Ведзьма (на белорусском языке)
Шрифт:
Спынiўся i Макар. З захапленьнем зiрнуў на вокны трэцяга паверха, вiнавата шморгнуў носам i раптам, у памкненьнi кiнуцца немаведама куды, разявiў рот i выцягнуў шыю.
– Куды вы?
– крыкнула Данута, калi ён сарваўся зь месца.
– Я зараз... Я вомiгам, - гукнуў Макар, завярнуў за рог дома i стаў на хаду поркацца ў кiшэнях.
Сэрца парывiста бiлася, набойкi на абцасах лiдзкiх "гадаў" ляскаталi па ходнiку, i язык, спрабуючы ўгнацца за тымi зыкамi, таропка паўтараў адну i тую ж фразу:
– Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба...
У краме шампанскага не было, а таму давялося бегчы ў "Калiну красную". Разганяючы курэй да качак, ён дабег да рэстарана, узьляцеў на ганак i ў дзьвярах сутыкнуўся зь Мiшкам Мандрыкам.
– Макар?! Ты што? Куды ляцiш?
Ён не адказаў, адно махнуў рукою, узьбег на другi паверх i, перапудзiўшы афiцыянтку Машу, зморана прасiпеў:
– Шампанскага... Бутэльку... за любыя грошы.
Каб iзноў не сутыкацца з Мандрыкам, ён скарыстаўся чорным ходам, пералез цераз плот i пашыбаваў агародамi, сьцiскаючы ў руцэ, нiбыта апошнюю гранату, бутэльку рэстараннага шампану.
Здавалася, чаго прасьцей - нацiснуць кнопку званка. Працягнi руку, тыцнi пальцам у пукаты гузiк, i за дзьвярыма пачуецца мэлядычнае бомканьне. Аднак, падышоўшы да дыхтоўных, абабiтых чорным дэрмацiнам дзьвярэй зь лiчбаю "23" на люстраным сукосьнiку, Макар зьнiякавеў, прыслухаўся да навакольных зыкаў i, не рашаючыся пазванiць, з шумам перавёў дыханьне.
На лесьвiцы было цiха; так цiха, што ён чуў грукат уласнага сэрца. Сэрца бiлася, як стрыножаны певень. Каб суняць шалёнае бiцьцё, Макар прыцiснуў далонь да грудзiны, налёг лобам на дзьвярны вушак i спалохана азiрнуўся: за сьпiнаю рыпнулi завесы, i ў пройме дзьвярэй блiснулi вочкi нейкай старой кабеты. Дануччына суседка пачала сьвiдраваць яго сваiмi вачыма-сьвярдзёлкамi, таму нiчога не заставалася, як нацiснуць на кнопку званка.
Пасьля першага званка яму не адчынiлi. Макар прыслухаўся ў спадзеўцы пачуць таропкiя крокi, але за дзьвярыма было цiха, i толькi аднастайны цьмяны пошум далятаў аднекуль здалёк, магчыма, зь iншай кватэры. Палец зноў нацiснуў на пукаты гузiк, цьмяны пошум ацiх, дзьверы адчынiлiся, i перад вачыма паўстала гаспадыня кватэры. Галава Дануччына была спавiтая махровым ручнiком.
Данута хмыкнула i, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi, зьнiкла ў ванным пакоi.
... Дануччына кватэра ўражвала: пад высокай стольлю вiсела шыкоўная кандэлябра, на падлозе ляжаў варсiсты дыван, але што ўражвала найболей, дык гэта няўлоўны, хвалюючы пах, якi лунаў у паветры, ды выгодны, абцягнуты зялёным аксамiтам фатэль, у якi ён плюхнуўся, агледзеўшы пакой.
Крэсла было на дзiва мяккiм. Ён лiтаральна патануў у iм i, выпрастаўшы стамлёныя ногi, задаволена крэкнуў. Дзiўна, але той хвiляй ён зусiм не хваляваўся. Сэрца бiлася з разважлiвай упэўненасьцю, Макар паспрабаваў нават усхваляваць сам сябе, уголас прамармытаўшы: - Я тут, у багiнi, - але гэта не дапамагло. Ён заставаўся спакойным яшчэ доўгiх чатыры хвiлiны - аж да той пары, пакуль да таямнiчага паху, што лунаў у пакоi, не дамяшаўся другi - пах даўно ня мытых шкарпэтак. Мiкар убiў галаву мiж каленяў, патрабавальна зварухнуў ноздрамi: шкарпэткi сьмярдзелi як мае быць. Не надумаўшы нiчога лепшага, ён сьцягнуў з пятак сьмярдзючкi, таропка запiхнуў у кiшэнi.
Сядзець з голымi нагамi, аднак, не выпадала. Абламаўшы жоўты пазногаць на пальцы левай нагi, Макар прабег у калiдор, стаў насоўваць свае стаптаныя "гады", i акурат у гэты момант дзьверы ваннага пакоя расчынiлiся i стукнулi яго ў лабешнiк.
– Ох, якi вы разбэшчаны мужчына!
– з асуджальнай весялосьцю прамовiла гаспадыня кватэры, i ў Макара ад такiх слоў гарачкава заiрдзелiся шчокi.
Данута падышла да трумо, расхiнула крысьсё кiтайскага халата, пiльным вокам агледзела ў люстры свае зграбныя, шчыльна ссунутыя ногi.
Ад такой вiдзежы ў Макара загарэлiся ня толькi шчокi, але й патылiца.
– Вы што там, заснулi?
– гукнула Данута, а калi госьць, не пачуваючы пад сабою ног, ступiў на мяккi дыван, павярнулася i гульлiва запытала: - Як я вам, падабаюся?
На твары Макаравым адбiлася сарамлiва-разгубленая ўсьмешка, а Данута, не чакаючы адказу, крутнулася перад люстрам i, расьцягваючы зыкi, прасьпявала:
– Ды падаба-а-юся...
Потым яна села ў фатэль i ўжо сур'ёзным i крыху сiплаватым голасам дадала:
– Шмат каму падабаюся, ды толькi замуж нiхто не бярэ...
Запанавала цiша. Госьць муляўся пасярод пакоя, цягнуў долу штаны, каб прыкрыць голыя ногi, а гаспадыня тым часам сядзела ў фатэлi, бузуважна паглядаючы некуды паўзьверх Макаравай галавы. Колькi доўжылася маўчаньне? Хвiлiну, дзьве, а можа ўсе пяць? Але Данута ўрэшце рэшт ачулася, ускiнула вочы i, заўважыўшы пляшку шампану на стале, тыцнула пальцам у бок сэрванту.
– Вазьмiце... там, за шклом... фужэры.
Келiхi былi адмысловыя, на высокiх ножках, з залатымi птушкамi на баках. Узяць iх дрыжачымi пальцамi ўяўлялася справаю даволi складанаю, данесьцi да стала было яшчэ складаней, але Макар з годнасьцю справiўся з заданьнем напоўнiў пакой крыштальным звонам i, пазмагаўшыся з пляшкаю, стрэлiў у столь полiэтыленавым коркам.
У паветры запахла пiўнымi дражджамi, няўрымсьлiвая вадкасьць зашыпела ў келiхах, папёрла празь верх, а Данута, хiтнуўшы галавой, задуменна прашаптала:
– Божа мой, тры гады мазгi кампасьцiраваў...
Макар глынуў напою, папярхнуўся, iкнуў; у нос яму дало салодкiм пахам гнiлых яблык.
– Калi б вы ведалi - як мне ўсё абрыдла.
– Данута таксама глынула шампану i бязгучна iкнула.
– Кожны дзень адно i тое ж. Усё тыя ж пысы, усё тыя ж размовы... Як? Як вырвацца з гэтай ямы? Вы ня ведаеце?
– жанчына наставiла на госьця свае шэрыя вочы, i госьць, ня ведаючы, што адказаць, таропка напоўнiў фужэры.
Вiно казытнула коўцiк, палiлося ў нутро, але да страўнiка не дапяла захрасла недзе ў шлунках.
– I навошта вы тады ўвайшлi?
– уздыхнула Данута, утрапёна i зь нейкiм дзiўным шкадаваньнем паглядзеўшы на Макаравы "гады".
– Калi?
– не зразумеў Макар, неўпрыкмет адцягнуўшы калашыньне i гэтак жа неўпрыкмет адрыгнуўшы дражджавым духам.
Гаспадыня кватэры не адказала: закiнула на сьпiну вiльготныя валасы, дастала з паддону стала парцалянавую попельнiцу, пачак iмпартных цыгарэт i мiнiятурную запальнiчку.
Запальнiчка пстрыкнула, i па тым, зь якiм iмпэтам заскакалi ў Дануччыных вачах увiшныя вогнiкi, можна было зразумець, што жанчына гатовая расплакацца.
– Ну дык што - iдзiце ў ванную.
Галавакружна-пахкi дым, якi выдыхнула Данута, ачмурыў настолькi, што Макар забыўся на хвiлю - дзе ён, што зь iм i чыё гэта калена выбiлася з туркусовага, колеру марской хвалi, халата.
"Як жа так? Адразу ў ванную... Мы ж нават не пацалавалiся..." - думкi непрагляднай завiрухай закружылiся ў галаве, ад iх зрабiлася цёмна ўваччу, i зьбянтэжаны госьць, выставiўшы наперад рукi, невiдушча пасунуў у ванную.