ЖАНРЫ

Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

А цяпер вернемся да разгляду запісу. Найперш кідаецца ў вочы яго значна большая інфармацыйнасць у параўнанні з запісам 1222 г., поўным таямнічасці. Сапраўды, тут з усёй відавочнасцю бачым, што Святаслаў Мсціславіч цалкам абапіраўся на палачанаў, з дапамогай якіх ён і захапіў смаленскі пасад. Ясна таксама, што яму было аказана супраціўленне, інакш ён не знішчыў бы многіх смаленцаў. Мы ведаем таксама, што Святаслаў Мсціславіч быў з роду смаленскіх князёў, бо з’яўляўся ўнукам Рамана Расціславіча. Толькі адно засталося невядомым: як яму ўдалося паразумецца з палачанамі? I вось наконт гэтага ў свой час П. Галубоўскім было выказана меркаванне, што Святаслаў Мсціславіч быў пасаджаны Смаленскам у Полацку ў 1222 г. і княжыў там да 1232 г.753. Аднак у такім выпадку застаецца незразумелым, як мог смаленскі стаўленік у Полацку ператварыцца ў стаўленіка Полацка ў Смаленску. Гэта папер- шае. Падругое, з гісторыі Полацка невядома ніводнага факта, каб палачане аж дзесяць гадоў цярпелі на сваім пасадзе князя другой дынастыі. Калі тут так доўга не маглі трымацца кіеўскія стаўленікі, то наўрад ці маглі столькі часу трымацца смаленскія. На нашу думку, больш верагодна, што справа адбывалася так. Палачане, добра ведаючы пра цяжкія абставіны, у якія трапіў Смаленск, рашылі выкарыстаць гэта і нанесці ўдар па сваім даўнім палітычным канкурэнце. Будучы ў курсе барацьбы за смаленскі пасад, яны зрабілі стаўку на Святаслава Мсцілавіча, увайшлі з ім у сувязь, паабяцалі яму сваю дапамогу. Не выключана таксама, што Святаслаў мог уцячы ў Полацк і, дамовіўшыся з ім, з яго сілай увайсці ў Смаленск і сесці на яго пасад. У В. Тацішчава сказана, што Святаслаў Мсціславіч хацеў па смерці Мсціслава Давыдавіча княжыць у Смаленску, але смаленцы яго прыняць не хацелі. Ен жа 24 ліпеня сілаю ўзяў754. 3 гэтага ясна бачна, што Святаслаў, пацярпеўшы няўдачу мірна сесці на смаленскі пасад, павінен быў абаперціся на знешнюю сілу. Яму яе і далі палачане. Але, як бы там ні было, ясна адно, што полацкая гісторыя не спынілася на сваім упадку ў 20-я гады XIII ст., як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, а паспяхова развівалася. Падзеі 1232 г. зноў пацвердзілі ўменне полацкай дыпламатыі прыстасоўвацца да канкрэтнагістарычных абставін, пільна і ўдумліва сачыць за падзеямі і выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах спрыяльныя ўмовы. Пасадзіўшы ў Смаленску свайго стаўленіка і падтрымліваючы яго, без чаго ён, вядома, не мог бы ўседзець, Полацк атрымаў магчымасць уплываць на палітыку гэтага княства і ў значнай меры падначальваць яе сваім інтарэсам. Аднак аб поўным падначаленні Смаленска Полацку наўрад ці можа ісці гаворка. Бо сцвярджаць так было б раўназначным паўтараць тую самую памылку, якую дапускалі і дапускаюць многія даследчыкі ў адносінах падначалення Полацка то Кіеву, то Чарнігаву, то Смаленску, то Літве. Вельмі доўга жыў Полацк самастойным дзяржаўным жыццём, каб мог адразу страціць сваю палітычную самабытнасць і поўнасцю ў адзін раз падначаліцца камунебудзь. Тое самае і ў адносінах Смаленска. Праўда, яго самастойная палітычная гісторыя была непараўнальна карацейшая за полацкую, але ўжо дастаткова працяглая, каб быць трывалай і здольнай абараняць сябе. Таму Полацк у 1232 г. не мог адразу разбурыць смаленскую незалежнасць. Самае болынае, што ён мог зрабіць у дадзеным выпадку, дык гэта ўплываць на справы Смаленска праз свайго стаўленіка з роду Расціславічаў, што смаленцы не пацярпелі б, калі б у іх быў пастаўлены хтонебудзь з полацкай дынастыі.

