Выбраныя творы
Шрифт:
А што адчувае, аб чым думае ў часе сваіх вандровак па рацэ той, хто замяніў яму бацьку? Гэтага ніхто не ведае, бо ён ні з кім сваімі думкамі не дзеліцца. Людзі гавораць, што аб сваёй жонцы з дня яе пахавання ён ні разу ні перад кім не ўспомніў, што, як і некалі, не шукае таварыства людзей, што так, як і даўней, і вясной, і ўлетку, і ўвосень неба замяняе яму хату, а рака - жонку.
Але ў доўгія зімовыя вечары акно нёманскага рыбака свеціцца бледным святлом лямпы, а хлопцы і дзяўчаты, якія ідуць на вечарніцы да Казлюкоў, чуюць за тым акенцам манатоннае, няспыннае, прыцішанае мармытанне. На стале ляжыць разгорнуты малітоўнік, а над ім сядзіць, нахіліўшыся, высокі сівы чалавек з наморшчаным ілбом і з цяжкасцю, па складах вымаўляючы доўгія словы, паволі чытае малітвы. Іншай кніжкі, апрача гэтай, Павел Кабыцкі дасюль не ведае і, напэўна, не будзе ведаць ніколі, бо ў мястэчку, куды ён возіць рыбу, ніякіх кніжак не прадаюць, а ўзяць іх у людзей яму вельмі цяжка. Затое гэтую кніжку ён прачытаў усю ад першай да апошняй старонкі тры разы, а цяпер пачаў чытаць чацвёрты. Дарэчы, апошнія два-тры гады ў яго ўжо застаецца менш часу для чытання малітоўніка, бо побач з ім часта ляжыць на стале разгорнуты стары буквар, вельмі ўжо стары, пажоўклы, падзёрты, а над ім на высокім табурэце сядзіць Актавіян і, запусціўшы руку ў ільняную кудзелю валасоў, мармыча:
– Б-а - ба, б-е - бе...
Мінулай зімой ён ужо дайшоў да літары «к», але за лета шмат з таго, што вывучыў, забыў, і Павел загадаў яму пачаць зноў з літары «б».
Актавіян мармыча даволі доўга, пасля кладзецца і засынае, а Павел напаўголасу пачынае чытаць малітоўнік.
Нарэшце ў акне рыбака гасне святло. Глыбока і спакойна спіць пад коўдрай снегу доўгі шэраг хат, што стаяць на краю высокага берага. Ніводзін жывы голас не парушае цішыні вясковай зімовай ночы. Толькі зрэдку забрэша сабака або пачуецца спяванне пеўняў, прыглушанае сценамі хат. Затое ў гэтай цішыні выразней гучаць галасы прыроды.
Часамі ледзяны волат-мароз блукае па вёсцы, злосна і моцна стукае то ў адну, то ў другую хату, то здалёк, то бліжэй ціха шчоўкае за вокнамі, з сухім трэскам пахаджвае па агароджах. У іншыя ночы пад ціхія ўздымкі ветру прыходзіць адліга, і тады ледзяшы пад капяжом ціха і манатонна пляскаюцца і плачуць, а вецер шамаціць у дрэвах і таямнічы шэпт разбягаецца шырока па сухім бадыллі агародаў.
А часамі ночы бываюць гучныя, грозныя. У цёмных прасторах зрываюцца шалёныя оргіі віхраў, паветра напаўняецца кіпеннем і віскам усіх галасоў свету. Здаецца, што змагаюцца паміж сабой гіганцкія ядры, перуны, гарматныя стрэлы, грымоты, што з няспынным грукатам ляцяць з канца ў канец зямлі, выюць пад ударамі бізуноў зграі сабак, крычаць катаваныя, плачуць і скардзяцца пакутнікі... Усё гэта напаўняе цёмныя прасторы пякельным шумам, але не трывожыць людзей, якія спяць пад нізкімі стрэхамі, акрытымі снежнымі коўдрамі.
І толькі, калі мароз грукае, шчоўкае і трашчыць, калі ўздыхае, усхліпвае і шэпча адліга і ў прасторах шалеюць вятры, пад адной з гэтых стрэх доўга не засынае адзін чалавек.
На пасцелі спакойна спіць, прытуліўшыся да яго боку, дзіця, а ён углядаецца ў цемру і ўслухоўваецца ў галасы прыроды. І тады часта ў глыбокай цішыні, напоўненай толькі гэтымі галасамі, чуюцца частыя ўдары кулака ў моцныя і цвёрдыя грудзі і ўмольны гарачы шэпт:
– Божа, злітуйся над ёю, грэшнай! Божа, злітуйся над ёю, грэшнай і няшчаснай!
1888
Апавяданні, нарысы
Зімовым вечарам
Яшчэ было не позна, але вельмі цёмна. На хмарным небе - аніводнай зорачкі. Вецер вірыў над самай зямлёю, слупамі ўздымаўся ўгару, шумам, енкам і свістам спяваў у глыбокай катлавіне, па дне якой праходзіў роўны, шырокі шлях замерзлай ракі. Рака з яе нізкімі берагамі і высокія адкосы катлавіны ледзь-ледзь прасвечвалі праз імглу цьмянай беллю снегу. З аднаго боку, на ўзвышшы, было зусім пуста, толькі сям-там тарчалі тонкімі рысамі дрэвы, а з другога, вышэйшага, боку па фоне цемры яшчэ чарней выступалі плямы сялянскіх двароў. Яны паблісквалі радочкам агеньчыкаў, нібы адтуль падміргвалі чырванаватыя вочы.
Над самым рэчышчам сунулася наперад постаць самотнага чалавека. На фоне цьмянай белі снегу постаць гэтая здавалася тонкай рысачкай, што хутка ўразалася ў яшчэ чарнейшую цемру. Высокія адкосы катлавіны, што ўздымаліся абапал чалавека, рабілі яго яшчэ меншым, і можна было падумаць, што гэта штосьці зусім маленькае плыве сабе па моры неабдымнай велічы. Прасторы ночы і адзіноты разліваліся вакол гэтай постаці; шумлівыя хвалі завірухі, здавалася, неслі яе па шырокім, дзікім, панурым улонні прыроды, і перад сілай яе, пагрозамі і веліччу постаць тая была кропляй, крушынкай, зярняткам пяску, каліўцам травы, якое ўпала ў бездань...
Ды так толькі здавалася, бо чалавек, што ішоў па дне той бездані, відаць, быў дужы, бо таксама, як спрытны, натрэніраваны плывец разразае ўспененыя накаты хваль, ён хутка, рашуча распорваў нізкія снежныя хвалі і вірлівыя слупы завеі. Усё, што акружала чалавека, - хоць і чорнае, дзікае, пустыннае, - не запавольвала яго хады, не рабіла яе няўпэўненай. Наадварот, штосьці папіхала яго з-заду, падганяла наперад усё мацней ды мацней. Куды? Можа, да нейкага месца ратунку ці прытулку, бачнага толькі яго вачам, што слеплі ад цемры і націску завірухі, а можа, і гэтым вачам невядомага, толькі напісанага ў цемры вогненнымі літарамі, як покліч: «Наперад! Наперад! Абы далей!»
Чалавек ішоў хутка, напрасткі, ціха, як прывід, пасоўваўся па крыху святлейшай за яго самога цемры. Часамі толькі каля ног чалавека чуўся кароткі металічны стук кія па не схаваным у снезе ўзбярэжным каменні.
Раптам чалавек спыніўся, узняў галаву ў той бок, дзе былі чорныя плямы, што цягнуліся на гары ланцугом, мільгаючы чырванаватымі агеньчыкамі. Ён глядзеў, відаць, на гэты ланцуг, а з посвістам завірухі, якая слупам узнялася з-пад яго ног, змяшаўся чалавечы стогн, поўны здзіўлення, адзін толькі працяглы гук:
– А-а-а!
Чалавек здзівіўся. Некалькі хвілін глядзеў угару, і яшчэ раз, але ўжо цішэйшы ды карацейшы покліч пачуўся з вуснаў яго паміж двух бясконца доўгіх стогнаў завірухі:
– А-а-а!
Потым ён зноў ішоў далей, аднак куды павальней, чым дагэтуль. Па рухах галавы можна было б пазнаць, з якім напружаннем чалавек глядзіць на раку, на пустыннае ўзвышша супрацьлеглай сцяны, дзе толькі зрэдку заўважаюцца тонкія рысы дрэў, як насцярожана пазірае ён на цьмянавата-белыя ўпадзіны і бугры гэтага ўзвышша, пад якім цяпер ідзе, усё больш ды больш запавольваючы хаду.
...Калісьці, у блакіце і золаце летняга дня, над гэтай ракой нахілялася яшчэ маладая сялянка ў падкасанай стракатай спадніцы, з пранікам, якім яна з лёскатам біла па шэрым палатне, прыкрытым крышталёвай плынню вады. Побач з жанчынай, на беразе, з лазовага каша, прыкрытага чырвонай хусцінай, выбіралася на свет малое мардаценькае дзіця і прагнымі вачыма пазірала на ўсеяны каменнем узбярэжны пясок, на крышталёвую плынь вады і на схіленую над вадою маці, якая, моцна стоячы на аголеных нагах, лупіла белым пранікам па шэрым палатне...
Чалавек зноў спыніўся. На ўзгорку мільгала апошнім агеньчыкам крайняя, чорная, большая за іншыя, падоўжная пляма будынкаў. Туды ішла дарога, што пачыналася ўнізе і ўсё вышэй уздымалася па адхоне, які быў менш стромы за іншыя. З аднаго боку дарогі стаялі ў цемры і ціха шумелі сосны, з другога - віліся вострыя невыразныя цені агароджы, на якую, як на парэнчы панскага ганка, снег паклаў пушыстыя падушкі.
Чалавек спыніўся. Напружана паглядзеў па дарогу, што ўздымалася ўгару. З шумам ветру, што гойсаў па нерухомым крышталі ракі, зноў змяшаўся напоўнены здзіўленнем чалавечы голас: