Выбранае
Шрифт:
І ён сядзеў у кутку ля акна, невядома чаго чакаючы, прыслухоўваючыся да выпадковых гукаў знадворку. Па той бок загародкі паўставалі дзеці, чулася іх стоеная валтузня на ложку – часам на дзвярах адхіналася шырмачка, і ў шчыліну прасоўваўся мурзаты цікаўны тварык, але тут жа хаваўся зноў. Дзяўчынка крыкліва камандавала там імі, нікога не пускаючы з-за перагародкі.
Рыбак ужо да драбніц вывучыў сцежку за акном, рэшту разламанага плота пры ёй, ускраек неагароджаных могілак з калючым галлём хмызняку на мяжы. Выбітая і заткнутая шыбка ў акенцы няблага затуляла яго знадворку. На сырым гнілаватым падаконніку побач стаяла некалькі пустых брудных бутэлечак ад лякарства, валяўся клубок зрэбных нітак і змайстраваная з рыззя лялька, вочы і рот якой былі старанна намаляваны хімічным алоўкам. Побач за сталом задышліва стагнаў у сне Сотнікаў, якога трэба было ўладкаваць болей надзейна, але на тое патрэбна была гаспадыня. Усё болей нервуючыся ў няпэўным чаканні, Рыбак амаль з непрыязнасцю слухаў хваравітае дыханне таварыша і каторы раз думаў, што з напарнікам яму не пашэнціла. Рыбак быў нязлы чалавек, але, маючы неблагое здароўе, ставіўся да хворых трохі безуважна, часам проста не мог уявіць сабе, як гэта можна прастудзіцца, занемагчы, захварэць. Сапраўды, думаў ён, больш недарэчнага на вайне, як хварэць, нельга сабе і прыдумаць.
За час службы ў ім з’явілася грэблівае пачуццё да слабакоў, хварліўцаў, розных няўдак, якія па тых ці іншых прычынах чагось не маглі, не ўмелі, не выконвалі. Ён стараўся ўмець і выконваць усё. Праўда, да вайны ў чым-колечы было і цяжкавата, асабліва што датычыла палітпадрыхтоўкі – бракавала адукацыі, а галоўнае – ён не любіў кніжнай навукі, для якой патрэбны былі трыванне, стараннасць. Рыбаку болей па душы была жывая рэальная справа з усімі ўласцівымі ёй няўвязкамі і клопатамі. Відаць, таму ён тры гады праслужыў старшыной роты – характарам яго Бог не пакрыўдзіў, энергіі таксама хапала. У нейкім сэнсе на вайне яму аказалася лёгка, прынамсі проста: мэта барацьбы была відочная, а над іншымі тонкасцямі ён не шмат разважаў, бо ведаў – чым болей фашыстам шкоды, тым лепш. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы яго міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне – не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Калі лічыць правільным, што вялікі сэнс барацьбы ў тым, каб, змагаючыся за сваё жыццё, чыніць страты ворагу, дык ён меў усе падставы лічыць сябе ўдачлівым партызанскім байцом. Ва ўсякім разе, не горшым за іншых.
– Мамка, мамка ідзе! – раптам радасна завішчала дзятва за перагародкай, і ён убачыў на сцежцы жанчыну, якая хуценька бегла да хаты.
Даўгаватая спадніца, кажушок і хустка, якая таўставата абкручвала яе галаву, сведчылі пра не першую ўжо маладосць гаспадыні, але, мусіць, была яна яшчэ і не старая. Цікуючы за ёй, Рыбак трохі захінуўся за шула. Ад дзіцячага крыку за сталом прахапіўся Сотнікаў, чырвонымі са сну вачыма зірнуў на хату, але, згледзеўшы побач таварыша, зноў лёг на лаву.
Калі ў сенцах грукнулі дзверы, Рыбак адсунуўся ад акна на канец лаўкі і з робленым спакоем знерухомеў ля міскі. Трэба было як мага добразычлівей сустрэць яе, не напалохаць, не пакрыўдзіць чым – з ёй трэба было дамовіцца наконт Сотнікава.
Яна яшчэ не адчыніла ў хату дзвярэй, як з-за перагародкі сунулася дзятва: дзве дзяўчынкі асталіся пад адхінутаю шырмачкай, а гадоў пяці хлопчык, босы, у падраных, на шлейцы штоніках, кінуўся насустрач.
– Мамка, а ў нас палцізаны! Палцізаны во!
Яна памкнулася ўзяць яго, ды раптам выпрасталася – з недаўменным спалохам зірнула на незнаёмага за сталом.
– Здраствуй, хазяйка, – як мага прыветлівей сказаў Рыбак.
Але яна ўжо сагнала з твару здзіўленне, хуценька зыркнула на стол з пустой міскай, і ў яе позірку штось нездаволена перасмыкнулася.
– Здраствуйце, – холадна адказала яна, адхінаючы ад сябе малога. – Парцізаны!
– Ды во, як бачыце. Вас чакаем.
– Гэта якая ж у вас да мяне патрэба?
Не, тут штосьці не ладзілася, жанчына была яўна не настроена на той лад, які ёй прапаноўваў Рыбак, – нешта суровае, зласнаватае і нават сварлівае прабівалася ў яе голасе.
Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе – зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.
– Якая яшчэ патрэба? – Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. – Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?
– Мы не немцы, – стрымана сказаў Рыбак.
– А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам... бульбачкі, агурочкаў... Гэлька, вазьмі Лёніка! – крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі – на прыпек, цабэрак – у парог, венік – у кут.
За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, – тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху – абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.
– Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.
– Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! – шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі. – Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб’ю!
– А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.
– Я табе пагляджу! – пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі. – Парцізаны! Адно што звання – парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.
Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха. У галаве яго праносіліся самыя розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі – усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.
– А дзе твой Дзёмка? – раптам спытаў Рыбак.
Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.
– А вы скуль Дзёмку ведаеце?
– Ды ўжо ведаем.
– Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.
Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.
– Тут бач, цётка, таварыш таго...
Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.
– Ось бачыш, кепска яму, – сказаў ён.
Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.
– Халера, прыкарэла, мусіць.
– А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.
Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.
– Падкласці што трэба, – сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку. – На, мякчэй будзе.
«Так, – адзначыў у думках Рыбак. – Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна».
Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.
– Хворы, – ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха. – Жар, пэўна. Вунь як гарыць.