Толькі праз сем гадоў у летапісе была адзначана яшчэ адна падзея, якая хоць і ўскосна, але трохі прасвятляе поўную невядомасці полацкую гісторыю гэтага часу. У Наўгародскім I летапісе пад 1239 г. сказана: «Оженися князь Александр, сын Ярославль в Новегороде, поя в Полотьске у Брачислава дчерь, и венчася в Торопце; ту кашю чини, а в Новегороде другую»755. Як бачым, полацкім князем у гэты час быў Брачыслаў, але чыім сынам ён з’яўляўся, засталося невядома. Тое, што дачка Брачыслава (па звестках В. Тацішчава яе імя — Параскевія, па іншых — Аляксандра) выходзіла замуж за вядомага наўгародскага князя Аляксандра Неўскага, можа нейкім чынам сведчыць аб палітычным збліжэнні Полацка і Ноўгарада, хутчэй за ўсё на грунце агульнай барацьбы з нямецкай і шведскай агрэсіяй. У сувязі з гэтым можа быць невыпадковым знаходжанне ў войску Аляксандра Неўскага Якава Палачаніна, аднаго з шасці найбольш выдатных герояў, якія вызначылі пераможны зыход для наўгародцаў Неўскай бітвы 1240 г. Пра яго сказана, што ён, наехаўшы на полк (варожы) з мячом і «мужествовав много»756. Не зусім зразумела, чаму шлюб адбываўся ў Тарапцы.

В. Данілевіч гэта тлумачыў далейшай залежнасцю Полацка ад Смаленска, і таму, маўляў, «дачка Брачыслава па жаданню смаленскіх князёў жыла ў Тарапцы, і гэта змушала міжволі Брачыслава падначальвацца Смаленску»757. Але тады становіцца незразумелым, чаму яна павінна была жыць у Тарапцы, а не ў самім Смаленску. Цяжка меркаваць, каб княская дачка і жонка была ў поўным сэнсе гэтага слова заложніцай. Наогул, аб нейкай залежнасці Полацка ад Смаленска пасля 1232 г. і гаварыць не прыходзіцца. Смаленск пасля гэтага надоўга застаўся ў палітычным заняпадзе.

I хоць падзеі 1232 г. — факт вельмі красамоўны для пацверджання палітычнай моцы Полацка ў гэты час, тым не менш прыводзіцца яшчэ адзін аргумент у пацверджанне полацкага бяссілля. Гэта — шматлікія набегі «літвы», якія яна ажыпдяўляла на рускія землі праз нібыта аслабелую і падначаленую ёй Полацкую зямлю. Але і гэта з’яўляецца вынікам даволі тэндэнцыйнага асвятлення падзей.

Мы ўжо ведаем, што яшчэ ў канцы XII ст. Літва была саюзніцай Полацка і адным з тых рэзерваў, адкуль ён чэрпаў вайсковыя сілы, як гэта было ў 1180 г. у барацьбе са Смаленскам і ў 1198 г. у паходзе на Вялікія Лукі супраць Ноўгарада. Такім чынам, ужо ў XII ст. выявілася значэнне Літвы для Полацка як адной з ударных сіл яго супроць суседніх земляў. У 1216 г., як пасведчыла «Хроніка Лівоніі», Літва была саюзніцай Полацка і ў барацьбе супроць крыжацкай агрэсіі. Праўда, у ёй гаварылася і аб пагрозе летонаў (калі пад імі разумець «літву») полацкім удзелам у Ніжнім Падзвінні і самому Полацку, аднак ніводнага факта нападу іх на полацкія ўладанні яна не зарэгістравала.

Часта спасылаюцца на паведамленне Я. Длугаша, што ў 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і што яны былі разгромлены і выгнаны смаленскім князем Мсціславак Давыдавічам758. Аднак апошні ў той час у Смаленску не $ыў князем. Малаверагодныя і звесткі Лаўрэнцьеўскага летацісу пра напад «літвы» ў 1235 г. побач з Наўгародскай і Смаленскай землямі і на Полацкую759, бо ў Акадэмічным спісе гэтай крыніцы760 і ў Наўгародскім I летапісе пра напад на апошнюю не гаворыцца761.

