Ваенны лётчык
Шрифт:
— Добра працуюць?
— Добра.
— Усе кулямёты?
— Гм… Ага… усе.
Я таксама страляю. Цікава, куды ляцяць усе гэтыя кулі, якімі мы проста так паліваем родныя абшары. Яны ніколі нікога не заб'юць. Зямля вялікая.
Ну вось, я ўжо жыву зместам кожнай хвіліны. Я адчуваю страх не болей, чым наліўны плод. Вядома, умовы палёту зыначацца. I ўмовы і задачы. Але я сам уцягнены ў стварэнне гэтай наступнасці. Час спакваля лепіць мяне. Дзіця ніколі не жахаецца, што ён цярпліва стварае з сябе дзядулю. Дзіця ёсць дзіця, яно бавіцца ў свае дзіцячыя гульні. Я таксама баўлюся. Я пералічваю цыферблаты, пераключальнікі, кнопкі, рычагі майго царства. Я налічыў сто тры прыборы, за якімі трэба сачыць, якія трэба паварочваць альбо націскаць. (Папраўдзе, я трошкі змахляваў, двойчы палічыўшы баявы спуск маіх кулямётаў: там маецца яшчэ і засцерагальнік.) Вечарам я здзіўлю фермера, у якога кватарую. Я спытаюся ў яго:
— А вы ведаеце, колькі цяпер у лётчыка прыбораў, за якімі ён павінен сачыць?
— Адкуль жа мне ведаць?
— Ну а ўсё-такі, назавіце якую-небудзь лічбу.
— Ну, якую лічбу магу я вам назваць?
Які ён недалікатны, мой гаспадар.
— Назавіце любую лічбу!
— Ну, сем.
— Сто тры!
I я буду задаволены.
Мне спакойна, бо ўсе прыборы вакол мяне занялі свае месцы і набылі свой сэнс. Усё гэтае начынне з трубак і правадоў ператварылася ў сець кровазвароту. Мой арганізм зросся з самалётам. Самалёт стварае мне камфорт: я паварочваю пераключальнік, і маё адзенне і кісларод пачынаюць падагравацца. Дарэчы, кісларод перагрэўся ўжо і прыпякае мне нос. Сам кісларод таксама падаецца ў залежнасці ад вышыні пры дапамозе складанага прыбора. Мяне жывіць мая машына. Перад вылетам усё мне здавалася жорсткасцю, а цяпер, калі сама машына сілкуе мяне, я пачуваю да яе нейкую сыноўнюю пяшчоту. Нешта накшталт пяшчоты немаўлятка. А цяжар майго цела размеркаваўся па пунктах апоры. Тры столкі адзення, цяжкі парашут за спіной гнятуць на сядзенне. Вялізныя футравыя боты ўпіраюцца ў педалі. Рукі ў тоўстых, нягнуткіх пальчатках, такія нязграбныя на зямлі, лёгка спраўляюцца са штурвалам…
— Дзютэртр!
— …тан?
— Неадкладна праверце кантакты. Я чую вас толькі ўрыўкамі. Вы чуеце мяне?
Голас Дзютэртра зноў робіцца выразны:
— Чую вас выдатна, пан капітан!
— Добра. Ну вось, сёння кіраванне зноў замярзае: штурвал ходзіць туга, а педалі дык і зусім заела!
— Вясёленькія справы. А якая вышыня?
— Дзевяць тысяч семсот.
— Тэмпература?
— Сорак восем ніжэй нуля. Як у вас з кіслародам?
— Парадак, пан капітан.
— Стралок, з кіслародам усё ў парадку?
Ніякага адказу.
— Дзютэртр!
— Пан капітан?..
— Аклікніце яго!
— Стралок! Гэй, стралок!
Ніякага адказу.
Але перш чым пайсці на зніжэнне, я рэзка ўстрэсваю самалёт — гэта разбудзіць стралка, калі ён заснуў.
— Пан капітан!
— Гэта вы, стралок?
— Я… гм… Ага…
— Вы што, не зусім упэўнены ў гэтым?
— Ды я!
— Чаму вы не адказвалі?
— Я правяраў перадатчык. Я адключаўся!
— Доўбня! Трэба ж папярэджваць! Я ледзь не спікіраваў: думаў, вы памерлі!
— Я?.. Не…
— Веру на слова. Але болей не выкідвайце мне такіх конікаў! Папярэджвайце мяне, чорт пабяры, перш чым адключыцца!
— Прашу прабачэння, пан капітан. Слухаю, пан капітан! Буду папярэджваць.
Справа ў тым, што арганізм не адразу адчувае парушэнне ў падачы кіслароду. Спачатку наступае лёгкае забыццё, а праз некалькі секунд — страта прытомнасці, а праз некалькі хвілін — смерць. Таму пілот павінен пастаянна кантраляваць паступленне кіслароду і сачыць за самаадчуваннем экіпажа.
I я мну трубку сваёй маскі, каб носам адчуць цёплы струмень, які нясе жыццё.
Словам, я заняты сваім рамяством. Я не адчуваю нічога, апрача фізічнай асалоды ад насычаных сэнсам, самадастатковых дзеянняў. У мяне няма ні адчування вялікай небяспекі (я куды мацней хваляваўся, калі рыхтаваўся ў палёт), ні такога пачуцця, нібыта я выконваю вялікі доўг. Змаганне паміж Захадам і нацызмам на гэты раз, у межах маіх дзеянняў, зводзіцца да кіравання рукаяткамі, рычагамі і кранікамі. Гэтак і павінна быць. Любоў дыякана да бога зводзіцца да любові запальваць свечкі. Дыякан мерна, спакойна крочыць па царкве, якую ён не заўважае, задаволены, як адзін за адным расцвітаюць яго кандэлябры. Калі ўсе свечкі запалены, ён пацірае рукі. Ён ганарыцца сабою.
Я таксама беззаганна адрэгуляваў абароты вінтоў і трымаю курс з дакладнасцю да градуса. Гэта павінна замілаваць Дзютэртра, калі толькі ён паглядвае на компас…
— Дзютэртр… Я… Курс па компасу правільны?..
— Не, пан капітан. Значнае адхіленне. Вазьміце ўправа.
От прыкрасць!
— Пан капітан, перасякаем лінію фронту. Пачынаю здымаць. Што ў вас на вышынямеры?
— Дзесяць тысяч.
VI
— Капітан… курс!
Сапраўды. Я адхіліўся ўлева. I невыпадкова… Мяне адштурхоўвае горад Альбэр. Я прадчуваю яго, хоць ён яшчэ вельмі далёка. Але ён ужо гняце на маю плоць усім цяжарам сваёй «бясспрэчна неадольнай загароды». Колькі ўспамінаў тоіцца ў абшары майго цела! Яно помніць неспадзяваныя кулянні, пераломы чэрапа, цягучую, як сіроп, непрытомнасць, шпітальныя ночы. Маё цела баіцца ўдараў. Яно намагаецца абысці Альбэр. Ледзь толькі спускаю з яго вока, як яно забірае ўлева. Яго цягне ўлева, як старога каня, які ўсё жыццё будзе шарахацца той перашкоды, якая аднойчы перапалохала яго. I справа менавіта ў маім целе… а не ў маім духу… Варта мне толькі адцягнуць увагу, як маё цела хітра скарыстоўвае гэта і непрыкметна стараецца ўнікнуць Альбэра.
Бо зараз мяне ж не дужа каб што гняло. Цяпер я ўжо не хацеў бы, каб вылет адмянілі. А зусім нядаўна ж я, здаецца, марыў пра гэта. Я думаў: «Ларынгафоны сапсуюцца. Мне страшэнна хочацца спаць. Пайду пакімару». I я ўяўляў, з якой асалодай буду песціцца ў пасцелі. Але ў глыбіні душы я ўсё-такі ведаў, што адмена вылету не абяцае нічога, апрача пакутлівай нудзьгі. Быццам чакаў нейкага абнаўлення, а яно не адбылося.
Мне прыгадваецца школа… Калі я быў падлеткам…
— …капітан!
— Што такое?
— Не, нічога… мне падалося…
Нічога добрага не магло яму падацца. Ну, дык вось… Калі я быў падлеткам, у школе мы ўставалі страшэнна рана. А шостай гадзійе раніцы. Халадэча. Трэш кулакамі вочы і загадзя пакутуеш у чаканні нуднага ўрока граматыкі. I марыш захварэць, каб прачнуцца ў лазарэце, дзе манашкі ў белых чэпчыках будуць падаваць у пасцель падсалоджанае пітво. Чаго толькі не навыдумляеш сабе пра той рай! Вось чаму, калі я прастуджваўся, я кашляў трошкі мацней, чым гэта трэба было. I прачынаючыся ў лазарэце, я чуў, як для іншых звініць званок. Калі я задужа прыкідваўся хворым, гэты званок сурова караў мяне: ён ператвараў мяне ў прывід. Там, за сценамі лазарэта, ён адзвоньваў сапраўдны час, час строгай цішыні класных заняткаў, час тлуму пераменак, утульнасці сталоўкі. Для жывых там, за сценамі лазарэта, ён ствараў насычанае быццё, поўнае нягод, спрэчак, надзей, весялосці. А я быў абкрадзены, забыты, мяне нудзіла ад агідных адвараў, ад волкай пасцелі і безаблічных гадзін.
Не, адмена вылету нічога добрага не абяцае.
VII
Канечне, часам, як сёння вось, заданне можа быць нам і не даспадобы. Надта ж ужо відавочна, што мы проста-такі гуляем у вайну. Мы гуляем у казакоў-разбойнікаў. Мы дакладна прытрымліваемся маралі нашых кніг па гісторыі, правілаў нашых падручнікаў. Сённня ноччу, да прыкладу, я выехаў на машыне на аэрадром. I вартавы, у адпаведнасці з інструкцыяй, перагарадзіў дарогу штыком машыне, якая з гэтакім жа поспехам магла б быць і танкам! Вось так мы і гуляем — штыхом перагароджваем дарогу танкам!