ЖАНРЫ

Замалёўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Коля, пасля партызанскага параду, адпрасiўся ў камандзiра на дзень, каб даць вестачку родным, што жывы, яшчэ здольны моцна трымаць у руках зброю...

Даўно няма ў жывых Колi, пайшла з жыцця i мама, а я, з году ў год, кожны раз, едучы ў Карпiлаўку, адчуваю шчымлiвасць у сэрцы ля таго святога для мяне месца.

ПАГОНЯ

Калi мяне на досвiтку расштурхаў i падняў з пасцелi мой брат Коля, я, прадзёршы вочы, i не думаў, што праз якую гадзiну-дзве стану ўдзельнiкам надзвычай хвалюючага, небывала захапляючага здарэння, якое смела можна назваць пагоняй.

Як вы думаеце, для чаго старэйшы брат падняў з пасцелi такую мелюзгу, як я, у час, калi нават сонца яшчэ не думала ўставаць? Няўжо я такi важны работнiк, што без мяне - i сонца не ўстане? Ды не! Мой брат ведаў, што рабiў! Ёсць справы, у якiх такiя смаркатыя, як я, - незаменныя асобы. Вось гэтым раннiм ранкам якраз i гатавалася такая справа...

Я апрануўся i, пазяхаючы пасля сну ды паляскваючы зубамi ад холаду, пасунуўся ўслед за братам туды, дзе ўжо гарэў агонь пад бочкай, у якой пачынала пабулькваць i барматаць брага. Убачыўшы агонь, я павесялеў i прыбадзёрыўся. Тут мне брат i кажа:

– Глядзi, каб увесь час агонь не зводзiўся, але каб занадта i не "накiдваўся" на брагу, бо яна падгарыць, - тады самагонку ў рот не возьмеш, i сам "растаў" у цемры - пайшоў даглядацца...

Што тут можна сказаць - справа дасталася мне адказная, для майго ўзросту ледзь не пасада дырэктара спiртзавода. Мала таго што я падкiдваў паленцы пад бочку з брагай - дык яшчэ i мяняў бутэлькi пасля таго, як накапвала з трубачкi, з якой звiсала ўкладзеная кудзеля - гэта дзеля таго, каб каштоўная вадкасць трапляла ў рыльца бутэлькi...

Мушу вам зараз шчыра прызнацца, што хоць i быў я малы, але наслухаўся ад дарослых пра пяршак, пра ягоны смак, моцнасць i вартасць.

Я i сёння кiлiшачак першачку не прамяняю нi на якiя французскiя каньякi...

Вось тады, ледзь толькi напоўнiлася першая бутэлька, я i "памачыў" язык не ўтрымаўся. Не скажу, што малы хлапец адчуў нейкi там смак, але, згадзiцеся, быць "гаспадаром" такога абсталявання i не зняць пробы - гэтага я не мог дапусцiць...

Сонейка ўжо ўсплыло над лесам, галава мая таксама паплыла невядома куды, сам я сядзеў i пароў кiёчкам у агонь, забыўшыся нават, як мяне зваць... Цiш! Спакой! Любата!..

Раптам у гэтую iдылiю ўварваўся востры, пранiзлiвы парасячы пiск. Мяне падкiнула з таго месца, дзе я спакойна сядзеў i займаў адказную пасаду. Мяне не проста падкiнула, а нейкая сiла панесла на той адчайны пiск. Усё здарылася так хутка, што я i мiргнуць не паспеў...

Вылятаю з-за куста на луг i бачу, як за маленькiм нейчым парсючком iмчыць велiзарны воўк. Яшчэ iмгненне - i воўк схопiць парсючка! Я, не спыняючы свайго алюру, як кiнуўся да ваўка, як свiснуў, як раўнуў, той - зiрк у мой бок ды ад нечаканасцi i майго "пасляпершаковага" нахабства - скок у кусты i знiк.

Толькi тады я супынiўся i апамятаўся. З жахам прыкiнуў, што воўк быў большы за мяне i, каб не "фактар нечаканасцi", - уцякаў бы я ад ваўка, як той парсючок.

РЭКОРД ДЛЯ КНIГI ГIНЭСА

У Будах мы жылi да пяцiдзесятага года. Можа, жылi б i болей, але калгасны трысцень дапарахнеў, стаў развальвацца, i тата пачаў шукаць новае прыстанiшча, хоць якi дах над галавой.

Дапамаглi сваякi, што жылi каля Менска, яны параiлi пераехаць у калгас "Мядзвежына". (Сёння - гэта вулiцы К.Лiбкнехта, Р.Люксембург, Купрыянава, Харкаўская i iншыя.) Тады горадам тут i не пахла. З гэтага боку горад пачынаўся ад вулiцы Мяснiкова, па якой хадзiў трамвай.

Пераехалi мы ў гэты калгас i пачалi жыць у будынку Мядзвежынскага сельскага Савета. Займалi мы маленькую яго частачку, бо ў адной палове размяшчалiся супрацоўнiкi сельсавета, у другой - сельскi клуб. Будынак быў цагельны, вялiзны, няўтульны i нязграбны, стаяў пасярод поля, як тычка - нi дрэўца, нi кусцiка.

Тата прыбудаваў да ўвахода нешта з дошак - цi то ганак, цi то хлеў, бо злева, як iдзеш у хату - стаяла карова, а справа - кладовачка была.

Па даху гэтай прыбудовачкi добра было лазiць на гарышча - на столь, дзе я любiў гуляць у розныя гульнi, адкуль было вiдаць усё наваколле.

Лазiў сюды i мой, крыху старэйшы, брат Косцiк... Залез ён аднаго разу, а я ўнiзе ў пяску корпаюся...

Раптам з дзвярэй, дзе размяшчаўся сельсавет, вылецеў, як бура, старшыня гэтага Савета, трасе кулакамi i "гне" такiх мацюкоў, што - жах!

Падскочыў да мяне i задраў галаву туды, адкуль Косцiк ужо звесiў адну нагу i збiраўся саскочыць на дах прыбудовачкi.

– Каб табе зарвала! Каб ён у цябе апух! Злезеш - я табе галаву адкручу, басяк!
– аж зелянее ад злосцi старшыня.

Косцiк, не будзь дурнем, хуценька падняў тую нагу, што звесiў, i знiк туды, адкуль збiраўся вылезцi.

Гаспадар гэтага будынка пакрычаў, пакiпяцiўся ды i пайшоў у свой кабiнет...

Аказваецца, Косцiк, будучы на гарышчы, не стрымаўся i памачыўся там, а тая яго "вадзiчка" працякла праз столь i...
– старшынi сельсавета на стол, на дзяржаўныя паперы...

Ну, Косцiк! Ну, вырвус! Гэта ж трэба так патрапiць, хоць i ненаўмысна!

Цi знойдзецца ва ўсiм свеце яшчэ адзiн чалавек, якому давялося памачыцца на стол самому старшынi сельскага Савета?

I ЗМЯЯ МЯНЯЕ СКУРУ

Паўзём мы неяк з сябрамi па калгасным полi, на якiм расце морква. Паўзём, ад вартаўнiка хаваемся, морквай ласуемся. Выцягнеш з зямлi морквiну, абскрабеш яе кавалачкам шкла i хрумсцiш, як той заяц...

Толькi пачалi выпаўзаць назад, як чую, што са мной нешта здарылася. Паўзцi-то паўзу, але нешта мне не падабаецца... I раптам - якi жах!
– адчуваю, што згубiў штаны. А пад штанамi, акрамя цела - нiчога! Як яны маглi з мяне звалiцца? Як я гэтага ў азарце не заўважыў?.. Раблю разварот - i паўзу назад, на пошукi прапажы. Нарэшце бачу - ляжаць, родненькiя! Падпаўзаю i прыкiдваю, як я iх буду лежачы апранаць. Бяру iх у рукi... i нiчога не разумею. Гэта мае штаны? Так, мае!.. Цi гэта не мае штаны? Не, не мае!.. I пазнаю, i не...

Бедныя мае штаны!.. Я i сёння больш усяго на свеце шкадую, што не захаваў iх, як сведку тых пакутаў, той галечы...

Сёння словы - нiшто ў параўнаннi з тым, што маглi б убачыць вашы вочы бясконцая колькасць лацiн, аджыўшых свой век, многаслаёва налепленых адна на другую, даўно сапрэлых, якiя з апошнiх сiл учапiлiся гнiлымi нiткамi за спарахнелую тканiну...

Але цi маглi яны быць iншымi, тыя штаны? Яны ж "вандравалi" ад старэйшага брата - да крыху малодшага, ад малодшага - да яшчэ меншага, пакуль не дайшла чарга да мяне - самага маленькага ў сям'i... Цаны тым штанам не было!..

Поделиться с друзьями: