Выбранае
Шрифт:
Я ды яшчэ тры хлопцы — двое настаўнікаў і інструктар з райкома — гародамі шмыганулі ў жыта, праз яго ў лес і падаліся на ўсход. Тры дні ішлі — без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі — каюк. Настаўніка аднаго, Сашу Крупеню, параніла ў жывот — што рабіць? А дзе фронт — чорт ведае, не дагоніш, відаць. Ужо, кажуць, і Мінск пад немцам. Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Заставацца — а дзе? У чужых людзей не дужа спадручна, ды і як папросішся? Рашылі вяртацца назад, усё ж у сваім раёне хоць людзі знаёмыя. За паўтара года пёразнаёміліся з рознымі.
I тут, знаеш, аказалася, што кепска ўсё ж мы зналі гэтых людзей. Колькі было гаворак, сустрэч, нават і за чаркай сядзелі, здавалася, усе добрыя, харошыя, шчырыя людзі. А на справе аказалася трошкі не так. З раненым прывалакліся ў Стары Двор — хутары такія пры лесе, у баку ад дарог, немцаў быццам яшчэ і не было тут. Ну, думаю, самае месца пераседзець якіх пару тыдняў, пакуль нашыя турнуць немцаў. На болей тады не разлічвалі — што ты! Каб хто сказаў, што вайна на чатыры гады зацягнецца, яго б панікёрам або правакатарам палічылі. Крупеня тым часам ужо даходзіць, далей ісці нельга. I я ўспомніў, што ў Старым Двары ў мяне знаёмы, актывіст, граматны такі чалавек, Усолец Васіль. Некалі начаваў у яго пасля сходу, пагаварылі тады ўсмак, спадабаўся чалавек: разумны, гаспадарлівы. І жонка, маладжавая такая кабетка, гасцінная, чысценькая, не як некаторыя. Грыбкамі салёнымі частавала. У хаце кветак поўна — усё застолле імі застаўлена. Ну, дык мы позна ноччу і заявіліся да гэтага Усольца. Так і так, трэба памагчы, паранены і так далей. I што, думаеш, наш знаёмец? Выслухаў і на парог не пусціў. «Кончылася тут,— кажа,— ваша ўласць!» I так ляснуў дзвярыма, што з падстрэшша пасыпалася.
Прытуліла нас на тым часе простая такая цётка — трое дзяцей малых, старэйшы хлопчык глуханямы, муж у войску. Як даведалаея, што паранены (перад тым мы да другой сям'і ў крайнюю хату зайшлі), як дазналася, хто такая,— забрала ўсіх да сябе, бедалагу Крупеню абмыла, накарміла курыным булёнчыкам ды схавала пад снапамі ў пуньцы. I ўсё памятаю вохкала: можа ж і мой дзе, бедненькі, так мучыцца! Бо — любіла свайго бедненъкага, а, гэта, браце, заўжды нешта значыць. Ну, а Крупеня праз тыдзень памёр, не памог і курыны булёнчык: заражэнне пачалося. Цішком закапалі ноччу на краі могілак. Што рабіць далей? Пасядзелі яшчэ тыдзень у цёткі Ядвігі, і я пачаў намацваць сякіх-такіх партызан. Мусіць, думаю, павінны быць дзе нашыя. Не ўсе ж на ўсход паўцякалі. Без партызан ні адна вайна ў нас не абыходзілася — колькі аб тым кніжак напісана.
А знаеш, натрапіў-такі на групу акружэнцаў, чалавек трыццаць. Камандзір над усімі маёр Селязнёў, з кавалерыстаў, рашучы такі мужык, родам кубанскі, майстра вылаяцца ў сем паверхаў, накрычаць, нават прыстрэліць пад гарачую руку мог. А ўвогуле справядлівы. I што цікава: ніколі не ўгадаеш, як ён да цябе паставіцца, якім бокам. Толькі што гразіўся кулю ў лабаціну загнаць за ржавы затвор вінтоўкі, а праз гадзіну ўжо аб'яўляе табе падзяку за тое, што на пераходзе першы хату ўбачыў, дзе была магчымасць падсілкавацца. А пра затвор ён ужо і забыўся. Такі быў чалавек. Спярша ён мяне здзіўляў, пасля — нішто, прывык да гэтага яго кавалерыйскага нораву. У сорак другім пад Дзятлавам ішоў першым па сцежцы, за ім ад'ютант Сёма Царыкаў ды астатнія. I трэба ж— нейкі паліцай са страху пальнуў раз ад моста і прама камандзіру ў сэрца. Во табе і лес. У колькіх страшных баях удзельнічаў — і нічога. А тут адна за ўсю ноч куля і — у камандэіра.
Да, Селязнёў быў мужык асаблівы, але, знаеш, не без галавы. На ражон не пёр, як некаторыя. Заядлы болей на словах, а так нішто — думаў. Першыя пару месяцаў пасядзелі ў лесе, на Воўчых ямах — так мясціна тая называецца за Якімаўскай леснічоўкай. Пасля ўжо, у сорак трэцім, як мы перайшлі ў пушчу, там атабарылася Кіраўская брыгада. А тады, на пачатку, гэтыя ямы мы абжывалі. Здатнае, скажу табе месца: лес, балота, а там то пагоркі, то ямы, увалы — чорт нагу зломіць. Ну, пагрэліся крыху ў зямлянках, абвыкліся з лясным жыццём. Не ведаю, ці падказаў хто, ці маёр сам дайшоў, што вайна не на некалькі месяцаў — мабыць, наболей прадоўжыцца — і што без мясцовых яму не абысціся. Таму і прыняў у свае кадравае войска мяне і яшчэ некаторых: начальніка міліцыі з Пружан, студэнта аднаго, старшыню сельсавета з сакратаром. А на Кастрычніцкія святы і пракурор наш, таварыш Сівак, заяўляецца, таксама да фронту не дайшоў, вярнуўся. Спярша радавым быў, а пасля начальнікам асобаддзела паставлі. Ну але гэта пасля ўжо, пад восень, як Селязнёва не стала. А тады рашылі, што пакуль ціха, трэба агледзецца ды наладзіць сякія-такія сувязі з вёскамі, аднавіць знаёмства з надзейнымі людзьмі, памацаць на хутарах акружэнцаў, каторыя да маладзіц паўладкоўваліся. Перш-наперш разаслаў маёр усіх мясцовых, тутэйшых,— а такіх чалавек з дванаццаць тады ўжо назбіралася,— каго куды. Мяне з пракурорам, вядома, у былы наш раён. Рызыка тут нам, ведама, была большая, чым дзе ў другім месцы,— усё ж многа людзей тут нас ведалі, маглі апазнаць. Але затое і мы ведалі болей і трохі арыентаваліся ўжо, каму даверыцца, а каму не. Ды і выгляд наш быў не ранейшы, не адразу пазнаеш — абраслі бародамі, абадраліся. Пракурор у чорным чыгуначным шынялі, я ў армяку і ботах. У абодвух хатулі за плячыма. Як жабракі якія.
Найперш рашылі зайсці ў Сяльцо.
Не ў маёнтак, вядома, а ў вёску, там праз паўвярсты якіх — ты ж, мабыць, ведаеш, цераз аселіцу. У вёсцы ў пракурора быў знаёмы адзін, былы актывіст, дэпутат сельсавета, дык мы да яго і кіравалі. Але спярша, знаеш, дзеля асцярогі зайшлі ў адну хату на Грынёўскіх хутарах — во тую, што пасля вайны заўмаг з Рандуліч адкупіў ды ля сельмага паставіў. Гаспадыня ў Польшчу выехала, гады тры хата стаяла пустая, дык заўмаг і купіў. А ў вайну там жылі тры дзеўкі пры маці, нявеста — сынава жонка (сын у польска-германскую вайну прапаў, пасля аж у Андэрса аб'явіўся). Дык пакуль мы гэта анучы сушылі, дзеўкі нам усё і расказалі. I пра навіны ў Сяльцы. Аказваецца, добра зрабілі, што перш зайшлі да гэтых палячак, а то б не мінуць бяды. Справа ў тым, што гэты пракурорскі знаёмец ходзіць ужо з белай павязкай на рукаве — паліцаем стаў. Пакрактаў мой пракурор ад такой навіны, а я, прызнацца, парадаваўся: было б горш, каб мы адразу ды сунуліся ў паліцаевы рукі. Але неўзабаве прыйшла і да мяне чарга паздзіўляцца ды заклапаціцца — калі я спытаў пра Мароза. Кажа нявестка: «Мароз усё ў школе робіць».— «Як робіць?» — «Дзяцей,— кажа,— вучыць». Аказваецца, тых самых сваіх пацаноў пазбіраў па вёсках, немцы далі дазвол адкрыць школу, ну і вучыць. Праўда, ужо не ў Габрусёвым палацы — там цяпер паліцэйскі засценак,— а ў адной хаце ў Сяльцы.
Вось дык метамарфоза! Ад каго другога, а ад Мароза такога я не чакаў. Каб працаваць пры немцах?! А тут і пракурор выказваецца ў тым сэнсе, што даўно трэба было гэтага Мароза рэпрэсіраваць — не наш чалавек. Я маўчу. Думаю, думаю і ніяк не магу пагадзіцца, што Мароз — нямецкі настаўнік. Сядзім ля грубкі, глядзім у агонь і маўчым. Што рабіць? Называецца, наладзілі сувязі. Адзін — паліцай, другі — нямецкі служачы, харошыя мы кадры падрыхтавалі за два гады ў раёне.
I знаеш, думаў я думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Ды я яго, калі так, гранатай узарву. Вінтоўкі не было, а граната была. Селязнёў забараніў браць з сабой зброю, але гранату я ўсё ж прыхапіў на які прыкры выпадак.
Пракурор адгаворваў, але я не здаўся. Мусіць, такі ўжо характар з маленства. Чым болей мне што даводзяць насуперак, тым болей мне хочацца па-свойму зрабіць. Не дужа гэта спрыяе ў жыцці, але што ж. Праўда, пракурор тут ні пры чым. Проста баяўся за мяне, думаў, як бы не прыйшлося аднаму вяртацца.
Дзеўкі расказалі, як знайсці Мароза. Трэцяя хата ад калодзежа, з падворка ганак. Жыве ў старой бабулі. Цераз вуліцу ў другой хаце ягоная школа.
Сцямнела — пайшлі. Дожджык цярушыць, гразнота, вецер. Нешта пачатак лістапада, а халадэча сабачая. Дамовіліся з напарнікам, што я зайду, а ён мяне пачакае ў загуменні ля кусцікаў. Чакаць будзе гадзіну. Не прыйду — значыць, справа кепская, нешта здарылася. Ну але, думаю, за гадзіну ўпраўлюся. Ужо я разгадаю душу гэтага Мароза.
Так пракурор застаўся за пунькай, а я ўзмежкам — да хаты. Цёмна. Ціха. Адно дождж большае ды шамаціць па саломе на страхах. За плотам вобмацкам дабрыў да варотцаў на падворак, паспрабаваў расчыніць, а яны дротам завязаныя. Я так і гэтак — нічога не выходзіць. Трэба цераз плот пералазіць, а плот высакаваты, слізкі. Наступіў ботам ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. I тут сабака. Так заліўся брэхам, што я ляжу ў гразі, баюся крануцца і не ведаю, што лепей: уцякаць або клікаць каго.
Але, чую, нехта выходзіць на ганак, бразнуў дзвярыма, слухае. Пасля пытаецца ціха так: «Хто тут?» I да сабакі: «Гулька, прэч! Прэч, Гулька!» Ну ведама, гэта ж школьны сабачка, той трохлапы, што некалі інспектара ўкусіў. А чалавек — Мароз, знаёмы голас. Але як адазвацца? Ляжу і маўчу. А сабака зноў у брэх. Тады ён саступае з ганка, кульгаючы так (чутно па гразі: чу-чвяк) ідзе да плота.
Устаю і проста кажу: «Алесь Іванавіч, гэта я. Былы твой загадчык». Маўчыць. I я маўчу. Але што тут рабіць — назваўся дык, мусіць, трэба вылазіць. Устаю, пералажу плот. Мароз ціха так: «Тут лявей трымайся, а то карыта ляжыць». Уціхамервае сабаку і вядзе мяне ў хату.
У хаце гарыць капцюшка, акно занавешана, на табурэтцы раскрыта кніжка. Алесь Іванавіч падстаўляе табурэт бліжэй да печы. «Сядайце. Пальто зніміце, хай сохне».— «Нічога,— кажу,— паліто маё яшчэ высахне».— «Есці хочаце? Бульба ёсць».— «Не галодны, еў ужо». Адказваю быццам спакойна, а ў самога напружанне ў нервах — да каго трапіў? А ён нішто, спакойны, быццам мы толькі ўчора разышліся: ніякіх пытанняў, ніякай няёмкасці. Хіба толькі залішні клопат у голасе. I погляд не такі адкрыты, як быў раней. Бачу, няголены, мусіць, дзён пяць — русявая бародка на твары.