Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У снягах драмае вясна

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Той, каго пакінулі, звычайна можа стаяць увесь перапынак і чакаць.

Берасневіч усміхнуўся і пайшоў да сваіх.

– Ну што ж, браткі, давайце пачнем. Вы, дзяўчаты, будзеце унь туды цэглу насіць. Папярэджваю, запалу павінна хапіць на шэсць гадзін. Цагліны старыя, цяжкія, кожная кілаграмы па тры-чатыры, так што больш як па дзесяць цаглін на насілы не браць. А то тут ёсць такія, у гарачай вадзе купаныя, падарвуцца яшчэ. А мы будзем рабіць так: вось гэты дзесятак зараз будзе скідваць гэтыя пліты зверху, а астатнія будуць цягаць. Папярэджваю, пад скляпенні не хадзіць. Крышаную цэглу адтуль будзем выбіраць пасля... Ну, пачынаем...

Ён узяў лом і з такой сілаю грохнуў ім па закраіне адной пліты, што ржавая арматура парвалася і вялізная камлыга абурылася, пацягнула за сабою яшчэ дзве ці тры.

За Берасневічам пачалі і астатнія. Крышылі ламамі каменне, скідвалі бетонныя камлыгі, цягнулі іх, як мурашкі.

– Гэй, шабадранцы!
– крычаў Янка.
– Да-а-вай, давай!

Відовішча было сапраўды фантастычнае. Паўсюль латкі, а то й проста дзіркі (апранулі, вядома, самае горшае), на тварах асеў пыл ад цэглы. Ці то індзейцы, ці то зграя катаржнікаў.

Хутка кашулі з торсаў пачалі знікаць, ільснілася потам бронзавая скура.

Берасневіч з насалодаю адчуваў, як ходзяць пад скурай грудкі мускулаў, як вызвалена дыхаюць грудзі, як адчуваеш цалкам сваё здаровае, моцнае цела.

– Давай! Давай! Давай!
– бадзёрыў Янка.- Ану ўзялі! Ану ўдарылі! Хло-опчыкі! Д-давайІ Г-гахнем!

Цэгла лётала ў паветры, бурыліся глыбы. Пачалося ўжо ап'яненне, калі не заўважаеш стомы, не заўважаеш збітых пальцаў, калі прыходзіць "другое дыханне" працы.

Цераз якіх-небудзь чатыры гадзіны гэты край катлавіны выглядаў так, быццам тут рыўся вялізны крот. Гара цэглы пад дрэвамі расла.

Селі адпачыць і пад'есці. Вясёлы Маркіч, вочы якога абрэзаліся ад стомы, пачаў падначваць Сяляўку. Паказваючы кавалкам кілбасы на ход у адно з сутарэнняў, скляпенне якога вісела на арматуры і часткова на цагляным стаўбуры, ён сказаў абыякава:

– Вось, Рыгор, ты гэта ўсё адным ударам лома - здохні, а не адаб'еш.

Сяляўка, які нават паружавеў ад працы і адчуваў сябе нязвыкла добра і нават "самастойна", паглядзеў на скляпенне, якое вісела сярэдзінаю ўніз, і сказаў:

– Каб не стаўбур, абавязкова абурыў бы. Адным ударам.

– Адкуль гэта ў цябе спрыт такі, дзетухна?

– Мы віцебскія, мы грабары.

– Грабары?
– прыемна здзівіўся Маркіч.
– Ах, грабары! Ну тады ясна... Мы ўсё можам: асіну сячы, ямы капаць, бульбу есці. Нават гарэлку можам піць не як усе: набгом... са шклянкі.

Худы, але жылаваты Сяляўка не крыўдзіўся. Ён пайшоў да сутарэння, ударыў па стаўбуру кіркаю, вярнуўся, сеў і толькі тады разважліва сказаў:

– Стаўбур пахіліўся. Калі б выбіць з яго дзве-тры цагліны, дык я, можа, і са стаўбуром абурыў бы.

– Эх ты, а яшчэ кажаш: мы, маўляў, з Віцебшчыны, мы грабары. Тут, маўляў, у чужой краіне так не могуць.

Сяляўка толькі плячыма паціснуў. Берасневіч перабіў спрачальнікаў:

– Кіньце, хлопцы. Дурная гэта спрэчка, скажу я вам.

Можа, калі б сказаў гэта хтосьці іншы, Маркіч і паслухаўся б, але тут трэба было пакінуць апошняе слова за сабою. І ён сказаў:

– Ну што ж, баягуз такім і застанецца.

Берасневiч не адказаў i перавёў вочы на Алёнку. Закураная пылам, у нейкай чырвонай хустачцы на галаве, яна, вiдаць, вельмi стамiлася, але паглядзела на яго, усмiхнулася. Не было нiчога даражэй на свеце за гэтую стомленую i любую ўсмешку. I ўбор гэты вельмi ёй пасаваў. Ён

Ён глянуў на сябе - сапраўднае пудзіла. Порткі на каленях рэдкія, як сіта, адзін бот просіць кашы, кашуля расхрыстаная, на руках, ад напругі, надуліся жылы, у галаве, напэўна, нягледзячы на шапку, сем пудоў пяску.

Ці то чалавек пасля караблекрушэння, ці то беглы аўстралійскі катаржнік з бульварных раманаў.

І ён ціха спытаў Алёнку:

– А як бы ты да мяне ставілася, каб я раптам выявіўся беглым катаржнікам? Або злачынцам? Непаразуменне адбілася раптам у вачах сяброўкі.

– Ты не можаш быць такім... Я толькі такога цябе і ўяўляю, моцнага, разумнага, з няпростай доляю. І маці так да цябе ставіцца.

Гэта было праўдаю. У Алёнкі Берасневіч стаў амаль сваім чалавекам. Маці ўсё лепей ставілася да яго, часта і ахвотна размаўляла, асабліва сам-насам, распавядала цікавыя гісторыі з мінулага.

– Ты не можаш выявіцца іншым, горшым, або, як ты кажаш, "злачынцам". Іначай ты не быў бы сам сабою. А значыцца, што ж пра гэта размаўляць.

Берасневіч глянуў назад. Не, здаецца, ніхто не чуў, толькі Маркіч неяк затоена ўсміхаецца, але гэта, напэўна, над Сяляўкаю.

– Хопiць, хлопцы, - устаў Уладзiк.
– Яшчэ якiх паўтары гадзiны, i будзем шабашыць.

І рушыў да руіны.

Ён узышоў на самы верх напаўразбуранага сутарэння, калі раптам адчуў, што ў метры ад ног вялізная, метры два на тры, жалезабетонная брыла, якая стварала частку скляпення, пасунулася ўніз, рыўцом апусцілася метры на два, і ў гэты самы момант з сутарэння пачуўся немы, нялюдскі крык, прыглушаны скляпеннямі. Усе хлопцы былі далёка, па той бок руіны. Затрымаўшыся не больш як на які момант, Берасневіч пабачыў, што трымаюць вялізную пліту толькі два-тры кавалкі арматуры, закручаныя, як кручкі, і зачэпленыя за суседнія брылы і мур. Яны ўвачавідку разгібаліся пад жахлівай вагою, і скляпенне асядала, асядала.

У той самы момант Берасневіч скокнуў з чатырохметровай вышыні на груду пяску.

У сутарэнні рабілася жахлівае. Сяляўка, відаць, вырашыў "паказаць" Маркічу і нішком пайшоў выбіць некалькі цаглін са стаўбура, каб пасля адным разлічаным ударам лома зваліць усё скляпенне. Ён скончыў справу і пайшоў да выхаду, але цагляны стаўбур быў не такі моцны, як лічылі. Ён абрушыўся, скляпенне адразу села і спаўзала ўсё ніжэй і ніжэй, пераломваючыся ўсярэдзіне напалам. Выпадак здарыўся як раз у той час, калі Сяляўка пералазіў цераз кучу смецця і цяжкі ніжні край злому прыціснуў яму левую нагу, уціснуў яе ў смецце і хаця не паспеў яшчэ раструшчыць, але трымаў моцна, як пастка. Тады і прагучэў той немы крык, на які прыбег Берасневіч. Сяляўка ўпіраўся рукамі ў навісаючае скляпенне, але рукі падломліваліся пад жахліваю вагою, тым больш што Сяляўка ляжаў на спіне. На твары яго быў такі жах, што ў Берасневіча таксама нешта абарвалася ў грудзях.

"Зараз яго распляскае ў блін", - з'явілася аднекуль у галаве выразная да болю думка.

Ён сам не памятаў, як ён апынуўся каля гінучага. Рукі самі рабілі справу, машынальна, незалежна ад галавы. Падсунуў камень ля нагі Сяляўкі: цяпер яе не раструшчыць.

– Зараз! Зараз!
– мармытаў Берасневіч.

! такі жаль да няшчаснага Сяляўкі ахапіў яго сэрца, што ён зараз з радасцю лёг бы замест яго.

Але скляпенне сядала, цяпер яно амаль што ляжала ў Сяляўкі на грудзях.

І тады Берасневіч, не разважаючы, быццам іншага і быць не магло, знайшоў месца злому, стаў пад яго і прыняў цяжар на карак. Спачатку яму здалося, быццам не так ужо і цяжка, але, відаць, скляпенне яшчэ трошкі села, бо раптам адчуванне дзікага, нясцерпнага цяжару і болю (на плячах была адна кашуля, і закраіны пліты ўпяліся ў мяса) пранізала ўсю яго істоту.

Поделиться с друзьями: