Сутарэнні Ромула
Шрифт:
Птушачка адварочваецца, пачынае старанна дзяўбсці каменьчыкі, шчыкаць дзюбай зусім непатрэбныя сухія травінкі. Удаваць пільны клопат…
Гэтак і Ася, калі сядала ўранку на працоўнае месца, пачынала, пагрукваючы бранзалетамі, перастаўляць на стале “фенечкі” – так яна для зручнасці называла ўсе гэтыя аловачніцы-каляндарыкі-візітоўніцы, канцылярскае начынне. Бралася рапараваць якую-небудзь старую паламаную дыскету, якая незразумела адкуль узялася, ці ішла перамываць кубкі для гарбаты. Пасля наставала чарга Інтэрнэту. Праверыць паштовыя скрынкі – адну, другую, трэцюю (хіба гэта можна параўнаць з адчуваннем у руках сапраўдных канвертаў?). Прагледзець сайты навінаў (“Пасмяротнае адкрыццё Вангі: іншапланецяне рыхтуюць вялікую падзею!”, ”У шасі расейскага самалёта знайшлі труп!”). Хуценька, каб не заўважылі супрацоўнікі, зазірнуць на ўлюбёны сайт фэнтэзі – так, дзеля разгрузкі мазгоў, як Ася сама сабе апраўдвала такі правал густу. (Ага, новы фанфік пра Гары Потэра: “хлопчыка, які выжыў” нізавошта садзяць у магічную турму Азкабан, ён уцякае, пачынае помсціцца былым сябрам, што яго туды і запраторылі, але сустракае былое каханне, а ён жа так і застаўся цнатліўцам з-за “адсідкі”…).
А побач чакае стос рукапісаў. Здавалася, ён нават пазірае няўмольнымі немігучымі вачыма, жоўтымі і круглымі… Яшчэ трохі – і дзюбу можа ўявіць… Пачвара з гравюры Гоі.
А верхнюю тэчку трэ здаць у карэктуру сёння. Да канца працоўнага дня. І Ася ведала, што здасць – нікуды не дзенецца. Ні разу шчэ не пратэрмінавала, нават з тэмпературай. За тое і трымаюць. А за што яшчэ? Літаратурныя здольнасці для рэдагавання якога-небудзь “жыллёвага кодэксу” ці падручніка па ідэалогіі не патрэбныя.
Вось, яшчэ хвілінак дзесяць “пазамяшчаецца”, гарбаткі пап’е, і… “Работай, работай, работай, ты будешь с уродским горбом за долгой и честной работой, за долгим и честным трудом..” – пісаў самы рамантычны на свеце паэт Аляксандар Блок, астэнічнага целаскладу прыгажун, што так зацята намагаўся давесці маладой жонцы Любові Мендзялеевай, як гэта здорава – платанічнае каханне, а яна, небарака, так і не ўцяміла. Ледзь не звар’яцела, а тады палюбоўнікаў завяла.
Толькі драматычных любошчаў Асі і не хапала… Хопіць дурной школьнай закаханасці ў маладзенькага віхрастага настаўніка па гісторыі, ды яшчэ няўдалага рамана з самім Вячкам Скрынічам, растаптанага апошнім на стадыі бутона. Гэта было “мордай аб асфальт” дубль-два…
Апошнія дні жніўня, водпускі адгуляныя, наперадзе – час, калі вяртанне з працы будзе адбывацца ў халоднай цемры, як, зрэшты, і прыход на яе… Бр-р-р…
– Там твой партрэт вісіць! Уй! Як жывая!—у пакой уварвалася Асіна аднакабінетніца, фарбавана-брунэтная дама-вамп Валянціна. За ёй, трохі адстаўшы, у кабінет запоўз шлейф густога паху парфумы “Жадарэ”, лена скруціўся кольцамі, як пітон, і ўлёгся на шэры палас. Усё, цяпер праветрывай, не праветрывай…
– Які партрэт? – няўважна перапытала Ася, якая ледзь паспела выйсці з сайту фанфікаў і цяпер удавала сваю зацікаўленасць стужкай навінаў.
– Ну ты зусім між папераў засохла, хоць зараз у гербарый, – абурылася Валянціна. – У галерэі выставу павесілі! Ужо ўвесь наш паверх збегаў паглядзець – адна ты не далучылася! Ідзі неадкладна, палюбуйся! Можа, таемна закаханы ў цябе мастак маляваў?
Нават у пячоры Цыклопу, напэўна ж, меліся куточкі, дзе хавалася прыгажосць – ну там раслі ў расколінах між камянёў бляклыя вытанчаныя кветачкі, ці складаліся ў выпадковы незвыйчаны малюнак каменьчыкі… На дзесятым, апошнім, паверсе Шэрай Будыніны была Галерэя.
Напачатку гэты паверх лічыўся нешчаслівым. Яго здавалі ў арэнду, але колькі ні засялялася ўстановаў – усе неяк хутка і непрыкметна прагаралі. Шыльды не паспявалі мяняць. Даўжэй за ўсіх пратрымалася турыстычная фірма “Сонечный рай”. Але і рай ляснуўся, і дырэкцыя будыніны, змахнуўшы апошнія анёльскія пёркі з канцылярскіх сталоў, вырашыла адкрыць на нешчаслівым паверсе выставачную залу. Прычым грошай убухалі туды, як нявопытная гаспадыня солі ў боршч: сігналізацыя, кандыцыянеры, увільгатняльнікі… А навошта? Ася пару разоў схадзіла на прэзентацыі – супрацоўнікам “Сокала–прынта“ ўваход быў бясплатны, але абодва разы няўдала. Адзін раз гэта аказалася выстава сына вядомага памерлага мастака. Нябожчык калісьці згубіў капялюш і частку інтэлекту ў эзатэрычных завіхрэннях. Сын, маладзён з пячаткай алкагалізму на капрызлівым прыгожым твары, старанна пераймаў бацьку, спрабуючы пераўзысці яго яркасцю колераў, экспрэсіўнасцю сюжэтаў і касмічнымі азарэннямі, і выглядала гэта да агіды непамысна, як гульня школьнікаў у морг. Другі раз Ася патрапіла на выставу твораў людзей з “асаблівасцямі псіхікі”. Арт-тэрапія справа добрая, але маладую рэдактарку канкрэтна пачало ванітаваць – асабліва перад карцінай алеем пад назвай “Перст”: на палатне быў намаляваны жоўты палец, велічынёй з батон, які ляжаў зусім асобна на шорсткай зялёнай траве, а з яго раслі чырвоныя кветачкі, страшэнна падобныя да крывавых пырскаў. Штопраўда, была магчымасць зняць стрэс: арганізатары выставы рыхтавалі фуршэт. Пасярод залы цягнуліся вузкія сталы, а раскладзеныя на іх прадукты былі накрытыя блякла-юлёвымі абрусамі… Вядома, пад тканінай знаходзіліся рэчы зусім звычайныя – бутэлькі з напоямі, талеркі з горамі бутэрбродаў і садавіны, кубкі… Але на фоне пранізліва-яркіх, да галаўнога болю, карцін пад абрусам, які распяльваўся на нябачных формах, угадвалася немаведама што, ледзь не кавалкі трупаў ці прылады для катавання. А пабачыўшы, як прывялі самадзейных мастакоў, у прынцыпе, звычайных людзей, зусім не страшных, толькі задужа спакойных, Ася ганебна збегла… І болей на дзесяты паверх не хадзіла.
Зараз яна ўспомніла, што бачыла ў вестыбюлі афішкі з рэпрадукцыямі зялёна-блакітна-жоўценькіх пейзажыкаў на сінім фоне. Учора ўвечары ў галерэі адчынілася выстава-алаверды з нейкім музеем з расійскай глыбінкі. Цікава, яны – калекцыю жывапісу дзевятнаццатага стагоддзя, а што павезлі нашыя ўзамен? Алкагольна-касмічныя азарэнні альбо жывапіс пацыентаў псіхушкі?
Што ж, затое гара тэчак яшчэ пачакае… І Арсенія панеслася да ліфта, разганяючы пыльнае паветра ветразем чорнай спадніцы – вось добры выйшаў бы здымак тутэйшага паветра, мімаволі адклалася ў галаве: пыл казённага дывана, узмах чорнай тканіны...
На дзесятым паверсе нікога не было. Адна цётка-наглядчыца, сівенькая, як восеньскі туман, сядзела ў куце і вязала бэзавы шаль.
На сценах перамігваліся сонечнымі зайчыкамі пейзажы: бярозкі, хваінкі, аблачынкі… Цямнела некалькі старых партрэтаў – сурдуты, ордэнскія стужкі, капоты, каптуры… Але Арсенія бачыла толькі адну карціну. Проста насупраць уваходу, на супрацьлеглай сцяне… Партрэт у поўны рост. Дзяўчына ў цёмнай сукенцы з вузкім белым каўнерам, валасы гладка расчасаны на прабор, рукі цнатліва складзеныя пад грудзямі… Арсенія павольна падыходзіла бліжэй, і немажліва было пазбавіцца адчування, што набліжаешся да люстра…
На адлегласці шэпту ад карціны Ася замерла. Намаляваная дзяўчына паглядала зверху вялікімі цёмнымі вачыма гэтак рахмана і даверліва, яе тварык з высокім белым ілбом, маленькімі, амаль дзіцячымі вуснамі выпраменьваў асаблівую чысціню… “Мордай бы цябе аб асфальт!” – недарэчна прагучаў у Асінай галаве звяглівы голас старога паэта, які развучыўся пісаць вершы.
Не. Палохацца не варта. Што тут асаблівага? Чалавечы мозг так зладжаны, што ва ўсім шукае падабенства. У тосце з сырам бачаць партрэт Багародзіцы і прадаюць яго на аўкцыёне за шалёныя грошы… У воблаку ўгадваюць абрысы самога д’ябла, і ў паніцы рыхтуюцца да канца свету. А Уладзімір Караткевіч, між іншым, пазнаваў сваё аблічча ў партрэце хлопчыка работы італьянскага мастака эпохі Адраджэння Пінтурык’ё. І праўда, падабенства незвычайнае. А тут… нічога звышнатуральнага. У дзяўчыны на партрэце і вусны меншыя, чым у Асі. І вочы больш цёмныя, і нос… вось тут, пасярэдзіне, трошкі танейшы… І прыгожая, не тое, што Арсенія. І… урэшце, гэта сапраўды мог намаляваць колішні знаёмец – упадалі за Марго студэнты з Акадэміі мастацтваў, адзін дамоў да іх хадзіў, здаецца, яго звалі Андрусь Камароўскі. І ўсё спрабаваў з малодшай сястрой сваёй дамы загаворваць, некуды запрашаць, толькі Ася, вядома, палохалася і бянтэжылася, што абражае мастакоўскае вока сваім страхавітым абліччам (прынамсі, на гэта намякала Марго). Але, можа, хто з гэтых мастакоў мімаволі і выкарыстаў Асін вобраз, калі ўяўляў старасвецкую паненку?
Рэдактарка з палёгкай уздыхнула. Ніякай таямніцы. І перавяла вочы на шыльдачку ля багетнай рамы: “Партрэт графіні Марыі Корб-Варановіч. Невядомы мастак, пач. XIX ст.”.
Усё, цяпер ніякага ратунку ад містычнага жаху… Адкуль ён толькі ўзяўся? У прынцыпе, нічога ж страшнага не адбылося – падумаеш, убачыла намаляваную падобную да сябе дзяўчыну… Гэта ж забаўна… А за сэрца нібыта нехта халоднай рукой крануў. І сціснуў… Так.
Бо Арсенія шалёна ненавідзела гэтую намаляваную дзяўчыну, такую чыстую, датклівую, рахманую...
Выплеск нейкай інстынктыўнай, незразумелай да містыкі нянавісці…
– Гэта ваша сваячка, напэўна?
Зацікаўлены голас бабулькі-наглядчыцы ледзь не змусіў Асю падскочыць.
– Вы, выпадкова, не з Корб-Варановічаў?
– Не… нічога я пра гэтых… Корб-Варановічаў… не ведаю! – знервавана прамовіла Арсенія і памкнулася прэч, пакуль яшчэ хто не заблукаў на нешчаслівы паверх. Прэч, далей ад ненавіснага аблічча.
– А як падобныя! – крычала ўслед бабулька, але Ася ўжо ірванула на сябе дзверы галерэі.
Міргатлівыя лямпачкі над ліфтамі сведчылі, што кабіны паволі кіруюцца на першы паверх, а чакаць хацелася не больш, чымся драпаць пазногцямі бетонную сцяну. Ася, прытрымліваючы рукой доўгую спадніцу, імкліва пабегла ўніз па “чорнай” лесвіцы, вечна пракуранай настолькі, што варта было спусціцца на суседні паверх, і валасы двое сутак патыхалі табакай. Хаця Ася пару разоў сфоткала паветра, абазначанае цыгарэтным дымам, але гэта было паветра не для яе дыхання.
На кожнай лесвічнай пляцоўцы блішчэлі мадэрновыя попельніцы на высокіх жалезных ножках, падобныя ці да металёвых грыбоў, ці то да маленькіх робатаў. Але падваконні былі застаўленыя звычайнымі бляшанкамі з-пад кавы і марынаваных алівак, якім курцы “Сокала-прынта” аддавалі перавагу, пра што сведчылі горы недапалкаў у бляшанках і сіратлівая пустэча, парушаная некалькімі пляўкамі, у попельніцах на жалезных ножках. Паміж сёмым і шостым паверхамі на лесвічнай пляцоўцы злева ад вакна мелася глыбокая ніша, а ў ёй – вузкія дзверы, абабітыя бляхай, без аніякай шыльды. Нейкае тэхнічнае памяшканне. Аб гэтыя дзверы супрацоўнікі любілі гасіць недапалкі, спаборнічаючы ў мастацкасці чорных сыпкіх росчыркаў.