Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Шрифт:
Кушаль неадкладна выкарыстаў новаствораную сытуацыю. У першую чаргу склiкаў сход афiцэраў. Пераканаў iх, што ў гэткiя цяжкiя й крытычныя часы мусяць любой цаной трымацца разам са сваiмi людзьмi. Адно арганiзаваным парадкам могуць супольна ўтрымацца пры жыцьцi, ды, апрача гэтага, захаваньне арганiзаванасьцi будзе мець для беларусаў вагу й з боку палiтычнага. На наступны дзень такiя самыя гутаркi ўсе афiцэры правялi ў сваiх адзiнках. Войска пачало рэгулярна выходзiць на заняткi, неўзабаве ў дывiзii "Беларусь" наладзiлася нармальнае вайсковае жыцьцё.
Хутка пасьля гэтых падзеяў заглянуў у дывiзiю палкоўнiк Шувалаў. Насамперш забраў пакiнуты ў Гiршаў самаход Астроўскага. Надта надужваючы мову Пушкiна й Дастаеўскага, ён лаяў прэзыдэнта БЦР i ягоных ад'ютантаў за тое, што, выяжджаючы з Бэрлiну, забралi ўсе ягоныя харчовыя й iншыя запасы. Хаця-нехаця граф цяпер галадаў. Зьявiлiся ў дывiзii i ўсе старыя афiцэры, што былi раней на Лiхтэнэрштрасэ адкiнутыя Зiглiнгам як няздольныя да ваеннай службы.
У пачатку красавiка завiтаў да Кушаля галоўны шэф Саюза Беларускае Моладзi Мiхась Ганько й паведамiў, што маса беларускае моладзi знаходзiцца непадалёк у Судэтах i што ён ня ведае, што зь ёй рабiць. Кушаль раiў прывесьцi моладзь у дывiзiю, бо ў крытычны момант найлепш быць разам. Ганько абяцаў зрабiць гэта ў найхутчэйшым часе. Адылi анi самога шэфа СБМ, анi ягонае моладзi нiхто больш у дывiзii ня бачыў. Як скрозь зямлю правалiлiся.
НАД СЭНЬЁ
I
Раньняй вясной 1945 году хвалiстая лiнiя фронту ў Iталii прабягала, пачынаючы з захаду ад Генуйскае затокi, праз паўночны хрыбет Апенiнаў у кiрунку на ўсход, адразаючы над Адрыятычным морам малы паўдзённа-ўсходнi трохкутнiк ураджайнай далiны По. Гэтак званая Лiнiя Готаў - сэрыi нямецкiх абаронных умацаваньняў у паўночных Апенiнах, што сьцераглi падыход да стратэгiчна важнай далiны ракi По, - была ў шматлiкiх месцах праломаная. Дзьве зьнедужэлыя нямецкiя армii - дзесятая й чатырнаццатая - пад камандаю фельдмаршала фон Кэсэльрынга за ўсякую цану старалiся ўтрымаць пазыцыi. Таскана была ў руках амэрыканскае Пятае армii, а брытанская Восьмая, у склад якое ўваходзiў Другi корпус Андэрса, заняла частку правiнцыi Эмiлii з гарадамi Форлi. Фаэнцай i Равэннай. Старажытная Балёнiя ляжала ў адлегласьцi каля сарака кiлямэтраў ад перадавых пазыцыяў Восьмае армii.
У сваiх стратэгiчна нявыгадных пазыцыях немцы ня мелi шансаў на працяглае ўтрыманьне фронту. Маглi адно апазьнiць пераможны наступ хаўруснiцкiх армiяў на поўнач. Румынскiя нафтавыя палi ў Плаешты, што забясьпечвалi патрэбы нямецкае армii, ляжалi ў папялiшчах. Пры недахопе палiва Вэрмахт ня мог лiчыць на падтрымку анi панцырнай зброi, анi люфтвафэ. Цяжка было й з транспартам. Жалезныя клешчы хаўрусьнiцкiх i бальшавiцкiх армiяў падпаўзалi ўжо пад Бэрлiн, душылi за гарляк Гiтлераў "тысячагадовы Райх", што дрыгаў у перадсьмяротных канвульсiях. Фон Кэсэльрынг ведаў, што абарона iтальянскага бота была безнадзейнай. Хаўрусьнiкi рыхтавалiся да апошняга рашучага наступу.
Асноўныя надзеi даводзiлася немцам пакладаць на галодную перамучаную пяхоту. Сьцiплыя харчы й амунiцыю з прычыны недахопу палiва падвозiлi iтальянскiмi валамi. Часта й густа жылi харчамi мясцовага насельнiцтва. Дарма, што лаяўся "хаўрусьнiк" Мусалiнi - ня было iншай рады. Ды немцы на дыктатара Бэнiто не надта й зважалi. Цi-ж то не Скарцэнi ўкраў яго з горнай цьвярдынi з рук хаўрусьнiкаў пасьля адыходу на другi бок маршала Бадольё? Дык паколькi квадратнагаловы дыктатар заўдзячваў Гiтлеру сваё жыцьцё, навошта было яго на ўвагу браць? I так днi ягоныя былi палiчаныя.
Польскiя адзьдзелы, забраўшы каля Форлi Прэдап'ё, - маёмасьць i месца народжаньня Мусалiнi, абрабавалi паселiшча дашчэнту. Быццам на апраўданьне рабункаў прыгадвалi, што Бэнiто некалi перад вайной зь вялiкай пагардай гаварыў аб iхняй Бацькаўшчыне. Цяпер-жа галава iтальянскага фашызму са сваёй каханкай Кларай Петачы хаваўся недзе над возерам Комо.
У немцаў нiколi ня было лiшнiх iлюзiй наконт iтальянцаў i iхняй баяздольнасьцi. Паколькi, з аднаго боку, жыхары апенiнскага паўабтоку вечна славiлiся таленавiтымi творцамi й выканальнiкамi опэраў, дык з другога - iхняе ваеннае майстэрства амаль што ўвайшло ў насьмешлiвыя прыказкi. Якi-ж наiўны чалавек асьмелiўся-б спадзявацца, што яны, якiя не ваявалi навет на пачатку вайны i адмаўлялiся баранiць свае афрыканскiя калёнii, маглi раптам цяпер перарадзiцца? Фон Кэсэльрынг да такiх не належаў. Гэта-ж ня тое, што змагацца на пяскох з паўдзiкiмi ў той час i слаба ўзброенымi абiсiнцамi цi ўжо, як было напярэдаднi Другой сусьветнай вайны, схапiцца ўдужкi з грэкамi.
На поўднi, вызвалiўшы тры чвэрцi Iталii, стаяў добра дагледжаны, накормлены, апрануты, дасканала ўзброены й вышкалены жаўнер хаўрусьнiцкiх армiяў. Навет iтальянскiя фашысты ведалi, што абарона паўночнае часткi краiны была бяссэнсоўнай. Самi-ж былi занятыя праблемаю, якую нiяк нельга было адкладваць: як змыцца ў нейтральную Швайцарыю або прыхавацца-прытаiцца ў iншым зацiшным куточку.
Народ-жа бачыў, што ўся вайна была фактычна нямецкай. Дык няхай тады немцы й ваююць. Народу - абы захаваць у цэласьцi свой здабытак. Узяўшы-ж на ўвагу, што галодныя немцы жывiлiся рабункамi мясцовага насельнiцтва, гэта якраз i было найцяжэйшым заданьнем. Iснавала ў немцаў за плячыма, пераважна ў гарах, iтальянская партызанка. Былi партызаны нацыянальныя й чырвоныя, адны й другiя вельмi слаба актыўныя. Абмяжоўвалiся дробным сабатажам, а калi ўваходзiлi ў збройнае змаганьне зь немцамi, дык адно там, дзе былi ў абсалютнай лiчбавай перавазе.
II
2 сакавiка 1945 году iтальянскi мараплаў "Аргенцiна" прыбыў з Брындызi ў Анкону i выладаваў новыя рэзэрвы для франтавых адзьдзелаў Другога корпусу. Анкона ў той пэрыяд была найбольш высунутым на поўнач, вызваленым ад немцаў портам на Адрыятычным моры. У лiку прыбыўшых былi Вiктар Караткевiч, Сымон Спарыш, Аляксандр Лабун, Кастусь Дзежка й iншыя сябры. Транспартныя машыны, заладаваўшы жаўнераў, накiравалiся шырокай прыгожай шашой па самым узьбярэжжы мора, у паўночным кiрунку. Надвечар пакiнуўшы Анкону, калёна ехала цэлую ноч. Мiнула Пэсаро, Рымiнi, Форлi й павярнула ў бок на Брызыгэлю. Тут знаходзiлiся сямнаццаты й чатырнаццаты батальёны пяхотнай 6-й Львоўскай брыгады. Адзiн Караткевiч трапiў у чатырнаццаты батальён, уся рэшта сяброў - у сямнаццаты. Дзежка, Самароб i Чарнецкi былi прыдзеленыя ў другую роту, а Сымон, Лабун i Ялонскi - у чацьвёртую. Сымону не пашанцавала: ён адзiн трапiў у зьвяз "кар'ераў" роты.
Для паiнфармаваньня чытача мусiм зьвярнуць увагу на "кар'ер". Слова гэтае, жыўцом узятае з ангельскае мовы, азначае "носьбiт". У войску "кар'ерам" называўся лёгкi панцырны, з адкрытым верхам, воз на гусенiцах. Апрача шафёра звычайна ў iм памяшчалася двое кулямётчыкаў i ставала месца на запас амунiцыi. Будучы хуткабежным i надта паваротлiвым, "кар'ер" ужываўся для перавозу амунiцыi на перадавыя пазыцыi, надаваўся на ўдарныя патрулi й наогул быў успамагальнай адзiнкай для пяхоты. Маючы такiя ўласьцiвасьцi, як вялiкую сiлу агню, хуткасьць i паваротлiвасьць, "кар'ер" часьценька выкарыстоўваўся ў пагонях за адступаючым працiўнiкам. У першыя днi побыту на фронце Сымону давялося пераканацца, што "кар'ер" служыў i iншым патрэбам, зусiм не прадугледжаным анi яго канструктарамi, анi камандзерамi.
Адным з шафёраў чатырох "кар'ераў" у зьвязе бых звыш саракагадовы, чарнявы, сярэдняга росту, шыракаплечы Пранук Бонк. Стары жаўнер, узяты бальшавiкамi ў палон у 1939 годзе, перажыўшы шмат у Сiбiры, пасьля, прайшоўшы Сярэднi Ўсход i ваенную кампанiю ў Афрыцы, Пранук чуўся ў войску быццам дома. Меў усе прыкметы старога жаўнера: няшмат думаў, быў вясёлым, нiчым надта не клапацiўся й на вайне чуўся быццам той селянiн з касою на сенажацi. Гаварыў шмат, пераважна аб драбнiцах, вельмi любiў выпiць i пагуляць з жанчынамi. Вiна ў Iталii даволi было ўсюды, а тым больш пры фронце, дзе ў пакiнутых гаспадарках стаялi вялiкiя, напоўненыя вiном бочкi.
Зьвяз "кар'ераў" чацьвёртае роты заняў пакiнутую iтальянцамi фэрму ў адлегласьцi 300-400 мэтраў ад нямецкiх перадавых пазыцыяў. Была раньняя вясна, навокал усё прыгожа зелянiлася. Трымалася залатая сонечная пагода. Неяк надвечар Пранук Бонк i ягоны сябра, званы Кашыбанда, вясёлыя вярнулiся ў хату, што служыла перадавым абаронным пунктам (ПАП). Iншыя то трымалi варту, то поркалiся каля зброi або кар'ераў. Пранук з самага пачатку трапiўся быў Сымону на вока як тып самага перасечнага польскага жаўнера. Ён часьценька любiў тое-сёе зацягнуць сваiм прапiтым хрыплаватым басам. Гэтак i цяпер, ужо амаль на зьмярканьнi, ззаду хаты мiж садовых дрэў заскрыпеў Пранукоў бас: