ЖАНРЫ

Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:

* Галс - курс судна адносна ветру; напрыклад, судна iдзе левым галсам, калi вецер дзьме ў левы бок судна.

А затым я зрабiў выдатны руль i прыладзiў яго да кармы, што павiнна было значна аблегчыць кiраванне лодкай.

У справе пабудовы марскiх суднаў я быў невук, але я добра разумеў усю карысць такога прыстасавання, як руль, i таму не пашкадаваў тут нi сiлы, нi працы. Далося мне гэта нялёгка: на адзiн гэты руль у мяне пайшло амаль столькi ж часу, колькi на пабудову i аснастку ўсяе лодкi.

Калi ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятнiцу кiраваць маёй лодкай, таму што нi руля, нi ветразя ён нiколi ў вочы не бачыў. На першым часе, калi ён убачыў, як я паварочваю лодку рулём i як ветразь надзiмаецца то з аднаго, то з другога боку, ён быў такi ашаломлены, нiбыта яму паказалi нейкае дзiва.

Тым не менш пад маiм кiраўнiцтвам ён хутка навучыўся кiраваць лодкай i зрабiўся ўмелым мараком. Адна толькi справа нiяк яму не давалася - карыстанне компасам. Але паколькi ў тых мясцiнах туманы бываюць толькi ў час дажджоў, компас быў не вельмi патрэбны. Днём мы маглi кiраваць на ўзбярэжжа, якое вiднелася ўдалечынi, а ноччу трымаць курс па зорках. Iншая справа ў перыяд дажджоў, але тады ўсё роўна нельга было падарожнiчаць нi морам, нi па зямлi.

Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення ў гэтай турме. Праўда, тры апошнiя гады можна было смела скiнуць з разлiку, бо пасля з'яўлення на выспе майго адданага Пятнiцы жыццё маё зусiм змянiлася.

Наблiжаўся сезон дажджоў, калi большую частку дня даводзiцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час i зрабiць захады да таго, каб дажджы не пашкодзiлi нашу лодку. Мы прывялi яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваiмi плытамi, i, дачакаўшыся прылiву, падцягнулi яе да самага берага. Потым мы выкапалi на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволi глыбокую яму такiх памераў, што лодка змясцiлася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзiлi яе моцнай плацiнай, пакiнуўшы для вады толькi вузкi праход.

Калi з наступным прылiвам наш маленькi док запоўнiўся вадою, мы наглуха заклалi плацiну, так што лодка засталася на вадзе, але марскiя хвалi не маглi захлiснуць яе i прылiў не мог знесцi яе ў мора. Каб абаранiць лодку ад дажджоў, мы прыкрылi яе тоўстым слоем галiн, i яна такiм чынам апынулася нiбы пад страхой.

Цяпер мы маглi спакойна чакаць добрага надвор'я, каб у лiстападзе цi снежнi рушыць пад ветразем у мора.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЕРТЫ

Бiтва з дзiкунамi.
– Рабiнзон выратоўвае гiшпанца.
– Пятнiца знаходзiць бацьку.

Як толькi спынiлiся дажджы i зноў засвяцiла сонца, я пачаў з ранiцы да ночы рыхтавацца да будучага плавання. Я загадзя разлiчыў, колькi правiзii нам можа спатрэбiцца, i пачаў нарыхтоўваць неабходныя прыпасы.

Тыднi праз два, а то i раней, я меў намер разбурыць плацiну i вывесцi лодку з дока.

Але нам не суджана было адправiцца ў дарогу.

Неяк аднойчы ранiцой, калi я, як звычайна, быў заняты падрыхтоўкай да ад'езду, мне прыйшло ў галаву, што добра было б, апрача iншай ежы, прыхапiць з сабою невялiкi прыпас i чарапашынага мяса.

Я паклiкаў Пятнiцу i папрасiў яго збегаць на бераг i злавiць чарапаху. (Мы палявалi на чарапах кожны тыдзень, таму што абодва любiлi iх мяса i яйкi.)

Пятнiца памчаўся выконваць маю просьбу, але не прайшло i чвэрткi гадзiны, як ён прыбег назад, перамахнуў, як на крылах, цераз агароджу i, раней, чым я паспеў спытаць у яго, што здарылася, закрычаў:

– Гора, гора! Бяда! Кепска!

– Што здарылася? Што такое, Пятнiца?
– спытаў я трывожна.

– Там, каля берага, - адказаў ён, - каля берага адна, дзве тры... адна, дзве, тры лодкi!

З яго слоў я зразумеў, што ўсiх лодак было шэсць, але, як потым высветлiлася, iх было толькi тры, а ён двойчы паўтарыў падлiк, таму што быў вельмi ўсхваляваны.

– Не трэба палохацца, Пятнiца! Трэба быць адважным!
– сказаў я, стараючыся падбадзёрыць яго.

Небарака быў страшэнна напалоханы. Ён чамусьцi вырашыў, нiбыта дзiкуны з'явiлiся па яго, нiбыта яны яго парэжуць на кавалкi i з'ядуць. Ён увесь калацiўся. I я не ведаў, як яго супакоiць. Я казаў, што мяне, калi на тое пайшло, чакае такая ж небяспека: калi з'ядуць яго, то з'ядуць i мяне разам з iм.

– Але мы будзем баранiцца!
– сказаў я.
– Мы не дамося жывымi iм у рукi; мы распачнём з iмi бойку, i ты ўбачыш, што мы пераможам! Ты ж умееш страляць, цi не так?

– Я ўмею страляць, - адказваў ён, - толькi iх многа, вельмi многа.

– Не страшна, - сказаў я, - адных мы заб'ём, а астатнiя напалохаюцца нашых стрэлаў i разбягуцца. Я абяцаю табе, што не дам цябе ў крыўду. Я буду адважна баранiцца сам i цябе буду баранiць. Толькi абяцай мне, што таксама будзеш адважна баранiць мяне i выконваць усе мае загады.

– Я памру, калi ты загадаеш, Рабiнзон Круза!

Пасля гэтага я прынёс з пячоры вялiкую конаўку рому i даў яму выпiць (я так ашчадлiва абыходзiўся са сваiм ромам, што ў мяне заставаўся яго яшчэ ладны запас).

Затым мы сабралi ўсе нашы мушкеты i паляўнiчыя стрэльбы, падрыхтавалi iх як след i зарадзiлi. Апрача таго, я ўзброiўся, як заўсёды, шабляю, а Пятнiцу даў сякеру.

Падрыхтаваўшыся такiм чынам да бою, я ўзяў падзорную трубу i падняўся для разведкi на гару.

Накiраваўшы трубу на бераг мора, я хутка ўбачыў дзiкуноў: iх было чалавек дваццаць, ды, апрача таго, на беразе ляжала трое звязаных людзей. Лодак, паўтараю аказалася толькi тры, не шэсць. Было зразумела, што ўвесь гэты натоўп дзiкуноў з'явiўся на выспу з адзiнай мэтай - адсвяткаваць сваю перамогу над ворагам. Прадбачылася жахлiвае крывавае вiдовiшча.

Я таксама заўважыў, што гэты раз яны высадзiлiся не там, дзе высаджвалiся тры гады назад, у дзень нашай першай сустрэчы з Пятнiцай, а куды блiжэй да мае бухтачкi. Тут бераг быў нiзкi, i амаль да самае вады спускаўся густы лес.

Мяне страшэнна хвалявала злачынства, якое мела адбыцца неўзабаве. Марудзiць не было калi. Я збег з гары i сказаў Пятнiцу, што трэба як мага хутчэй напасцi на гэтых крыважэрных людзей.

Пры гэтым я яшчэ раз спытаўся ў яго, цi будзе ён мне дапамагаць. Ён цяпер зусiм асмялеў (магчыма, гэтаму часткова садзейнiчаў ром) i з бадзёрым, нават радасным выглядам паўтарыў, што гатовы памерцi за мяне.

Усё яшчэ будучы ўзбуджаны, я схапiў пiсталеты i стрэльбы (астатняе ўзяў Пятнiца), i мы рушылi ў дарогу. На ўсякi выпадак я ўзяў у кiшэню бутэльку рому i даў Пятнiцу несцi невялiкi мяшэчак з запаснымi кулямi i порахам.

– Iдзi за мной, - сказаў я, - не адставай нi на крок i маўчы. Не пытайся ў мяне нiчога. Ды не надумайся страляць без мае каманды!

Падышоўшы да ўскрайку лесу з таго боку, якi быў блiжэй да берага, я спынiўся, цiхенька паклiкаў Пятнiцу i, паказаўшы яму высокае дрэва, загадаў узлезцi на верхавiну i зiрнуць, цi вiдны адтуль дзiкуны i што яны робяць. Ён амаль адразу ж злез з дрэва i паведамiў, што дзiкуны сядзяць вакол вогнiшча, даядаючы аднаго з палонных, якiх яны прывезлi, а другi, звязаны, ляжыць там жа, на пяску.

Поделиться с друзьями: