Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Велікодныя яйкі

Бядуля Змітрок

Шрифт:

— Не пужайся, — пачаў гаварыць чалавек з пушачкі да Сцяпанкі Пяцкуна, — я ўжо даўно хацеў прыйсці да цябе, бо надта цябе шкадую і люблю. Хадзі во ў бот — гэта мой палац. Там я табе шмат аб чым скажу.

Чалавек увёў Сцяпанку ў свой палац.

Чаго толькі Сцяпанка там не ўбачыў! Якія ўбраныя пакоі, усё роўна, як у пані багатай, што жыве ў блізкім фальварку ля вёскі Запушнікаў. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро, дарагія рознакалёрныя тканіны. Хлончык глядзіць, і вока насыціцца не можа.

Чалавек водзіць яго па ўсіх пакоях, паказвае свае бязмерныя багацці і тлумачыць. Шчотка ў руках чалавека — не шчотка, а скрыня з рознымі фарбамі: і залатыя, і срэбныя, і сінія, і зялёныя, і блакітныя, і чырвоныя — нават такія, што Сцяпанка не ведае, як іх называць. Усё на свеце імі можна маляваць! Чалавек даў яму пэндзлік і пачаў вучыць маляваць. Сцяпанка з радасцю замалёўваў сцены вялізарных пакояў і цешыўся з сваёй работы. Птушачкі, дрэвы і людзі выходзілі ў яго, як жывыя. Вочы былі сінія, губы чырвоныя, вопраткі ў розных колерах з залатымі гузікамі, як у дзядзькі-салдата. А неба, а месячык, а возера, а дзераўцы, а кветкі — ды і не злічыш!

Чалавек яго пахваліў і казаў:

— Не бойся, дзіцятка, што ўсе цябе так крыўдзяць і смяюцца з тваёй пэцканіны. Я заўсёды буду з табою! Хай сабе ўсе дурнем цябе завуць, але ты разумней за іх усіх. Во, маеш сабе гэту скрынку з фарбамі і ведай, што гэта тваё найвялікшае шчасце ў жыцці, ведай, што гэта…

Чалавек не дакончыў гаварыць. Палац рухацца пачаў. Грымоты загрымелі, і хлапец прачнуўся ад матчыных крыкаў:

— Ах, ты паганец! зноў цацкі! Ні да Бога, ні да людзей ты ў мяне!

Хлапцу перарвалі такі прыемны сон і аднялі ў яго пушачку. Слоў не стае. Найвялікшыя раны ў чалавечай душы загойваюцца, зарастаюць і забываюцца, але гэтай болі Сцяпанка, мабыць, да смерці сваёй не забудзе…

А раз у год бывалі ў Сцяпанкі светлыя хвіліны — на Вялікдзень, калі яму дазвалялі яйкі фарбаваць. На гэту работу яму куплялі ў мястэчку фарбы на цэлы пятак. І ён па-майстэрску размалёўваў яйкі цэркаўкамі, званіцамі, анёлкамі і крыжамі, ажно людзі дзівіліся.

Толькі сёлета маці казала, што ніводнай капеечкі Пяцкуну на фарбы не дасць. Сэрца хлопчыка зашчаміў вялікі боль.

— Матанька! родная! злітуйся! дай хоць адну капеечку на фарбы…

Як скала, як жалеза, было матчына сэрца:

— Хвароба табе, а не фарбы, гаспадар ты мой! Во ідзе вясна, тата твой мо і не жыве ўжо, а ў тваёй галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Эх, ты, гаспадар!

Сцяпанка сумна пазіраў праз акно на мутныя хмаркі. Прыйшоў Вялікдзень, і з воласці прынеслі ліст, што Мікіта, бацька Сцяпанкі, ужо забіты.

Мікіціха плакала-галасіла на ўсю вёску аб чалавеку сваім, праклінаючы долю ўдовіну.

Цешылі яе суседкі тым, што не яна адна такая нешчаслівая, што тысячы такіх ёсцека цяпер.

Людзі абяцалі памагчы ў гаспадарцы — гэта яе не цешыла.

— Каб яшчэ сын людскі быў, падрос бы і гаспадарыў, замест нябожчыка, а то з кожным годам растуць разам з ім і цацкі ў яго галаве.

Вельмі жаласна было Сцяпанку тое, што тата згінуў на вайне, аднак дзіця не ўцяміла добра гэтага гора і яму балела ў душы горш ад таго, што фарбаў няма на Вялікдзень, каб яйкі афарбаваць…

Настаў Вялікдзень. Пайшоў Сцяпанка з іншымі хлапчукамі ў валачобнікі на ўсю ноч. На яго долю выпала некалькі яек.

Хлапцу ўдалося выцягнуць з кубла бацькаву фатаграфію, якую Мікіта прыслаў з войска. Ён пабег з ёю ціханька ў ток.

Праз некалькі гадзін вярнуўся ў хату з намалёванымі яйкамі. Як толькі маці ўгледзела яйкі, дык успляснула рукамі ад дзіва: на ўсіх яйках быў намалёваны нябожчык Мікіта і выглядаў ён усё роўна як жывы. Быў ён намалёваны чырвонай фарбай.

— Дзе ты, гаспадар ты мой, чырвоную фарбу дастаў? — грымнула Мікіціха на сына, які ўвесь час хаваў рукі за плечы. — Пакажы, пакажы, гаспадар ты мой, што ты ў руках сваіх там трымаеш? — Пры гэтым Мікіціха схваціла яго за рукі і ўбачыла, што пальцы ў Сцяпанкі былі анучкамі завернуты. Яна хутка сарвала анучкі і чуць не абамлела ад неспадзеўкі — пальцы былі запэцканы крывёй…

— Што ты гэта зрабіў, гіцлю?! Што ты зрабіў! — крычала яна не сваім голасам.

— Мне фарбы патрэбны былі, — апраўдваўся Сцяпапка. — А пальцы — мае. Я над імі гаспадар!

— Назолу прыслаў Бог на маю галованьку бедную! — заламала рукі Мікіціха.

Разнеслася чутка па ўсёй вёсцы, што вельмі дзіўна размаляваў Сцяпанка Пяцкун велікодныя яйкі. Людзі прыходзілі глядзець, пазнавалі на яйках нябожчыка Мікіту і дзівіліся.

Пайшла казка па ўсёй ваколіцы аб той фарбе, якой Сцяпанка яйкі размаляваў, байка вырасла ў цуд. Апавядалі бабы адна аднэй, быццам хлопчык, каб дастаць чырвоную фарбу, адрэзаў сабе руку, упусціў кроў у начоўкі, а пасля ўзяў палец адрэзанай рукі і маляваў велікодныя яйкі.

Не абышлося тут і без нячыстай сілы. І людзі з нейкай трывогай пачалі гаварыць пра Сцяпанку.

— Гэта — антыхрыст! — казалі адны з разумнікаў вясковых.

— Гэта — святы, гэта — багамаз! — казалі другія.

Тым часам чутка аб дзіўных велікодных яйках дайшла і да братоў-студэнтаў з блізкай вёскі.

Студэнты зацікавіліся і таксама прыйшлі паглядзець.

Доўга разглядалі яны сцены, размалёваныя вуголлямі, і шапталіся паміж сабой. Малюнкі на сценах ім яшчэ больш падабаліся, чымся малюнкі на яйках.

Пры гэтым Мікіціха з жалем расказала ім, як Сцяпанка яе замучыў сваімі малюнкамі і які ён нікчэмны хлапец.

Сцяпанка Пяцкун стаяў, як вінаваты, з апушчанай галоўкай.

Студэнты забралі хлопчыка з сабой і падарылі яму прыгожую скрыначку з рознымі фарбамі. Яны абяцалі яго вучыць і ў горад забраць, кажучы пры гэтым, што з яго выйдзе вялікі чалавек.

Бясконца радасны вярнуўся Сцяпанка дахаты. Увесь час думаў, якая можа быць карысць ад «вялікага чалавека». І ўспомніў ён, што ў вёсцы ў іх быў калісьці вельмі вялікі чалавек, вышэй ростам ад усіх у вёсцы, рыбалоў Міхась. Але той быў яшчэ большы п'яніца і задзёра, і ніхто яго не любіў.

Не спадабалася Сцяпанку быць «вялікім чалавекам» — доля Міхася-рыбалова яго не вабіла.

— Лепей буду маленькім, — думаў ён, — але каб паехаць у горад вучыцца.

Вярнуўся хлопчык дахаты, і маці ў яго спыталася, што панічы яму гаварылі.

Сцяпанка спачатку саромеўся, а потым сказаў:

— Я буду некалі вялікім чалавекам!

— Эх, эх! — засмяялася Мікіціха. — Навіну казалі разумнікі канапляныя! А я табе кажу, што калі будзеш займацца цацкамі, дык не дарасцеш да вялікага чалавека і не будзеш гаспадаром, бо з голаду памрэш! А пакуль што ідзі есці, мой «вялікі чалавек», бо ўжо другі дзень, як не бачыла — ці еў ты што-колечы…

123
Поделиться с друзьями: