ЖАНРЫ

Трапiзмы (на белорусском языке)

Саррот Натали

Шрифт:

Яны заўсёды, спрадвеку ведалi, як трымаць яго ў сваёй уладзе, не пакiдаючы анi прадыху, анi глыточка свежасцi, як паглынуць яго цалкам, да астатняй кроплi. Яны дзялiлi яго, разбiралi на жудасныя кавалкi, разбiвалi на квадраты, абмервалi з усiх бакоў; i часам давалi пабегаць, адпускалi яго, але як толькi ён крыху аддаляўся, хапалi зноў, завалодвалi iм зноўку. Ён ад маленства паспеў палюбiць гэтую iх неспатольную прагу кiраваць - ён выцягваўся, удыхаў iх саладжава-з'едлiвы водар, аддаваў сябе на iх мiласць.

З гэтага свету, у якiм ён жыў, зачынены з усiх бакоў, абложаны iмi, не было нiякага выйсця. Паўсюль - iх рэзкае святло, iх сляпучы бляск, якi згладжваў усё, прыбiраў усе няроўнасцi, ценi.

Яны ведалi, што яму падабаецца iх прыгнёт, ведалi ў iм гэтую слабасць i таму - не цырымонiлiся.

Яны яго добра выпатрашылi i напхалi зноў i паўсюль паказвалi яму iншых, такiх самых марыянетак, такiх самых лялек. I ён не мог ад iх вырвацца. Ён толькi мог мiла падставiць свае гладкiя шчочкi - адну, потым другую - i дастаць у iх буську.

XX

Калi ён быў маленькi, ён сядаў сярод ночы на ложку i клiкаў. Яны прыбягалi, запальвалi святло, бралi ў рукi бялiзну, сурвэткi, розную вопратку i паказвалi яму: нiчога няма. У iх руках прадметы рабiлiся адразу бяскрыўдныя, нiбыта меншалi, нерухомелi, станавiлiся мёртвымi ў электрычным святле.

I цяпер, калi ён ужо вырас, ён, як i тады, клiкаў iх да сябе, каб яны прыйшлi, паглядзелi, пашукалi ўсюды, каб яны знайшлi тыя страхi, што схавалiся ў iм у далёкiх закутках, каб яны ўзялi iх у рукi i разгледзелi пад святлом.

Яны прызвычаiлiся прыходзiць, глядзець, i ён цяпер сам iшоў наперадзе, сам запальваў святло, каб не чуць, як яны мацаюць у цемры рукамi. I яны глядзелi ён стаяў нерухомы, не адважваючыся дыхнуць, - але нiчога нiдзе не было, нiчога страшнага, усё, здаецца, было ў парадку, на месцы, яны бачылi вакол толькi звычайныя, даўно знаёмыя рэчы i паказвалi яму: нiчога няма, чаго ты спалохаўся? Часам сям-там, у якiм-небудзь куточку, нешта ледзь прыкметна дрыжэла, ледзь улоўна пацепвалася, але яны адным рухам, адразу ставiлi ўсё на месца; гэта ж нiчога - зноў адзiн з яго звычайных страхаў - яны бралi, паказвалi яму: што, дачка ягонага сябра ўжо выйшла замуж? Гэта? Цi той, з аднаго з iм выпуску, атрымаў павышэнне цi вылучаны на ўзнагароду? Яны ўладжвалi, яны выпраўлялi: тут нiчога такога няма. Ён на iмгненне адчуваў сябе трошкi мацнейшым, сабраным, больш-менш злепленым у цэлае, але рукi i ногi ў яго адразу зноў пачыналi цяжэць, рабiлiся абсалютна бяздзейныя, нiбыта дранцвелi ў застылым чаканнi, i нiбы перад непрытомнасцю ў яго пачынала казытаць у носе; яны бачылi, як ён раптам замыкаўся ў сабе i рабiўся нейкi дзiўна адлучаны i засяроджаны; i тады, лёгка пляскаючы па шчоках - а вясельнае падарожжа Ўiндсара, а Лебрэн, а пяць сястрычак-блiзнятак - яны прыводзiлi яго да прытомнасцi.

Але калi ён нарэшце прытомнеў i яны пакiдалi яго аднаго, пачышчанага, падцыраванага i падкручанага, як след адладжанага i адрамантаванага, страх зноў пачынаў нараджацца ў iм, выпаўзаючы з розных маленькiх скрыначак i шуфлядак, якiя яны толькi што адчынялi i, нiчога не ўбачыўшы, зачынiлi зноў.

XXI

Гэта была дзяўчынка надзвычай "простая", заўжды ў чорным альпаковым фартушку, з вечным крыжыкам на грудзях, вельмi разумнае i паслухмянае дзiця. "Прабачце, панi, а гэта для дзяцей?" - пыталася яна ў гандляркi ў папяровай краме, калi была не вельмi ўпэўненая, купляючы iлюстраваны часопiс цi кнiжку.

Яна нiколi не змагла б, о не, нiзашто на свеце яна не змагла б, ужо ў тым узросце, выйсцi з крамы, адчуваючы, як ёй глядзяць у спiну, яна не змагла б нават адчынiць дзвярэй, каб выйсцi, з гэтым позiркам, упёртым у самую спiну, з гэтым гандлярчыным позiркам.

Цяпер яна была ўжо дарослая - рыбка вырасце i будзе зусiм вялiкая, - але, час iдзе хутка, ах, як толькi мiнае дваццаць, гады пачынаюць бегчы i бегчы, усё хутчэй i хутчэй, праўда ж? яны таксама так думаюць?
– яна сядзела насупраць, у заўсёдным чорным сваiм гарнiтурчыку, якi добра з усiм гарманаваў, - сапраўды, чорны колер апроч усяго iншага заўжды надае гэткую прыбранасць...
– яна сядзела, скрыжаваўшы рукi на сумачцы, падабранай пад тон, i ўсмiхалася, кiваючы галавой, з жаласлiвымi вачыма, так, так, вядома, яна чула, ёй расказвалi, яна ведае, як доўга i пакутлiва памiрала iхняя бабка, яна была заўсёды такая моцная, дзiва што - яны ўсе былi не такiя, як мы, у сваiм узросце яна нават нiводнага зуба не страцiла... А Мадлена? Муж у яе... Ах, каб гэтыя мужчыны маглi самi нараджаць дзяцей, дык нiколi больш за аднаго не мелi б, вядома, яны ж нiзашто не згадзiлiся б паўтарыць яшчэ раз, - мацi яму, небарака, заўсёды гэта казала - эх-эх! бацькi, сыны, маткi!
– першая ж у iх дачка, а яны так хацелi спачатку сына, не, не, ну, пра гэта яшчэ рана, яна не збiраецца iсцi з хаты, з'ехаць, яна i не думае пакiдаць iх, яна пакуль яшчэ будзе тут, побач з iмi, зусiм побач, як мага блiжэй да iх, вядома, яна разумее, гэта так прыемна, старэйшы - сын, яна кiвала галавой, усмiхалася, о не, каб яна - першая, не, тут яны могуць быць абсалютна спакойныя, яна i пальцам не варухне, о не, яна - не, яна нiколi не зможа ўсё разам так паламаць. Маўчаць; глядзець на iх; i раптам, у самы разгар бабулiнай хваробы узбунтавацца i, прабiўшы жудасную праломiну, выскачыць, абдзiраючыся аб зазубраныя краi, i бегчы, з крыкам, мiма дамоў, што зырацца, прытаiўшыся ўздоўж шэрых вулiц, уцякаць, пераскокваючы праз ногi кансьержак, што дыхаюць свежым паветрам, седзячы на парогу каля дзвярэй, бегчы, раздзiраючы рот, гарлаючы, не сцiхаючы нi на хвiлiну, каб кансьержкi падымалi галовы, забываючыся пра вязанне, i iх мужы апускалi на каленi газеты i ўтароплiвалi ёй у спiну свой позiрк, пакуль яна не паверне за рог.

XXII

Часам, калi яны яго не бачылi, ён мог ласкава, нiбыта шукаючы побач нешта жывое, цёплае, правесцi рукой па буфеце... яны ж не заўважаць, а калi i заўважаць, можа, падумаюць, што ён проста - гэта ж звычайнае i ўвогуле бяскрыўднае дзiвацтва - што ён проста хацеў "пастукаць па дрэве", ад сурокаў.

Калi ён адчуваў, што ззаду за iм назiраюць, ён - як той злачынца ў камедыйным фiльме, якi, адчуўшы спiнай шпегаў позiрк, раптам, бесклапотна завяршае рух ужо занесенай рукi, стараючыся надаць яму натуральнасць i бяскрыўднасць, - ён таксама, каб не выклiкаць у iх падазрэння, стукаў трыма пальцамi правае рукi тры разы - самае дзейснае закляцце ад сурокаў. Але ўсё роўна за iм сачылi цяпер болей, асаблiва пасля таго, як у сваiм пакоi ён быў заспеты за чытаннем Бiблii.

Рэчы таксама яму не давяралi, ужо вельмi даўно, яшчэ з таго часу, як ён, зусiм маленькi, стараўся iх дамагчыся, чапляўся, прылiпаў да iх, хацеў аб iх пагрэцца, -яны не хацелi ўвайсцi з iм "у змову", яны адмовiлiся быць для яго тым, чым ён хацеў, - "паэтычнымi ўспамiнамi дзяцiнства". Яны былi добра вымуштраваныя, выдрэсiраваныя, у iх заўсёды быў нязменны, безаблiчны i безыменны твар, - добра выцвiчаныя служкi, яны ведалi сваю ролю i нiколi не адказвалi яму, баючыся, вядома, што праз гэта iх звольняць.

Але апроч гэтага сарамлiвага i вельмi рэдкага ў яго руху, ён нiчога сабе не дазваляў. Яму ўдалося паступова задушыць усе былыя неразумныя дзiвацтвы, i цяпер ён меў iх нават меней, чым яму звычайна даравалi; ён нават не збiраў ужо марак - хоць нармальныя людзi займаюцца гэтым ва ўсiх на вачах. Ён нiколi ўжо не спыняўся пасярод вулiцы, каб нешта разгледзець, - як раней, калi яго нянька (ды хадзем жа! хадзем!) цягнула яго, - ён пераходзiў хутка i нiколi не замiнаў руху на праезнай частцы; нават мiма самых прываблiвых, самых жывых прадметаў ён праходзiў спакойна, не кiдаючы iм змоўнiцкiх позiркаў.

Увогуле, нават тыя з яго сяброў, з яго крэўных, што былi зацятыя аматары псiхiятрыi, нават тыя нi ў чым не маглi яго папракнуць, хiба што, можа, побач з гэтай адсутнасцю ў яго бяскрыўдных прыхамацяў, якiя даюць немалую аддуху, побач з яго згоднiцтвам праз залiшнюю паслухмянасць - у лёгкай схiльнасцi да астэнii.

Але яны даравалi гэта; калi добра падумаць, гэта было не так ужо страшна, не так непрыстойна.

Час ад часу, зрэдку, калi ён бываў вельмi стомлены, па iх парадзе ён дазваляў сабе трошкi прайсцiся. I тады, гуляючы адзiн на зыходзе дня па захутаных снегам i поўных мяккай спагады вулачках, ён гладзiў рукамi чырвоныя i белыя цаглiны дамоў i, прыпаўшы да муру, перагнуўшыся наўскасяк, баючыся сваёй нясцiпласцi, глядзеў праз асветленую шыбу ў пакой на першым паверсе, дзе перад акном на парцалянавых сподках стаялi вазоны з зялёнымi раслiнамi i адкуль, цёплыя, важкiя, налiтыя нейкай таямнiчаю густатой, рэчы пасылалi яму i яму таксама, хоць ён быў чужы, незнаёмы - часцiнку свайго прамянiстага ззяння; дзе i рог стала, i дзверцы ў буфеце, i кожная саломiна ў плеценым крэсле выходзiлi з прыцемку i пагаджалiся быць для яго - праз мiласэрнасць сваю, для яго таксама, бо ўжо ўсё роўна ён тут i ўжо ўсё роўна чакае, зрабiцца маленькiм кавалачкам яго дзяцiнства.

XXIII

Усе яны брыдкiя, шэрыя, звычайныя, безаблiчныя, надта ўжо старамодныя, сапраўдныя клiшэ, думала яна, яна бачыла гэта ўжо столькi разоў, паўсюль, усё гэта даўно апiсана ў Бальзака, Мапасана, у "Панi Бавары", клiшэ, копii, копii з копiй, думала яна.

Ёй так хацелася б iх адштурхнуць, схапiць у кулак i як мага далей закiнуць. Але яны, спакойныя, цiхiя, былi тут, побач з ёю, яны ўсмiхалiся ёй, прыязна, але захоўваючы прыстойнасць, з вялiкаю годнасцю; увесь тыдзень яны працавалi, усё жыццё разлiчвалi на адных толькi сябе, яны нiчога не патрабавалi, нiчога, апроч таго, каб зрэдку, каб час ад часу ўбачыцца з ёй, крыху паднавiць тую повязь, што звязвала iх i яе, адчуць, што яна па-ранейшаму ёсць, як i заўжды, на месцы, гэтая нiтка, што злучае яе i iх. I iм нiчога болей не трэба было, толькi проста спытацца - бо гэта так натуральна, так усе заўжды робяць, калi прыходзяць у госцi да сваякоў, да сяброў, - спытацца ў яе, як яна маецца, цi многа яна прачытала апошнiм часам, цi часта куды хадзiла, цi бачыла гэта, цi глядзела гэтыя фiльмы i цi лiчыць яна, што яны ўдалыя... А iм так спадабалася Сiмон Мiшэль i Жувэ, яны так смяялiся, такi цудоўны быў вечар...

Поделиться с друзьями: