Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
Калі скончыўся пралёг, і зачынілася заслона, толькі некалькі ціхіх аплёдысмэнтаў пачулася ў залі — факт нябывалы ў практыцы шапялёўскага тэатральнага жыцьця. Звычайна ў Шапялёўцы пляскаюць усякаму, хто выступае. А нам не зрабілі гэтай ласкі, бо ўся публіка была вельмі шакіравана, пабачыўшы нашы голыя «лыткі, ляшкі, грудзі і дзіўныя рухі» (літаральна-сказаныя словы).
Тут і адбыўся фінал маёй Шапялёўскай дзейнасьці. На сцэну, дзе былі мы ўсе, узьляцеў абураны сакратар і запытаў у мяне:
— Хто даў дазвол ставіць гэтую брыду? Хто аўтар?
Я ня стрымаўся. Мяне абурыў тон. З гонарам:
— Калі вас цікавіць гэта пытаньне, зайдзеце сюды праз паўгадзіны, і я адкажу вам. А цяпер трэба рыхтаваць першы акт.
— П'есу трэба зьняць, каб ня было потым...
— П'есу дазволіў паставіць я. Я райліт і адказваю за свае крокі.
— У такім разе я настойваю, каб п'есу спынілі...
— Я гэтага не зраблю...
На мой бок стала Соша-Доша і з усім сваім інтрыганцка-жаночым талентам кінулася на сакратара, шпігуючы яго невуцтвам.
Гэтага ён сьцярпець ня мог, абурана пакінуў сцэну, а празь пяць хвілін зьявіўся ўпаўнаважаны й арыштаваў мяне.
Але гэта не зламала мае энэргіі.
На другі дзень я даведаўся, што на пасяджэньні прэзыдыюму РВК мяне за нетактоўныя паводзіны зьнялі з працы. Гэта абурыла мяне. Я напісаў у РВК, што, лічачы гэту пастанову няправільнай, я абвяшчаю галадоўку. Сакратар назваў мой учынак «нябывалым у савецкіх умовах выбрыкам».
Ініцыятары маёй ліквідацыі перапалохаліся і накіравалі мяне ў вакругу.
Там добра высьветлілі маю публіцыстычную і культурную дзейнасьць і перавялі мяне ў вакруту на больш адказную працу, як вытрыманага, непалахлівага працаўніка, а сакратару зрабілі вымоўку.
Соша-Доша доўга ня ведала, да каго сьхіліцца. Пасьля доўгіх хістаньняў яе дзіцячыя вочы ўсьміхнуліся сакратару, а галоўка прытулілася да яго пляча.
Так скончылася мая Шапялёўская дзейнасьць.
Менск, 31.07.1929 г.