Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ваенны лётчык

Сент-Экзюпери Антуан де

Шрифт:

Францыя магла б аб'яднаць вакол сябе астатнія краіны. Мая група 2/33 гатова была змагацца спачатку на баку Нарвегіі, потым на баку Фінляндыі. Што ўяўляла сабой Нарвегія і Фінляндыя для нашых салдат, нашых унтэр-афіцэраў? Мне заўсёды здавалася, што, самі таго не ўсведамляючы, яны згаджаліся памерці за нейкі водар каляднага свята. Ім мроілася, што за ўратаванне гэтага водару варта ахвяраваць жыццём. Калі б мы сталі калядамі для ўсяго свету, свет мог бы знайсці ў нас свой паратунак.

Нам не ўдалося ўвасобіць у сабе духоўную еднасць людзей усяго свету. Калі б мы зрабілі гэта, мы выратавалі б і свет, і саміх сябе. Мы не пасілілі гэтага. Кожны ў адказе за ўсіх. Адказвае толькі кожны ў паасобку. Толькі кожны ў паасобку адказвае за ўсіх. Да мяне ўпершыню пачынае даходзіць адна з таямніц рэлігіі, што спарадзіла духоўную культуру, якую я лічу сваёй: «Ускласці на сябе груз грахоў чалавека…» I кожны ўскладае на сябе груз усіх грахоў усіх людзей.

XXV

Ці можна ўгледзець у гэтым філасофію слабасці? Сапраўдны палкаводзец той, хто бярэ на сябе ўсю адказнасць. Ён прызнаецца: «Я пацярпеў паражэнне». Ён не кажа: «Мае салдаты пацярпелі паражэнне». Сапраўдны чалавек гаворыць менавіта так, як сказаў бы Ашэдэ: «Я ў адказе за ўсё».

Я разумею, што такое пакора. Яна не тоесная прыніжэнню. Яна — сама крыніца дзеяння. Калі ў намаганні апраўдаць сябе, я тлумачу свае няшчасці ліхім лёсам, я падпарадкоўваюся ліхому лёсу. Калі я тлумачу іх здрадай, я падпарадкоўваюся здрадзе. Але калі я бяру ўсю адказнасць на сябе, гэтым самым я адстойваю чалавечыя магчымасці. Я магу ўздзейнічаць на лёс таго, ад чаго я неаддзельны. Я — адна з часцінак супольнасці людзей.

Такім чынам, ува мне нехта ёсць, з кім я змагаюся, каб расці. I мне быў неабходны гэты цяжкі палёт, каб я мог выявіць у сабе асобу, з якой я змагаюся, і аддзяліць яе ад чалавека, які вырастае ўва мне. Не ведаю, які ён, гэты ўзніклы перада мною вобраз, але я думаю: асоба — гэта ўсяго толькі шлях. Чалавек, які выбірае шлях, — вось што самае галоўнае.

Мяне ўжо не здавальняюць палемічныя ісціны. Навошта вінаваціць асобы? Яны толькі шляхі і раздарожжы. Я ўжо не магу тлумачыць замярзанне маіх кулямётаў нядбайствам службоўцаў, а бяздзейнасць саюзнікаў — іхнім эгаізмам. Паражэнне, канечне, выяўляецца і ў банкруцтве сякіх-такіх асоб. Але ж чалавека лепіць духоўная культура. I калі культуры, да якой я адношу сябе, пагражае небяспека з-за банкруцтва асоб, дык я маю права запытацца у сябе, чаму яна не вылепіла іх інакшымі.

Любая духоўная культура, як і любая рэлігія, абвінавачвае сама сябе, калі яна жаліцца на адсутнасць энтузіязму ў сваіх прыхільнікаў. Гэта яе абавязак — натхніць іх. Гэтаксама, калі яна скардзіцца на нянавісць праціўнікаў. Яе абавязак — захапіць іх сваім вераваннем. А між тым мая культура, якая некалі даказала, што можа выстаяць перад любымі нягодамі і ўспалымняць сваіх апосталаў, зламаць лютасць ворагаў, вызваліць прыгнечаныя народы, сёння не здолела ні натхніць людзей, ні захапіць іх сваім вераваннем. Калі я прагну зразумець, дзе караняцца прычыны майго паражэння, калі я хачу і спадзяюся ўваскрэснуць, мне перш за ўсё неабходна набыць тую крыніцу духоўных сіл, якую я страціў.

Бо духоўную культуру можна параўнаць з пшаніцай. Пшаніца харчуе чалавека. Але і чалавек у сваю чаргу клапоціцца пра пшаніцу, адвяваючы ў свірне зерне. I запас зерня зберагаецца, як спадчына, ад ураджаю да ўраджаю.

Мне недастаткова ведаць, які гатунак зерня я хачу вырасціць, каб узышоў менавіта гэты гатунак. Калі я заклапочаны, каб выратаваць вызначаны тып чалавека — і ягоныя магчымасці, — я павінен выратаваць прынцыпы, якія фарміруюць яго.

Калі ж я збярог вобраз маёй духоўнай культуры, то я ўжо не бачу асноў, на якіх яна ўзводзілася. Сёння я раптам раблю адкрыццё, што словы, якімі я дагэтуль карыстаўся, ужо не адлюстроўваюць сутнасці. Так, я прапаведаваў Дэмакратыю, не падазраючы, што не даводзіў людзям звод непарушных маральных законаў, а толькі выказваў добрыя пажаданні. Я хацеў, каб людзі былі братамі, вольнымі і шчаслівымі. Канечне. А хто ж з гэтым не згодзіцца? Я ўмеў сказаць, якім павінен быць чалавек. А не кім ён павінен быць.

Я выказваўся, не ўдакладняючы значэння слоў, пра супольнасць людзей. Як быццам духоўная атмасфера, якую я меў на ўвазе, не была плёнам своеасаблівай яе структуры. Мне здавалася, што гаворка ідзе пра натуральную відавочнасць. Але натуральнай відавочнасці не існуе. Фашысцкае войска ці гандаль рабамі гэта таксама нейкая чалавечая супольнасць.

Я жыў у чалавечай супольнасці ўжо не як яе стваральнік. Я карыстаўся выгодамі пануючага ў ёй міру, яе цярплівасцю, яе працвітаннем. Я нічога не ведаў пра яе, апрача таго, што я яе жыхар. Я жыў у ёй як рызнічы ці як брамнік. Гэта значыць, як паразіт. Гэта значыць, як пераможаны.

Такія пасажыры карабля. Яны карыстаюцца караблём, але нічога не даюць яму ўзамен. У прытулку ўтульных кают, па-за якімі ім хоць трава не расці, яны праводзяць свой вольны час. Яны нічога не ведаюць пра цяжкую работу шпангоўтаў, якія стрымліваюць вечны напор вады. Ці ж маюць яны права скардзіцца, калі бура на трэскі пашкуматае іхні карабель?

Калі асоба вырадзілася, калі я пераможаны, на што мне скардзіцца?

Ёсць нейкая агульная мера вартасцей, якімі я хацеў бы адзяліць людзей маёй духоўнай культуры. Ёсць краевугольны камень той асаблівай супольнасці, якую яны павінны стварыць. Ёсць першааснова, ад якой некалі пайшло ўсё: і карані, і ствол, і голле, і плады. Што ж гэта за першааснова? Гэта магутнае зернейка, кінутае ў глебу, на якой вырастаюць людзі. Толькі яно можа зрабіць мяне пераможцам.

Мне здаецца, я шмат што зразумеў за гэтую маю незвычайную ноч у вёсцы. Вакол мяне нейкая дзівосная цішыня. Самы нязначны гук, як музыка звона, поўніць усю прастору. Усё стала вельмі блізкае мне. I гэтае жаласлівае бляянне авечак, і тое далёкае акліканне, і скрып прычыненых некім дзвярэй. Быццам усё гэта адбываецца ўва мне самім. Я павінен неадкладна ўхапіць сэнс гэтага пачуцця, пакуль яно не знікла…

Я думаю: «Усё гэта абстрэл над Арасам…» Яго снарады прабілі нейкую абалонку. Мусіць, цэлы гэты дзень я рыхтаваў у сабе прытулак для Чалавека. Я быў усяго толькі бурклівы аканом. Усяго толькі асоба. Але вось з'явіўся Чалавек. Ён проста ўладкаваўся на маё месца. Ён паглядзеў на бязладны натоўп і ўбачыў народ. Свой народ. Чалавек — агульная мера для гэтага народа і для мяне. Вось чаму, калі я вяртаўся ў авіягрупу, мне здавалася, што мяне прыцягвае цяпло вялікага кастра. Маімі вачыма глядзеў Чалавек — Чалавек, агульная мера для ўсіх маіх таварышаў.

Ці не знак гэта часам? Я амаль гатовы паверыць у прыкметы… Усё гэтай ноччу нібы ўступіла ў маўклівую змову. Кожны гук дасягае мяне як нейкі адрасаваны мне заклік, адначасна і выразны, і незразумелы. Я слухаю, як ноч напаўняюць нечыя спакойныя крокі…

— Гэй! Добры вечар, капітан!..

— Добры вечар!

Я не ведаю гэтага чалавека. Гэтак аклікаюць адзін аднаго лодачнікі пры сустрэчы на рацэ.

I мяне зноў агарнула загадкавае пачуццё роднаснасці. Чалавек, які пасяліўся ўва мне сёння, не перастае распазнаваць сваіх. Чалавек — агульная мера для ўсіх народаў і рас…

Той, хто аклікнуў мяне, вяртаўся дадому са сваім клункам клопатаў, думак і ўяўленняў. Са сваім асабістым, затоеным у душы набыткам. Я мог бы падысці да яго і загаварыць. На светлай вясковай вуліцы мы абмяняліся б якімі-кольвечы ўспамінамі. Гэтак абменьваюцца скарбамі купцы, калі сустракаюцца ў дарозе з далёкіх астравоў.

Калі сярод людзей маёй духоўнай культуры нехта мысліць іначай, чым я, ён не толькі не абражае мяне гэтым, а, наадварот, — узбагачае мяне. Аснова нашай еднасці — Чалавек, які вышэй кожнага з нас. I таму нашы спрэчкі па вечарах у групе 2/33 не толькі не шкодзяць нашаму братэрству, але, наадварот, мацуюць яго: бо нікому ж з нас нецікава слухаць уласнае рэха або глядзецца ў люстэрка.

Аднолькава пазнаюць сябе ў Чалавеку і французы Францыі, і нарвежцы Нарвегіі. Чалавек нітуе іх у сваім адзінстве і адначасова, не пярэчачы сабе, памагае росквіту таго непаўторнага, што ўласціва кожнаму з гэтых народаў. Дрэва таксама выяўляе сябе ў кроне, якая не падобна на карэнне. I калі ў Нарвегіі пішуць казкі пра снег, калі ў Галандыі вырошчваюць цюльпаны, калі ў Іспаніі імправізуюць фламенка, усё гэта ўзбагачае Чалавека, які жыве ў кожным з нас. Вось, магчыма, чаму мы, лётчыкі з групы 2/33, хацелі змагацца за Нарвегію…

Поделиться с друзьями: