ЖАНРЫ

Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Гэта сапраўдны Галчыньскі! — правёў Канановіч паралель паміж Караткевічам і вядомым польскім паэтам, маючы на ўвазе і іх талент, і спосаб быцця.

У сярэдзіне сямідзесятых гадоў, калі сакратаром ЦК КПБ па ідэалагічных пытаннях стаў Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, афіцыйныя адносіны да Уладзіміра Караткевіча ды і да іншых пісьменнікаў прыкметна змяніліся да лепшага. Застойны перыяд у краіне працягваўся, але ў Беларусі паменшала вульгарна-абвінаваўчых выступленняў у друку і з трыбун, наклейвання нацыяналістычных, абстрактна-гуманістычных, пацыфісцкіх і ўсялякіх іншых ярлыкоў. Караткевіча ўпершыню выбралі ў праўленне СП БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры. У маі 1976 года ён быў у ЦК КПБ, дзе выказаў свае меркаванні аб тым, якім яму бачыцца музей пад адкрытым небам, якія помнікі архітэктуры рэстаўраваць у першую чаргу. 18 ліпеня 1977 года сустракаўся з П. М. Машэравым і разам з ім ездзіў, каб выбраць месца для таго ж музея. Некалькі разоў аўтарытэтна ўзнімаў свой голас у абарону Верхняга горада ў Мінску. Караткевіч вельмі высока адгукаўся пра П. М. Машэрава (асабліва пра яго клопаты, каб беларуская мова лепш гучала на тэлебачанні і радыё) і А. Т. Кузьміна, ганарыўся іх даручэннямі і ахвотна іх выконваў. Так пасля размовы з А. Т. Кузьміным паехаў у Мсціслаў і напісаў пра гэты старадаўні горад кнігу (на жаль, сапсаваную пасля смерці аўтара недарэчнымі скарачэннямі і некваліфікаваным перакладам рускай часткі). Памятаецца, у сувязі з гэтымі сустрэчамі Караткевіч стаў больш аптымістычна глядзець на беларускую нацыянальную перспектыву.

— Некуды ж гісторыя прыйдзе, — паўтараў ён словы Уладзіміра Дамашэвіча.

У 1974 годзе нарэшце пабачыла святло рампы першая п'еса Уладзіміра Караткевіча: тэатр імя Якуба Коласа паставіў да тысячагадовага юбілею горада яго "Званы Віцебска" (ранейшыя спадзяванні на купалаўцаў не апраўдаліся — яны толькі паказалі ў 1972 годзе яго пераклад гістарычнай драмы М. Карыма "У ноч зацьмення месяца"). 27 лістапада, на другі дзень пасля дня нараджэння аўтара, коласаўцы прывезлі спектакль у Мінск, і ўсе мы, ягоныя сябры, дружна адправіліся паглядзець яго. Пастаноўка спадабалася: добрае веданне гісторыі, моцныя і трагічныя характары, цікавая рэжысёрская работа Валерыя Мазынскага, зладжаны акцёрскі калектыў. Наша неўразуменне выклікала толькі адсутнасць на сцэне папы рымскага і польскага караля Сігізмунда, выразна абазначаных у праграме.

— Што б гэта значыла? — спыталі мы ў Валодзі, калі пасля спектакля ён, узбуджаны і задаволены, прыйшоў на кватэру да Лапцэвічаў (Валянціна Браніславаўна якраз прыхварэла, і таму сабраліся "на нейтральнай тэрыторыі").

— А тое, што і папу, і караля яны ўставілі самі, без маёй згоды, — Караткевіч у той вечар гаварыў многа і ахвотна, а я, седзячы на ўзбоччы, меў мажлівасць непрыкметна занатаваць яго словы. — Ясна, мусіў запратэставаць. Аднойчы Мазынскага нават у хату сваю не пусціў. Толькі праз дзверы сказаў: выкінь, я не хачу ўзбуджаць ранейшыя сваркі паміж народамі. Мусілі, сардэшныя, у самы апошні момант папу і караля скараціць, хоць і адзенне для іх знайшлося пашытае… Не з Ватыканам, не з папам рымскім ваюю я ў п'есе, а з нецярпімасцю людской. Лухта, нібы я напісаў пра падзеі трохсотпяцідзесяцігадовай даўнасці. Усё гэта — аб нецярпімасці сённяшняй. Кунцэвіча я імкнуўся зрабіць асобай моцнай і трагічнай: забілі яго, калі стаў нешта разумець, мог дамовіцца з людзьмі… Шкада, што з п'есы выкінуты добрыя сцэны, у тым ліку пакаранне вяроўкамі крамольнага звана.

Неўзабаве, у сакавіку 1978 года, адбылася прэм'ера оперы "Сівая легенда", лібрэта якой напісаў Уладзімір Караткевіч, а музыку — Дзмітрый Смольскі. Аўтары разам сядзелі некалькі тыдняў і "падганялі" кожную фразу — прытым Валодзя праяўляў тонкае веданне музыкі. Опера падабалася: у ёй было нямала арыгінальных, вельмі народных і вельмі сучасных, мелодый — арый, дуэтаў, хораў. Засмучала толькі дыкцыя: большая палова беларускіх слоў не даходзіла да залы.

— Не быў бы то арыстакрат па паходжанні і духу, — пацвельвалі мы з лібрэтыста. — Чатыры разы паставіў народ на калені і двойчы прымусіў хрысціцца…

— А хіба мала народ наш ставілі на калені?! — успыхнуў Валодзя, не зразумеўшы жарту. — Ды і тое, што ён хрысціўся, з гісторыі не выкінеш. У ёй было ўсё: і бунт, і пакуты, і цярпенне, і вера.

У тагачасным жыцці Уладзіміра Караткевіча таксама было ўсё: творчыя ўзлёты і глыбокія дэпрэсіі, радасці ад сустрэч з удзячнымі чытачамі (яны нярэдка прыходзілі дамоў) і пакуты, выкліканыя хваробай маці, уласнай хваробай. У канцы лістапада 1977 года Надзея Васільеўна, звычайна бадзёрая і ўраўнаважаная, нечакана злегла: дактары з лечкамісіі падазравалі, што быў інсульт. Але калі мы з Грынчыкам зайшлі, каб яе наведаць, яшчэ ахвотна гаварыла з намі. Валодзя яшчэ гнаў ад сябе ўсялякія дрэнныя думкі і ў той вечар гаварыў пра Пушкіна, Талстога, Буніна. У Яснай Паляне, згадваў, быў ён з нейкім паўночна-каўказскім крытыкам. Калі сказаў: "Вось гэта чалавек!", той запярэчыў: "Он нэ чэловек". Абураны Караткевіч схапіў яго за грудкі. Адпусціў, аднак, калі той выгукнуў: "Он Бог!". Лепшым творам усіх часоў і народаў Валодзя тады назваў "Чысты панядзелак" Івана Буніна. Мы са скрухай прызналіся, што не чыталі яго. Тады гаспадар прынёс адпаведны том, пачаў зачытваць урыўкі. Потым з задавальненнем перачытваў уголас бунінскія вершы.

16 снежня Надзеі Васільеўны не стала. Калі мы з Кісялёвымі і Рагойшамі зайшлі вечарам, Валодзя выглядаў стомлены ад недаспаных начэй.

— Вось і запалілася каля маці свечка, што раней стаяла перад Каліноўскім, — неяк вінавата павітаў ён нас.

Гаварылі пра тое, што нікому — нягледзячы на гады — не хочацца паміраць. Рагойша напракнуў Валодзю, што ён так і не запісаў голас маці, яе ўспаміны:

— Калектыўная памяць народа вымяраецца тым, колькі напісана або запісана мемуараў. Пра культуру чалавека сведчыць яго жаданне пакінуць пасля сябе расказ аб перажытым.

Валодзевы думкі на нейкі момант пераключыліся ў іншым кірунку, і ён пачаў хваліць Паўліну Мядзёлку, што вось яна добра зрабіла, напісаўшы свае ўспаміны. Большую палову апублікавала, а астатняе дала яму на захаванне. Праўда, потым нечага спалохалася і ўзяла назад. Дзе яно цяпер знаходзіцца — невядома. А вось цёці Уладзі, удаве Янкі Купалы, таксама было што ўспомніць, аднак жа не знайшлося каго, каб запісаць. І многае з біяграфіі народнага песняра назаўсёды застанецца загадкай.

На наступны дзень Надзею Васільеўну пахавалі на Паўночных могілках. Над труной Валодзя вымавіў толькі тры фразы: "Адхадзілі твае ножанькі", "Адрабілі твае ручанькі" і яшчэ нешта, цішэй, пра вочы. Потым стаяў над магілай з закрытымі вачыма і нешта шаптаў — ці то малітву, ці то сваё.

За жалобным сталом Валодзя стаў крыўдаваць на сакратароў Саюза пісьменнікаў — "з маладых, ды ранніх". Званіў да іх з просьбай, каб далі машыну прывезці труну, але адмовілі. І на пахаванне ніхто не прыйшоў, не выказаў спачуванне нават па тэлефоне.

— Яны былі б рады, калі б Караткевіч сам памёр, — з болем казаў Вячаслаў Адамчык, таксама нейкі ўчарнелы.

На саракавіны па Надзеі Васільеўне прыйшоў Ніл Гілевіч. Нейкі час, пасля позняй вечарынкі, спраўленай Караткевічам у гонар прыезду пана Рышарда Брыкоўскага, адносіны паміж імі былі напятыя. Аднак смерць прымірае людзей, прымушае іх забыць часовае, дробязнае. Валодзя быў удзячны суседу за разважлівае слова, рады, што наступіла згода.

У 1978 годзе Караткевіч упершыню сур'ёзна захварэў сам. Ляжаў у лечкамісіі, у дзевятай бальніцы, дома. Калі мы наведвалі яго, скардзіўся, што ў страўніку "нібы волава наліта". Але бадзёрыўся, збіраўся паехаць у Самарканд і Бухару, а затым у Планерскае ці Гагры. Настойліва частаваў то мінеральнай вадой, то соленым міндалём, то сушанымі грушамі ("упадзе такая — застанецца мокрае месца і крыху семечак"). Рытарычна прапаноўваў нам "для ўзняцця настрою" чарачку ("сам я ні-ні"). Абураўся частымі візітамі "розных непатрэбных людзей", тэлефоннымі званкамі. Каб уратавацца ад усяго такога, ён — ці то сур'ёзна, ці то жартам — прасіў аднаго добрага знаёмага з гарадской міліцыі, каб яго на некалькі месяцаў пасадзілі ў турму, — толькі каб камера была асобная, параша чыстая ("а то ў мяне грэблівасць") і на стале ляжаў стус чыстай паперы. Пытаў нават, што для гэтага трэба ("вокны ў суседнім будынку пабіць?"). Але знаёмы збянтэжана аднекваўся: наўрад ці гэта рэальна…

На пачатку лета 1978 года Караткевіч (здаецца, адзін) паехаў у Планерскае, спрабаваў па старой звычцы ўзысці на Карадаг, але ўпаў, аступіўшыся (нешта стала падводзіць абвараная кіпетнем нага), збіў галаву. Нейкі час ляжаў у Сімферопалі ў бальніцы, куды па яго вылятала Валянціна Браніславаўна. Калі ў ліпені мы з Кісялёвым зайшлі да яго, каб пераставіць кніжныя паліцы, сядзеў сумны на тахце, пад драўляным партрэтам Багдановіча, зробленым у турме і прынесеным пасля выхаду на волю нейкім чытачом, які, дзякуючы яго творам, адчуў сябе "чалавекам і беларусам". Валодзю нервавала, што мы можам выпадкам пакалечыцца, як і ён. Даваў нам нейкія парады. Расказваў, што ў сімферопальскай бальніцы давялося "ваяваць" з маракамі, якія ляжалі ў адной з ім палаце і адмыслова лаяліся. Прыціхлі і запаважалі яго, калі і ён успомніў урокі "боцманскай школы" (ці не далёкаўсходняй?).

Восенню Караткевіч крыху акрыяў, паляцеў з Валянцінай Браніславаўнай у Сярэднюю Азію, адкуль прыслаў мне недатаваную паштоўку з выявай маўзалея Гур-Эмір:

"Даражэнькі Адомас!

Прывітанне з Самарканда!

За гэтыя дзесяць дзён аб'ездзілі кавал Сярэдняй Азіі. Былі ў Душанбе, Гісары, на Нурэкскай ГЭС, дзе равуць раўмя нашы пакутнічкі БелАЗы, і бог ведае яшчэ дзе. Учора прыляцелі ў Самарканд, бачылі ўжо ўзбекскае вяселле (вечна мяне носіць чорт ведае дзе), вось гэтае дзіва Гур-Эміра (фота не дае аніякага ўяўлення аб сіні купала знадворку і цьмяным яго золаце знутры) і плошчу Рэгістан уначы. Тысяча і адна ноч! Шкадую, што няма побач цябе, дружа. Разам бы глядзелі, разам бы елі дыні, разам бы не пілі (я тут уладкаваў бязлітасны сухі закон, горача і зашмат трэба ўбачыць на свежае вока). Каларыту — вышэй галавы. Цалую Марыю і ўсіх. Валя — таксама. Яна тут, па-мойму, на вінаградзе нават болей пагладзела.

Твой Уладзімір".

Поделиться с друзьями: