Турба-Элік і яго сябры
Шрифт:
— А якая яна, горная цішыня? Я ніколі не чуў цішыні, - задуменна сказаў Турба-Элік, — бо ў мяне амаль заўсёды працуе матор.
— І я таксама не чуў цішыні, асабліва ў горадзе, — пагадзіўся з Элікам Гонка-Стрыж. — Нават калі я выключаю рухавік, усёроўна чую вакол сябе нейкія гукі, напрыклад, як працуе тэлевізар, альбо кампутар, ці радыё, ці халадзільнік, электрачайнік, гадзіннік, мабільнік, ліфт, фен, цягнік, самалёт, блендэр, пральная машына…
— Дык паслухайце цішыню, пакуль вы ў гарах, — прапанаваў Дыназабр, і машынкі сцішыліся.
Давай, дружа, і мы разам з машынкамі паслухаем цішыню.
…………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………
…………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………
…………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………
Турба-Эліку вельмі спадабалася цішыня — ён нават прыжмурыў свае залатыя вочкі.
— Папяровы Дыназабр! Калі ласка, прабач нас, што мы парушылі горную цішыню сваімі аўтасігналамі, - кажа Турб-Элік. — Мы гэтак больш не будзем. Мы зараз жа ціхенька паедзем абратна, ты толькі адпусці нашага сябра Сонейка…
— І вы мяне прабачце, што напалохаў вас, — адказвае Дыназабр. — Сонейка, хадзі сюды! Выбачай, што я схапіў цябе. Вы харрошыя сябры!
— А хочаш, і ты станешся нашым сябрам! — прапанаваў Турба-Элік. — Паехалі да нас у госьці! Мы будзем разам гуляць у хованкі, у даганялкі, у нас можна бібікац! Згодны, Папяровы Дыназабр?
— Дзякуў вялікі! — узрадаваўся Дыназабр. — Сябры! Сядайце на мяне! Я вас хутка перанясу праз Паўночныя Горы! Гайда, ляцім у ваш горад!
Машынкі селі на свайго новага сябра Папяровага Дыназабра і паляцелі да дому. Зверху яны абачылі родную шафу і пасьпяхова прызямліліся на яе.
Жалезны Цмок
Папяроваму Дыназабру дужа спадабалася ў гасьцях. Сябры парашылі гуляць у хованкі. Гульню распачаў Дыназабр. Ён закрыў вочы і пачаў лічыць: «Адзін, два, тры…» а машынкі ў гэты час хаваліся хто-куды. Гонка-Стрыж на 4-ай хуткасьці ўехаў у татаў тапак, Сонейка схаваўся за пыласосам, а Турба-Элік — пад коўдрай. «…чатырры, пяць — я іду шукаць», — скончыў лічылачку Дыназабр і паляцеў шукаць сяброў.
Потым жмурыў Турба-Элік: «Раз, два, тры…» Папяровы Дыназабр схаваўся ў кнізе. Сонейка скокнуў у скрыню з гуталінам. Стрыж занадта доўга думаў, куды схавацца, і таму Элік першым яго застукаў…
…А тым часам Глебаў тата рамантаваў у калідоры хлопчыкаў ровар. Спецыяльным інструментам — жалезным газавым ключом — тата падняў сядзенне: Глеб ва ўсе вочы глядзеў на гэты устрашальнага выгляду ключ. Потым хлопчык узяў цяжкі інструмент у рукі… Але раптам войкнуў і выпусціў яго — Глебу падалося, што ключ, шчоўкнуўшы чыгуннымі сківіцамі, сам выслізнуў з рук! Чорная прылада з раззяўленай пашчай вельмі напужала хлопчыка, таму ён гэтак і пакінуў яе на падлозе і стаў гуляць з іншымі інструментамі з татавай скрыні.
…А машынкі ўсё гулялі ў хованкі. На гэты раз жмурыў Гонка-Стрыж. Усе пахаваліся хто-куды, адзін Турба-Элік яшчэ вагаўся, куды яму лепш схавацца. Ён заехаў у калідор, дзе тата рамантаваў ровар, убачыў скрыню з прыладамі і толькі хацеў туды скокнуць, як раптам!.. дарогу яму перагарадзіла страшэнная жалезная пачвара з раззяўленай пашчай і злосна ляснула зубамі. Турба-Элік нават развярнуцца не паспеў, каб уцячы, як адчуў — сківіцы Жалезнага Цмока схапілі яго і са ўсяе моцы сціснулі… Імгненне — і Элік рассыпаўся на мноства запчастак: колцы, дверцы, фары паляцелі ў розныя бакі… Тым часам Жалезны Цмок як віхур уляцеў у дзіцячы пакой і стаў усё грызьці, ламаць і знішчаць на сваім шляху… Сябры бачылі, што зрабілася з Турба-Элікам, і не разгубіліся: яны выклікалі атрад салдацікаў, якія расстралялі зламысную пачвару з пушак… Але пластыкавыя ядры толькі паказыталі Цмока… Ні баявая машына пехоты на батарэйках, ні цяжкая артылерыя кубікаў, ні нават фанарык з чырвоным лазерам не здолелі спыніць ліхадзействы Жалезнага Цмока! Страшэннымі сківіцамі ён схапіў Сонейка за колцы і адарваў іх разам з пярэднім мастом… Адно колца пакацілася па падлозе, а Цмок — хап! і праглынуў яго… Хацеў хапнуць і маленькага Стрыжа, але Гонка-Стрыж на тое і гонка! — уцёк і схаваўся пад ложкам. Дыназабр кінуўся да Жалезнага Цмока біцца, але злодзей нават увагі не звярнуў на папяровага ваяку. Цмок паляцеў знішчаць астатнія цацкі…
і ніхто не даў рады адолець Жалезнага Цмока, пакуль не прыйшоў тата. Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, колькі шкоды нарабіў злодзей — жалезныгазавы ключ! Узяў і скруціў яго сталёвым дротам так, што і варухнуцца больш не мог Жалезны Цмок, і схаваў у скрыню з інструментамі.
Новыя крылы Турба-Эліка
…Папсаваныя Жалезным Цмокам машынкі эвакуатар павёз на рамонт у СТА — станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Галоўны аўтамеханік СТА — хлопчык Глеб — наноў склаў Турба-Эліка з канструктара Лега і прыладзіў да корпуса машынкі новыя моцныя крылы (каб Турба-Элік мог імгненна уцякаць ад розных там пачвараў!). А галоўны аўтаслесар СТА — хлопчыкаў тата — паставіў Сонейку новы пярэдні мост з новымі колцамі. Потым машынкі паехалі ў аўтамыйку памыцца.
Калі Турба-Элік і яго сябры сустрэліся, яны ад радасці сталі абдымацца, цалавацца і дзяліцца апошнімі навінамі. Між іншым, Папяровы Дыназабр распавёў, што, пакуль машынкі рамантаваліся, ён аблётаў увесь пакой, агледзіў усе шафы і выпадкова натрапіў на невядомую істоту, якая хавалася за шкатулкай… Ён прапанаваў сябрам высветліць, што гэта за істота, — і сябры рушылі насустрач новым прыгодам!
Прынцэса Ружа
Папяровы Дыназабр паляцеў наперадзе — машынкі паехалі следам. Прыязджаюць яны да шафы і бачаць: стаіць на паліцы матуліна касметычка, люстэрка, духі, шкатулка… і — ах! А за шкатулкай хаваецца незвычайнай прыгажосці цацачная кошачка — ружовая, з белымі пухкімі шчочкамі і блакітнымі вочкамі! Элік, Стрыж і Дыназабр імгненна закахаліся ў прыгажуню, а жоўты ратаўнік Сонейка ад захаплення ажно паружавеў!
— Ах, якая прыгажуня! — уздыхнуў Гонка-Стрыж.
— Як зорка-зараніца! — пагадзіўся з ім Турба-Элік.
— Ах, скажыце, калі ласка, як вас завуць? — запытаўся ў кошачкі паружавеўшы Сонейка.
— Так не культурна знаёміцца, машынкі! Спачатку павінны прадставіцца вы, нязваныя госьці, - адказвае гэтак дзіўная істота, выходзячы з-за шкатулкі.
Сябры пастроіліся ў радок і выразна адрэкамедаваліся:
— Я — Сонейка, ратаўнік на Чорным моры!
— Я — Стрыж, супер-гонка!
— Я — Турба-Элік, вясёлая машынка!
— Я — Папярровы Дыназабрр, вартаўнік цішыні!
— Вельмі прыемна, а я — Прынцэса Ружа! — мяўкнула ружовая кошачка, потым ўскочыла на сваю шкатулку і стала прыхарошвацца. Машынкі не зводзілі вачэй з Прынцэсы Ружы.
— Ах, а давайце разам гуляць! — прапанавала котка. — Я згубіла сваё любімае люстэрка. Хто мне яго адшукае?
Cябры наперабой закрычалі: я! я! я! — і кінуліся шукаць коткіна люстэрка. Яны падносілі Прынцэсе Ружы розную драбязу, якую знаходзілі пад шафай і ў кутах дзіцячага пакоя: бліскучыя фанцікі, пацеркі, наклейкі, шкельцы, дэталі канструктара, засушаны агрызак, леташнюю муху — аднак сярод гэтага багацця люстэрка не было.
— Можаце больш не шукаць маё любімае люстэрка, — мяўкнула Ружа. — Я знайшла яго — яно ляжала ў маёй шкатулцы.
Ружа прымацавала люстэрка на паліцы і пачала перад ім прыбірацца; яна прычасала свой хвосцік, затым пафарбавала маціцовым* лакам кіпцюрыкі, потым начапіла на вушка заколку з жамчужынай. Сябры зачаравана сачылі за кожным рухам Прынцэсыі па чарзе падносілі патрэбныя упрыгожанні. Ружа дазволіла сваім сябрам узяць на ўспамін аб ёй якое-небудзь упрыгожанне. Турба-Элік выбраў бліскаўку, прыладзіў да капота — атрымалася мігцелка. Сонейка прыклеіў на матор залацістую наклейку з коцікам. Гонка-Стрыж прымацаваў да колца серабрысты бранзалет, а Папяровы Дыназабр начапіў на хвост ружовы матузок.