Здрадлівая жонка
Шрифт:
Ніводзін подых, ніводзін гук, апроч рэдкага прыглушанага парыпвання камення, якое ад холаду ператваралася ў жвір, не парушалі самоты і цішыні, што атулялі Жанін. Але ў наступнае імгненне ёй падалося, што неба, быццам уцягнутае ў нейкі марудны, цягучы карагод, пачынае кружыцца над яе галавою. У глыбінях сухой і халоднай ночы нястомна ўспыхвалі тысячы зор, і іх зіхатлівыя ледзяшы, адразу сарваўшыся, неўпрыкмет пачыналі слізгаць да лініі гарызонту. Не могучы звесці вачэй, Жанін назірала за гэтымі зыркімі іскрамі, якія некуды несла невядомаю плынню. Яна таксама пачынала кружыцца з імі, і гэты нерухомы бег паступова падводзіў яе да самых нетраў яе ўласнае існасці, у якой цяпер ішла барацьба паміж прагным жаданнем і холадам. Зоры, адна за адной падаючы ў яе на вачах, пагасалі сярод камянёў пустэльні, і з кожным разам Жанін усё больш раскрывала сваю душу ночы. Яна дыхала, забыўшы пра холад, пра цяжар быцця, пра бессэнсоўнасць ці ўстыласць свайго існавання, пра тужлівую трывогу жыцця і смерці. Пасля ўсіх гэтых гадоў шалёных уцёкаў ад страху, калі яна бегла без мэты, сама не ведаючы куды, яна нарэшце спынілася. I у той жа час ёй падалося, што яна набыла свае карані, і жыццёвыя сокі зноў напаілі яе сасмяглае цела, якое больш не дрыжала. Прыціснуўшыся жыватом да парапета, уся падаўшыся ўперад да рухомага неба, яна толькі чакала, калі суцішыцца яе ўсхваляванае сэрца і ў ёй усталюецца поўная цішыня. Апошнія блясткі сузор'яў звесілі свае гронкі яшчэ ніжэй над даляглядам пустэльні і знерухомелі. І тады воды начнога змроку з невыцерпнай лагодай пачалі напаўняць Жанін, заліваючы сабой холад. падымаючыся паступова ад цёмных прадонняў яе істоты, пакуль урэшце не хлынулі бясконцым патокам, пераліўшыся цераз край і сарваўшыся з вуснаў разам ціхімі енкамі. У наступнае імгненне ўсё неба расчынілася па-над ёю, распасцёртай на спіне на халоднай зямлі.
Калі Жанін з тымі ж перасцярогамі вярнулася ў нумар, Марсэль па-ранейшаму спаў. Але нешта буркнуўшы, калі яна клалася побач, праз хвіліну нечакана ўсхапіўся ў пасцелі. Ён штосьці загаварыў, але яна нічога не зразумела. Тады ён устаў, запаліў святло, якое поўхай сцебанула яе па твары, і, хістаючыся ўзад і ўперад, пабрыў да ўмывальні. Ён доўга хлябтаў мінеральную ваду з бутэлькі, што стаяла ля ракавіны. І калі ўжо збіраўся залезці пад коўдру, раптам застыў, стоячы адным каленам на ложку і ўтаропіўшыся на жонку неўразумелым позіркам. Яна плакала, заліваючыся слязьмі, без сілы стрымацца.
— Нічога, мой дарагі, — казала яна,— нічога, гэта я так.