Вам знаёмае (на белорусском языке)
Шрифт:
Не было на ...скай вулiцы знакамiтае дзяўчыны, а бойкую Адам у акне ўбачыў. Дзень у горадзе яна пабыла, i ўжо не пад бараду i не пад целяпень, а неяк iначай, кругла хустку завязвала! Гэтак яна харашэйшаю выдавала. Але яшчэ адзiн вясковы звычай мела ...ская вулiца: была цiхая, народу мала хадзiла па ёй, дык абы цень матнуўся цi пачула крокi - канечне было ёй ведаць хто там, зiрнуць у акно.
Таму што Адаму не было куды спяшацца, а дзяўчына жвавейшая была, ён i стрэў яе, ад пошты iдучы.
Апошнюю рупясць збыў Адам - паслаў лiст Васiлю. Было ў яго цяпер вольнага часу даволi, i яна тут не на рабоце, а ў гасцях у замужняе сястры была, дык на горадзе цэлы вечар забавiлiся. Вясковае ўспамiналi ўсё.
Расказвала бойкая дзяўчына, як яны, сюды едучы, да яе цёткi па дарозе заязджалi ды як там вечарынка была.
– Цi не ў Паташнi часам?
– цiкнула Адаму.
– А няўжо ж дзе?!
– Людва, - толькi цяпер прыгадаў ён iмя Януковых скудзельнiцы.
– А я, кажа, - i не пазнаў.
– Чаму ж я цябе адразачку пазнала - толькi з трамвая злез.
I па гэты раз - годзе Адам вiнавацiць той скупы Януковых агонь.
– Што гэта ўчора за дзяўчына была з табою?
– пра знакамiтую ён папытаўся.
– З нашай вёскi. На цукерачнай фабрыцы тут. З серады, - яшчэ па-вясковаму, па днях лiчыла Людва, - i я там станаўлюся на работу.
Шчаслiва - пацалункам таго вечара на ...скай вулiцы насупраць пошты скончылася ў iх. Традыцыйна, кiнематаграфiчна, але без усякае камедыi.
Жыццё ж такое вясёлае!
Не вельмi пазорная на пагляд Людва. Але не было Адаму лепшай, харашэйшай над яе.
1932 г.