Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
Калiсьцi здалося мне, што нейкая боская душа гуляе ў гульнях вашых, вы, чыстыя пазнавальнiкi! Я тады лiчыў, што лепшага мастацтва за ваша няма!
Далячынь хавала ад мяне гадзючую нечысць i мярзотны смурод, i я не падазраваў, што там вывiнаецца пажадлiвая яшчарчына хiтрына.
Але я падышоў да вас блiжэй: i развiднела мне, а цяпер развiднела i вам скончылiся любоўныя залёты месяца!
Зiрнiце! Стаiць ён, заспеты на месцы, бледны, перад ранiшняй зарою!
Бо ўжо iдзе палаючае сонца, да зямлi хiлiцца каханне яго? Каханне сонца нявiннасць i жаданнi стваральнiка!
Зiрнiце, як нецярплiва падымаецца яно з-за мора! Цi ж не адчуваеце вы прагi i гарачага подыху яго кахання?
Яно прагне ўпiцца морам i падняць у сваю вышыню блакiтнасць яго; i тысячаю грудзей падымаецца да яго мора.
Бо мора хоча, каб сонца цалавала яго i ўпiвалася iм; яно хоча зрабiцца паветрам, i вышынёю, i сцежкаю святла, i самiм святлом!
Далiбог, як сонца, люблю я жыццё i ўсе глыбокiя моры.
I вось што ў мяне называецца пазнаннем: каб усё глыбокае паднялося на вышыню маю!"
Так сказаў Заратустра.
Пра вучоных
"Аднаго разу, калi я спаў, баран з'еў плюшчавы вянок на маёй галаве; з'еў i сказаў: "Заратустра больш не вучоны".
I, сказаўшы гэта, ён пагардлiва адышоў i ганарыста. Адно дзiця расказала мне пра гэта.
Я люблю ляжаць тут, дзе гуляюць дзецi, каля разваленага мура, у бадзяках i чырвоных маках.
Я ўсё яшчэ вучоны для дзяцей, i бадзякоў, i чырвоных макаў. Не вiнаватыя яны нават у злосцi сваёй.
Але ў бараноў я ўжо больш не вучоны: такая ўжо доля мая - хай будзе яна дабраславёная!
Бо праўда яна вось: пайшоў я з жытлiшча вучоных, ды яшчэ i дзвярыма бразнуў.
Надта доўга сядзела мая галодная душа за iх сталом: не навучыўся я спазнаваць, як яны, - з такiм самым спрытам, як лускаюць арэхi.
Я люблю свабоду i чыстае паветра над свежай зямлёю; лепей мне спаць на бычыных скурах, чым на iхнiх годнасцях i шаноўлях.
Я занадта гарачы i таму згараю ад сваiх думак: мне часта перасмыкае дыханне. I тады трэба мусова вырвацца на прастору, прэч з усiх гэтых пыльных пакояў.
А яны вылежваюцца ў халадку: яны хочуць быць толькi гледачамi i не смеляцца сядзець там, дзе сонца палiць прыступкi.
Як разявы на вулiцах, што лупяць вочы на прахожых, так чакаюць i яны, i лупяць вочы на думкi, прыдуманыя не iмi.
Пачапай iх рукамi, i падымецца пыл, як ад мяхоў з мукою; хто б мог падумаць, што гэты пыл - ад зерня i залатых дарункаў нiвы?
Калi яны ўдаюць з сябе мудрацоў, мяне мароз па скуры дзярэ ад iх нiкчэмных праўд i выслоўяў; i часам ад iх мудрасцi патыхае такiм смуродам, быццам яе спарадзiла балота: i праўда, я нават чуў, як жабы кумкалi з яе!
Спрытнюгi яны, i разумныя ў iх пальцы: што там мая прастадушнасць перад iхняй крывадушнасцю! Яны могуць усё - шыць, вязаць, ткаць: вось i вяжуць яны панчохi духу!
Яны - выдатныя гадзiннiкавыя механiзмы: трэба толькi ў час накручваць! Тады яны без памылак паказваюць час, з далiкатным шумком.
Нiбы млыны i ступы, працуюць яны - толькi паспявай падсыпаць у iх зерне! Ужо ж яны перамелюць яго ў белы пыл.
Кожны пiльна сочыць за пальцамi суседа, i не надта давяраюць яны адно аднаму. Здатныя да маленькiх хiтрын, яны сочаць за тымi, чые веды накульгваюць, i пiльнуюць, як павукi.
Я бачыў, як асцярожна гатуюць яны атруту: пры гэтым заўсёды нацягваюць шкляныя пальчаткi на пальцы.
I такiмi касцямi яны ўмеюць гуляць: i гуляюць з запалам, аж iх кiдае ў пот.
Чужыя мы адно аднаму, i iхнiя цноты мне нават больш агiдныя, чым падступства i фальшывыя косцi ў гульнi.
I калi я жыў сярод iх, жыў я над iмi. I за гэта яны не любiлi мяне.
Яны i слухаць не хацелi пра тое, каб хто-небудзь хадзiў над iхнiмi галовамi; i таму памiж мною i сабою, над галовамi сваiмi, яны наклалi дрэваў, зямлi i смецця.
Так заглушылi яны шум крокаў маiх: да гэтага часу найгорш мяне чулi сама найвучонейшыя.
Усе памылкi i слабасцi людзей паклалi яны памiж сабою i мною: "чорнай падлогай" называецца гэта ў iхнiх дамах.
Але нягледзячы на гэта, я са сваiмi думкамi хаджу паверх iхнiх галоў; i калi б я захацеў пайсцi дарогаю сваiх памылак, дык i тады я быў бы вышэй.
Бо людзi не роўныя: так кажа справядлiвасць. I тое, чаго я хачу, яны не маюць права хацець!"
Так сказаў Заратустра.
Пра паэтаў
"З таго часу, як я лепей ведаю цела, - сказаў Заратустра аднаму свайму вучню, - я кажу пра дух толькi ў параўнаўчым сэнсе; i ўсё "непрамiнальнае таксама толькi параўнанне".
"Я ўжо чуў гэта ад цябе аднаго разу, - адказаў вучань, - i тады ты яшчэ дадаў: "А паэты залiшне маняць". Чаму ты сказаў, што паэты залiшне маняць?"
"Чаму?
– сказаў Заратустра.
– Ты пытаешся чаму? Я не той, у каго можна пытацца пра ўсе iх "чаму".
Не ўчора пачалося маё жыццё! Даўно ўжо я перажыў асновы сваiх меркаванняў.
Цi не быў бы я бочкаю памяцi, калi б насiў пры сабе ўсе свае асновы!
Захоўваць свае меркаваннi - ужо i гэта залiшне для мяне; а колькi птушак ужо адляцела!
I сярод iх у галубятнi маёй ёсць нейкая залётная, не вядомая мне; яна дрыжыць, калi я кладу на яе руку.
Дык што ж табе аднаго разу сказаў Заратустра? Што паэты залiшне маняць? Але i сам Заратустра - паэт.
А цяпер цi верыш ты, што тут ён сказаў праўду? Чаму верыш?"
Вучань адказаў: "Я веру ў Заратустру". Але Заратустра пахiтаў галавою i ўсмiхнуўся.
"Вера не робiць з мяне праведнага, - сказаў ён, - тым больш вера ў мяне.
Але пастановiм сабе, што нехта сказаў сур'ёзна, быццам паэты залiшне маняць: ён меў бы рацыю - мы залiшне манiм.
Мы вельмi мала ведаем i блага вучымся: таму мы i мусiм манiць.
I хто з нас, паэтаў, не разводзiў свайго вiна? Колькi атрутных мяшанак было прыгатавана ў скляпах нашых; там шмат чаго адбывалася, чаго i апiсаць не спасобiць.
I як што мы мала ведаем, нам даспадобы ўбогiя духам, асаблiва - маладыя жанчыны!