Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У Саўках (на белорусском языке)
Шрифт:

Ой, як хацелася ў двор! Смоўж i не думаў тады, цi добра, цi дрэнна ён робiць; не думаў аб тым, што можа быць у канцы. Толькi б у двор...

Вось i прыбеглi. Нядоўга ў двары жыць прыйшлося. Небяспечна было заставацца ў вёсцы. У Саўкi пайшлi. З Грышкам злучылiся, яшчэ два хлопцы прысталi. Сперш нiшто было. Нiчога не рабiлi, гулялi, дурэлi, апавядалi адзiн аднаму пра свае вандроўкi. Хлопцы прыходзiлi з вёскi - яшчэ весялей было.

А потым iначай пайшло. Адзiн аднаму надакучылi, жыць па-воўчаму ў лесе абрыдла. Дый без работы мутарна неяк. Так захацелася жыць, як усе, акунуцца ў жыццё з галавой.

З вёскi пайшлi маладыя. Некаму стала й прыходзiць. Зусiм забылася на iх вёска. Голад пачаўся. I ўсё цяжэй на душы рабiлася. Чуў Смоўж, што не вытрывае.

I вось... урэшце...

Не, не чакаў гэтага Смоўж. Не хацеў, баяўся. Натура яго не згаджалася з гэтым. Але штось прымушала згаджацца i рабiць. Хто яго ведае? Цi сябрукоў ён баяўся, цi слабасцi сваёй саромеўся. Але вось ляжаў i чакаў, гатовы на страшэннае дзела.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Здалёк затарабанiла каламажка... Сэрца ў Смаўжа закалацiлася моцна, балюча. Быццам яго хто цiснуў, трымаў, а яно вырывалася... Думкi змяшалiся, як вiхор, закруцiлiся... Мiганулi сябрукi - далёкiмi, чужымi здалiся...

Двор праляцеў, i чагось асаблiва выразна прадставiлася сястрыца Гануля...

Блiжэй, усё блiжэй... Вось угары i конь паказаўся... За iм каламажка, у ёй нейкi ў чорным... Ён!..

Цi злезе, цi не?.. Калi злезе - не трэба тады: усё роўна нiчога не выйдзе... О, каб ды злез!..

Не... Толькi накруцiў лейцы на рукi... Едзе, спускаецца... Яшчэ хвiлiнка адна...

Мiжвольна Смоўж зiрнуў на каня. Конiк напружыўся, трымае - як мага... У вачах гэткая шчырасць, стараннасць, апаска... Смоўж успомнiў свайго Палавога... Шкада да болю стала канька... Ужо наязджае... Яшчэ колькi крокаў...

Смоўж кiпцямi ўпiўся ў глебу...

Вось ужо тут... ужо трэба... ужо час...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Не... Не здолеў...

Конiк, праехаўшы самую строму, смела пабег. Весела заляскатала каламажка... Усё далей i далей...

Смоўж схамянуўся... Што гэта? Як гэта так? Што цяпер будзе? Цi гэта добра, цi блага? Хлопцы... Яны што... Бiць будуць, пэўна... Прагоняць...

Блiзка пачулiся галасы. Смоўж, як непрытомны, кiнуўся ў хмызняк, убiўся ў самы вялiзны i густы куст i прытулiўся да зямлi, што зайчык. Усё яго цела траслося як у лiхаманцы. У галаве бiлася адна думка: каб скарэй, каб скарэй... I ўся iстота яго ў гэты момант была працята адным жаданнем: каб скарэй пайшлi хлопцы!

А хлопцы гукалi, шукалi, лаялiся, пагражалi. Урэшце Грышка сказаў:

– Уцёк, трасца яго матары. Ну, добра; трапiць ён калi-небудзь нам у рукi... Пойдзем, хлопцы!

Чароўнай музыкай празычэлi ў вушах Смаўжа крокi пайшоўшых. Счакаўшы колькi хвiлiн, ён асцярожна вылез з куста i пачаў прабiрацца па хмызняку. Шпарка, паспешна.

Дух занiмала, сэрца зрывалася, а ў галаве, як кляўцом, бiла:

– У горад... у войска... Няхай будзе што будзе. Турма, дык турма. Абы да людзей, абы жыць так, як людзi, а не туляцца, што воўк, па лясах...

А над Саўкамi ноч свае скрыдлы ўжо раскiдала, усё ахiнала ў таемную цемру...

12
Поделиться с друзьями: