Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Пра дзяцей ёсць вельмі добрая легенда. Жанчына некалі паскардзілася вялікаму чараўніку, што рукі адвальваюцца: дзеці да году не ходзяць, цяляты, ягняты, жарабяты. Усіх на руках насі. Той узяўся памагчы. Кінуў цераз высокі плот жарабя — пабегла, цяля — таксама, ягня — і яно пабегла. "Ну, кажа, давай дзіця". Матка абурылася: "Эге, так я табе і дам дзіця цераз высокі плот кідаць." — "Ну то тады і насі…"
Ёсць, вядома, i iншыя прыказкi: "На нявестку сем год грады брэшуць", "Прымак пятнаццаць гадоў цёшчынага ката на "вы" заве", але значна больш такiх: "За добрым гаспадаром i варона жона, а за кепскiм i княгiня загiне", "Злодзей абкрадзе — сцены астануцца, а жонка памрэ — усё з двара звязе". "З кiм жыць — таго не гнявiць", "Не дай доля два разы жанiцца i два разы будавацца", "Не пiў, не еў бы, ды на жонку глядзеў бы". I, урэшце, апошняя: "Мiлая ты мая, ты на той свет, i я ў след".
…А тое, што часам старыя бурчаць: "Як правіў бацька, то каты лазілі, як паправіў сын, то і сабакі сталі лазіць" — гэта ўсё жарт.
Рэаліст у рэальным жыцці, беларус вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах. Ясна, што цяпер ужо ніхто не верыць у вадзянікаў, лесуноў, лазнікаў і ўсё такое іншае, але раней верылі. І расказвалі такія рэчы ў чаўне на рыбалцы або на начлезе ля вогнішча, што дыбарам уставалі валасы. І пра ваўкалакаў-абертняў, што бегаюць з ваўкамі, і пра тое, як на "дзяды" (дзень памінання продкаў) можна ўбачыць усіх продкаў, аж да Адама, калі два дні не есці і не гаварыць з людзьмі (іронія, праўда, ёсць і тут, бо адзін бачыў іх і, у прыватнасці, свайго "святога жыцця нябожчыка-дзядзьку", які лез праз трубу, а яго не пускала ўкрадзеная пры жыцці барана, — "і папу не выспавядаўся", — то пляменнік зарагатаў — і ўсё, яны зніклі).
Менавіта таму запісаныя фалькларыстамі беларускія казкі не ўлезлі б і ў сотню тамоў. І, прычым, такія казкі, якія почасту не маюць адпаведных сюжэтаў у суседзяў. Вось, напрыклад, адна, што адказвае на пытанне, чаму верабей скача адразу дзвюма нагамі, чаму ў савы рознакаляровае пер'е і чаму ледзь толькі птушкі ўбачаць тую саву, дык адразу навальваюцца на яе ўсёй хеўрай і тое пер'е з яе скубуць.
Праштрафіўся верабей. Усе птушкі пагналіся за ім і загналі ў дупло. Але той быў такі хітры, што выбраў дзірку ў дупле якраз па сабе: большы за яго не ўлезе, а меншы калі ўлезе — ён яго выкіне. Вырашылі браць яго, як моцную крэпасць, на змор. Чакалі-чакалі, аж настала ноч і ўсе захацелі спаць. Каго пакінуць на варце? Ясна каго, саву. Яна ўначы не спіць. А сава была ў той час голая, як абшчыканая курыца. Ну і паставіла сваю ўмову: "Усе ў пер'ях, то чаго я маю голая хадзіць? Скідайцеся па перыйку". Ну, усе і скінуліся. Адзін шэрае пер'е даў, другі — рудае, трэці — белае ці карычневае. Стала сава, як і ўсе, толькі што пер'е дужа рознае. Сядзела яна ўсю ноч, сядзела. А раніцай птушкі заспалі, і яна, начная істота, пачала куняць. Верабей вылез і ўцёк… Урэшце яго ўсё ж спаймалі. І, у знак пакарання, звязалі ногі. Вось ён цяпер і скача адразу дзвюма. А птушкі, як толькі ўбачаць саву, дык адразу кожная сваё пяро дзярэ з яе. З гвалтам: "Аддай мае перыйкі, бо няма чаго было браць, калі ўсцерагчы на магла".
…Гэта казка жартоўная, а ёсць тысячы фантастычных. Як змей абвіўся вакол горада, як хадзіў па свеце каток — залаты лабок, як хітры селянін абпаіў півам чотра і адабраў у яго душы добрых людзей, як зачараваны змяіны кароль пакахаў дзяўчыну… Усіх казак не назавеш, не пералічыш. Іх — безліч! Запісаныя Е. Раманавым, П. Шэйнам, М. Федароўскім, А. Сержпутоўскім — яны і дагэтуль складаюць неацэнны наш скарб, тым больш вялікі, што яны былі народу замест кнігі ў тыя часы, калі кніга беларуская, нават мова беларуская былі забаронены. І тады толькі казка вяла дзяцей у далёкі край, "за сем гор і мораў, трошкі бліжэй ад сонца і трошкі далей ад месяца".
II. Камяніцы, і гмахі, і вежы
Горад на Нямiзе
Пра многае мы так і не здолелі сказаць. Пра некаторыя абрады, пра вогнішчы Купалля, пра кветку папараці, якая цвіце ў чароўную тую ноч, прыносячы людзям шчасце. Пра тое, як недзе ў сакавіку моладзь з курганоў і ўзгоркаў "гукае вясну". Ды пра гэта й досыць. Гэта ўсё было ў "свой час", у час "прадзены, тканы". Цяпер трэба гаварыць пра новыя часы. Нягледзячы на тое, што на Беларусі і зараз ледзь не самы вялікі ў СССР працэнт сельскага насельніцтва — павялічваецца няўхільна колькасць гараджан, растуць гарады, фабрыкі, заводы. Пра іх мы зараз і паспрабуем гаварыць. І загадзя намецім сабе межы, бо пра ўсё не скажаш. Ясна, трэба сказаць пра сталіцу, пра абласныя гарады, а далей… далей пра тое, пра што хочацца, пра тыя гарадкі і мястэчкі, якія найлепей ведаеш і найбольш любіш.
…Мінск. Горад-герой. Самы буйны з гарадоў Беларусі. Звыш мільёна насельніцтва. Горад і вобласць даюць 26 працэнтаў усёй прамысловай прадукцыі рэспублікі. Гэта машынабудаванне, хімія, лёгкая і харчовая прамысловасць.
Гораду больш за 900 год. Адзін з самых ранніх успамінаў аб ім — радкі са "Слова аб палку Ігаравым": "На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць чапамі харалужнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела". Крывавыя берагі Нямігі даўно забраныя ў падземную трубу. Засталася толькі старая гандлёвая назва горада "Мінск", а ў даўніну "Менеск", "Менск", ад слова "мена", "мяняць". І дужа мала гісторыі. Таму што ў гады апошняй вайны Мінск быў знішчаны ледзь не на сто працэнтаў, пушчан дымам і попелам. У адрозненне, скажам, ад Суздаля або Кіева тут можна паказаць цікаўнаму турысту толькі некалькі старых будынкаў і храмаў XVII–XVIII стагоддзяў ды некалькі будынкаў эпохі класіцызму. Па беларускую старажытнасць трэба выязджаць далей, на правінцыю.
Гмахі вялізных каменных будынкаў, узятыя ў граніт берагі Свіслачы, на ёй у межах Мінска створана вадасховішча — Камсамольскае возера, паркі, бульвары, сады. І, у самым цэнтры, невялічкі драўляны дамок. Гэта музей І з'езда РСДРП, які адбыўся тут у 1898 годзе. Значэнне гэтага з'езда, які заснаваў РСДРП, ясна ўсім. Тут нарадзілася самае імя той сілы, якая сямю гадамі пазней вылілася ў рэвалюцыю 1905 года, а ў 1917 годзе, праз дзевятнаццаць год, зрынула царызм, той сілы, якая стварыла дзяржаву, у якой мы зараз жывём.
СССР.
БССР.
За нейкіх сто метраў ад гэтага дома — плошча Перамогі з абеліскам у гонар воінаў Савецкай Арміі і беларускіх партызан, з Вечным агнём ля яго.
Мінск займае тэрыторыю ў 143 квадратных кіламетры, куды больш чым да вайны, ужо не кажучы пра дарэвалюцыйны час. Можна прывесці такі прыклад. Месца расстрэлу паўстанцаў 1863–1864 гг. знаходзілася за горадам. Цяпер гэта раён галоўнага паштамта. Менавіта тут зязюля кукавала "гады, якіх не будзе", аднаму з кіраўнікоў бунту, Міхалу Цюндзявіцкаму. Тут сялянскія дзяўчаткі клалі кветкі на яго магілу.
Сённяшні Мінск — гэта, перш за ўсё, машыны. Наша сталіца — адзін з буйнейшых у СССР цэнтраў машынабудавання.
А, між іншым, досыць лёгка ўявіць сабе дзевяностагадовага старога, мінчаніна, які (і гэта толькі калі мы дапусцім, што ён жыў у цэнтры, а не на ўскраіне) не мог нарадзіцца ў радзільным доме (першы такі дом заснаваны ў 1895 годзе, калі нашаму "герою" было 19 год); які ўпершыню ўбачыў тэлефон у 14 год, які ўпершыню праехаўся на концы па цэнтральнай вуліцы горада ў 16 год. А вуліцай гэтай была Захар'еўская, цяпер Ленінскі праспект. У гарадскі тэатр (цяпер у гэтым перабудаваным будынку Беларскі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) ён пайшоў з бацькамі на адкрыццё, чатырнаццацігадовым хлопчыкам, і першыя пяць год, пакуль не пусцілі першую электрастанцыю, глядзеў спектаклі пры свечках.
Дзівам здавалася яму конка (тройка, што цягне па рэйках вагончыкі), яшчэ большым — пушчаны ў 1929 годзе трамвай.
Ці мог ён прадбачыць тады, які ён будзе, сённяшні Мінск?
300 трактараў кожны дзень, славутыя самазвалы-"зубры", матацыклы, маторы, веласіпеды, радыёпрыёмнікі, тэлевізары, падшыпнікі, станкі, дый ці мала яшчэ чаго. Звыш мільёна гадзіннікаў штогод, звыш 1500 тэлевізараў і прыёмнікаў у дзень. Абутковыя фабрыкі за год абуваюць 10 млн. чалавек.
Чатыры пятых шарсцяных тканін, больш як трэць скуранога абутку рэспублікі. Гэта што датычыцца лёгкай прамысловасці. А будаўнічая прамысловасць з заводамі — гіпсавым і фарфора-фаянсавым, з чатырма заводамі буйнога домабудавання, з двума цагельнымі і двума асфальтабетоннымі заводамі.
Дзевяностагадовы мiнчанiн, што сядзеў пры свечцы: Зараз праектная магутнасць толькi адной
ЦЭЦ-4 — 900 тысяч кілават. Ты, што здзіўляўся концы. Зараз у Мінску даўжыня ліній трамвайных складае 57,6 км, тралейбусных — 136,7 км, аўтобусных — 399,5 км.
Дужа развітая харчовая прамысловасць. Разнастайная. Скажу адно. Паколькі вы, асабліва дзяўчаты, любіце цукеркі, то хай вам будзе вядома, што мінскую кандытарскую прамысловасць шмат хто лічыць добрай.
Хочаце скончыць ВНУ? Калі ласка, да нас. У Мінску шмат інстытутаў. Ва універсітэце больш як 10 тыс. студэнтаў. Велізарная бібліятэка імя Леніна, шмат тэатраў і музеяў. Аднаго няма: балета на лёдзе. Нічога, будзе і ён, тым больш што летні лёд ёсць заўсёды. У выключна багатым і прыгожым Палацы спорту.