ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

Акула Кастусь

Шрифт:

– Хто-ж яго ведае. Мо й не зашкодзiла-б.

Падбадзёраны такiм адказам, стралок ужо стаўляў сваю пузатую стрэльбу.

– Давай, кохасю, - песьцiў i гладзiў сварад Кiцынскi, пакуль перадаць яго Сымону, - заляцi ты туды й секанi па швабах.

Ацанiўшы адлегласьць да абгароджанай плотам i аброслай зеленьню хаты, Сымон мяркаваў, што "п'ятаў" засяг мог быць закароткi, дзеля таго й выцягнуў ножку на максiмальную адлегласьць. Капрал моўчкi прыглядаўся. Камандзер зьвязу, што абяцаў Сымону пляшку, пайшоў дзесьцi налева, цi не да камандзера роты, каб атрымаць далейшыя iнструкцыi.

Сымон прыцэлiўся ў самы шчыт страхi i, моцна прыцiснуўшыся да пляча прыкладам, нацiснуў курок. Снарад разарваўся ў садзе, не далятаючы да хаты на мэтраў дзесяць. Навокал амаль ня было стральбы. Усе зацiкавiлiся выбухам у садзе.

– Эх, партач ты, калега, - скрывiў тоўстыя вусны Кiцынскi.

– Сам ты партач! Не бачыш, што задалёка?

Як хутка выявiлася, шчасьце было ў тым, што "п'ят" не дасягнуў хаткi. Адно сьцiхла рэха выбуху, як з хаты выбегла нейкая фiгура ў "батледрэсе" i, махаючы стрэльбай над галавой, крычала:

– Не стра-а-а-а-ляць, вы там, скуррр-чы сыны!

– То нашы там!
– усхапiўся капрал.

– Мусiць, - схамянуўся Сымон.

– Пся крэў, матка Боская Чэнстахоўская, вось дык было-б!
– перапалохаўся Кiцынскi.

– Хто тут страляў?!
– прыбег, засопшыся, з левага крыла камандзер роты. Пытаюся, хто тут стрэлiў цяпер у гэну хату?

Усе навокал маўчалi. Капiтанаў зрок затрымаўся на "п'яце" й акопчыку, дзе сядзела тройка вiноўных.

– Пане капрал, вы бачылi, хто тут цяпер стрэлiў? Капрал адказаў не адразу. Уталопiўся зрокам у Сымона, быццам мяркуючы, што сказаць, i шукаючы парады ды вырашыўшы, што была й ягоная вiна, адказаў:

– Не, не бачыў, пане капiтан.

– Там пайшоў наш патруль, i маглi пакалечыць сваiх людзей.

– Пане лейтанант, - накiнуўся ён на бягучага зь левага боку камандзера звязу, - чаму не загадалi вы сваiм людзям спынiць агонь?

– Пане капiтан, то само сабой было зразумелым, што лiшняга...

– Мусiць, ня ўсiм было зразумела. Ледзь сваiх людзей не пастралялi. Будзьце пры зьвязе й чакайце далейшых дыспазыцыяў, - кiнуў на адыход.

Сымону прыгадаўся дваццаты патрон, што ў батальёне Мураўёва выстралiў пад час практыкаваньняў над Рэйнам i за якi адседзеў колькi гадзiн арыштаваны ў бункеры. "Мо трэба больш кiравацца развагай, а менш iмпульсамi", - мяркаваў юнак.

IV

Сантэрно засталося ззаду. Ад часу той пераправы дзелiць iх ужо пару дзён. Сямнаццаты батальён зноў iдзе ў наступ. Былi прыйшлi на зьмену iншыя, памаглi. Цяпер зноў iдзе iхняя чарга. Абы хутчэй дабiць i скончыць. Слабое дрыжыць, баронiцца рэшткамi сiл, крышыцца, раздрабняецца, разьлятаецца, а нешта з паднятымi рукамi, раненае й змучанае, перасочваецца на другi бок у палон. Вызвольныя армii iмкнуццца на поўнач. Нiкому ня ўдасца ўжо iх стрымаць, аж пакуль ня дойдуць да мэты. Мэтаю - руiна праектаванага вялiкага тысячагадовага Райху. Праекты засталiся марамi, заўзятасьць i вытрываласьць, падпёртыя людзкой зьверскасьцю й безагляднасьцю да ўсяго чужога, не змаглi пабудаваць супэрiмперыi, што праiснавала-б дэкаду, ня тое што тысячагодзьдзе.

У вялiкай i шматнацыянальнай армii iдзе наперад сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады. Чаму якраз Львоўскай? Некалi й недзе паны стварылi яе, ахрысьцiўшы назовам чужога гораду. Мусiць, не дзеля чыстага сымбалiзму, а каб зьвязаць-замацаваць за сабой чужое, каб выставiць руку па яго i ў будучынi, так як выстаўлялi ў мiнулым. Дый ня толькi выставiць, але й прыгнесьцi ды прысвоiць...

Паны, як вiдаць, мала, а мо й нiчога не навучылiся. I сяньня паўтараюць старое, колькi разоў iмi-ж перажованае й для чужых жыватоў нястраўнае: аб бастыёне заходняе культуры на ўсходзе, аб мiсiянэрстве каталiцтва, падмуры хрысьцiянства, паклiкаюцца на Вастрабрамскую Божую Мацi й шчарбец Баляслава Харобрага...

Пятая пяхотная дывiзiя называецца "крэсовай", а на жоўтым палотнiшчы нарукаўнага шчытка красуецца горды зубр - волат Белавескае пушчы. Ёсьць-жа й розныя iншыя "крэсовыя" палкi й брыгады, у iх лiку й Вiленскi. Паназывалi, каб трымаць у памяцi, што ў чужых краiнах ляжаў i ляжыць рэзервуар iхных багацьцяў.

У шэрагах той шостай Львоўскай крочаць у шматтысячнай масе й Сымон Спарыш, i Ялонскi, i Ялушэвiч - колiшнiя менскiя кадэты, што пачалi змаганьне ня толькi супраць чырвона-маскоўскiх, але наогул супраць усiх рабаўнiкоў, у тым лiку й супраць паноў, магнатаў i ўраднiкаў, што пратапталi сьцежку ў Беларусь з Варшавы. Дый цi толькi гэтая тройка? Ёсьць-жа iх шмат, вялiкая маса. Некаторыя сяньня пахавалiся, прытаiлiся. Нявольнiцкi страх душыць iм грудзi. Ня ў сiлах цяпер выявiцца, клiкацца сваiм iмем. Але пры нагодзе выявяцца. Бо ў глыбiнi сэрцаў iхных - гарачая любоў да адзiнай i пакрыўджанай. Там - Вострая Брама й Жыровiцы, Наваградзкiя й Троцкiя муры, Замкавая гара ў Вiльнi й Сьвятынi Полацку. Нiхто не адбярэ тых бясцэнных скарбаў-успамiнаў.

Нуртуе й бурлiцца гарачая любоў. Дарма, што сяньня навокал i слова роднага не пачуеш, што й песьнi чужыя прыходзiцца заводзiць, дарма, што ў чужым мундзiры - надыдзе час выяўленьня. Бо беларускi народ жыве, бо ня зьнiшчылi яго стагодзьдзямi, бо яшчэ ўчора ўсхапiўся да новага жыцьця й паслаў у баявы марш тысячы юнакоў i юначак, сотнi тысяч жаўнераў i iнтэлiгенцыi. Дарма, што на дарозе шмат перашкодаў - шэрагi вырастуць, узмацнеюць. Бо няма большае зброi на сьвеце, чымся любоў да свайго, бо яна зьяўляецца асноваю асноў, бо на ёй расьце, красуецца, даспявае й дае плён ўсе добра пачатае.

