Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Яўхім Карскі

Вiтаўт Тумаш

Шрифт:

Апошняя друкаваная праца Карскага з галіны беларускае моваведы — гэта артыкул «Червенский говор», друкаваны ў рэдагаваных ім «Известиях по русскому языку и словесности АН СССР» у 1930 г. Гэта быў моваведны разгляд «Краёвага слоўніка Чэрвеншчыны», складзенага Шатэрнікам, а апублікаванага Інстытутам Беларускае Культуры ў Менску.

У тым-жа годзе Карскага, семдзесяцілетняга хворага старэчу, арыштоўвае дый садзіць у вязьніцу ГПУ, закідаючы яму прыналежнасьць да антысавецкіх арганізацыяў. Колькі месяцаў пазьней, 29 красавіка 1931 году, Карскі памірае.

Пастановай ураду БССР імя Я. Карскага прысвоена Гродзенскай абласной бібліятэцы і Лашанскай сямігодняй школе. Адна з вуліц Гродна названа імем Карскага. 15.1.1961 г. адбылася сэсія аддзяленьня грамадзкіх навук АН БССР у Менску. Даклады чыталі Суднік, Жураўскі, Бырыла, Цімашэнка, Мартынец.

Апрача моваў славянскіх Карскі знаў добра мовы грэцкую дый лацінскую, ведаў і санскрыт, але, што ў беларускай моваведзе асабліва важна, ня знаў балцкіх моваў.

Навуковая спадчына

Карскі пакінуў па сабе больш 800 працаў, артыкулаў, зацемак, рэцэнзыяў. Бальшыня ягоных працаў арыгінальных прысьвечаная беларусаведным пытаньням. З тэматычнага гледзішча працы Карскага можна падзяліць на:

1. Працы моваведныя

2. Працы ў галіне беларускае этнаграфіі й фальклёру

3. Працы з гісторыі беларускае літаратуры

4. Працы зь беларускае палеаграфіі

5. Манаграфію «Беларусы»

6. Працы ў небеларусаведных галінах

1. Працы моваведныя

Да гэтае трупы належыць найбольшы лік беларусаведных працаў Карскага. Яны зьяўляюцца й найважнейшымі з навуковага гледзішча спасярод усяе навуковае спадчыны Карскага. У выдадзеным у мінулым годзе ў Менску Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэтам «Бібліяграфічным указальніку літаратуры па беларускаму мовазнаўству», складзеным М. А. Жыдовічам, Я. М. Рамановічам і А. К. Юрэвічам, які прэтэндуе на паўніню і падае 1864 пазыцыі, працы Карскага абыймаюць больш 100 пазыцыяў, што дае — яшчэ й 30 гадоў пасьля сьмерці Карскага — больш 5 % усіх працаў.

Сваю павуковую працу над беларускаю моваю Карскі распачаў яшчэ на Нежынскім Інстытуце й вынікі яе даў у публікаванай у 1885 г., годзе сканчэньня гэтага Інстытуту, кнізе «Обзор звуков и форм белорусской речи». Праца гэтая спачатку друкавалася ў «Известиях Историко-филологического Института в Нежине». Пазьней выйшла яна ў Маскве й асобнаю адбіткаю-кніжкаю памеру 170 бачынаў. У працы гэтай Карскі намагаецца зарэгістраваць, апісаць ды склясыфікаваць галоўныя фанэтычныя й марфалягічныя прыкметы беларускае мовы. У ей распрацаваньне навуковае граматыкі беларускае мовы — тое, што ў практычна-навучальнай форме падручніка беларускае граматыкі было, на аснове працаў таго-ж Карскага, пазьней складзена й выдадзена Тарашкевічам толькі ў 1918 г. у ягонай «Беларускай граматыцы для школ».

Паява гэтае працы Карскага была важнаю падзеяй у галіне беларускае моваведы, што зразумеем, калі будзем мець на ўвеце, што да яе паявы, калі ня лічыць дробных выказваньняў і зацемак, існавалі толькі дзьве невялікія навуковыя працы ў гэтай галіне — заўвагі К. Аппеля «О белорусском наречии» з 1880 г. і крыху большая праца І. Недзяшова «Исторический обзор важнейших звуковых и морфологических особенностей белорусских говоров», што выйшла ў 1884 г., усяго на год раней перад працаю Карскага. Рэцэнзыю на гэтую працу пісаў расейскі мовавед Сабалеўскі, была яна прыхільная аўтару, але Сабалеўскі зьвярнуў увагу й на адну нястачу гэтае працы: яна давала толькі статычнае апісаньне тагачаснае народнае беларускае мовы, яе «гукаў і формаў», а амаль зусім не кранала эвалюцыйнага гістарычнага разьвіцьця гэтых «гукаў і формаў». У працы сваей Карскі амаль зусім ня браў пад увагу пісьменных памятак старое беларускае мовы; апіраўся ён вылучна на сучасныя яму фальклёрныя запісы ды сваю собскую веду беларускае народнае мовы.

Карскі зразу-ж прыступае да пастараненьня гэтай заганы. Будучы яшчэ настаўнікам гімназіі ў Вільні, ён бярэцца за вывучаньне старое беларускае літаратурнае мовы на аснове рукапісных ды друкаваных памятак, галоўна Віленскае Публічнае Бібліятэкі. У выніку ўжо з 1890 г. у РФВ пачынае друкавацца ягоная другая грунтоўная праца ў галіне беларускае моваведы — праца пад назовам «К истории звуков и форм белорусской речи». Друк гэтае працы быў закончены толькі ў 1893 г. Тадыж яна выйшла й асобнаю адбіткаю, але ўсяго ў 50 экзэмплярах, дзеля гэтага ў сваім кніжным выданьні яна сяньня вялікая бібліяграфічная рэдкасьць. Як сам загаловак паказвае ў працы — гэта гістарычнае апісаньне разьвіцьця беларускіх фанэтычных і марфалягічных зьяваў. Абедзьве гэтыя працы былі прынятыя як дысэртацыі падчас ягонага магістэрскага экзаміну на Варшаўскім унівэрсытэце ў тым-жа 1893 г.

Карскі аднак-жа не здавольваецца й гэтым «гістарычным» пашырэньнем вывучэньня беларускае мовы. Ён далей паглыбляе сваю веду ў гэтай галіне, працавіта рэгіструючы ўсе моўныя факты і зь беларускіх этнаграфічных зборнікаў, якія ў тым акурат часе адзін за другім паказваюцца, і адначасна ды паралельна з усё новых пісьменных памятак старое беларускае мовы. Не давяраючы перадрукам, у сваей дасьледнай працы ён заўсёды намагаецца апірацца на арыгіналы, і, асабліва, — на рукапісы. Вывучаньне рукапісаў і нашых старадрукаў ён праводзіць у бібліятэках Вільні, Масквы, Пецярбургу, Варшавы, Кіева, Слуцку.

Вынікам гэтае працы яшчэ ў 1893 г. ў «Журнале Министерства Народного просвещения» друкуецца «Два памятника старого западнорусского наречия», дзе разгледжаныя Лютэранскі катэхізыс Сымона Буднага з 1562 году і Каталіцкі катэхізыс з 1585 году. За год, у 1894 г., у «Варшавские Университетские Известия», а посьле і асобнаю адбіткаю, друкуецца новая праца «О языке так называемых литовских летописей», дзе разглядаецца падрабязна мова трох літоўскіх летапісаў, паводле прынятае ў моваведных досьледах Карскага сыстэмы: перш даецца палеаграфічнае апісаньне памятніка, посьле ідзе яго аналіза з фанэтычнага, марфалягічнага, сынтаксычнага ды лексычнага гледзішча.

Яшчэ ў 1893 г., адразу пасьля здабыцьця магістэрскае ступені, Карскі пачынае грамаджэньне матар'ялаў і да вялікае працы «Западнорусские псалтыри в XV–XVI вв.». У ей разгледжаная мова 8-мі старабеларускіх рукапісных і 10-ці друкаваных псалтыроў. Праца гэтая была ягонаю дакторскаю дысэртацыяй і друкам паказалася ў 1896 г. велічынёю 444 бач. друку. Адначасна, у тым-жа годзе публікуе ён і свае разгляды двох старабеларускіх рукапісных зборнікаў з XV і XVI ст.

Калі пералічаць важнейшыя меншыя працы Карскага ў галіне беларускае моваведы, адцеміць гэта трэба «Особенности письма и языка рукописного сборника XV в. именуемого Летописью Авраамки» з 1899 г.; «Западнорусские сказания о Сивилл-пророчице по рукописи XVI в.» (з 1898 г.). З пазьнейшых працаў у галіне вывучэньня старабеларускай літаратурнай мовы трэба адцеміць «Западнорусский ярлык хана Золотой Орды Тахтамыша к польскому королю Ягайлу 1392–1393 г.» РФВ 1916 ды «К истории белорусского языка в XVI ст.», публікаваная ў «Известия Отделения Русского языка и Словесности АН СССР», т. III, кн. 1, 1930 г., у якім разгледжаная мова «Триоди цветной» XVII ст. паходжаньня з Чарнігаўскага Палесься.

Даў Карскі працы й у галіне беларускае дыялекталёгіі. Гэтак у 1895 г. друкуе працу «Белорусское оў на месте ал — ав» (казоў, доў). У наступным 1896 г. працу «Некоторые редкие особенности белорусского наречия в Сокольском уезде Гродненской губернии».

У 1897 г. з даручэньня Отделения Русского языка и Словесности Расейскай Акадэміі Навук Карскім была складзеная «Программа мя собирания особенностей говоров белорусского наречия». Праграма гэтая была перапрацаваная й нанава выдадзеная ў 1916 г. Колькі дзесяткоў прысланых адказаў на гэтую праграму былі пазьней друкаваныя ў выданьнях Расейскай АН і розных іншых публікацыях дый далі значную колькасьць важнага фактычнага матар'ялу для вывучэньня беларускае мовы й яе гаворак. На аснове часткова іх Карскі ў 1901 г. у РФВ публікуе свае «Заметки по белорусским говорам».

Поделиться с друзьями: