Жалезныя жалуды
Шрифт:
Ен памкнуўся рукою да сваёй загарэлай расхлістанай грудзіны. Меднік, як уджалены пчалою, ірвануўся ад калекі. Натоўп зарагатаў.
Валасач, задаволены сабою, старанна абгрыз костку, высмактаў з яе мозг, потым шпурнуў сабакам. Тыя пакаціліся клубком, толькі пыл закурэў.
— Нельга есці мазгі жывёліны, бо дурнем будзеш, — рашуча прабіўшыся праз натоўп, сказаў Валасачу Някрас.
— Княжычы прыйшлі,— усклікнуў калека. Здавалася, што ён вельмі ўзрадаваўся. Ен выцер сухім кулаком губы, потым растапыранай пяцярнёй пачаў шкрэбці сваю грудзіну. Далёка не кожны асмеліўся б рабіць такое ў прысутнасці княжычаў. Някрас грэбліва зморшчыўся, чмыхнуў носам, сказаў:
— Балотам смярдзіш… Мы ў Новагародку не любім такіх. Трэба загадаць нарэзаць свежай лазы, спусціць табе парткі і даць добрага прачуханца, добрую лазню. Згодзен на такое?
— Лёгка ўсё бяззбройнае, голае падпарадкоўваецца зброі,— усміхнуўся ў адказ Валасач. Новагараджане, што заціхлі пры з'яўленні княжычаў, навастрылі вушы. Дзіўныя словы гаварыў гэты прыхадзень, гэты былы вяшчун.
— І ці далёка ты хадзіў за Нёман? — стрымліваючы злосць, спытаў Далібор. Ен глядзеў на тоўстых мух, якія віліся над галавою калекі, глядзеў з агідай.
— На слабога каня болей мух садзіцца, — перахапіўшы ягоны позірк, прамовіў Валасач. — А хадзіў я далёка, ой далёка. Асабліва, калі маладзейшы быў і дзве нагі было. Пабачыў зямліцу. Вялікая яна, аж да мора. А за тым морам народ-жабаед жыве. Жаб травяных есць, як мы ялавічыну.
Пры гэтых словах усе новагараджанкі і некаторыя з мужчын зморшчыліся.
— Вялікая зямля, — вёў сваё Валасач. — Лясоў, балот-дрыгавін уга колькі. Быў я ў аўкштайтаў у градзе Кернаве, быў я ў літоўскага князя Мяндога, які ў сваёй Варуце ў лясах каля ракі Руты сядзіць.
— У кунігаса Міндоўга быў? Які ён? — хуценька запытаўся Далібор. Голас у княжыча ўздрыгнуў, і ўсе заўважылі гэта. Але княжыч і не хаваў сваёй усхваляванасці. Апошнім часам і ад бацькі, князя Ізяслава, і ад новагародскіх баяр і купцоў неаднойчы чуў ён гэта імя: Мяндог… Міндоўг… Нешта ад глухога яловага лесу, над якім стогне навальніца, было ў гэтым слове.
— Калі твой дзед, князь Васіль, знішчыў наша капішча, пайшоў я з надзейнымі людзьмі на ўсход ад Наваградка, — з ахвотаю пачаў расказваць Валасач. — Там у пушчах літва сядзіць. Чаму да літвы пайшоў? А куды яшчэ ісці было? Не да нямчынаў жа, што прусаў у рабстве чорным трымаюць і на жамойтаў пруць. І ў Пінеск або Галіч ісці не выпадала — там татары, як крумкачы-мертваклюі, кружыліся. Пайшоў я да літвы. Пайшоў таму, што народ гэты і тварам і звычаем на нас падобны. І веру дзядоў-прадзедаў яны моцна шануюць. У іх Пяркунас. У нас Пярун.
— У нас Хрыстос, — рашуча сказаў Далібор.
— Няхай сабе будзе і ён, — адразу згадзіўся Валасач, не панізіўшы і не павысіўшы голас. — Але я са сваімі людзьмі пайшоў да Пяркунаса святы агонь, святы зніч паліць. Пайшоў да святых дрэў, да зялёных дубоў.
— Цябе самога трэба спаліць, як струхлелы корч, — перапыніў яго Някрас.
Былы вяшчун пільна зірнуў на прыгожага княжыча, нешта шапнуў сам сабе.
— Што шэпчаш? — уз'юшыўся Някрас.
— З Перуном размаўляю, — адказаў Валасач.
— Брудны абрубак! — закрычаў светлавалосы княжыч і затупаў нагамі.— Гэта Хрыстос цябе пакараў! Глеб, — звярнуўся ён да брата, — пойдзем да бацькі, возьмем дружыннікаў, каб гэтага цемрука зашылі разам з яго блявоцінай у мяшок і ў Нёман завалаклі. Не! У суседняе балота, бо ў Нёмане вада гніць пачне.
Ен наўмысна прыпомніў хрысціянскае імя брата — Глеб, хоць у цераме, дома, звычайна зваў яго Даліборам. Далібору край як хацелася даведацца пра кунігаса Міндоўга, неахвотна згадзіўся ён з малодшым братам, памкнуўся за ім, але былы вяшчун працяў Далібора вострым позіркам, павольна расчэпліваючы губы, сказаў:
— Як ты ні старайся, ніколі не зможаш змяніць колер сваіх вачэй.
Дзеля чаго сказаў ён такія словы? Што меў на ўвазе?
Княжыч Далібор пільна пазіраў на Валасача, напружана ўдумваючыся ў пачутыя словы. Вешчуны, былыя або сённяшнія, дарма слоў на вецер не кідаюць — усё ў іх узважана, адмерана, усё мае патаемны сэнс, трэба толькі дужа захацець. Сказана ж у святым пісанні, што на адно сонца глядзяць усе жывыя людзі і некалі, праз вякі, павінны сталкавацца, паразумецца між сабою.
— Адзінаўладцам літоўскім хоча зрабіцца Міндоўг, — пасля кароткага маўчання загаварыў Валасач, напэўна ж, здагадаўшыся, якіх слоў чакае ад яго княжыч Далібор. — Ліцвіны Міндоўгавы ідуць у бой У мядзведжых шкурах і равуць, як мядзведзі. Не хацеў бы я яшчэ раз глянуць у вочы Міндоўгу. Ен, кунігас, карае жахлівай смерцю ўсіх сваіх сяброў маладосці, каб астатняя літва думала, што ён не нарадзіўся ад смяротнай жанчыны, а як кавалак гарачага жалеза ўпаў з нябёс. Сын у яго ёсць, Войшалкам клічуць. Ен і сапраўды — вой шалёны, сэрца мае суровае, як у свайго бацькі. Але бачыў я аднойчы, як ён плакаў, схаваўшыся ў лесе.
Далібор прагна слухаў пакалечанага вешчуна і быццам бачыў непраходную пушчу, дзе ўладарыць Міндоўг з Войшалкам, звярыныя сцежкі, засыпаныя мяккім лісцем і расой, залатыя іскры ручаёў.
— Пойдзем, Далібор, — тузануў брата за рукаў ільняной кашулі Някрас. Далібор схамянуўся, са шкадаваннем пайшоў следам за Някрасам.
— Не хоча пакланіцца Міндоўгу літва, але што паробіш, — казаў наўздагон ім Валасач. — Кланяцца моцнаму нас навучыла маланка. У чыстым полі ў лютую навальніцу ўпадзеш на зямлю — і ты жывы.
Княжычы, не азіраючыся на вешчуна, шпаркім крокам рушылі да церама. Натоўп перад імі разломваўся, развальваўся на дзве палавіны, быццам бярозавы кругляк, у які ўпэўнена і лёгка ўваходзіць дубовы клін. Вельмі непадобныя былі княжычы. Грубая чарната валасоў Далібора, ягоная камлюкаватая постаць, вялізныя жылістыя рукі рэзка адрозніваліся ад шаўкавістай русявасці і гнуткасці малодшага брата. Не ведаўшы іх, можна было падумаць, што не з аднаго ж і таго мацярынскага лона з'явіліся яны на божы свет. Дарэчы, балбатлівыя доўгія языкі, а іх, як усюды, хапала і ў Новагародку, казалі, што ў свой час княгіня Мар'я мела салодкі грэх з адным з галіцкіх князёў. Вядома, такое казалі на пачцівай адлегласці ад князя Ізяслава, а то адразу загадаў бы набіць жалезных цвікоў у язык. Як бы то ні было, а браты-княжычы моцна сябравалі і адзін за аднаго не задумваючыся перарэзалі б глотку любому нядобразычліўцу.
Свайго бацьку, князя Ізяслава, яны сустрэлі на двары церама ў акружэнні купцоў і залатароў з вакольнага горада. Разам з князем быў новагародскі ваявода Хвал, высокі, магутнаплечы, са светла-жоўтымі, заўсёды як бы трохі мокрымі валасамі. Купцы і залатары пачціва пакланіліся княжычам і прыціхлі. Ваявода Хвал злёгку кіўнуў галавою. Князь Ізяслаў, убачыўшы сыноў, перапыніў сваю вельмі ажыўленую гаворку з купцамі і залатарамі, спытаў:
— Глеб і Нікадзім, вучыў вас сёння ляшскі настаўнік рукапашнаму бою?
На людзях ён ужываў толькі хрысціянскія імёны сыноў.
— Вучыў,— адказаў Далібор.
— А ты чаму маўчыш, Нікадзім? — незадаволена звярнуўся князь да малодшага сына.
— Вучыў,— паспешліва прамовіў Някрас і пачырванеў.
Ізяслаў, строга звёўшы густыя русыя бровы, падышоў да яго ўпрытык, сказаў, узяўшы сына за плячук:
— Даносілі мне чалядзіны, што няма ў цябе належнага старання ў войскіх справах, што з вялікай неахвотаю бярэш у дзясніцу сваю меч. Праўда гэта?