Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Шрифт:
— Бачыш, і для цябе радзіма ўжо ў нечым страчана, бо няма дзе прытуліцца. Як і для мяне Орша і Рагачоў. Засталася толькі гэта хата. Але хіба тут можа быць утульна?!
Калі Валянціна Браніславаўна выпісалася з бальніцы, Валодзя паехаў на Рыжскае ўзмор'е, у Дубулты. Адпачываючы там, наведваўся ў Рыгу, да мастака Вячкі Целеша. Па просьбе Сяргея Панізніка і даследчыцы Мірдзы Абала перакладаў вершы латышскіх паэтаў, найперш Яна Судрабкална. Чытаў для "Маладосці" карэктуру аповесці "Зброя", падзеі якой адбываюцца ў Маскве напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
У 1981 годзе, з вялікім спазненнем, у "Литературной газете" нарэшце ўспомнілі, што, па сутнасці, не адзначылі юбілей Караткевіча. Тэрмінова заказалі мне артыкул. Потым патрымалі некалькі месяцаў… Адкрыў я газету ў пачатку лістапада і жахнуўся: артыкул аказаўся недарэчна скарочаны, выхалашчаны. Амаль кожны сказ — нібы не твой. Праўда, Валодзя падзякаваў па тэлефоне і за такую публікацыю.
Новы, 1982 год пачаўся для Караткевіча, здавалася б, памысна. Яго кандыдатуру вылучылі на Дзяржаўную прэмію БССР (аднак потым, у выніку закулісных інтрыг, прэмія прысуджана не была). Кінастудыя "Беларусьфільм" пачала работу над экранізацыяй рамана "Чорны замак Альшанскі". Тэатр юнага гледача рыхтаваў пастаноўку "Калыскі чатырох чараўніц". Крыху палепшала Валянціне Браніславаўне. І яны разам былі на калядах у Барадуліных, на дні нараджэння ў Кісялёва. Папіваючы "Вярску", "клясык" (ён жа "аспід") нібы іскрыўся гумарам, устанаўліваў прэмію ("па капейцы") за кожнае дасціпнае слова іншых.
Так працягвалася амаль усю вясну і лета. Калі 16 мая я заўшоў да Караткевіча, каб аддаць яму экземпляр сваёй кнігі "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя", ён пахваліўся, што паставіў "апошнюю кропку" ў п'есе пра Крычаўскае паўстанне "Маці ўрагану", а цяпер узяўся за кнігу пра Мсціслаў і эсэ пра Кіеў. Чытаў якраз у "Літаратуры і мастацтве" дыскусійны артыкул пра пераклад і не пагаджаўся з асобнымі палажэннямі, не канкрэтызуючы іх:
— Абодва бакі ў чымсьці не маюць рацыі. Разумныя хлопцы, а пішуць абы-што… Пераклад, вядома, можа часам быць вышэй арыгінала — я гэта адчуваў сам, перакладаючы міцкевічаўскага "Мешку, князя навагрудскага", Цыпрыяна Норвіда… І чаму так ставіцца пытанне — або Пегас, або кляча? У Сярэдняй Азіі гэта можа быць і вярблюд з "крылцамі". А як вы перакладзіцё каня для бушменаў, якія каня ў жыцці ніколі і не бачылі, бо ён там не выжыве. Таму бушмены і ходзяць ад крыніцы да крыніцы пеша, абвешаўшыся страусавымі яйкамі.
Далей высветлілася, што гаспадар уважліва прачытаў і артыкул Генадзя Шупенькі, у якім разглядаўся раман Віктара Казько "Неруш", падзяляў яго асноўныя думкі:
— Пачатак у "Неруша" сапраўды выдатны. А далей — нямала неадгабляваных мейсцаў. Усё роўна як у таго майстра, што адточыць для крэсла філігранныя ножкі, а ў сядзенні пакіне стрэмкі.
Потым паказаў мне Чэцці-Мінеі на снежань месяц, прывезеныя з Арменіі (здаецца, атрымаў іх ад самога каталікоса), экзатычныя ракавінкі, прысланыя вядомым акеанолагам з Масквы ("яна жыла ў стане дэпрэсіі, а ад "Чазеніі" "нібы нарадзілася на свет нанова").
Усё гэта настройвала Караткевіча мажорна, творча.
— Напісаць бы барочную драму з шасцю інтэрмедыямі — нейкую такую містэрыю накшталт тагачасных французскіх бурлескных фарсаў. Або апісаць нашых каларытных жабракоў…
У жніўні Караткевічы былі на нашым "стагоддзі" ("пяцьдзесят плюс пяцьдзесят"). "Клясык" па-ранейшаму быў у добрым гуморы: гучна смяяўся з дасціпнай "насценгазеты", падрыхтаванай калегамі з інстытута, пацвельваў з маіх заняткаў англійскай мовай (восенню мелася адбыцца мая камандзіроўска ў Англію). Лёгка ўзнавіў кантакты з нашымі вясковымі сваякамі. Многа кепікаў і звычайных юбілейных гіпербал было і ў ягоным вершаваным тосце-віншаванні:
Табе з Марыляй сто гадоў. або На стогадовы юбілей Адама Мальдзіса Я ад пашаны аж зароў: "Будзь шчасны і бывай здароў! Віват, старэйшы брат! Бо (з жонкай) маеш сто гадоў, (І кніг жа маеш сто радоў), Я ж — толькі пяцьдзесят. Адаме, дуб наш векавы, З Марыляй трыста год жыві, І ўвагі не звяртай, І не тлумі ты галавы, Што век кароткі у травы, Што наш старэе гай. Ты з ласкі шчырае багоў Пражыў стагоддзе — ого-го! Расці ж, не падай ніц. Бо трэ рукавы закасаць, І сто раманаў напісаць, І сто раманаў завязаць, Але пра гэта — цыц! А колькі ж можа, друг, за век Цыстэрнаў выпіць чалавек?!– Ты й гэта памятай. Сумленне б толькі не прапіць, Не мала піць, не многа піць, А так, каб свет, як рай. Каб сябра для сяброў усіх, Каб вораг быў для ўсіх ліхіх, Каб чысты быў, як шкло. Каб добра ўсе з табой жылі, Цябе ніколі не клялі, Гарэлкі ў вокны падалi, Як гэта раз было. Хай будзе плённае пяро Тваё, мой друг і брат… Табе сягоння — сто гадоў, Мне — толькі пяцьдзесят.
Восенню 1982 года, у сувязі з маімі паездкамі ў Польшчу і Англію і хваробай Валянціны Браніславаўны, мы сустракаліся рэдка і паспешліва. На дзень нараджэння паслаў яму з Лондана віншавальную паштоўку з каляровым партрэтам каралевы: маўляў, разам з уладальніцай брытанскай кароны жадаю табе… Потым спахапіўся: мабыць, не дойдзе, бо ў Англіі з усяго можна смяяцца, але не з каралевы. Але, на маё здзіўленне, віншаванне дайшло. І неўзабаве я атрымаў адказ на двайной паштоўцы з "Санатай мора" М. Чурлёніса, любімым творам самога пісьменніка.
"Здароў, місцер Сміт з Бобкін-стрыт!
Атрымаў тваю паштоўку. Дзякуй! Хаця ты і парсюк, мог бы хаця перадаць прывітанне Вальцы, тым больш што яна кладзецца на аперацыю. Ну добра. Затое я перадаю прывітанне ўсім знаным і нязнаным тваім сябрам, усім, хто табе дапамагае ў працы. Ты ж глядзі, горад і іншае аглядай толькі вечарамі, не марнуй часу, яго ў цябе мала, і прывязі з Альбіёна такую кучу цікавых адкрыццяў, каб нам за цябе не было сорамна.
Галоўнае, многа-многа зрабі, нельга занядбаць такі шчаслівы выпадак, які ў цябе здарыўся.
Моцна цісну руку.
Твой Уладзімір".
Новая аперацыя не выратавала Валянціну Браніславаўну, і з кожным днём ёй, а з ёй і Валодзю, рабілася ўсё горш. Памерла яна ў самы апошні дзень лютага 1983 года — адначасна з Валодзевай цёткай, у якой ён жыў у Кіеве, і Міколам Прашковічам, з якім ён сябраваў у шасцідзесятыя гады. На пахаванне прыйшлі Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Зуёнак, Кісялёў, Някляеў, Рагойшы, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства на чале з дырэктарам. Усіх здзівіла выступленне на могілках аднаго археолага, які ў свой час многа нашкодзіў Валянціне Браніславаўне. Але мне сказалі, што перад смерцю нябожчыца змяніла да яго адносіны і нават прасіла начальства, каб яго зрабілі старшым.
Валодзя трымаўся даволі мужна. Толькі паўтараў, што без Валі не ўяўляе сабе далейшага жыцця. Хацеў кудысьці з'ехаць з хаты, каб хоць крышку "адтаяць душой".
— Хто хацеў бы мяне прыняць, у таго малыя хаты, — жаліўся. — А ў каго вялікія, той не мае такога жадання.
З дапамогай аддзела культуры ЦК КПБ Караткевіч атрымаў тады пуцёўку ў прэстыжны санаторый на Нарачы. Але чужыя людзі, казённая атмасфера, халоднае надвор'е не садзейнічалі "адтайванню", і з "Соснаў" ён вярнуўся датэрмінова. З таго часу апеку над ім, хатнія клопаты ўзяла на сябе сястра, Наталля Сямёнаўна.
Калі 6 красавіка я прыйшоў на "саракавіны" па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё. Таму Васіль Быкаў, устаўшы за жалобным сталом, згадаў словы Хемінгуэя: пакуль ты жывы, мы будзем жыць абодва… Дзеля памяці пра Валянціну Браніславаўну, дзеля літаратуры Валодзя павінен узяць сябе ў рукі і жыць, каб жыла памяць. Прыкладна такім жа быў сэнс і слова Рыгора Барадуліна, ішых сяброў. Усё гэта не падабалася Караткевічу: бачыў тут нейкі дыктат над сваёй асобай, ці што.