Выбранае
Шрифт:
Ад раптоўнасці гэтага адкрыцця ён збіўся з нагі, спалохана падскочыў, прапускаючы крок, але зноў ступіў не ў лад, і сусед азваўся пагардлівым басам:
– Ты што?
– Анічога.
– Мабуць, без прывычкі? Наву-учышся.
Рыбак, аднак, змоўчаў, усё болей выразна разумеючы, што з уцёкамі скончана, што гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. І хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі.
Так, звароту назад, да ранейшага, цяпер, мабыць, ужо не было – ён гінуў усур’ёз, назусім, і самым неспадзяваным чынам. Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама.
Узрушаны і анямелы, ён аніяк не мог даўмецца, як гэта сталася і хто ў тым вінаваты. Немцы? Вайна? Паліцыя? Вельмі не хацелася вінаваціць сябе і дужа карцела ўскласці віну на іншых – на час, на абставіны. Ды і сапраўды, у чым быў вінаваты ён сам? Хіба ён выбраў сабе такі лёс? Хіба ён не змагаўся да самага канца? Болей і напружаней, чым нават гэты разумнік Сотнікаў? Зрэшты, з усіх у ягоным няшчасці найболей быў вінаваты Сотнікаў. Калі б ён не захварэў, не падлез пад кулю, не вымусіў столькі валэндацца з сабой, Рыбак, мусіць, даўно быў бы ўжо ў лесе. А цяпер вось таму дык усё роўна ў вяроўцы на браме, а яму як, жывому?..
Усё ўвачавідкі рушылася, гінула, здабытае цаной такіх намаганняў у барацьбе за самае дарагое – жыццё. І на чорта яму цяпер тое жыццё? Каб служыць немцам?
У бязладным цягучым одуме, ад якога блыталася, цьмела свядомасць, Рыбак датупаў з калонай да знаёмых варот паліцыі. На вялікім двары іх спынілі, па камандзе звыкла павярнулі да памяшкання. Ля ганка ўжо стаялі начальнік, следчы Партноў і двое ў нямецкай вайсковай форме. Старшы паліцай зычна далажыў, што каманда з ліквідацыі прыбыла. Начальнік прыдзірліва агледзеў калону.
– Вольна! Дваццаць хвілін перакур, – сказаў ён і позіркам зачапіўся за Рыбака. – Ты зайдзі да мяне.
– Ёсць! – мярцвеючы ад чагось непазбежнага, што зусім падступіла да яго, буркнуў Рыбак.
Сусед таўхнуў яго локцем у бок.
– Яволь, а не ёсць. Прывыкаць нада.
«Пайшоў ты к д’яблу! – вылаяўся ў думках Рыбак. – І наогул хай усё ідзе к д’яблу. У тартарары. Навек!»
Каманду распусцілі. Рыбака ўсё болей апаноўвала разгубленасць, ён кідаў наўкола здзічэлыя позіркі і не ведаў, куды падацца. Вакол гаманілі, тапталіся паліцаі, лязгала зброя, у паветры запахла салодкім дымком цыгарэт. Накаторыя скіравалі ў памяшканне, адзін павярнуў да вузкай дашчанай збудоўкі з дваімі дзверкамі на драўляных закрутках. Рыбак бокам таксама падаўся туды.
– Эй, ты! Куды?
Ззаду з чуйнай устрывожанасцю ў вачах стаяў Стась.
– Зараз. На хвілінку.
Здаецца, ён сказаў спакойна, стаіўшы ў сабе свой адзіна магчымы цяпер намер, і Стась адвярнуўся да купкі сяброў: там абмяркоўвалі акцыю. Але к д’яблу! Усіх і ўсё! Рыбак ірвануў скрыпучыя дзверы, зашчапіўся на драцяны кручок, паглядзеў угору. Столь была невысокая, але, мабыць, для яго справы вышыні хопіць. Між няшчытна пакладзеных дошак чарнелі пасткі толю, за папярэчыну лёгка можна было прадзець папружку. Са злоснай рашучасцю ён расшпіліў кажушок і раптам схамянуўся – папружкі на штанах не было. І як ён забыўся, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць іх у склеп. Рукі яго марна замітусіліся ў адзежы, але нідзе ў яго не знаходзілася нічога, на тое здатнага.
За перагародкай глуха тупнулі боты, цягуча праскрыпелі дзверы. Рыбак сцяўся ў абсалютнай бездапаможнасці – не было нават магчымасці выканаць сваю апошнюю волю. Хоць ты рынься галавой уніз. Неадольная роспач ахапіла яго, і ён аж застагнаў ад нясцерпнасці, гатовы заплакаць.
Але знаёмы голас знадворку вярнуў яму частку цвярозасці.
– Ну ты доўга там? – пракрычаў здалёку Стась.
– Счас, счас...
– Начальства заве.
Ну вядома, начальства не любіць чакаць, да начальства належыць з’яўляцца бягом. Тым больш калі вырашана зрабіць цябе паліцаем. Яшчэ ўчора ён марыў пра тое, як пра збавенне. Сёння ж здзяйсненне гэтае мары абарочвалася катастрофай.
Рыбак высмаркаўся і, не адразу трапляючы гузікамі ў пятлю, зашпіліў кажушок. Мусіць, ужо нічога не зробіш – такі яго лёс. Ненавісны вайсковы лёс, які гэтак яго ашукаў. Не могучы зрабіць што іншае, Рыбак адкінуў кручок і, стараючыся зацяць у сабе разгубленасць, ступіў з прыбіральні.
На парозе, нецярпліва выглядаючы яго, стаяў начальнік паліцыі.
1970
Апавяданні
Ружовы туман
Было іхнае сьвята, і яны з кветкамі і сьцягамі ішлі да скамянелага правадыра. Іграў аркестар. Блішчэлі трубы, ад дажджу блішчэў граніт помніка, гарадзкое навакольле адбівалася ў мокрым асфальце. Усе былі бяз кепак ці капелюшоў — сівыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позіркі на старэчых тварах. Адзін нес невялічкі вазончык бягоняў, які ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вісела клюка. Сярод іншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскіх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за іншымі да пастамэнту, няспрытна сагнуўся і паставіў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьціўся.
— Глядзі, Барсук! — амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вінцэсь. — Жывы, ты глядзі...
Так, гэта быў Барсук, жывы і быццам здаровы, якога Ляксей зь Вінцэсем памяталі яшчэ з ваенных гадоў, як жылі ў тым гарадку, дзе пражыў вайну і гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвішчам ці мянушкай Барсук.
— I, здаецца, усё ранейшы, — не сунімаўся Вінцэсь.
Дзіўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё ці натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставіны. Такія, як у гэтым выпадку з Барсуком.
Ён зьявіўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя дні вайны з Заходняй Беларусі ўперамешку з войскам рынуліся і шмат якія з цывільных. Адныя ехалі на вайсковых машынах, іншыя на фурманках, а болей ішло пехатой — з клункамі, валізкамі, дзецьмі. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзін. Усе ягоныя сямейнікі недзе прапалі, і ён прыпыніўся, чакаючы іх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так і асеў на ўсе гады акупацыі. Жыў у старой бабкі ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, і ўсё чакаў, казалі, сваіх — жонку і двух дзяцей. Ды ішоў час, а сямейнікі Барсука не аб'яўляліся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды і хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны — які набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкі хлопец Валера, які, як тое некаторыя ўведалі, меў справу зь лесам, і то прападаў на тыдзень-другі, то цішком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзіць трафэйны гадзіньнік, у якім, як аказалася, неяк разьбіраўся Барсук.
Аднойчы гэты Валера заявіўся не адзін, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнікаў. У іх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткі. Так, звычайныя карткі рацыянаванага продажу крупаў, мукі, солі, якія выдаваліся службоўцам нямецкіх установаў, і якія наладзілі падрабляць у лесе. Ці, можа, у якой гарадзкой друкарні? Значыцца — фальшывыя карткі. Вядома, для такой апэрацыі апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нінку ці цётку Ганулю, але ж, мабыць, іх было шкада. I ён вечарком з напарнікам насыпаўся да Барсука.