Тэўтонскі ордэн [Ад Ерусаліма да Грунвальда]
Шрифт:
У супрацьстаянні з паганамі крыжакі не лічылі абавязковым прытрымлівацца нормаў хрысціянскай маралі. Ордэнскі войт Варміі і Натангіі брат Вальрад Мірабіліс сабраў на пір да замка Ленцэнберг мясцовых арыстакратаў. Тыя прыйшлі без асаблівай насцярожанасці, бо такое адбывалася ўжо не адзін раз. Калі госці як след захапіліся пітвом і ежай, па загаду войта ў памяшканні, дзе адбываўся пір, былі зачынены дзверы і вокны, а дом падпалены. Вырвацца з полымя не здолеў ніхто. Гэты выпадак выклікаў абурэнне ў Прусіі і паспрыяў разгортванню паўстання супраць ордэна.
Толькі Хэлмінская зямля і Памезанія захавалі вернасць крыжакам, бо ўжо амаль поўнасцю былі заселеныя каланістамі-хрысціянамі. Самбійскія, натангійскія, вармінскія, пагезанскія, бартыйскія прусы паўсталі. Размах барацьбы, выбухнуўшай у верасні 1260 г., быў такім, што ледзь не знёс уладу ордэна ў Прусіі. У шэрагу выпадкаў кіраўнікамі паўстаўшых сталі людзі, якіх крыжакі ў маладых гадах выслалі да Германіі для выхавання з іх рупліўцаў хрысціянства. Тыя хрысціяне, хто не паспеў схавацца па замках, былі забітыя або захопленыя ў палон. Паўстанцы палілі касцёлы, капліцы, дамы хрысціянаў, забівалі святароў. Храніст паведамляе, як аднаго святара самбійцы паклалі галавой паміж двух бярвенняў і, сціскаючы іх, павольна задушылі, гаворачы са здзекам, што ня смеюць праліваць крыві такой святой асобы. Некаторых палонных прусы прыносілі ў ахвяру сваім багам. Так, у поўным узбраенні на кані быў жыўцом спалены адзін з палонных рыцараў.
Браты-рыцары сядзелі абложаныя ў замках. Двойчы з Германіі да іх прыходзіла дапамога і двойчы прусы разбівалі крыжакоў. Паўстанцы актыўна спрабавалі здабыць замкі Кёнігсберг, Кройтцбург, Бартэнштайн і авалодалі двума апошнімі. Залога Кройтцбурга пакінула замак і ратавалася ўцёкамі, але яе дагналі і ўсю пабілі. Залога з Бартэнштайна здолела ўратавацца дзякуючы хітрасці. Немцы ноччу цішком выйшлі, а ў замку застаўся стары рыцар, які рэгулярна званіў у звон, быццам заклікаючы на набажэнства. Прусы не заўважылі падман. Доўга трымаўся замак Хейлзберг у Варміі, нягледзячы на пастаянныя штурмы і абстрэл з абложных машын. Урэшце залога здолела ўцячы і схавацца ў Эльблангу, прывёўшы з сабой 12 прускіх закладнікаў. Іх асляпілі і так выпусцілі. Была выкрыта змова з прусамі двух крыжакоў. Ландмайстар загадаў спаліць здраднікаў жыўцом. Каб спаленыя былі пагане, то ўсё скончылася б ціха, але тут за празмерную жорсткасць да хрысціянаў ландмайстра пазбавілі пасады.
Паўстанцы захапілі малыя ордэнскія замкі, а буйныя трымалі ў шчыльнай аблозе. Верныя ордэну Хэлмінская зямля і Памезанія аказаліся спустошанымі.
У 1263 г. крыжакам ўдалося задушыць паўстанне ў Самбіі, аднак у іншых месцах вайна працягвалася. Натангійскія прусы разграмілі крыжакоў у Хэлмінскай зямлі, прычым загінуў ландмайстар і некалькі дзесяткаў рыцараў. Шмат пацярпеў замак Радзынь. Яго двойчы захоплівалі паўстанцы і двойчы крыжакі адбівалі.
З Германіі падыходзілі ўсё новыя і новыя падмацаванні. Урэшце з канца 1272 г. ордэн пачаў браць сітуацыю пад кантроль. Пасля амаль 14-гадовай вайны былі прыведзеныя ў пакору Вармія, Натангія, Бартыя і іншыя вобласці. Ужо ў 1274 г. заваёва новых вобласцяў у Прусіі аднавілася - на чаргу сталі Скаловія, Надравія, Судовія. Аднак агонь паўстання ўсё яшчэ не патухаў. Крыжакі душылі яго з вялікай жорсткасцю. Прускі ландмайстар Конрад фон Цірберг амаль усіх жыхароў Пагезаніі выселіў у іншыя вобласці, шмат людзей уцяклі ў Беларусь і разам з сем'ямі аселі ў ваколіцах Горадні.
Паўстанне паступова згасала і сведчанне таму тое, што ордэн змог вызваліць частку сілаў для новых заваёваў. Вайна вялася са звычайнай тады жорсткасцю і ўтрапёнасцю. Мемельскі комтур захапіў у палон аднаго з прускіх правадыроў у Скаловіі. На прывале палоннага прывязалі да дрэва, каб не ўцёк. Калі варта заснула, той здолеў вызваліцца, але ўцякаць не стаў. Схапіўшы меч, забіў рыцара і трох кнехтаў, чацвёртаму адсек руку. Астатнія, разбуджаныя шумам, пасеклі раз'юшанага воя.
Апошняй у 1283 г. была заваявана Судовія. Яна аказалася моцна спустошанай - шмат народу палягло ў вайне, частку крыжакі рассялілі па іншых правінцыях, частка выселілася ў Вялікае Княства Літоўскае. На месца загінуўшых і ўцёкшых прыходзілі каланісты, галоўным чынам з Германіі. Тыя мясцовыя жыхары, якія прынялі хрысціянства, доўгі час, нават яшчэ ў XVI ст., захоўвалі элементы сваёй даўняй веры.
Лічачы ад 1231 г., калі Герман фон Балк упершыню пераправіўся з войскам праз Віслу, да 1283 г., за 52 гады Прусія была заваявана цалкам. Для гэтага спатрэбілася намаганне не толькі Тэўтонскага ордэна, але і шляхты ўсіх германскіх земляў. Вайна нанесла такія непапраўныя страты мясцовым плямёнам, што ў рэшце рэшт яны перасталі існаваць як этнасы.
Унутраную палітыку на тэрыторыі Прусіі ордэн будаваў умела і мэтанакіравана. Каб прыцягнуць каланістаў, крыжакі стварылі новае хэлмінскае права. Было ўведзена фламандскае права спадчыннасці- роўнасць мужчыны і жанчыны. Па вугорскаму праву дазвалялася свабоднае паляванне на дзікага звера, акрамя баброў. Ужывалася яшчэ магдэбургскае і польскае права. Прусаў падзялілі на дзве катэгорыі: вольныя і нявольныя. Тыя, хто захаваў вернасць ордэну пад час паўстання 1260-1274 гг., мелі больш правоў. Былыя паўстанцы - нявольныя хлопы - жылі ў асобных вёсках, мелі мізэрныя гаспадаркі і мусілі працаваць на крыжакоў. Яны не маглі сяліцца ў гарадах. Мясцовая шляхта анямечылася.
Каланісты густа наплывалі да 1350 г., пасля іх прыток зменшыўся. Крыжакі стварылі 1400 новых вёсак (акрамя біскупаў, царкоўных капітулаў і феадалаў). Да 1410 г. у Прусіі ўжо было 93 гарады. На пачатак XV ст. насельніцтва Прусіі ацэньваецца прыблізна ў 400-600 з нечым тысяч чалавек.
Ордэнскія ўлады шчыльна апякалі гаспадарчае жыццё краіны. Яны стварылі двайную сістэму даходаў: праз адпрацоўкі, грашовы і натуральны падаткі (шляхта таксама іх плаціла) і яшчэ праз уласную гаспадарку (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, крэдыт, гандаль). Галоўным аб'ектам гандлю былі авёс, ячмень і солад. Ордэн злоўжываў уладай - сваіх эканомаў ставіў у больш выгодныя ўмовы гандлю, чым астатніх купцоў. За некалькі дзесяткаў гадоў Прусія ператварылася ў квітнеючую краіну, з чаго ордэн меў немалую выгоду.
У знешняй палітыцы Тэўтонскага ордэна пасля пакарэння Прусіі галоўнай задачай стала вайна з Вялікім Княствам Літоўскім.
БОЙКІ З ЛІТВОЙ І ПОЛЬШЧАЙ
Пераломным у адносінах Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім стаўся 1283 год. Крыжацкі храніст Пётр Дзюзбург пісаў: «Скончылася пруская вайна, пачалася вайна літоўская». Аднак першы этап барацьбы з Літвой [5] пачаўся задоўга да гэтага часу. Упершыню прэтэнзіі на Літву былі выказаныя ў прывілеі германскага імператара Фрыдрыха II у 1245 г. Па просьбе хохмайстра імператар аддаваў ордэну землі, якія той здабудзе ў Куроніі, Літве і Семігаліі. Яшчэ раней, з пачатку ХІІІ ст., агрэсіўныя намеры да Літвы мелі лівонскія крыжакі. Спачатку яны абараняліся ад нападаў літоўцаў [6], а калі замацаваліся паміж Дзвіной і Фінскім залівам, перайшлі ў наступ. Пацярпеўшы паразу ад літоўцаў пад Шаўламі ў 1236 г., мечаносцы тут жа (1237 г.) аб'ядналіся з Тэўтонскім ордэнам. Цяпер адной з галоўных задач лівонцаў стала злучэнне з Прусіяй па сушы. Дарога на Прусію вяла праз Куронію і мечаносцы атакавалі гэтую вобласць. Як выключную з'яву ў адносінах паміж крыжакамі і Літвой даследчыкі разглядаюць мірнае пагадненне Міндоўга з лівонскім ландмайстрам. Аслабіла ордэн як у Прусах, так і ў Інфлянтах параза ля возера Дурбе (1259 г.).
Істотных зменаў на літоўска-лівонскім фронце не назіралася да 1283 г., пакуль на арэне барацьбы не з'явіўся новы магутны дзеяч - прускія крыжакі. Ордэн выступіў з прэтэнзіямі на Вялікае Княства, спасылаючыся на фальшывую (ці праўдзівую) даравальную грамату Міндоўга. Паводле яе зместу, вялікі князь прызначаў сваю дзяржаву ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Здарылася так, што ўсе сыны Міндоўга загінулі (у тым ліку вялікі князь Войшалк) і ордэн выставіў свае патрабаванні.
Адразу пасля заваёвы Судовіі ландмайстар Конрад фон Цірберг у той жа год зрабіў першы паход на Літву. У наступным годзе зруйнавалі Горадню.
У 1291 г. пала апошняя апора крыжакоў у Палестыне - Акра. Хохмайстар Тэўтонскага ордэна адплыў на караблі ў Эўропу і абсталяваўся ў Венецыі. З гэтага часу Прыбалтыка становіцца галоўнай арэнай дзейнасці ордэна, а праз 19 год хохмайстры назусім перабраліся ў Прусію.
Паходы на Літву арганізоўвалі ландмайстар, ландмаршал і парубежныя комтуры. Цягнулася непарыўная вайна, якая складалася з дробных і буйных наездаў, сутычак, засадаў, адступленняў, уцёкаў і пагоняў. Паходы з аднаго і другога боку адбываліся па падобнай схеме. Збіралася войска ў колькасці ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч вояў і ішло ў паход на варожую тэрыторыю. Выправа цягнулася ад 2-3 дзён да некалькіх тыдняў (калі ішло вялікае войска). Мелі мэтай здабыць адзін ці болей замкаў, рабавалі ваколіцы, палілі жытло, забівалі або бралі ў палон насельніцтва, зводзілі жывёлу.
Выйграваў той, хто здолеў сканцэнтраваць сілы, нечакана ўдарыць і адысці са здабычай і палоннымі, пакуль вораг не арганізаваў адпор. Другі варыянт: вызнаць ці прадугледзець час і накірунак паходу ворага, сабраць у пэўным месцы большыя сілы і нанесці яму паразу ў сустрэчным баі ці ў пагоні.
Вялікую ролю адыгрываў фактар нечаканасці. Войска збіралі тайна і трымалі ў сакрэце месца выправы. Часам спецыяльна распаўсюджвалі чуткі аб намеры напасці на адну вобласць, а ішлі зусім у другую. Існавала добра арганізаваная служба памежнай варты і разведкі з абодвух бакоў. Для выведаў выкарыстоваўваліся вандроўныя манахі і гандляры. Аднак нечаканыя напады ўдаваліся часта. Пакуль збіралі войска, арганізоўвалі абарону, праходзіў пэўны час. Той, хто нападаў, з самага пачатку меў перавагу ў ініцыятыве. У выпадку, калі жыхары аказваліся папярэджанымі, яны хаваліся па замках са сваёй рухомай маёмасцю. Часам дзякуючы нечаканасці ўдавалася захапіць і замак. Нягледзячы на амаль пастаянны стан вайны, у тыя часы не трымалі ў адным месцы вялікага войска па той простай прычыне, што яго немагчыма было пракарміць.