Святло зямлі Неўрыда
Шрифт:
— Адкуль ты тут, брат мой? — ціха прашаптаў неўр з роду Свецічаў.
Але маўчаў у адказ ягоны брат, толькі з жахам узіраўся ў Свецічаў твар, нібыта глядзеў і не пазнаваў, бачыў і не мог убачыць. Клікаў да сябе магію сіняга дня, робячы з яе моцныя абарончыя чары. Маўчаў і Свеціч, усё больш разумеючы пра таго, з кім звёў яго шлях. І ніяк не мог спасцігнуць: як гэта здарылася з такім, як ён, з чарадзеем, неўрам. Цяпер жа Свеціч мог толькі асуджальна глядзець на таго, хто страціў сваю волю і стаў адно цацкай у руках багоў. Яны падпарадкавалі яму вялікую магію, якою неўр не ўладарыў. Не мог уладарыць. Толькі выконваў волю бессмяротных: прыцягваць чарамі ўсіх тых, хто меў замнога дзёрзкасці і надзеі. На самога сябе і свае чары. А не на магутнасць багоў. Такі, утрапёны і смелы, рана ці позна прыходзіў сюды. І пераходзіў мяжу, як і ён, Свеціч. Таму што бачыў боль і пакуты, якія нельга было не ўбачыць, бо чары заўсёды бачаць сапраўднае. І, дапамагаючы, чарадзей хутка сам трапляў у палон чараў сіняга дня: боль, раздзелены з неўрам, якога трымала на мяжы жыцця і нежыцця магія бессмяротных, быў занадта вялікі для любога смяротнага і пасылаў таго за Калінавы мост, адкуль ужо не было вяртання.
— Колькіх ты забіў, брат мой? — ціха прашаптаў Свеціч, які ўжо зразумеў, што не зможа вызваліцца з гэтай так старанна падрыхтаванай бессмяротнымі пасткі. — Колькіх адправіў за Калінавы мост?
Неўравы чары пацягнуліся да Свеціча. Але той нават не імкнуўся абараніцца. Багі ўсё ведалі. Сорамна, што яго так лёгка прадбачыць. Ён не мог змагацца супраць таго, хто быў ягоным братам. Бязвольнай цацкай, што мусіла выконваць волю бессмяротных, але братам. Забойцам лепшых і невінаватых, ды адзіным па крыві.
І тады невядомая сіла ўзнялася з нетраў свядомасці таго неўра, што быў Свецічам.
— Я не брат твой, не чакай ад мяне літасці, — спакойна прамовіў ён. — І я не дазволю забіць табе твайго брата, як ты забіў многіх іншых, адзіных па крыві. І не толькі адзіных.
— Я не забіваў сваіх братоў, гэта зрабілі багі.
— Тваімі рукамі. Ты ведаеш законы магіі. Ты мог не рабіць тое, што рабіў. А ты дапамог ім упадобіцца Дзіву.
— Што ты можаш зразумець у законах магіі смяротных, жорсткі вораг Перуна... У цябе нават няма сваёй душы, ты жывеш душой майго брата.
— Дык адпусці яго, не забівай. Ведаеш, неўр, амаль у кожнага з іх была такая ж вялікая душа. Здольная дараваць свой свет іншаму. Таму, у каго гэтага сапраўды не было. Не па праве выбару, як у цябе. Па праве нараджэння.
— Ты бачыш сляды магіі смяротных? Мой брат вялікі чараўнік. Ён здолеў дараваць табе... зямное быццё.
— Не, проста многа зямлі і неба, неўр. Многа чалавечых пачуццяў, якіх раней я не мог зведаць. І цяпер я маю сваю душу, свой смяротны свет, які адмаўляе смерць і здраду. Я спазнаў законы магіі смяротных.
— Я не магу зберагчы жыццё майму брату. Ты ведаеш, што з гэтай пасткі няма ратавання.
— Гэта толькі вартая жалю падробка пад Дзіваву непрадказальнасць, яго боскую непаслядоўнасць. Пад чалавечую глыбіню пачуццяў і чараў. Яны ўзялі ў цябе тое, што ніколі не мелі самі. І гэта па-ранейшаму ім не належыць.
— Табе не зразумець, нашчадак бессмяротнага, як хочацца жыць.
— У цябе ўжо няма жыцця, неўр. Яго не стала, калі ты толькі згадзіўся на гэта. Ты, які бачыў світанне Неўрыды, доўга быў амаль у небыцці і не ведаеш, што тваіх братоў знішчылі гэтыя самыя багі.
— Мае браты не нашчадкі Сусветнага. Іх не могуць знішчыць багі. Багі — твае ворагі, але не нашы.
— Багі знішчаюць усіх, хто можа калісьці стаць больш мудрым, чым трэба смяротнаму.
— Багі зберагаюць адвечны лад, без якога парушыцца свет.
— Значыць, ты забіваеш сваіх братоў толькі таму, што яны былі крыху лепшыя за іншых. Больш сталыя. Больш літасцівыя. Больш мужныя. У чым яны былі вінаватыя, неўр?
— Я прынёс дарунак сваёй Неўрыдзе.
— Каб паскорыць яе змярканне, якога ты, на шчасце, не бачыў.
— Табе лёгка казаць. Ты сам роўны багам. А што мог зрабіць я, смяротны... Толькі падпарадкавацца іх волі.
— Цябе ніхто не мог змусіць рабіць тое, што ты рабіў.
— Дапамажы мне, нашчадак Сусветнага. Я шукаў свайго Дзіва. Дапамажы мне, як ты дапамог майму брату.
— Я не стану тваім Абярогам, неўр. Любы смяротны павінны быць вартым.
— Я варты. Ты не ведаеш, што за таямніцу мне ўдалося захаваць. Каб дазналіся пра яе бессмяротныя багі...
— То знішчылі б цябе на месцы. Яны ведаюць, неўр. Яны ведаюць. І дазваляюць табе зрабіць тое, што ты маешся зрабіць.
— Як гэта можа быць. Ніхто не ўладны над маімі думкамі.
— Ты іх цацка, неўр. Ты цацка ўсіх бессмяротных. Хочаш, скажу, пра што ты думаеш? Дык слухай. Тым, хто падпарадкаваўся багам, толькі здаецца, што яны па-ранейшаму самастойныя. Самі распараджаюцца, самі выбіраюць на шляху чараў. Чым яны замовілі цябе, неўр, калі прымалі тваю службу? Ці не замовай крыві? Яны ведалі, што рабілі. Калісьці, калі я быў яшчэ адзіным уладаром неба, я спазнаў ваш народ. Вашых продкаў, што толькі заснавалі Неўрыду і імкнуліся зрабіць яе прыгожай і велічнай. Тады лепшыя з вашых чараўнікоў прыходзілі да мяне. Ты ведаеш, неўр, але наўрад ці ты здольны спасцігнуць сэнс гэтых чарадзейных слоў: «Кроў адкрые магутнасць, кроў дасць мудрасць, кроў зберажэ вартых». Я бачу, што ты цяпер адчуваеш. Ваша легендарная таямніца запэўнівае: гэтыя словы сказаў першым чарадзеям Вялікага Кола Сусветны. Сказаў і надзяліў сілай, зрабіўшы іх чарамі для кожнага неўра. З таго моманту любы з вашага народа мог звяртацца да сілы і мудрасці сваіх кроўных родзічаў, якія заўсёды прыходзілі на дапамогу. Слаўныя трынаццаць продкаў, лепшыя чарадзеі народа чарадзеяў. Памяць пра іх стала для вас нечым большым, чым звычайным ушанаваннем. Вы не проста памяталі тых, хто годна жыў і варта пайшоў з жыцця. Вы не проста зберагалі здабытую імі мудрасць. Вы заўсёды знаходзіліся побач з імі, карысталіся іх ведамі, як сваімі. Калі стаялі ў бітве, то побач з кожным з вас нябачна было трынаццаць вялікіх, якія трымалі ў сваіх руках магію крыві. Вялікую магію, што дазволіць доўга не загінуць вартаму нашчадку нават там, дзе ўсеўладныя толькі Пярун і Чарнабог. Калі чаравалі, то маглі звяртацца да мудрасці трынаццаці абазнаных, кожны з якіх памятаў скарбы свайго часу не як легендарную показку, а як сапраўднасць. Так, кожны з трынаццаці вечна жыве ў сваім часе, і толькі тыя, хто не сталі волатамі вашай мудрасці, велічы і славы, пайшлі на Шлях Продкаў, значаць змену пакаленняў. Далей не буду казаць, далей усё вядома. І пра тое, што кожны неўр лічыць сябе абавязаным нашчадку Сусветнага, і нават пра тое, што пазней неўраў сталі называць народам Першага ўладара. Я калісьці прамовіў тыя словы, неўр, але я не ствараў твой народ. Я толькі раскрыў тое, чым надзяліў неўраў свет. Сіла крэўнай сувязі знітоўвае род, робіць яго адным, магутным чалавекам. Мудрым чалавекам, які не стане цацкай у чыіхсьці бессмяротных, але не годных справах. Нават выступаючы супраць волі ўсеўладных багоў, ён застанецца вартым. Такога чалавека амаль немагчыма падпарадкаваць, падмануць, прымусіць. Ён становіцца амаль што роўным бессмяротным багам. Ты хочаш спытаць, неўр, ці прадбачыў я тады, што калісьці маё валадарства скончыцца, ці не імкнуўся я пакінуць на зямлі моцны народ чарадзеяў, які будзе не рады новым багам? Я не мог не прадбачыць, што калісьці маё валадарства скончыцца. Але паўтаруся: я не ствараў твой народ. Калі вы прыйшлі да мяне, вы ўжо былі мудрыя. Вы ўжо мелі вялікую крэўную сілу. І я рады, што ў маім свеце жылі твае родзічы: яны рабілі гэты свет ясным і годным. А цяпер адкажы мне неўр, чым цябе замовілі? Ці не адрокся ты ад дапамогі продкаў? І стаў слабым, нават не чалавекам, адсечаным кавалкам, які будзе выконваць любую, любую волю сваіх уладароў. Ты не верыў, што гэта замова пазбавіць цябе сілы, якая стала тваім дыханнем, думкай, пачуццём? І цяпер ты не можаш зразумець, як так здарылася: ты жывы, а не маеш таго, што заўсёды меў. Што, быў упэўнены ты, можаш страціць толькі за Калінавым мостам. Мае наступнікі ведалі, што рабілі.
— Дапамажы мне, Сусветны. Япамру замест яго...
— Чаму раптам?
— Ён Светлы. Дзеля святла...
—Дзеля святла. Успомні, як ласкава бруіліся Нараў, Гарынь і Ясельда. Як лёгка калыхалі цябе іх празрыстыя хвалі. Як глядзеліся ў іхняе люстэрка высокія яліны. Як зусім не балюча краталі цябе іглістымірукамі...
***
«Успомні, як ласкава бруіліся Нараў, Г арынь і Ясельда. Як лёгка калыхалі цябе іх празрыстыя хвалі. Як глядзеліся ў іхняе люстэрка высокія яліны. Як зусім не балюча краталі цябе іглістымі рукамі», — шаптаў Свецічу невядомы голас. І ведаў неўр, што гэты, каму належаў голас, памятаў яго Неўрыду. Невядомы разумеў яго пачуцці, адчуваў, як уласныя, яго ўспаміны. Невядомы сапраўды памятаў, як неадступна кліча да сябе хуткаплынны Нараў, як ціха-ціха адзываецца ледзьве чутным плёскатам Гарынь, як вялёсай песняй струменіцца Ясельда. Невядомы ведаў, якія пачуцці перажывае чарадзей. Успаміны плылі роднымі рэкамі, неслі, як жыццё, твары і постаці тых, хто нават для Свеціча заўсёды будуць чыстымі вытокамі святла. Г этыя ўспаміны прайшлі з ім праз небыццё. Подых смерці зрабіў іх цьмяна-трывожнымі, аддалена-сінімі. Як гэты дзень, што быў рукатворным небыццём і развейваў многія сапраўдныя пачуцці. Яго пачуцці, Свеціча. А замест іх насылаў свае, якія пазбаўлялі чарадзея волі. Не было ў гэтым прымусу. Проста той, хто спачувае іншаму, той, хто радуецца за іншага, той, хто сумуе па-іншаму, той, хто абяцае працягваць справу іншага, не будзе адчуваць насланых чараў. Ён побач з іншым, ён з іншым адзінае цэлае, яны разам. Яны браты, іх з’яднаў асмужаны ў сваёй далечы магічны шлях.
Але было ў гэтым такое падабенства сіняга небыцця да сапраўднага, чорнага і бясконцага, што неўр сумеўся. Сапраўднае небыццё адбірае памяць, разрывае сувязі з родам, робіць чалавека слабым, як адсталая ад чарады птушка, і нязначным, як маленькая пясчынка. Толькі пасля гэтага чорнае небыццё можа паглынуць смяротнага. Тады, на Калінавым мосце, ён, Свеціч, аддаліў сваё небыццё. Сіні дзень не быў сапраўдным небыццём, але Свеціч толькі цяпер зразумеў, што з самага пачатку рабіла магія гэтай прасторы: спакваля насылала на чалавека сон. Не аднастайным, не сумна шэрым здаваўся смяротнаму вакольны свет. Ён нават быў прыгожы, свет сіняга дня. Ён быў поўны трывожных, жывых пачуццяў іншых чарадзеяў, якія калісьці тут былі. Тут была спадчына іх дасягненняў і памылак. Тут быў шлях, багаты на чарадзейныя сляды. Ён прапаноўваў адкрыць вялікія таямніцы і зрабіць вялікі дарунак свету. Большы за той, што меўся зрабіць чарадзей. Шлях прапаноўваў мудрасць і веды, якія можна прынесці сваёй зямлі, калі ты толькі... толькі пойдзеш па гэтым шляху. Ён не быў страшным шляхам у нябыт, ён загадваў верыць у свае ўласныя сілы. Ён ставіў перад чарадзеем мэту, ад якой нельга было адмовіцца. Таму што кожны носьбіт чараў імкнецца здабыць вялікую мудрасць і зрабіць найгоднейшы дарунак свайму свету. Зямлі, што яго стварыла, даўшы вялікую здольнасць ствараць самому.
Бачыць вялікую мэту чарадзей, і засынае ў яго свядомасці самая моцная, самая выратавальная магія, магія сілы яго роду. Немагчыма такія чары знішчыць, немагчыма абысці. Але тут той, каго дакранулася сіняе небыццё, сам адмаўляецца ад іх. Далей быў толькі адзін крок. У сапраўднае небыццё. І ён, Свеціч, ледзь не зрабіў яго. Але тыя неўры, чые пачуцці ён спазнаў, зрабілі. Яны пайшлі па гэтым шляху, сталі звычайнымі людскімі чарадзеямі і ўзышлі на Калінавы мост.
Збераглі неўра Свеціча ўспаміны. Яны сталі яркімі, моцнымі і трывалымі. Нібы побач быў яго брат, які адчуваў тое ж, што і Свеціч. Яны абодва ўглядаліся ў люстраную плынь, і Свеціч ведаў, што думае яго брат, а той ведаў, што думае Свеціч. Свеціч нібыта плыў па рацэ пачуццяў, якія належалі таму, хто быў з ім адзіны крывёй. Абуджалася, бруілася выратавальная магія, якая адвеку была самай моцнай для неўраў. Голас гучаў, здаецца, у нетрах свядомасці, запаланяў усе думкі і пачуцці ўспамінамі. І здавалася неўру, што ён дзесьці чуў такі знаёмы голас.