Танцавальны марафон
Шрифт:
Напачатку заданне, якое Аляксандраў павiнен быў выканаць, шакiравала. Яму, па вушы, па самую макаўку закаханаму ў Ванду, прапанавалi пазнаёмiцца з кiтаянкай i спакусiць яе… Канечне, палкоўнiк Iваноў, якi рыхтаваў правядзенне аперацыi i вёў распрацоўку Аляксандрава, быў тонкi псiхолаг, ведаў, з кiм мае справу, i ўсё падводзiў пад патрыятызм. У арсенале кадэбiста былi дзясяткi, сотнi гiсторый пра тое, як людзi добраахвотна iшлi на смерць у iмя дзяржаўных iнтарэсаў, а тут…
Аляксандраў напачатку працiвiўся, расказаў пра Ванду i хуткую жанiцьбу, паказаў бiлет да Мiнска, але палкоўнiк настояў, нават прыгразiў забраць камсамольскi бiлет, i Вiктар Пятровiч пагадзiўся. Ён наiўна думаў, што з кiтаянкай можа не атрымацца тое, што задумаў кадэбiст, i зусiм не па ягонай вiне. Адкуль студэнту было ведаць, што Iваноў пералапацiў не адзiн тузiн хлопцаў i спынiў свой выбар на iм не па той простай прычыне, што кiтаянцы Мэй падабаўся такi тып людзей. Аляксандрава прыгажуном не назавеш, але было ў хлопца нешта прыцягальнае: мо трошкi раскосыя азiяцкiя вочы, а мо незвычайнасць? Але галоўнае, Мэй была апантана Парыжам, усiм французскiм, i Аляксандраў падыходзiў са сваiм веданнем моў як нiхто.
У час аперацыі Аляксандраву далi ключы ад двухпакаёўкi на Арбаце, зрабiлi новы пашпарт, прапiску. Па легендзе прозвiшча не змянiлi, ён заставаўся самiм сабой – студэнтам i сiратой. Пра бацькоў павiнен быў гаварыць, што яны загiнулi падчас Вялiкай Айчыннай вайны, а вось бабуля мела кiтайскiя каранi. Яна, пакуль была жывая, i вывучыла ўнука кiтайскай мове.
Канечне, з такой легендай малайцаваты i разумны хлопец не мог не зацiкавiць Мэй, асаблiва расказам пра бабулю. Ёй i ў галаву не магло прыйсцi, што сарамлiвы, тактоўны хлопец, якi баяўся падняць на яе вочы, а выпадкова дакрануўшыся, прасiў прабачэння – агент КДБ.
Усё адбылося так, як прадказваў палкоўнiк Iваноў. Пасля месяца сустрэч Аляксандраў настолькi ўвайшоў у ролю закаханага, што не заўважыў, як апынуўся ў ложку з Мэй. Праз тыдзень любошчаў Мэй, студэнтка палiтэхнiчнага iнстытута, бясследна знiкла, а яшчэ праз месяц студэнт Аляксандраў выпадкова прачытаў у бiблiятэчнай падшыўцы кiтайскiх газет, што адзiн з партыйных кiраўнiкоў Кiтая на чарговым пленуме ЦК падаў у адстаўку. Гэта быў бацька Мэй.
Ланцужок замкнуўся, Аляксандраў зразумеў сваю ролю ў лёсе бацькi Мэй. І дзiўна: не адчуў сораму, не пакутаваў, не балела душа. Наадварот, ён з гонарам прыняў ад палкоўнiка Iванова падзяку i канверт з прэмiяй. З гэтай хвiлiны Аляксандраў быў гатовы выканаць i iншыя заданнi.
Зразумела, што адносiны з Вандай зусiм парушылiся. Пiсем ад яе чамусьцi не было, тэлефонных званкоў таксама. На ягоныя паштоўкi прыходзiў заўсёды адзiн адказ: «Адрасат выбыў, месца знаходжання невядома». І толькi праз сорак гадоў шляхi Ванды i Вiктара Пятровiча зноў перакрыжавалiся.
16
– Аб’явiўся лётчык-верталётчык! – ускрыкнуў Вiктар Трухан, калi пачуў праўду пра бацьку, i, не хаваючы знявагi да нечакана ўваскрэслага, доўга, пагардлiва рагатаў.
Ванда Мiкалаеўна цярплiва чакала, калi ў сына скончыцца iстэрычны смех, трымалася, не паказвала свайго хвалявання, толькi на жоўтым, хваравiтым твары праступiлi чырвоныя плямы. Яна нiчога не магла сказаць у сваё апраўданне дый не хацела. Схлусiўшы сыну раз, Ванда Мiкалаеўна была вымушана трымацца прыдуманай легенды. Версiя пра трагiчна загiнуўшага бацьку, лётчыка-выпрабавальнiка, вырашала шмат якiя турботы. Пакуль сын быў малы, ён ганарыўся бацькам-героем, а калi падрос, пытанняў кшталту «Хто мой бацька?» ужо не задаваў.
– Старасць прыйшла, няма каму шклянкi вады падаць? – нiяк не мог супакоiцца Трухан. – Толькi я не падыходжу на ролю брата мiласэрнасцi.
– Гэта табе патрэбна дапамога, – незласлiва ўпiкнула сына Ванда Мiкалаеўна. – Вiктар Пятровiч жыў, не ведаючы цябе, i будзе жыць далей, а вось ты…
Трухан быццам пракаўтнуў свой сутаргаваты смех, насцярожыўся. Каго-каго, а мацi ён ведаў, i калi яна так сказала, значыць, i сапраўды бацька – не просты чалавек. Трухан любiў мацi, ведаў, што яна цяжка хварэе, i, канечне, нi ў чым не мог ёй адмовiць, тым больш, што клапацiлася яна ў першую чаргу аб iм.
– Ён багаты? – зляцела з языка Трухана.
Мацi з дакорам паглядзела сыну ў вочы:
– У цябе толькi грошы ў галаве.
– Добра, канечне, каб яны былi ў кiшэнях цi яшчэ лепш – у швейцарскiм банку, – выскалiў няроўныя жоўтыя зубы Трухан. – Але я паеду ў Маскву, пагляджу на свайго продка. Толькi май на ўвазе: для цябе зраблю ўсё, для яго – нiчога.
Яны сустрэлiся так, быццам бачылiся толькi ўчора.
– Я прыехала i прывезла Вiктара, твайго сына, – не вiтаючыся, ультыматыўна заявiла Ванда Мiкалаеўна, як толькi Аляксандраў адчынiў дзверы.
Вiктар Пятровiч разгублена залыпаў вачыма, адступiў некалькi крокаў у прыцемнены калiдор.
– Ванда?! – вырваўся з ягоных грудзей прыглушаны стогн.
– Абыдземся без сантыментаў, – рэзкавата, але ўсё ж з хваляваннем прамовiла Ванда Мiкалаеўна i адразу ўпiхнула ў калiдор сына.
Потым увайшла сама, цiха, бясшумна зачынiла дзверы, пашарыла рукой па сцяне, шчоўкнула выключальнiкам. Знiякавелы Вiктар Пятровiч, апрануты ў спартыўны гарнiтур i тапачкi на босую нагу, выглядаў зусiм па-хатняму, нiчым не нагадваў таго грознага i непрыступнага Аляксандрава.
– Паклiч жонку, няхай паслухае, пра што гаварыць буду, – загадала Ванда Мiкалаеўна.
Яна рыхтавалася да сустрэчы, у думках рэпетыравала кожнае слова, баялася, што нехта перахопiць iнiцыятыву, i, канечне, гэтым «нехта» магла быць толькi жонка Аляксандрава.
Вiктар Пятровiч, не адводзячы вачэй ад Трухана, вяла ўсмiхнуўся:
– Адзiн я…
– Дзе ж яна? У краме, на дачы? – наступала Ванда Мiкалаеўна.
Вiктар Пятровiч цяжка ўздыхнуў, ногi не трымалi, i ён паволi асунуўся на скураны зэдлiк, што карычневай шапкай, як грыб на тоўстай ножцы, высiўся каля трумо.
– Халасты я… – сказаў Аляксандраў, – i нiколi жанаты не быў.
Мацi з сынам перазiрнулiся. Вочы Ванды Мiкалаеўны пацяплелi, хваравiты твар прасвятлеў. Трухан перасмыкнуў плячыма, маўляў, рабi што хочаш, мяне твае справы не цiкавяць.
– Зрэшты, цяпер гэта не мае значэння, – хутка пазбавiўшыся ад хвiлiннай замiнкi, кiнула Ванда Мiкалаеўна i з высока ўзнятай галавой прашпацыравала ў прачыненыя дзверы залы. – Будзем гаварыць тут… Калi ў цябе, Вiктар Пятровiч, нешта з сэрцам, у мяне ёсць i валакардзiн, i нiтраглiцэрын, але выслухаць мяне ты абавязаны.
– Не-не, – падхапiўся на ногi Аляксандраў. – Гэта я так, ад нечаканасцi… i радасцi…
– Ад радасцi?! – iранiчна перапытала Ванда Мiкалаеўна i холадна, як адрэзала: – Не варушы старое, перасмылела… Балела, смылела, забылася… А вось сын у нас з табой, Вiктар Пятровiч, застаўся, думаю, на ДНК настойваць не будзеш, i без экспертызы вiдаць, чыя копiя… А дзе ж твая кiтаянка? – нечакана для самой сябе спыталася Ванда Мiкалаеўна i адчула, як здрыганулася сэрца.
Яна ўбачыла былога каханка i, насуперак усяму, зразумела, што гады не выкраслiлi Аляксандрава з памяцi, больш таго, яшчэ хвiлiна-другая, i яна не зможа супрацьстаяць жаданню дакрануцца да чалавека, якога калiсьцi кахала. У яе ўзнiкла амаль непераадольнае жаданне пагладзiць сiвыя, пастрыжаныя пад вожык валасы.