Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)
Шрифт:
17 лютага 1331 г. генеральная капiтула абрала новага хохмайстра i прыняла меры для асабiстай бяспекi кiраўнiка ордэна. Яму далi варту з некалькiх рыцараў i жаўнераў. Капiтула ўзнавiла звычай выбару хохмайстрам у пастаяннае таварыства аднаго рыцара, званага кампаньёнам (ад'ютантам). У абавязкi кампаньёна ўваходзiла сачыць за бяспекай хохмайстра, прымаць звароты, просьбы i г.д. З часам хохмайстры мелi па тры i чатыры кампаньёны.
Перамiр'е ордэна з Польшчай скончылася, а мiрнага вырашэння спрэчак не адбылося. Вайна працягвалася далей. Крыжакi захапiлi ўсю Добжынскую зямлю. Пасрэднiкi - вугорскi i чэшскi каралi выдалi прысуд: Куяўскую i Добжынскую землi вярнуць Польшчы, Памор'е пакiнуць ордэну. Крыжакi не аддавалi захопленыя землi, патрабуючы ад караля Казiмiра пiсьмовай згоды з прысудам, а той яе не даваў. Нарэшце ў 1343 г. Казiмiр падпiсаў з ордэнам мiр у Калiшы, па ўмовах якога адрокся ад усiх правоў на Памор'е, Хэлмiнскую i Мiхалаўскую землi. Крыжакi перадалi Польшчы Куявы i Добжынь.
Пасля замiрэння з Польшчай вайна супраць Лiтвы павялася з небывалым размахам. З 1340 да 1410 г. было зроблена 97 паходаў на Лiтву. Галоўным чынам нападалi на Жамойць, а таксама на Горадню, Вiльню, Трокi, Берасце, Лiду, Наваградак. У адказ за гэты ж час лiцвiны ажыццявiлi каля 55 паходаў. Вялiкiя крыжацкiя выправы (па некалькi тысяч чалавек) адбывалiся ў 1382, 1383, 1384, 1390, 1391, 1394, 1402, 1403 гадах. Разам з тым штогод рабiлася 4-8 невялiкiх рабаўнiчых выпраў, якiя арганiзоўвалi комтуры Рагнеты, Балгi, Астроды.
У 1360 г. у крыжацкi палон трапiў Кейстут, ён быў акружаны i аддаў зброю лiвонскаму ландмайстру. Аднак князя хутка абмянялi на мноства палонных хрысцiянаў. Але ў хуткiм часе Кейстут зноў трапiў у палон. У бiтве яго скiнулi з каня, схапiлi i прывезлi да Мальбарка. Варта днём i ноччу стаяла ля дзвярэй цямнiцы, куды доступу не меў нiхто, акрамя крыжака з прыдворнай службы хохмайстра. Ён насiў князю ежу. Гэты крыжак быў родам лiцвiн, яго маладым узялi ў палон, ахрысцiлi на Адольфа, а па-простаму звалi Альфам. Доўгай i вернай службай ордэну Альф заслужыў давер хохмайстра. Кейстут знайшоў у адной сцяне вязнiцы выемку, якая мела глыбiню на 2/3 мура. Князь схiлiў Альфа на свой бок, атрымаў ад яго iнструменты i ламаў муроўку ў адтулiне, пакуль не прабiў выйсце. Ноччу Кейстут спусцiўся ў роў, вылез на другi бок па драбiнах, апрануў крыжацкi плашч i без перашкод выехаў з Мальбарка. Дабраўшыся разам з Альфам да лесу, кiнулi коней, некалькi дзён хавалiся па балотах, затым лясамi па начах дайшлi да Мазовii, дзе ўцекачоў прыняла княгiня Данута - родная дачка Кейстута.
У канцы 1379 г. ля ракi Нарвы з'ехалiся хохмайстар, Кейстут, Ягайла (бацька Ягайлы вялiкi князь Альгерд памёр у 1377 г.). Там яны прыйшлi да згоды i ў Троках заключылi мiр на 10 гадоў памiж пагранiчнымi раёнамi Прусii i Лiтвы. Па яго ўмовах з абодвух бакоў не павiнна было быць нiякiх нападаў. Жыхары пагранiчных раёнаў маглi ў складзе войскаў сваiх краiн удзельнiчаць у паходах на глыбiнныя раёны iншай варожай дзяржавы.
Ягайла, захацеўшы аднаасобна панаваць у Вялiкiм Княстве, увайшоў у тайную змову з крыжакамi супраць Кейстута. У 1380 г. была заключана патаемная дамова: вялiкi князь (Ягайла) гарантуе Тэўтонскамуордэну поўныя мiр i бяспеку. Калi ордэн пойдзе пустошыць край Кейстута цi яго сыноў, а вялiкi князь выведзе сваё войска ў поле, то мiр пры гэтым нiякiм чынам не будзе лiчыцца сарваным; толькi не павiнны ўступаць у бiтву з ордэнскiм войскам. Калi воi ордэна па няведанню ўвойдуць у землi вялiкага князя, зробяць шкоду, або захопяць палонных, то палон будзе выдадзены без выкупу, але каб дамоўленасць не адкрылася, рабiць выгляд, што выкуп атрыманы.
Ужо ў 1381 г. крыжакi пачалi ваенныя дзеяннi супраць Кейстута - пустошылi Жамойць. Кейстут арганiзаваў паход у адказ, якi меўся быць нечаканым, але крыжакi ўсюды былi гатовыя да яго прыходу, што здзiвiла старога князя. Усё стала яму зразумелым, калi атрымаў iнфармацыю аб дамове Ягайлы з крыжакамi. Кейстут сказаў аб здрадзе свайму сыну Вiтаўту, якi быў у вялiкай дружбе з Ягайлам i, можна сказаць, жыў пры iм. Вiтаўт не хацеў даваць веры, запэўнiваў бацьку, што вялiкi князь яму давярае i нiчога не робiць без яго ведама.
Праз нейкi час Кейстут нечакана авалодаў Вiльняй i ўзяў пад варту Ягайлу. Была знойдзена перапiска з крыжакамi i тэкст пагаднення. З Гораднi ў Вiльню прымчаўся Вiтаўт. Бацька яму сказаў: "Ты не хацеў мне верыць, глянь на гэтыя лiсты i даведайся аб змовах супраць нас. Дзякуй небу, што захавала нас ад згубы". Ягайлу пакiнулi ўдзел i ён пасялiўся ў Крэве.
У 1382 г. адбывалiся ўзаемныя напады з крыжакамi. Ягайла зноў наладзiў сувязь з ордэнам. Ён нечакана напаў на Вiтаўта, разбiў яго войска i захапiў Вiльню. Вiтаўт адступiў да Трокаў, потым пад Горадню. Ягайла злучыўся пад Трокамi з крыжацкiм войскам, захапiў горад i замак. Сюды падышлi Кейстут з Вiтаўтам. Варожыя войскi стаялi на адлегласцi ў 3-4 палёты стралы адно ад другога. Ягайла прыслаў свайго брата Скiргайлу з заклiкам да згоды i мiру. Кейстут паддаўся на гарачыя просьбы Вiтаўта, паверыў прысязе Скiргайлы аб бяспецы i разам з сынам паехаў да войска Ягайлы. Сам Ягайла, быццам для ўшанавання, выехаў насустрач з вялiкiм конным атрадам, якi адразу акружыў прыбыўшых князёў. Калi Кейстут сказаў аб мэце прыезду, Ягайла задумлiва адказаў: "Тут не месца для перагавораў, паехалi да Вiльнi". I тут жа конныя пачалi цяснiць прыехаўшых на вiленскую дарогу. У Вiльнi бацьку з сынам разлучылi. Кейстута ў кайданах вывезлi ў Крэва i пасадзiлi ў цямнiцу. Да вояў Кейстута прыбыў ганец i ад яго iмя перадаў, што князю ўжо не патрэбныя iх паслугi. Войска раз'ехалася па дамах. На пятую ноч зняволення ў Крэве Кейстут быў задушаны ў прысутнасцi кашталяна замка Проры. Памiж забойцамi быццам знаходзiўся нейкi крыжак. Ягайла загадаў прывезцi цела дзядзькi да Вiльнi i арганiзаваў пышнае пахаванне.
Вiтаўт у Вiльнi паводзiў сябе неспакойна, урэшце захварэў i быў таксама вывезены ў Крэва. Яго жонка княгiня Ганна дамаглася дазволу быць разам з мужам. Прыбылi на месца яшчэ перад смерцю бацькi. Пасля забойства Кейстута вырашылi ўцякаць. Княгiня ўзяла лiст бяспекi для сваёй паездкi ў Мазовiю. Аднойчы яна, як звычайна, прыйшла адведаць мужа i затрымалася ў яго. Вiтаўт перапрануўся ў адзенне адной са служанак, iмем Алена, а тая засталася на яго месцы. Потым князь быў спушчаны з мура i дабраўся да коней, прысланых ваўкавыскiм цiвуном. Хутка даiмчаў да Слонiма, затым праз Берасце на пяты дзень быў ужо на Мазовii ў Плоцку. Княгiня Ганна разам з дзецьмi таксама пакiнула Крэва. Алена так добра выдавала сябе за хворага князя, што ўцёкi адкрылiся толькi на трэцi дзень. Прор, атрымаўшы загад з пашанай вывезцi Вiтаўта да Вiльнi, зайшоў да князя, убачыў падмену i адразу забiў Алену. Некаторыя хранiсты пiшуць, што на месцы Вiтаўта засталася яго жонка.
Вiтаўт звярнуўся за дапамогай да ордэна i атрымаў яе. Прыбыўшы да Прусii, князь паслаў клiкаць на падмогу да сябе жамойтаў. Тыя доўга не хацелi даваць веры, што князь Вiтаўт можа быць у хаўрусе з крыжакамi.
У хуткiм часе Ягайла зрабiў важны палiтычны крок - згадзiўся прыняць польскую карону. У 1385 г. былi выпрацаваныя ўмовы Крэўскай унii, на наступны год Ягайла стаў польскiм каралём i прыняў каталiцтва з iмем Уладзiслаў.
Ягайла лiчыўся гаспадаром дзвюх дзяржаў каля 7 год. Барацьба Вiтаўта за бацькоўскi стол скончылася пагадненнем 1392 г. у Востраве. Ягайла фактычна прызнаў за стрыечным братам Вялiкае Княства Лiтоўскае, а сам застаўся толькi польскiм каралём, прыдумаўшы сабе на суцяшэнне тытул вярхоўнага князя Лiтвы.
НАБЛIЖЭННЕ ДА ВЯЛIКАЙ ВАЙНЫ
Адносiны ордэна з Лiтвой i Польшчай пастаянна былi напружанымi. Вiтаўт i Ягайла выдатна разумелi, што нясе iх дзяржавам далейшае ўзмацненне крыжакоў. Яны таксама ўсведамлялi ўсю цяжкасць змагання з ордэнам паасобку i Вялiкага Княства Лiтоўскага, i тым больш невялiкага каралеўства Польскага.
Небяспека з боку ордэна - вось аснова тагачаснага саюза Лiтвы i Польшчы. У iмя дзяржаўных iнтарэсаў вялiкi князь i кароль адкiнулi ўсе даўнiя крыўды, што было не простай справай, асаблiва для Вiтаўта. Памiж iм i Ягайлам ляжала смерць бацькi - вялiкага князя Кейстута.
У свой час Ягайла карыстаўся крыжацкай дапамогай у змаганнi за вярхоўную ўладу ў Вялiкiм Княстве. Потым ужо Вiтаўт быў змушаны звярнуцца да ордэна за дапамогай супраць Ягайлы. Высветлiўшы адносiны памiж сабой, стрыечныя браты ў сiлу абставiн (гэтыя людзi выдатна ўмелi ў iх разбiрацца) стварылi саюз дзвюх дзяржаў. Аб яго менавiта антыкрыжацкай накiраванасцi яскрава сведчыць тая акалiчнасць, што пасля разгрому ордэна ў Вялiкай вайне гэты саюз тут жа распаўся.
Прычын i повадаў для вайны хапала. Ордэн даволi бесцырымонна накладваў руку на землi, якiя Лiтва i Польшча здаўна лiчылi сваiмi. Асноўнай зонай канфлiкту з Вялiкiм Княствам была Жамойць. Крыжакi яшчэ з ХIII ст. iмкнулiся любым коштам захапiць яе, каб напрамую злучыцца з Лiвонiяй. Ва ўсiх перагаворах з лiтоўскiмi князямi ўзамен за дапамогу цi пры заключэннi мiру яны патрабавалi сабе Жамойць. Так было ў дамовах Вiтаўта з ордэнам у 1384, 1390 гадах, дагаворы дзвюх дзяржаў у 1398 г., укладзе Свiдрыгайлы з крыжакамi ў 1402 г. i, нарэшце, лiтоўска-польска-ордэнскiм трактаце 1404 г. у Рацяжы.
Усе гэтыя акты былi праявай дыпламатыi - жамойты не збiралiся скарацца крыжакам i тыя раз за разам хадзiлi паходамi на край, якi фармальна быў ужо iх уласнасцю. Пад пагрозай расправы жамойты далi вялiкую колькасць закладнiкаў i ў пачатку студзеня 1401 г. у Мальбарку было ўчынена паказальнае хрышчэнне жамойцкiх паноў. Аднак ужо ў сакавiку жамойты ўзнялi паўстанне. Лiтва iх падтрымала i пачалася вайна, якая скончылася трактатам 22 траўня 1404 г. у Рацяжы. Па яго ўмовах Польшча атрымала права выкупу ў крыжакоў Добжынскай зямлi, але Жамойць заставалася за ордэнам. Яго войскi зноў пачалi хадзiць туды паходамi. Тым не менш Жамойць заўжды была гатовая паўстаць, а Лiтва ў зручны момант падтрымаць яе.