Даследчыкі, як правіла, асабліва завастраючы ўвагу на шматлікія набегі «літвы» на рускія землі, поўнасцю замоўчваюць той факт, што амаль усе яны заканчваліся паражэннем, як гэта было ў 1200,1225,1229,1234,1245,1248 і 1253 гг. Відавочна, што пры такім сумным зыходзе яны яўна не маглі спрыяць узбагачэнню літоўскіх феадалаў, як звычайна сцвярджаецца. Набегі «літвы» маглі быць толькі ў інтарэсах Полацка, які іх інспіраваў супроць суседніх земляў і якія ажыццяўляліся праз Полацкую зямлю.

У сувязі з так званымі літоўскімі набегамі нельга абмінуць яшчэ адзін факт, зафіксаваны ў Суздальскім летапісе пад 1239 г.: «Того же лета Ярослав иде Смолиньску на Литву, и Литву победи и князя их ялъ, а Смольняны урядив, князя Всеволода посади на столе, а сам со множеством полона с великою честью отиде в свояси»762 П. Галубоўскі, грунтуючыся на гэтым запісе, лічыў, што Літва сапраўды захапіла Смаленск, карыстаючыся міжусобнай барацьбой смаленцаў, незадаволеных Святаславам Мсціславічам, і што ім на дапамогу з’явіўся ўладзімірскі князь Яраслаў Усеваладавіч, які і задаволіў іх, прагнаўшы Святаслава. Аднак гэты аўтар пакінуў без увагі той факт, што Яраслаў «князя іх (г. зн. «літвы». — М. Е.) ялъ». Дык хто быў пригнаны: Святаслаў ці невядомы па імені літоўскі князь? На думку I. Бяляева, пад «князем Літвы» трэба разумець Святаслава Мсціславіча. I з гэтым можна пагадзіцца. Намі ўжо ўказваліся факты, калі ў пазнейшых летапісах палачане падмяняліся літвою, як гэта было з паказам у Ніканаўскім летапісе падзей, звязаных з паходам Андрэя Багалюбскага на Кіеў у 1167 г. I гэта зразумела. Паняцце «палачане» ў пазнейшы час забылася і падмянілася зразумелым тады паняццем «літва». Вось тое ж самае магло адбыцца і са Святаславам Мсціславічам, які ў 1232 г. стаў князем у Смаленску з дапамогай палачанаў і, па ўсім відаць, з іх жа дапамогай і правіў. Цалкам магчыма, што ён і разумеецца ў Суздальскім летапісе як літоўскі князь, а палачане, якія былі з ім, як «літва», тым больш што яна магла быць у іх войску. Аднак нельга катэгарычна сцвярджадь, што тут да гэтага часу сядзеў Святаслаў, бо гэта не пацвярджаецца крыніцамі. Больш за тое, ёсдь меркаванне, што ў Смаленску з 1235 г. быў князем Уладзімір Рурыкавіч, які нібыта памёр у 1239 г., пасля чаго пачаліся тут розныя звадкі, шго і выкарыстала літва для захопу Рослаўля, Рудні і самога Смаленска. А гэта, у сваю чаргу, прымусіла ўмяшацца Яраслава Усеваладавіча. Але ўсю гэту гісторыю трэба паставіць пад сумненне, бо цяжка ўявіць, каб мог уладзімірскі князь у 1239 г., у разгар татарскага нашэсця, якое асабліва спустошыла яго зямлю, ісці на дапамогу Смаленску.

3 разгледжанага намі бачна, што няма ніводнага факта, зарэгістраванага ў крыніцах, які сведчыў бы аб палітычным разладзе ў Полацкай зямлі і яе залежнасці. Наадварот, як рускія летапісы, так і заходнія хронікі гавораць аб іншым. Полацкія ўдзелы працягвалі існаваць, жылі ў згодзе, адчуваючы агульныя інтарэсы, Полацк не толькі змог пераадолець палітычнае прыцягненне свайго галоўнага суперніка — Смаленска, але і падначаліць яго свайму ўплыву. I гэта нягледзячы на страту ім у той час Ніжняга Падзвіння. Аднак апошняе мела ўсё ж вельмі істотныя вынікі. Яно прымушала Полацк усё большую ўвагу пераносіць з Падзвіння ў Панямонне, у Літву, якая пасля страты Ніжняга Падзвіння стала важнейшай яго апорай. Але тут Полацк сустрэўся з сваім новым і магутным супернікам — Новагародкам. Так, цэнтр палітычнага жыцця Беларусі ў сярэдзіне XIII ст. паступова пераходзіць з Падзвіння ў Панямонне, якое станавілася ядром збірання асобных беларускіх земляў у адзінае цэлае.

ЦЯЖАР БАРАЦЬБЫ ПРЫПАДАЕ НА ПІНСК

3 пачатку XIII ст. стала яўна выяўляцца вядучае месца Пінска ў далейшым жыцці Тураўскай зямлі. Ужо раней адзначалася, што яе залежнасць ад Кіева адразу стала замяняцца залежнасцю ад галіцкавалынскіх князёў, з якой таксама не жадала мірыцца Тураўшчына. Асабліва гэта заўважаецца ў Пінску. Аб гэтым і пасведчыла першае ж летапіснае паведамленне ў XIII ст. — пад 1204 г. Праўда, яно вельмі кароткае і таму не зусім яснае. У ім ідзе гаворка аб тым, што валынскі князь Аляксандр у гэтым го дзе «яша Володимера Пиньского»764. Прычыну гэтага можна ўгледзець у тым, што, выкарыстаўшы напад ляхаў на Уладзімір Валынскі, пінскі князь Уладзімір, па ўсім відаць, захапіў нейкую тэрыторыю суседняга княства, за што і быў пакараны. Гэты факт яскрава паказвае, што галоўны цяжар барацьбы з Валынню падае на Пінск. I гэта зразумела, бо яго тэрыторыя непаерэдна межавалася з Валыншчынай, што яшчэ больш узвышала значэнне Пінска, бо барацьба з Валынню станавілася сталым фактарам палітычнага жыцця зямлі.

У той жа час Тураў і Пінск паранейшаму вуымушаны былі ўдзельнічаць у бясконцых спрэчках у барацьбе за кіеўскі пасад. У 1207 г. іх войскі знаходзіліся пад г. Трыпалем у стане чарнігаўскіх Ольгавічаў, якія выступілі супроць Рурыка Расціславіча. А гэта азначала ў параўнанні з папярэднім палітычную пераарыентацыю туравапінскіх князёў: іх пераход з саюзнікаў у праціўнікі смаленскіх Расціславічаў. Відаць, на іх погляд, Расціславічы трацілі сваю моц і таму не было патрэбным прадаўжаць саюз з імі.

На жаль, пасля 1207 г. наступіў 20-гадовы прагал у летапісах пра ТураваПінскую зямлю. Усё гэта гаворыць за тое, што кіеўскія і галіцкавалынскія летапісцы мала ўдзялялі ёй увагі і толькі тады яна трапляла ў поле іх зроку, калі закранала інтарэсы іх княстваў. Менавіта гэта і здарылася ў 1227 г., калі зноў вельмі выразна высветлілася імкненне Пінска павялічыць сваю тэрыторыю за кошт Валыні, дзеля чаго выкарыстоўвалася ўсялякае ў ёй замяшанне. Так здарылася і тады. Паміраючы, луцкі князь Мсціслаў (Нямы) завяшчаў свой удзел Данілу Раманавічу разам з апекай над малалетнім сынам. Аднак пляменнік Мсціслава Яраслаў Інгваравіч, лічачы, што толькі яму павінна належыць спадчына дзядзькі, захапіў Луцк, а за аказаную яму дапамогу аддаў пінскаму князю Расціславу Чартарыйск. Вядома, Даніла Галіцкі гэтага не мог сцярпець, асабліва перадачы Чартарыйска Пінску, што выявілася ў яго словах: «Не подобает Пиняном держати Черторийска, яко не могу им терпети766. 3 гэтага відаць, што Чартарыйск быў горадам, на ўладанне якім прэтэндаваў Пінск, лічачы яго сваім па праву, чаму быў і перададзены Расціславу. Апошні, відаць, не згадзіўся з прысудам трацейскага суддзі, якім быў Мсціслаў Удалы, вярнуць Чартарыйск, і Даніла Галіцкі на вялікдзень 1228 г. заняў тэты горад, узяўшы адначасова ў палон і дзяцей Расціслава. Аднак гэта не наклала канец барацьбе, а, наадварот, яшчэ больш распаліла яе. Як паказ-. вае летапіс, Расціслаў «не престоягце клевеща — беша бо дети его изымаша»767. Захады мітрапаліта Кірылы прымірьіць прйціўнікаў былі безвыніковыя. Не збаяўшыся магутнасці Данілы Галіцкага, які ўваходзіў тады ў славу, Расціслаў пачаў падбіваць супроць яго іншых князёў. Трэба сказаць, што тут выявілася яго дыпламатычнае ўмельства паказаць усім і кожнаму паасобку неабходнасць барацьбы з Данілам. Найперш ён разгадаў далёка ідучыя планы галіцкага князя на дамінуючае становішча сярод іншых князёў і аб’яднанне іх пад сваёй уладай, пра што сведчыла заняцце Луцка і Паніззя. Папярэджанне аб гэтым, зробленае Расціславам, не магло, вядома, не ўздзейнічаць на многіх князёў. Яму нават удалося прывабіць да сябе і полаўцаў, якім было ўказана на шырокую магчымасць парабаваць ГаліцкаВалынскую зямлю. Энергічныя захады Расціслава далі бліскучыя вынікі. Яму ўдалося схіліць на свой бок кіеўскага князя Уладзіміра Рурыкавіча, чарнігаўскага Міхаіла, палавецкага князя Кацяна, куранаў, тураўцаў і новагародцаў (наваградцаў). Удзел апошніх асабліва паказальны. Ён сведчыў аб умацаванні ваенных сувязей, якім, бясспрэчна, папярэднічалі эканамічныя і палітычныя, з Новагародскай зямлёй, а разам з гэтым у перспектыве і з усімі беларускімі землямі. Гэта быў паваротны момант у гісторыі ТураваПінскай зямлі. Калі на працягу ўсёй ранейшай гісторыі перамагалі сілы (найперш Кіева), якія супрацьдзейнічалі збліжэнню гэтай вобласці з іншымі землямі Беларусі і таму былі няўдалыя спробы з боку Полацка і Менска прыцягнуць іх да сябе, то цяпер у новых гістарычных умовах яна сама знайшла рэальныя шляхі збліжэння. Яна як бы адчула прыцягненне новага дзяржаўнага ядра, што пачало фармавацца паблізу, убачыла яго рэальную сілу і таму папрасіла ў яго дапамогі. Звяртае на сябе ўвагу і ўдзел тураўцаў у гэтай кааліцыі, што красамоўна пасведчыла аб з’яднанні Тураўскай зямлі, нягледзячы на наяўнасць у ёй удзелаў.

Але вернемся да падзей 1228 г. (а магчыма, і 1229 г. ці нават 1230 г. бо храналогія іх заблытаная). Усе ўдзельнікі кааліцыі накіраваліся да Крамянца і аблажылі яго, што з’явілася вялікай небяспекай для Данілы. Аднак ён, у сваю чаргу, прыняў захады, каб раз’яднаць сілы праціўнікаў. Найперш яму ўдалося адвадзіць полаўцаў, якія, вяртаючыся назад, усё ж парабавалі паасобныя месцы Галіцкага княства, што змусіла варожую Данілу Галіцкаму партыю адмовіцца ад дапамогі яго праціўнікам. Аблога Крамянца зацягнулася. Апроч таго, Даніла з дапамогай палякаў рушыў на Кіеў, у выніку чаго кіеўскі і чарнігаўскі князі ўвайшлі ў перагаворы з ім. Хоць выступление аб’яднаных сіл супроць Данілы Галіцкага закончылася няўдачай, усё ж гэты факт пацвердзіў непрымірымасць Пінска, а разам з ім і Турава да галіцкавалынскіх князёў і іх улады над імі. А што яна і далей працягвалася, гаворыць наступнае летапіснае паведамленне, з якога мы даведваемся, што галіцкава- лынскія князі Даніла і Васілька пакінулі ў 1229 г. пінскага князя Уладзіміра сцерагчы разам з уграмі і берасцянамі Берасце ад яцвягаў. Як бачым, варожасць да галіцкавалынскіх князёў не прайшла дарэмна для Расціслава, ён быў, па ўсім відаць, заменены на пінскім пасадзе Уладзімірам, магчыма, тым, якога ў 1204 г. «яша» валынскія князі за напад на іх зямлю. 3 гэтага можна зрабіць вывад, што Галіч і Валынь выкарыстоўвалі суперніцтва пінскіх князёў за свой пасад і дапамагалі ўмацавацца на ім таму, хто абяцаў большую пакорлівасць. Паколькі Расціслаў болей не ўпамінаецца ў крыніцах, можна думаць аб магчымасці яго знішчэння.

Поделиться с друзьями: