Ведзьміна тоня
Шрифт:
Уся яго постаць казала не столькі аб раздражнёнасці, колькі аб задавальненні ад улады над маленькай Нэлай. Зарослы шчаціннем твар скрывіўся ад нечага, падобнага на ўсмешку, глыбока запалыя вочы прыжмурыліся, ператварыліся ў дзве шчылінкі.
– На месца! – выгукнуў ён ужо без злосці. – На месца!
Нэла з ахапкам сена спінай адступалася да грушы.
– Зверанё, вяроўчыну перагрызла? – спытаў бы ў самога сябе прымак, хацеў зрабіць крок у напрамку грушы, да якой адступала Нэла, і ў гэты час ён заўважыў Сяргея.
– А, дык гэта ты, шчанюк, адвязаў? – з нейкім радасным здзіўленнем сказаў ён, павярнуўся да Сяргея. – А ну, хадзі сюды, я табе што-нішто патлумачу, калі ты за год забыўся, што мяне трэба слухаць!
Яго, відавочна ж, радавала перспектыва паказаць сваю ўладу над нечым больш значным, чым над гэтым нямым кацянём – Нэлай. Сяргей павольна падыходзіў, не прыпыняючы крок, цягнучы за сабой вілы.
– Сыночак прыехаў! – гукнуў зноў прымак, але насцярожыўся. Сяргей не прамовіў ні слова, ён, як зайшоў з саду на надворак, так і ішоў, не спяшаючыся у бок прымака, гледзячы яму ў вочы.
– О, выцягнуўся, байструк, – прымак плюнуў на зямлю. – Ну, хадзі, фраер, вушы драць буду.
Але ўпэўненасці ў словах не было. Сяргей на самай справе не выглядаў больш хлопчыкам, які мінулым летам уцякаў ад кухталёў гэтага мужчыны.
Сяргей наблізіўся да прымака крокі на тры і раптоўна кінуў руку, якая цягнула за дзяржанне вілы ўперад і ўверх. Другая рука перахапіла дзяржанне знізу, і чатыры тонкія, вострыя зубы вілаў імгненна ткнуліся ў непрыкрытыя грудзі прымака, парослыя рэдкімі рудымі валасамі.
Сяргей націснуў злёгку, прымак хіснуўся, не паспеўшы пераступіць нагой, і так стаяў, ледзь не падаючы назад. Ён не мог ступіць крок, бо для гэтага трэба было хоць крышку нахіліцца наперад, каб не ўпасці, а зубы вілаў балюча, ой як балюча калолі ў грудзі.
– Ты што, шчанюк? – са злым спалохам выдыхнуў прымак. – Ды я цябе...
– Перш чым ты мяне, я табе чатыры дзіркі зраблю, – з тым спакоем, ад якога прымак пабялеў, сказаў Сяргей. – І мне нічога не будзе. Што калонія, што інтэрнат – адзін чорт…Ты, гад, больш не зачэпіш Нэлу. І мяне не чапай. Нас тут няма. Зразумела? Ты ходзіш міма нас, але нас ты не бачыш. Зразумеў?
Прымак маўчаў, дзіка вылупіўшы вочы.
– Зразумеў? – перапытаў з пагрозай Сяргей і націснуў на вілы.
– Ты што, сука? – ускрыкнуў прымак, бо зубы вілаў, здавалася, вось-вось увойдуць у грудзі. – Ды пайшлі вы!..
– Зразумеў? – з тым жа тонам зноў паўтарыў Сяргей.
– А ты ў яе спытай, – працадзіў праз зубы прымак і кіўнуў за спіну Сяргея.
Таго імгнення, на якое Сяргей адвёў позірк ад прымака, зэку было дастаткова – ён хапіўся за дзяржанне вілаў са свайго боку. Хіснуўся ўбок, ірвануў вілы на сябе.
Сяргей на адпусціў дзяржанне. А рывок быў моцным – і хлопец згубіў раўнавагу, хіснуўся наперад. У наступны момант прымак адной рукой хапіў Сяргея загрудкі, прыцягнуў да сябе, а другой схапіў за горла. І сціснуў так, што боль паралізаваў Сяргея. І дыхнуць не стала як.
– Шчанюк…– сіпеў ля самага твару зэк. – Я цябе зараз буду вучыць…
Сяргею здавалася, што Нэла крычыць недзе далёка-далёка – да яго прытомнасці з цяжкасцю даходзілі ўсе гукі, акрамя шыпення прымака. Бы ў нямым кіно ён бачыў, як з сянец выйшла маці, глядзела ў іх бок і, здаецца, нешта казала. Потым за спінай прымака ўзнікла постаць мужчыны. Сяргей не пазнаў, а зразумеў: дзед Васіль, іх сусед.
У яго руках Сяргей заўважыў таўставаты пруток – гэта з такіх дзед робіць чатыры асноўныя дугі ў кошыках, адна з якіх потым становіцца ручкай.
Дзед узмахнуў гэтым прутком і выцяў штосілы па шыі зэка. Той прысеў імгненна, адпусціўшы і шыю Сяргея, і дзяржанне вілаў, быццам над галавой у яго пранеслася вострае лязо. Але не ўскрыкнуў ад болю, толькі пакрысе пачапаў рукой балючае месца і хутка азірнуўся.
У гэты час да Сяргея вярнуліся гукі: тонкае падвыванне Нэлы і п’янае галашэнне маці.
– Так жа і забіць можна! – крычала яна ўжо да дзеда Васіля. – З кім я застануся, а што ж ета такое… А ў сваім двары няма як прайсці чалавеку!
– Сціхні, Зойка! – спакойна, зусім не гучна сказаў дзед Васіль, і маці нечакана змоўкла, аж рот закрыла. Дзед паглядзеў уніз, на стаўшага на каленях зэка: – Устань!
Столькі сілы і ўлады было ў яго голасе, што прымак спахапіўся і, трымаючыся за шыю, устаў, ваўкавата зіркаў на старога, цікуючы за доўгім гнуткім прутком у яго руцэ.
– Ты дзяцей не чапай, – роўна загаварыў дзед. – А то я цябе зачаплю.
– А не будзе страшна? – выскаліўся зэк. – У другі раз дручка ў руцэ, можа, не будзе і не атрымаецца ззаду падысці.
– У другі раз я да цябе з сякерай падыду. І спераду, – не пагражаючы, а быццам расказваючы пра свае планы блізкаму сябру, сказаў на гэта дзед Васіль. – Мне губляць няма чаго...
Потым перавёў позірк на маці Сяргея.
– Сорам згубіла! Твой дзед разам са мной на гэтай зямлі погань выводзіў, паліцаяў біў і недзе у чужой зямлі ляжыць, каб і во гэтыя праўнукі яго жылі шчасліва, а ты такую погань у двор прывяла! Глядзі, Зойка, глядзі, пакуль не позна…
Дзед павярнуўся і пайшоў са двара.
Зэк, нават не зірнуўшы на Сяргея, быццам зусім нецікавымі яму сталі дзеці, павярнуўся і пайшоў у хату, скрывіўшы галаву набок, трымаючыся за шыю.
Маці Сяргея тапталася на месцы, не ведаючы, што ёй рабіць далей, мітусліва разводзіла рукі ў бакі, пакуль ад сянец зэк не закрычаў:
– Зойка! Чаго прырасла да вырадкаў! Не бачыш, як шыя баліць? Уу-у-у, я табе яшчэ ўзгадаю! – прыгразіў ён ці то Зойцы, ці то дзеду Васілю, ці то Сяргею і зайшоў у хату.
Маці ўслужліва памкнулася ўслед за ім.
Сяргей стаяў, усё так жа трымаючы вілы наперавес. Пальцы рук пабялелі і анямелі. Ногі сталі чужымі – ён іх не адчуваў.
Нэла асцярожна падышла, прыціснулася, абхапіла яго ногі рукамі.
– Нічога, Нэлка, праб’ёмся, – з хрыпам, быццам смага высушыла горла, прагаварыў Сяргей, асцярожна, як шкляныя, апусціў вілы зубамі на зямлю.
І толькі цяпер сэрца нечакана забухала з такой сілай, што яго штуршкі аддаваліся ў горле.
– Нічога, нічога, – Сяргей пагладжваў Нэлу па галаве, і гэта супакойвала яго. Ён адчуў свае ногі, пабачыў, што заходзячае сонца б’е яму проста ў твар, што надворак стаў яшчэ больш чужым, хата – яшчэ больш бруднай і аблезлай. Раптоўна зразумеў, што цяпер ён не пераступіць парог свайго дома. Дакладна, да той пары, пакуль гэты зэк будзе ў доме жыць.