Дык i дарма, што Спарыш, цi Караткевiч, цi трэцi й чацьвёрты iдуць сяньня ў лiку семнаццатай цi шостай Львоўскай, у лiку тых, што - калi-б не Ялта зноў прынеслi-б паняволеньне. Дарма, што й сэрцы iхныя сяньня да ўсяго абыякавыя, зачарсьцьвелыя. Прыйдзе яшчэ ўзлёт, новае аднаўленьне.

А калi Львоўская, дык i што-ж? Былi-ж розныя й раней, будуць i пасьля. Вунь-жа на другiм баку агнявой крывулi крышацца й нявечацца сiлы такога-ж самага, што паквапiўся на занадта вялiкi кусок чужога ды пасьля праглынуць ня стала сiлы. А мо й здолеў-бы, каб часам з другога боку памяркавалi. Але-ж не дазволiлi. Дык заўсёды i ўсюды адзiн i той самы працэс - з аднаго боку прагавiтасьць, гвалт i агрэсыя, з другога - абарона пакрыўджаных, часова цi даўжэй прыгнечаных, а то й зусiм проста абарона, абы не дацца. Быў некалi-ж такi працэс i зь Лiтвой-Беларусьсю. Толькi-ж зашмат ворагаў адразу навалiлiся, прыцiснулi, ледзь зусiм не задушылi, дый цяпер яшчэ душаць з большай сiлаю, чымся калiсьцi. Але дарма iхныя натугi. Як сказаў-бы той Сымон у хвiлiну адсутнасьцi ўсялякага натхненьня, так, проста з моста: "А скулу вам у бок, гадаўё i пошасьць, хеўра цёмная! Ня ўдасца - падавiцеся!"

Дык што-ж, калi сяньня крочыць ён сярод чужых па чужой зямлi й за чужое. Прыкрыў, захутаў абыякавасьцю сэрца, каб, крывавячыся, зусiм не аслабела, каб вытрымала, каб у часе паходаў гартаваўся дух i вера, каб мацаваўся ў днях злыбяды й вялiкiх выпрабаваньняў юнацкi характар. Прыйдзе час - спатрэбiцца. Учора цi заўчора страляў "п'ятам" па тых з гэтага боку. А якая розьнiца - за каго страляў цi па кiм? Не так даўно-ж страляў i з другога боку i таксама-ж панцырфаўстам-"п'ятам", хоць, праўду гаворачы, не страляў, бо ўдалося абысьцiся, моўчкi й бяз стрэлу на другi бок пералезьцi. А тут-жа, на гэтым баку, ня было куды й чаго пералазiць, дык i страляў, бо й трэба-ж было неяк абысьцiся.

Але-ж вунь на другiм баку засталiся радня й сябры. I хто ведае - капрызны лёс мог-бы прынесьцi iх у гэты час i на гэты адрэзак. Дык i што? Ведаў-бы Сымон, у каго страляе? Яны-ж не са свае волi ў чужых мундзiрах, там, дзе ён быў раней... Сяньня, пэўна, галадуюць, церпяць - не так, як ён тут, на гэтым баку: усяго хоць завалiся. Падзялiлi-ж, паразганялi па ўсiм сьвеце сыноў Беларусi, разьвеялi, быццам лiхi асеньнi вецер лiсьце па полi. Самы-ж люты й найстрашнейшы з усiх страшных вунь дома бацькоўскiя гнёзды разбурае-папялiць, ды, можа, дзе й Сымонаву сям'ю ў Сiбiр на самыя страшныя цярпеньнi пагнаў. Колькi-ж зь iх, што дома пажадалi застацца, таксама загiне. А колькi пасьля буры дахаты дарогi ня знойдзе, а мо й шукаць ня будзе ды на чужыне пачне часовыя гнёзды вiць, каб змаганьне праводзiць за вольнасьць тых, што церпяць. Маса загiне, але-ж, пэўна, ня ўсе. Будуць такiя, што знойдуцца, згуртуюцца, пачнуць новы марш у новых шэрагах ды ўжо са сваiмi клiчамi й пад собскiм штандарам.

Поделиться с друзьями: