Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Але ж Магілёў знаходзіўся за паўтысячы кіламетраў ад дзяржаўнае мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Так узнікла думка, што рэліквія паехала тады на ўсход.
У 1960-я гады Магілёўскі абласны музей звярнуўся з запытам пра рэліквію ў Эрмітаж, адкуль прыйшоў адказ, што крыж Еўфрасінні Полацкай адразу па вайне прададзены на аўкцыёне ў Заходняй Еўропе ў калекцыю мільянераў Морганаў і цяпер у Нью-Ёрку. (Дарэчы, яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя ў газетах з’яўляліся звесткі, быццам балыпавікі меліся прадаць крыж у Швецыю.)
У розныя часы пошукамі нацыянальнай святыні займаліся нашы вядомыя вучоныя Георгі Штыхаў і Адам Мальдзіс, журналіст Алесь Лукашук, першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка…
Рэліквію вырашыў пашукаць і супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шаўкоўнікаў. Гэты прадпрымальны чалавек прыватна паехаў у ЗША, імкнуўся там пранікнуць у Морганаўскія зборы, але выявіў празмерны імпэт, трапіў на падазрэнне, і ў адзін цудоўны дзень некалькі маладзёнаў атлетычнага выгляду ветліва прапанавалі яму ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі вяртання дадому. На жаль, дадаць да маіх слоў спадар Шаўкоўнікаў нічога не можа, бо ўжо пакінуў гэты свет.
Лёс крыжа святой Еўфрасінні не пакідаў абыякавай і беларускую дыяспару. У Нью-Ёрку мне давялося гутарыць з Антонам Шукялойцам, які ў свой час узначальваў Мінскі гістарычна-мастацкі музей. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі?
Як мяркуе спадар Шукялойц, шэдэўр Лазара Богшы вывезлі на ўсход. Да яго даходзілі весткі, што крыж бачылі ў адным з маскоўскіх музеяў. Версія пра разбор крыжа на часткі малаверагодная, бо кошт яго золата і камянёў параўнаўча невялікі. Галоўная вартасць крыжа для яго магчымых гаспадароў у тым, што гэта — высокамастацкі твор.
У пошуках полацкага крыжа (сёння да іх падключаны і Інтэрпол) выкарыстоўваліся таксама нетрадыцыйныя сродкі кшталту зваротаў да вядомых экстрасэнсаў. Трое з іх, у тым ліку і сусветна знакамітая балгарка Ванга, выказалі ўпэўненасць, што наша рэліквія цэлая і раней ці пазней будзе знойдзеная.
Калі? Можа, тады, калі мы, беларусы, будзем заслугоўваць вяртання свайго Жыватворнага крыжа?
У расследаванні загадкавай гісторыі крыжа Еўфрасінні нямала зрабіў супрацоўнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілёўскай вобласці Сяргей Багдановіч. У 1997 годзе газета «Рэспубліка» змясціла яго артыкул пад красамоўнаю назваю «I ўсё ж след вядзе на ўсход». Там выкладзеная найбольш верагодная, на думку С. Багдановіча, версія. Жыхар Магілёва Пётр Паддубскі ўпэўнены, што менавіта ён на пачатку вайны вывозіў на сваёй машыне музейныя каштоўнасці разам з крыжам святой Еўфрасінні на ўсход.
У разгар баёў за Магілёў вайсковаму шафёру Падцубскаму загадалі забраць з абкама партыі важны груз. Раніцою 13 ліпеня 1941 года Пётр пад’ехаў да патрэбнага будынку, і некалькі людзей у цывільным узяліся грузіць мяхі і пакункі. Найдаражэйшыя рэчы запакоўвалі ў акутую жалезам скрынку. Паддубскі памятае, як хтосьці з «грузчыкаў» усклікнуў: «Які крыж прыгожы!»
Наступнае раніцы невялікая аўтакалона спынілася на магілёўскай ускраіне, дзе ў кабіну да Паддубскага сеў першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка. Далей машыны рухаліся па маршруце Магілёў - Горкі - Смаленск - Мажайск - Масква. Нямецкія самалёты не раз бамбілі іх, але катастрофы ўдалося пазбегнуць. Паводле словаў Паддубскага, у дарозе Паннмарэнка часта паўтараў: «Каштоўнасці трэба давезці, што б ні здарылася». Праз два дні і дзве ночы машыны спыніліся на Ленінскіх гарах у Маскве каля ўпраўлення кадраў Чырвонай Арміі…
Аповед былога вайсковага шафёра ўскосна пацвярджаецца апублікаванымі ўспамінамі як самога П. Панамарэнкі, так і тагачаснага каменданта Магілёва I. Ваяводзіна.
Аднак дагэтуль ніводная з магілёўскіх рэліквіяў не знойдзеная. «Нельга выключыць, — піша С. Багдановіч, — што іх лёс можа быць звязаны з Эрмітажам альбо музейнымі сховішчамі Уфы і Самары, дзе знайшлі ў час вайны прытулак вывезеныя архівы абкама партыі. Словам, неабходнасць пошуку каштоўнасцей з магілёўскага збору на тэрыторыі Расіі відавочная».
Даючы інтэрв’ю газеце «Звязда» (19 чэрвеня 1997 г.), з думкаю магілёўскага калегі збольшага пагадзіўся і тагачасны кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Генадзь Сенюкоў: «…можна меркаваць, што ўсе рэчы (з Магілёва. — У. А.) аселі дзе-небудзь у правінцыйным расійскім музеі ці архіве».
Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Беларусі ўзнікла ідэя адраджэння вобраза крыжа святой Еўфрасінні — старажытнага сімвала святасці і дзяржаўнасці нашай зямлі. Прапанову аб сімвалічным вяртанні святыні падтрымаў у снежні 1992 года Першы сход беларусаў блізкага замежжа. Арганізатарам сходу было Згуртаванне беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына» — грамадская арганізацыя, адным з накірункаў дзейнасці якой з’яўляецца вяртанне Беларусі яе нацыянальных скарбаў.
Менавіта «Бацькаўшчына» і ўзяла на сябе высакародны і няпросты абавязак выканаць волю беларускай грамады і стварыць крыж на вобраз і падабенства страчанай святыні найпадобнейшай Еўфрасінні. Гэты надзвычай складаны заказ Згуртаванне даручыла вядомаму беларускаму мастаку-ювеліру Міколу Кузьмічу. Распачатая праца была падтрыманая дзяржавай і атрымала багаславенне царквы.
«Бацькаўшчына» звярнулася да прадпрымальнікаў і грамадскасці з заклікам далучыцца да святой справы адраджэння вобраза Жыватворнага крыжа полацкай князёўны-ігуменні, а таксама Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе захоўвалася рэліквія. Да ўвасаблення ідэі далучыліся беларусы з іншых краін. Сярод тых, хто зрабіў значны ўнёсак, — нашы суайчыннікі Анатоль Лук’янчык з ЗША і Мікола Сулкоўскі з Расіі. Найбольш сродкаў выдаткаваў на праект прадпрымальнік-беларус з сібірскага горада Сургута Анатоль Сілівончык.
Пяць гадоў доўжылася ахвярная праца. Майстар Мікола Кузьміч здзейсніў сапраўдны навуковы і творчы подзвіг, здолеўшы адрадзіць страчаную восем стагоддзяў таму старажытную тэхніку перагародкавай эмалі. У выніку намаганняў Беларускага экзархату крыж, створаны на ўзор узвіжальнага крыжа святой Еўфрасінні, мае ўсе тыя хрысціянскія рэліквіі, якія знаходзіліся ў яго старажытным правобразе. Таму можна сцвярджаць, што Беларусь атрымала не проста выдатны твор мастацтва, але і неацэнную сакральную каштоўнасць.
27 верасня 1997 года, на свята Узвіжання, вобраз крыжа святой Еўфрасінні быў урачыста вернуты ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, а 6 снежня хросны ход перанёс яго на спрадвечнае месца старажытнай святыні — у збудаваны на замову полацкай асветніцы Спасаўскі храм. (Пазней Мікола Кузьміч, якога гісторык Леанід Аляксееў назваў «сучасным Лазарам Богшам», створыць для крыжа стаўратэку (футарал), а ў 2007 годзе завершыць узнаўленне ракі для мошчаў найпадобнейшай Еўфрасінні.)
Напярэдадні вяртання вобраза святыні ў царкву Спаса Рада «Бацькаўшчыны» прыняла заяву, дзе гаварылася: «Верым, што адроджаны Крыж будзе ўмацоўваць нашу веру, уваскрашаць памяць, яднаць беларусаў незалежна ад іх канфесій і палітычных поглядаў і дапаможа нам пабудаваць свабодны і заможны Беларускі Дом».
Згуртаванне беларусаў свету звярнулася да ўрада краіны з прапановаю надаць Дню памяці Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) статус агульнадзяржаўнага свята. Разам з тым удзельнікі адраджэння вобраза крыжа заўсёды падкрэслівалі неабходнасць працягваць пошукі аўтэнтычнай нацыянальнай святыні, каб урэшце вярнуць яе на Радзіму.
Згаданыя вышэй падзеі выклікалі хвалю цікавасці да гісторыі полацкага Крыжа з боку гісторыкаў, літаратараў і журналістаў. Новыя даследаванні, архіўныя знаходкі, навуковыя гіпотэзы прывялі да з’яўлення ў 1998 годзе адразу двух прысвечаных нашай нацыянальнай святыні выданняў: на заказ Згуртавання беларусаў свету выйшла кніга «Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны», а экзархат Беларускай праваслаўнай царквы падрыхтаваў кнігу «Крест — красота Церкви». Іх можна разглядаць як сапраўдную энцыклапедыю, чытач якой знойдзе, бадай, усе вядомыя сёння звесткі пра крыж Еўфрасінні.