ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

Акула Кастусь

Шрифт:

– Якая-ж гэта мэта? Хiба-ж "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" будзе толькi сродкам?

– Слушна. "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" лiчу толькi сродкам. А мэта мая - выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць i ўпiвацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсьмяротнымi мукамi ворагаў нашага народу. Буду калечыць, забiваць, i нiколi ва ўзбуджэньнi ня здрыгане маё павека. Буду зь мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсьмяротных цярпеньнях цела людзкое гадзюкi...

Сымон уважна сачыў сьцiснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, зьзяючыя агнём нянавiсьцi маленькiя вочкi, дрыжачую ад узбуджэньня адвiслую нiжнюю губу.

– А беларусаў ты таксама залiчаеш у лiк тых шчасьлiўцаў, якiх душыць маеш намер?
– iранiчна спытаў Сымон.

– Я чуў, што беларусы - добрыя людзi. Але ясна, калi-б яны апынулiся ў лiку нашых ворагаў, то...

– Ну, ведаеш што, - пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы, хвалю цябе за шчырасьць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякi накiдвалi нам сваё ярмо, а нiколi наадварот...

– Дык у чым-жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасьлiва разам.

– Табе гэта надта-ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэньне "нейкае княства". Што за "нейкае" й чаму-ж "княства"? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасьцi, панскасьцi, а ня толькi няпрошанага панiбрацтва. Нотка гэта даволi добра далася нам ужо ў знакi.

– Але-ж ты, брат, i прычэплiваешся да словаў. Зусiм ня тое хацеў я сказаць.

– Мо й ня тое, але, як у нас у Беларусi кажуць, вылезла зь мяшка шыла.

– Ну, браце каханы, але-ж ты й крыўдны характар маеш.

– Скажы мне, - спытаў Сымон, - якi народ ты найбольш ненавiдзiш?

– Немцаў.

– А пасьля?

– Расейцаў. А ты?

– Насамперш маскалёў.

– А яшчэ каго?

Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасьцярог хiстаньне.

– Скажы, скажы, што ненавiдзiш палякаў!
– спанукаў Сымона.

– Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жменi паказаў?
– узлаваўся Спарыш.

– Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца.

Дэмарчык чуўся нiякавата й адвярнуў зрок у другi бок.

Калi я й ненавiдзеў, то цi маю аб гэтым гаварыць? Навет i табе, здаецца, блiзкаму сябру. Ёсьць-жа пэўная рацыянальнасьць i такт, якi трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але-ж гэта - адно дагадкi. Зусiм iншае, калi б ты пачуў тое з маiх вуснаў.

– Разумею, брат, разумею. Закрануў я ў тваiм сэрцы адну з балючых ран.

– Разуменьне - то адно, а дамаганьне цераз меру лiшняга - гэта зусiм другое. Слухай, Дэмарчык, добра, каб мы былi з табой сябрамi, бо гэтак нам цяпер выгадней. Дык нiколi ня пытайся, цi ненавiджу палякаў.

– Разумею й згаджаюся. Але чаму ты сказаў "гэтак нам цяпер выгадней"? Цi ты прадугледжваеш, што ў будучынi будзем ворагамi?

– Магчыма. Хто-ж яго ведае...

– Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык i хвалю цябе за шчырасьць.

– Не перасольвай ужо. На меншае я здабыцца ня мог, так як i ты. Бо-ж ведай ты, знаток людзкiх характараў i студэнт слабасьцяў, што не магу быць хвальшывым, асаблiва перад самiм сабой.

– Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзiць разам на дзяўчат, а розную палiтыку пакiнем на той час, калi прыйдзе момант.

– Бяз сумлеву.

VII

Хадзiць "на дзяўчат", як выражаўся Дэмарчык, давялося зь iм Сымону шмат разоў. Пазнанскi хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным - вывучэньне ангельскае мовы з гуляньнем.

– Ну што ты, братка, уявiш сабе лепшае?
– пачынаў разважаць будучы кандыдат у "Iнтэлiджэнс Сэрвiс".
– Пойдзеш сабе на танцы цi на спатканьне, разам дзяўчыну прытулiш i пацалункаў нап'ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Навет i ня шукай лепшых настаўнiкаў мовы, чымся ангельскiя красунi, бо ня знойдзеш. На жаўнерскi мундзiр яны таксама гоняцца, як тыя мухi на гной. Тут толькi выпадае паставiць кропку над "i", скарыстаць з нагоды.

– Можа, й маеш слушнасьць.

– Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай-жа тады. Толькi дазволь пану Дэмарчыку пакiраваць у блiжэйшай будучынi некаторымi тваймi сьцежкамi, пабачыш, што чалавекам будзеш. I каханьнем насыцiшся, й мовы навучышся.

– А ты ўжо ў гэтым такi вялiкi спэцыялiст?

– Яшчэ якi! Хочаш пераканацца?

Чаму-ж не. Што-ж мне перашкаджае.

– Ты, братка, глядзi на гэта з пункту карысьцi.

– Дык што-ж маю рабiць?

– Перш за ўсё пойдзем разам на забаву.

– Дзе-ж тая забава?

– Усюды колькi хочаш. Навет тут у абозе кожнае серады й пятнiцы ў вялiкай залi кавярнi адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд цi навет у Дарлiнгтон езьдзiць - там баб, як смецьця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш?

– Некалi пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах.

– Ня журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькi пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар...

– Пабачым...

Раз неяк надвечар Дэмарчык схапiў Сымона за руку:

– Хадзем.

– Куды?

– Танцаваць вучыцца.

– Куды?

– А вось хадзi й ня пытайся.

Дэмарчык накiраваўся ў кiрунку прыбiральнi.

– Дык што-ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж ня маю патрэбы.

– Ня ў уборную, а ў умывальню. Там ёсьць шмат месца, дзе разгуляцца можна. А дзе-ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядалiся й кпiлi?

Умывальны барак быў прасторны. Мiж двух радоў, дзе над карытамi знаходзiлiся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца.

– Вось тут, бачыш, як выгадна будзе?

– А дзе-ж той музычны iнструмент, пад якi танцаваць будзем?

– А вось! Бачыў?
– Дэмарчык выставiў даўгi, зложаны ў трубку язык i зарагатаў.

– Ха-ха-ха!
– памог Сымон.
– А добра-ж ён iграе хаця?

– Слухай: До-рэ-мi-фа-соль-ля-сi-до-оо. До-сi-ля-соль... Ну як?

– Будзе аll right*.

* Поўны парадак (англ.)

– То цяпер давай крокi. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такiя, як факстрот, якi англiчане тут завуць "квiк стэп", танго, навет i "джайв", палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногi разам - глядзi, о так! Тады зачынаецца зь левай наперад, пасьля iдзе правая наперад, iзноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на зьмену. Глядзi ўважна: так - левая, правая, левая, зьмена, раз, два, зьмена - i так цэлы час. Пры гэтым можаш рабiць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокi ведаў, гэты альфабэт усiх танцаў. Разумееш?

Поделиться с друзьями: