Яўхім Карскі
Шрифт:
У прадмове да 3-е кнігі таго-ж II тому «Беларусаў», кнігі, якая што выйшла ў 1912 г., патрыятычны сантымэнт да прадмету студыяў высказаны Карскім яшчэ яскравей словамі: «…(аўтар)… адно пра сябе можа сказаць, што працаваў з захапленьнем і любовяй да таго… народу, мову якога стараўся прадставіць: найболей з тае прычыны іжэ мя міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў — скажам словам і Ф. Скарыны, выдатнага беларускага дзеяча пачатку XIV ст.». Цытату гэтую з Скарынавае прадмовы да праскага Псалтыра 1517 году Карскі ставіць і за мотто да гэтае кнігі «Беларусаў».
Падобных, вось, выказваньняў у Карскага знойдзем і болей. Усе яны сьветчаньні самога Карскага аб тым, што навуковую працу над беларускаю моваю ён уважаў і за свой беларускі патрыятычны абавязак. Дый памылкаю было б рабіць ужо выснаў, што патрыятызм Карскага быў адэкватным, раўназначным зь цяперачы агульна принятым паймом беларускага патрыятызму.
Беларускі патрыятызм Карскага меў іншы, больш правінцыяльны харакгар, ён быў абмежаны дый быў падпарадкаваны ідэалёгіі й палітычным канцэпцыям тагачаснага расейскага вялікадзяржаўя, ці, калі ўжыць тэрмін, якім сам Карскі ў сваіх навуковых працах ня раз карыстаўся, канцэпцыі «общерусской». Дык, хоць Карскі пачуцьцёва бясспрэчна быў моцна зьвязаны з сваёй роднай зямлёю, яе прыродаю, беларускім народам, яго моваю, бытам і народнай культурай, — дый разумова ўсё гэта ён падпарадкоўваў навязанай яму расейскаю школаю й адукацыяй маскоўскай імпэрскай ідэалёгіі, і, у выніку, культуру, інтарэсы й будучыню беларускага народу ён падпарадкоўваў інтарэсам і будучыні народу расейскага.
Істоту гэтага тыпу беларускага патрыятызму, падпарадкаванага патрыятызму й інтарэсам народу іншага, пашыранага ў Беларусі асабліва ў XIX ст., а ня рэдка сустраканага яшчэ й сяньня, дужа трапна азначыў расейскі вучоны й беларусавед А. Пыпін, які яшчэ ў апошняй чвэрці XIX ст. такі патрыятызм сфармуляваў гэткімі словамі (цытуецца з парафразай — аб чым ніжэй):
…у мясцовым патрыятызьме адбылося даволі дзіўнае спалучэньне вельмі разнародных элемэнтаў: патрыятызм гэты быў беларускі, дый істота яго была расейская. Ён быў беларускі па каханыіі да тэрытарыяльнае бацькаўшчыпы дый яе пэйзажнага й бытавога навакольля, але ўсё жыцьцё самога беларускага народу разумелася з чыста расейскага гледзішча, народ гэты іграў ролю толькі служэбную; ягоны бытавы склад, ягоная паэзія, не маглі чакаць якогаколечы свайго самастойнага разьвіцьця й павінны былі служыць толькі да ўзбагачэньня расейскае літаратуры й паэзіі, як сам народ павінен быў адчуваць у сабе расейскую нацыянальнасьць, у складзе якой ён уважаўся (Белорусская этнография // Вестник Европы. Июнь 1887 г. Бач. 296).
У арыгінальнай фармулёўцы Пыпіна ў гэтай цытаце ўсюды на месцы словаў «расейскі» стаіць слова «польскі», бо гаварыў Пыпін гэта пра беларускую інтэлігенцыю XIX ст. польскае культуры й арыентацыі. Тым ня менш яна вельмі трапна ўхоплівае й істоту беларускага патрыятызму інтэлігенцыі арыентацыі й культуры расейскае, г. зв. западнарускай, да якое належаў Карскі.
Што ў выпадку Карскага маем справу з гэткага тыпу беларускім патрыятызмам, патрыятызмам, падпарадкаваным інтарэсам расейскага народу, пра гэта жыцьцяпіс Карскага дае нам даволі пацьвярджальных фактаў. Асабліва яскрава пагляды Карскага на нацыянальныя справы беларускага народу выявіліся ў пазьнейшыя гады ягонага жыцьця, калі гістарычныя падзеі сканфрантавалі яго, і ня раз, зь беларускім патрыятызмам шырэйшага разуменьня, патрыятызмам сувэрэнным, патрыятызмам не абмежаным інтарэсамі народу іншага.
Што да агульнае ідэалёгіі дый сьветапагляду Яўхіма Карскага, дый трэба сказаць, што хоць ён і быў «обшчэрусам» зь перакананьня, але па сваім палітычным настаўленьні да чарнасоценцаў ня прымыкаў. Быў ён затое заўсёды вельмі ляяльным да ўладаў царскага рэжыму й дзеля гэтага меў у гэтай улады давер, аб чым добра сьветчаць тыя высокія адказныя становішчы, якія ён ад яе даставаў, як, для прыкладу, рэктарства Варшаўскага ўнівэрсытэту, як камандыроўкі за межы імпэрыі, а разам і тыя матар'яльныя дабрадзействы дый ласкі, якімі яго гэтая ўлада шчодра асыпала.
Што й казаць — Карскі, этнічны беларус, што добра сабе ўсвоіў афіцыяльную «обшчэрускую» ідэалёгію, і пры тым быў здольным рэпрэзэнтацыйным навукоўцам, — быў асобаю вельмі карыснаю царскай уладзе, як добры ўзор такога ідэальнага ўслужлівага падданага з інародцаў, якімі Масква жадала сабе бачыць і ўсіх іншых.
Разгляды Карскага беларускіх этнаграфічных зборнікаў і старых моўных памятак, разгляды й на адпаведнай навуковай вышыні, і, адначасна, і з сталаю арыентацыяй на «обшчэрускія» канцэпцыі дый з сталымі намаганьнямі як найцясьней увязаць беларускую мову з моваю расейскаю ў сучасным, мінулым і на будучыню, выклікалі, зразумела, толькі задавальненьне навуковых органаў рэжыму, якія за гэта й не шкадавалі яму нагародаў, ганаровых адзначэньняў, залатых мэдалёў. Справа іншая, што, як паказала гісторыя, у канцавым выніку навуковая праца Карскага прычынілася куды больш да выяўленьня арыгінальнае самабьггнасьці беларускае мовы, чым да збліжэньня яе з моваю расейскаю.
За аснову сьветапагляду Карскага, побач ягонага «западнарусізму» ў нацыянальнай плошчы, трэба ўважаць сьветагляд пашыраны сярод інтэлігенцыі Расейскае імпэрыі канца XIX ст., сьветагляд тыпу лібэральна-дэмакратычнага, дый з пачуцьцёва-сэнтымэнтальным народніцкім падыходам да народу, да яго жыцьця, быту, культуры й сацыяльнае долі. У сьветаглядзе Карскага ў пачатковую пару ягонага жыцьця й навуковае дзейнасьці гэтая народніцкая пачуцьцёвая афарбоўка выразна выступае.
Пераходзячы да справы стаўленьня Карскага да беларускага нацыянальнага адраджэньня, характэрная вельмі ўжо ягоная заўвага аб Багушэвічавай прадмове да «Беларускай дудкі». Сам
Карскі адзначае, што прадмова гэтая мела вельмі важнае значэньне ў беларускім нацыянальным адраджэньні, бо яна была тым штуршком, які надаў палітычны імпэт нарастаючым ужо й так сілам беларускага руху. Пра гэтую прадмову Карскі вось што кажа: «„Pradmova“ написана довольно ловко… несомненно з целью вызвать смуту в русском семействе…» (Б., I, 451). Пад прыведзенымі словамі Бурачка-Багушэвіча мог-бы падпісацца кажны беларус. Дый у выпушчаных мною мясцох яўна вызіраюць сэпаратыстычныя імкненьні аўтара: «…імкненьне аддзяліць беларусоў ад вялікарусаў, разьвіць палітычную эманцыпацыю, з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» (Б., III, 3, 153).
Сэпаратызм з гэтае прадмовы, пэўне-ж, вызірае запраўды, і моцна, дый зь беларускага гледзішча гэта быў аніякі грэх. Затое жаданьне пасяліць нацыянальную варажнечу ў прадмове аніяк ня відаць. У гэтым Карскі чамусьці недакладны. Затое ўражвае, што Карскаму не падабаецца й тое, што Багушэвіч, паводле яго, хоча «разьвіць палітычную эманцыпацыю» беларускага народу. Карскі-ж, хоць сябе называў беларусом, гэтага аднак-жа свайму беларускаму народу не жадае, бо словы «з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» яўна найперш датычаць самога Карскага.
Паяву «Нашае Нівы», яе дзейнасьць дый ідэалёгію Карскі, выглядае, сустрэў наогул даволі прыхільна, хоць і не безь некаторай асьцярожнасьці дый засьцярогаў. «Нашу Ніву» ён характарызуе гэтак (Б., III, 3, 163):
«Наша Ніва» паставіла сабе за мэту будзіць сьвядомасьць беларусоў, і з гэтага гледзішча зроблена ёю ня мала. Яна без замінкі кажа беларусом-каталіком, што яны не палякі, дый адначасна недастаткова ясна падчырквае, што яны такая-ж галіна рускага народу, як і вялікарусы й маларусы: калі ўжо пашыраць у народзе сьвятло навукі, дык у паўніні, а не аднабакова. Добры бок «Нашае Нівы» і той, што яна высьцерагаецца пад'юджываньня аднае народнасьці супроць другое… падыходзячы да іх зусім бесстаронна. У гэтым выпадку яна правільна падцеміла аснаўную рысу беларускага характеру — згоднае сужыцьцё з усімі. Адна рэч, здаецца, не гарманізуе з прынятым газэтаю тонам, гэта — крыху халоднае стаўленьне да галоўнае народнасьці ў дзяржаве… (Таксама) без патрэбы лішне шмат месца адводзіцца ў газэце для народу паведамленьням пра адмоўныя бакі расейскага жыцьця…
Дык «Нашай Ніве» Карскі выказвае й словы пахвалы, і свае дакоры. Дакоры за яе «холад» да пануючага расейскага народу дый што яна «недастаткова ясна падчырквае», што беларусы «такая-ж галіна рускага народу, як і вялікарусы й маларусы». У гэтых дакорах дастаткова выяўляецца й галоўная ідэалягічна розьніца «западнорусское» пазыцыі Карскага ад нацыянальна-незалежніцкае пазыцыі рэдакцыі «Нашае Нівы». Нягледзячы на сваё адмоўнае становішча да — як гэта Карскі вельмі акадэмічна назваў — «палітычнае эманцыпацыі» беларускага народу, на Ўсебеларускі Кангрэс у Менску ў сьнежні 1917 году ён усё-ж зьявіўся. У часе Кангрэсу Карскі чытае цэлы чарод лекцыяў пра прастор дый межы Беларусі, пра беларускую мову дый літаратуру, і прэзэнтуе сваю нанава перагледжаную «Эгнаграфічную карту беларускага племені». Аб мэтах перапрацаваньня дый перавыданьня гэтае карты ў гэтым акурат часе, сам Карскі пазьней, у 1925 годзе, у артыкуле «Беларуская філялёгія за апошніх дзесяць гадоў» (друкаваны ў «Zeitschrift fur Slavische Philologie») пісаў: