадзе Вялікім, што, маўляў, пацвярджае Наўгародскі III летапіс, дзе растлумачана: «…на Софийской стороне каменный город»291. У некаторых летапісах сказана, што паход на літву зрабіў Яраслаў, а «Володимир (сын Яраслава, тады наўгародскі князь) заложи Новгород»292. Аднак гэта яўная недарэчнасць, якая ідзе ад таго, што пазнейшым рэдактарам летапісаў не было зразумела, які «Новгород» заклаў Яраслаў, і яны, натуральна, прыпісвалі гэта наўгародскаму князю Уладзіміру, які ў 1045 г. «заложил церковь Святой Софии в Новгороде»293. Аднак тое, што ва ўсіх крыніцах узвядзенне «Новагорода» звязана з паходам Яраслава на літву ў 1044 г., дае добрую падставу, каб пад гэтым горадам разумець сучасны Наваградак. Дарэчы зазначым, што дата заснавання Наваградка яўна замоўчваецца ў гістарыяграфіі. У. Пашу та спецыяльна папярэдзіў чытачоў, што ўпомнены пад гэтым годам у летапісах «Новгород» — не Новагародак294. Цалкам абыходзіць яе і Ф. Гурэвіч у сваіх працах па археалагічнай гісторыі Беларускага Панямоння і, у прыватнасці, у апошняй кнізе «Древний Новогрудок»295. Ігнараванне гэтай даты зусім не выпадковае, бо яна ясна пацвярджае месца знаходжання Старажытнай Літвы ў Верхнім Панямонні, у той час як названыя даследчыкі атаясамляюць яе з сучаснай. Такім чынам, Наваградак быў узведзены Яраславам на мяжы Старажытнай Літвы і Яцвязі (што адзначыў А. Ельскі) як апорны пункт панавання над імі Кіева. Цалкам магчыма, што на месцы Наваградка існавала раней нейкае паселішча, відаць, абарончага характару, але ў час паходу 1044 г. было разбурана і на яго месцы збудаваны новы горад. I хоць у далейшым ён стаў цэнтрам славянскай каланізацыі, асіміляцыі і хрысціянізацыі і набыў важнае эканамічнагандлёвае, а разам з ім і палітычнае значэнне, аднак у першапачатковай сваёй ролі, як аплот кіеўскага панавання ў Верхнім Панямонні, ён зрабіўся яшчэ адным вузлом кіеўскаполацкіх супярэчнасцяў, што трохі пазней і знайшло сваё знешняе выяўленне.

Зараз спынімся на асвятленні тураўскай гісторыі. Пасля кароткага князявання Святаполка ў Тураве апошні стаў непасрэдна кіравацца з Кіева. Такое становішча прадаўжалася амаль да смерці Яраслава (1054). Але ці азначала гэта, як лічаць некаторыя даследчыкі, страту Тураўскай зямлёй усіх прызнакаў палітычнай адасобленасці і самастойнасці?296 Нам здаецца, што нельга ў залежнасці ад таго, хто правіў Туравам — сам вялікі князь з Кіева ці яго якіне- будзь нашчадак у Тураве, — лічыць гэта княства несамастойнай ці самастойнай палітычнай адзінкай. Незалежным палітычна яно не было як у першым, так і ў другім выпадках. Кіеў моцна трымаў Тураўскую зямлю і як тэрыторыю, па якой ішла важная прыпяцкая водная магістраль, што звязвала Кіеў з Захадам, і як плацдарм барацьбы з Польшчай, Яцвяззю, Літвой і Полацкам. Каб у гэтым упэўніцца, варта толькі прыгадаць паходы Яраслава на Мазовію, яцвягаў, у Літву, якія маглі ажыццяўляцца толькі праз Тураўскую зямлю. Аднак сказанае яшчэ не азначае, што Тураўшчына побач з сваёй палітычнай самастойнасцю траціла і сваю адасобленасць і самабытнасць. Ніколькі. Не гаворачы ўжо аб яе тэрытарыяльнай адметнасці як краю бал от і лясоў, Тураўшчына ўсё болей набывала і свой этнаграфічны твар, што было звязана з заканчэннем працэсу зрашчэння славянскага і балцкага насельніцтва. Як пакажуць пазнейшыя падзеі ў Тураўшчыне, яна ніколькі не мірылася са сваім паднявольным становішчам і адчувала ўвесь цяжар кіеўскага ўладання.

Крыніцы не даюць дакладнай даты раздзелу Яраславам валасцей паміж сваімі сынамі. Але наўрад, што такое адбылося перад самай смерцю. Гэта можна вывесці з таго, што другі сын Яраслава Уладзімір ужо ў 1036 г., г. зн. у 16-гадовым узросце, быў пасаджаны бацькам на князяванне ў Ноўгарадзе. Трэба думаць, што і іншыя сыны Яраслава, па меры таго як станавіліся паўналетнімі, атрымлівалі таксама княскія пасады. Вось чаму цалкам дапушчальна, што трэці сын Яраслава — Ізяслаў, які нарадзіўся ў 1024 г., яшчэ да 1052 г. (з 1042 г.) мог княжыць у Тураве, бо ў гэты год, атрымаўшьі пасад Уладзіміра ў Ноўгарадзе, ён, як сведчаць Васкрасенскі, Сафійскі і Густынскі летапісы, застаецца і князем тураўскім. Быў ім Ізяслаў і тады, калі пасля смерці бацькі (1054 г.) становіцца кіеўскім князем. Гэтым фактам яшчэ раз пацвярджаецца, наколькі важным было для кіеўскай улады трымаць у сваіх руках непасрэдна Тураў, асабліва ўлічваючы ўзмацненне ў гэты час кіеўскапольскіх узаемаадносін. Пра гэта гавораць такія факты, як паходы Яраслава ў Польшчу, шлюб Казіміра з сястрой Яраслава МарыяйДабранегай, шлюб Ізяслава з сястрой Казіміра і асабліва тая падтрымка, якую аказаў Ізяславу Баляслаў у падзеях 1068 г. і інш., што мела непасрэднае дачыненне да Тураўскай зямлі. Усё гэта пасля падзей, звязаных са Святаполкам, ясна паказвае, што менавіта Тураўшчына была першай з беларускіх земляў, дзе завязаўся вузел рускапольскіх адносін і супярэчнасцяў. Ёсць меркаванне, паводле якога Ізяслаў, будучы кіеўскім князем, паслаў у Тураў свайго сына Яраполка, што знаходзіць пацверджанне ў пазнейшых падзеях: брат Ізяслава Усевалад, стаўшы кіеўскім князем, даў Яраполку ў прыдачу да Уладзіміра Валынскага і Тураў.

Поделиться с друзьями: