Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры жыцці княгіні Рагнеды
Шрифт:

– Скажы, чаго хацелася б табе, - кажа ён.
– Я выканаю. Мітусня - маё жыццё. Я ствараў, час зруйнуе. Хочаш - адвязу ў Ноўгарад да Яраслава. Ці сама будзь княгіня...

– Позна, Уладзімір, - кажа яна.
– Няма жаданняў. Усе сілы аддала на цярпенне. Чакала - нічога не змянілася...

– Даруй мне, - кажа ён.
– І я падмануўся. І я адзін.

– Дарую, - кажа яна.
– Добра, што сустрэліся, што бачу цябе. Ды сышла наша даўніна. З трох сваіх жыццяў два пражыла з табой. Абодва - без шчасця. А чацвёртае пачну без цябе. Толькі ты не перашкаджай. Не мучай мяне больш. Вось мая просьба. Выканаеш?

– Выканаю, - кажа ён.
– Бывай!

І выйшаў, і ўсё знікла разам з ім - намёт, дыван, вершнікі ў апанчах, агеньчык...

Пачынала світаць. Маці Анастасся рушыла па раскіслай сцежцы, разважаючы пра дзіўны сон. Чацвёртага жыцця хочацца мне, сапраўднага, свайго, думала яна. Жыцця па ўласнай волі. Але воля, воля - не на сцежках яна. У старцаў не воля - доля. Куды прыкласці сваю волю? Хадзіць па зямлі, чуючы сябе птушкай? Дык і птушкі маюць занятак - выводзяць птушанятаў. Вось ім і радасць; таму і пяюць з ранку да ночы. Вось бы і ёй зараз дзіця на рукі. Яно будзе крычаць, усміхацца, хварэць, падаць, любіць і чакаць любові. А ўсё іншае бессэнсоўнае. Вось што асвеціць яе чацвёртае жыццё - дзеці, клопат пра іх; яны - галоўныя багі, яна будзе служыць ім, прысвеціць ім свае сілы, веру, пяшчотнасць. Хіба яна старая? Яна сівая, сэрца нацярпелася шмат крыўды, а душа ў яе новая, яна будзе жыць доўга, выгадуе сваіх дзяцей. Яны будуць дастойныя, не здрадзяць і не забудуць яе... Так, яна вернецца ў Заслаўе, і яны зачнуць з айцом Сымонам такіх дзяцей; ён любіць яе, душы іх парадніліся, цяпер нішто не стаіць паміж імі, зніклі перашкоды, яна будзе яго жонкай... Чаму ад жорсткага князя, ад нялюбага мужа нараджала, а з любімым, жаданым нельга? Толькі ад яго і трэба. Хто забароніць ім? Яна стане маці... не маці Анастасся, заслаўская чарніца, няшчасная княгінька, з вечнай тугой у вачах; няма гэтага: знікла туга, вычарпаны няшчасці. Яна возьме новае імя, чацвёрты раз народзіцца яна на свет, і айцец Сымон, і людзі, і дзеці будуць называть яе па-новаму. Муж дасць ёй новае імя, яе Сымон, апошняе імя, з якім і скончыць яна свой век... Яна будзе любіць новае імя, яно будзе песціць ёй сэрца. Спадзеі, прыгнёт, цярпенне - вось існасць ранейшых яе імёнаў. Абрабаваныя, нудныя гады, глухі туман, у якім яна прастаяла, чакаючы сынаў кліч з Полацка. А гэты кліч прыйшоў да яе праз акенца, сябра быў побач, яго словы суцяшэння і любові дапамагалі жыць. Яна стане яго таварышам, яна жыццё аддасць за яго, бо любоў - асаблівы дарунак багоў, без яе жыццё - пярэдадзень смерці...

Цяпер маці Анастасся ішла шпарка, цяпер кожны крок набліжаў яе да шчасця. Душа яе святкавала: яна ідзе да любага, да мужа, ён чакае яе, яны злучацца ў сям'ю і будуць глядзець наперад, а не азірацца назад, на спаленыя ранейшыя жыцці... Маці Анастасся ляцела знаёмай сцежкай, уздоўж узлескаў, ад броду да броду, ад вёскі да вёскі, дзе зноў давалі ёй прытулак знаёмыя людзі...

Вось ужо перавезлі яе цераз Бярэзіну, вось за спінай Цна, Гайна, Усяжа і Пліса, вось на сутоках Свіслачы і Нямігі бачыць яна нямігскі дзядзінец, і сцежка прыводзіць яе на пагорак, дзе развітвалася з айцом Сымонам, вось і Заслаўе - замчышча, надваротная вежа і стаіць на вежы Сыч... Маці Анастасся ўваходзіць у царкву. Там пуста, і не гарыць перад абразом Хрыста лампадка. Яна ідзе да хаты айца Сымона, адчыняе дзверы, кліча з парожка: «Айцец Сымон!» Няма водгуку.

Анастасся азіраецца і садзіцца ў кут чакаць. Вось ён, яе агмень, яе новы дом! Тут пражыла яна свой добры год з Ізяславам, тут будзе яна жыць з айцом Сымонам. Яна ўяўляе калыску, у якой будзе калыхаць іх дзіця, - ёй шчасліва.

Трэба было б падняцца і запаліць печ, але Анастасся не варушыцца, яна чакае, яна прагне пачуць рып дзвярэй і родны голас, які запытае: «Маці Анастасся! Ты прыйшла, маці Анастасся?» А яна адкажа: «Не маці Анастасся, айцец Сымон, - твая жонка!» І падымецца, і абдыме яго, і запросіць: «Садзіся, Сымон, я разую цябе!»

Цягнулася гэтае апаляючае чаканне, пакуль не зарыпеў за сцяной пясок - яна пазнала нагу Сыча. «Уваходзь, Сыч!» - крыкнула яна. Той увайшоў, замяўся каля парога. «Вярнулася, княгіня», - сказаў ён, і яна здзівілася, бо ніколі раней брамнік так яе не называў. «Блага табе будзе тут», - сказаў Сыч. «Чаму ж блага?» - не згадзілася яна. «Няма папа Сымона!», - адказаў ён і ўздыхнуў, нібы скінуў з сябе ношу. «Дзе ж ён?» - запыталася маці Анастасся. «Вешчуны нажамі зарэзалі, - адказаў Сыч.
– Пойдзем, княгіня, пакажу магілку...»

Ён прывёў яе да ракі. Блізка ад крыжа яна ўбачыла свежы магільны пагорак. «Вось, - кіўнуў Сыч.
– Тут ён...» Маці Анастасся ўпала на магілу. Сыч пастаяў і пайшоў на вежу...

Ён вярнуўся за ёй у цемры. Анастасся сядзела каля магілкі, разгладжваючы халодны пясок. Ён праводзіў яе да келлі, з'явіліся Праскоўя і Ефрасіння, пачалі плач. Пачуўшы рыданні, маці Анастасся ацвярэзела. «Ідзіце, людзі, - спакойна сказала яна.
– Я хачу адзіноты». Манашкі і Сыч выйшлі. Яна закрылася на зачэпку і легла на лаўку. Толькі тут яна прыкмеціла, што гарыць лучына. Маці Анастасся загасіла аганёк і зноў паклалася. Цемра агарнула яе. Яна прыгадала лес, у якім паказаліся ёй старыя, - вось калі забілі айца Сымона; у тую хвіліну, калі яны прынеслі ёй вестку. Ды яна не зразумела. Яна пакінула Полацак, ішла да Сымона, марыла жыць з ім, а ён, пакінуты, адзінокі, пайшоў прасвятляць людзей, і вешчуны сустрэлі яго і зарэзалі, як некалі кметы Ўладзіміра зарэзалі яе бацькоў. Тады нож адабраў бацьку і маці, цяпер - мужа. Яна спяшалася сюды ўжо да нежывога. Няма айца Сымона, памёр яе сябра і абраннік, не будзе чацвёртага жыцця. Таму і сказаў Уладзімір, што выканае. Яму няма чаго выконваць, усё споўніцца без яго клопату і загаду... Пустата і маўчанне. Чорная пустка, па якой няма куды ісці. Курган у Полацку, магіла тут - і між імі пакрытая попелам дарога. Яна рухалася па ёй дваццаць год, паўзком, па гразі, у крыві, паміраючы, мяняючы душу і імёны. А лёс сачыў за ёю, і толькі падымалася яна на ўвесь рост, каб уздыхнуць, дакрануцца да радасці, - ён біў яе ў спіну і дзівіўся, што не насмерць, што ахвяра зноў ачомалася, паўзе, хрыпіць і верыць, што дасягне свайго шчасця. І вось яна ў конавай мяжы - ля магілы, а далей бясконцая пустэча, зацягнутая мёртвымі туманамі. Цяпер любое слова, любая думка пазбаўлены сэнсу. Айца Сымона няма, няма жыцця, а скруха, памяць, галашэнне - гэта і ёсць пустата. Ён там, яна тут. Нашто ён там, нашто яна тут?..

Раптоўна ў келлю прасачыўся скрозь слюдзяное акенца родны трапяткі голас: «Маці Анастасся! Ты не спішь, маці Анастасся?»

– Не!
– выгукнула яна і кінулася да дзвярэй. І за тыя некалькі імгненняў, пакуль адкідвала яна зачэпку, маці Анастасся паспела зноўку ажыць, ажывіць любоў і мару аб дзецях... Яна расчыніла дзверы і працягнула рукі насустрач... сырая пустата дыхнула на яе; яна ступіла на парог - ні шолаху, ні цені, чорная празрыстасць ночы абкружала келлю. Усё ажылае спапялілася, і сэрца скурчылася ў халодны камок. Маці Анастасся зняможана прыхінулася да сцяны. Потым ёй стала цяжка стаяць, яна апусцілася на парожак.

Яна бачыла постаць айца Сымона, іх вячэрнія спрэчкі ў келлі, чытанне з Бібліі, бачыла яго вочы, чула суцяшальны шэпт, а са Свіслачы напаўзаў туман і зацягваў будовы дзядзінца, гусцеў, абвалакваў яе, і сівыя яго пласты пачалі падымаць яе, аддаляючы ад зямлі... Яна ўбачыла сябе над келляй, над хатай Сымона, над царквой у непрагляднасці начнога туману: яна ляцела ў гэтым тумане сівой птушкай лунь, адшуквала свой памятны знак апошняга прыстанку - пясчаную магілу паблізу крыжа, распазнала яго і пачала апускацца, каб зведаць спакой. Апусцілася, закрыла вочы... Кароткі ўскрык прарэзаў цішыню і загас у тумане...

Эпілог

Рагнеда сканала ў 1000 годзе.

Праз год памёр князь Ізяслаў.

Яшчэ праз год памёр старэйшы ўнук Рагнеды Ўсяслаў. Полацкім князем стаў сямігадовы Брачыслаў Ізяславіч.

Князь Уладзімір перажыў Рагнеду на пятнаццаць гадоў. Яго змяніў Святаполк, які атрымаў ад манахаў-летапісцаў прозвішча Акаянны за вернасць дзедаўскай веры. Супроць Святаполка выступіў з Ноўгарада Яраслаў, другі сын Рагнеды, вядомы з гісторыі як Яраслаў Мудры.

У 1020 годзе ўзмацнелы Брачыслаў напаў на Ноўгарад. Яраславу давялося ваяваць з родным пляменнікам.

Сынам Брачыслава быў Усяслаў Чарадзей. Ён пражыў доўгі век, пяцьдзесят сем гадоў займаў княжацкі пасад, нарадзіў сем сыноў і скончыў свае дні адрадзіцелем незалежнага Полацкага княства. У 1067 годзе войска Ўсяслава «адчыніла вароты» Ноўгарада. У памяць пра перамогу Ўсяслаў перавёз званы ноўгарадскай Сафійскай царквы на Сафію полацкую. Помсціць сваяку прыйшлі сыны Яраслава. І здарылася знакамітая бітва на Нямізе. Аб ёй напісана ў «Слове пра паход Ігаравы». Засеялі тады касцьмі берагі Нямігі і Свіслачы...

Не вучыць унукаў дзедаўскі вопыт.

Не памятаюць яны крыві, ахвяр і пакутаў, якіх каштавала іхнае жыццё.

Поделиться с друзьями: