150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Шрифт:
У самым Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была не толькі моваю асноўнага народа гэтае дзяржавы, не толькі дзяржаўнаю моваю, але й моваю міжэтнічных дачыненняў. Ёю сумовіліся летувісы (жамойты), габраі, татары, расейцы-стараверы, цыганы.
У часы Сярэднявечча, напрыклад, Малдова і Валахія (сучасная Румынія) у дзяржаўнай дыпламатычнай перапісцы карысталіся афіцыйнаю моваю Вялікага Княства Літоўскага, г. зн. беларускаю (дарэчы, іхныя манархі, як і нашыя, называліся гаспадарамі). Ведалі беларускую мову і карысталіся ёю людзі з маскоўскага Пасольскага прыказу, службоўцы канцылярыі нямецкага вялікага магістра з Рыгі. Пасля таго як каралём Польшчы стаў беларускі князь Ягайла, у значнай ступені беларускамоўным зрабіўся кракаўскі каралеўскі двор Польшчы. Польская і расейская сталіцы вялі перапіску між сабою па-беларуску. Калі ў 1646 годзе польскія дыпламаты скіравалі маскоўскім ліст па-польску, тыя рашуча запатрабавалі пісаць, як «издавна повелось», па-беларуску. Такім чынам, беларуская мова была моваю міждзяржаўных дачыненняў, міжнароднаю моваю.
75. Хто вынайшаў шматступеневую ракету?
У 1650 годзе ў сталіцы Нідэрляндаў Амстэрдаме, славутым асяродку рамёстваў, гандлю і кнігадрукавання, пабачыла свет кніга «Вялікае мастацтва артылерыі». Напісаў яе на лаціне — мове тагачаснай навукі — наш суайчыннік (як ён называў сябе, «шляхціч-ліцьвін з Вялікага Княства Літоўскага») Казімір Семяновіч. Нарадзіўся ён на Віцебшчыне ў пачатку ХVІІ стагоддзя.
Кнігу К.Семяновіча з вялікай зацікаўленасцю і ўвагай сустрэлі ў Эўропе. На працягу больш як паўтара стагоддзя яна была найбольш грунтоўнай і аўтарытэтнай працай па артылерыі і піратэхніцы, перавыдавалася на французскай, нямецкай, ангельскай ды іншых эўрапейскіх мовах. У прадмове да ангельскага выдання 1729 года ёсць красамоўнае сведчанне: «Аўтарытэт К.Семяновіча быў і да сённяшняга дня застаецца для ракетчыкаў і феерверкераў нечым святым».
У адрозненне ад піратэхнікаў-рамеснікаў свайго часу К.Семяновіч быў сапраўдным піратэхнікам-вучоным, у сваёй працы абапіраўся на апошнія, найноўшыя дасягненні тагачаснай навукі, на вынікі ўласных эксперыментаў. Ён зрабіў шэраг цікавых, перспектыўных вынаходак. Гэта і стабілізатар тыпу «дэльта», і арыгінальныя канструкцыі ракет у тым ліку і шматступеневай.
Такім чынам, даўная спрэчка пра тое, хто вынайшаў шматступеневую ракету — расейскі вучоны К.Цыялкоўскі, бэльгійскі інжынер Р.Бінг ці амэрыканскі вучоны Р.Годард, — развязваецца для многіх нечакана: канструкцыю такой ракеты больш чым за 250 гадоў да іх апісаў у сваёй кнізе беларускі вучоны Казімір Семяновіч, паклаўшы гэтым важкую цагліну ў падмурак будучага ракетабудавання.
Дарэчы, варта адзначыць, што К.Семяновічу, прафесійнаму вайскоўцу, быў уласцівы гуманістычны светапогляд: войны ён лічыў найвялікшым няшчасцем для чалавецтва.
Пакінуў ён гэты свет, напэўна, неўзабаве пасля выхаду французскага выдання сваёй кнігі ў 1651 годзе. Што сталася прычынаю смерці, невядома. Ці памёр ён ад якой хваробы, ці загінуў пад час доследаў з выбуховымі рэчывамі — пэўна сказаць немагчыма.
76. Што рабілі беларусы ў Маскве ў ХVІІ стагоддзі?
Уплыў беларусаў на духоўную і матэрыяльную культуру Маскоўшчыны быў адчувальны ўжо з часоў Сярэднявечча. У ХVІІ стагоддзі ён стаў вызначальным і абымаў літаральна ўсе сферы жыцця.
Перасяленні беларусаў на Маскоўшчыну адбываліся і раней, але асабліва масавымі яны сталі ў 1654–1667 гадах. Гэта былі часы сама страшнай і крывавай у гісторыі Беларусі вайны. Тады расейскія акупанты ажыццявілі дэпартацыю блізу 300 тысяч нашых суайчыннікаў.
Беларусы жылі ў Маскве ў розных месцах. У 1672 годзе яны засялілі так званую Мяшчанскую (Новамяшчанскую) слабаду. Да прыкладу, у 1685 годзе тут жыло 612 сем'яў з розных куткоў Беларусі. Шмат беларусаў жыло па-за межамі Мяшчанскай слабады. Так, у Новадзявочым манастыры знаходзілася блізу 300 беларускіх манашак, якіх забралі сюды з Куцеінскага манастыра. Наагул, паводле палікаў вучоных, у другой палове ХVІІ стагоддзя беларусы складалі каля 20 % насельніцтва Масквы.
Надзвычай важкім быў уклад беларусаў у развіццё маскоўскага дойлідства, яскравым пацверджаннем чаго з'яўляецца пабудаваны нашымі продкамі шэдэўр архітэктуры — Каломенскі палац.
Менавіта беларусы прынеслі ў Маскву аб'ёмную, ажурную, высокарэльефную рэзь. Разная драўляная паверхня, выкананая ў стылі барока, пакрывалася сусальным золатам па спецыяльным грунце і старанна паліравалася. Сярод унікальных твораў беларускай рэзі ў Маскве можна назваць грандыёзны пяціярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра — помнік культуры сусветнага значэння. Кіравалі гэтымі работамі Клім Міхайлаў, Герасім Акулаў, Восіп Андрэеў, Андрэй Фёдараў, Яўсей Сямёнаў.
Прыкметную ролю ў развіцці рамяства ў Маскве адыгралі беларускія кахляры, якія прынеслі сюды сакрэт вырабу рэльефнай шматколернай кахлі. Найбольш славутымі кахлярамі былі вучні беларускага майстра Пятра Заборскага з Вільні — выхадзец з Копыся Ігнат Максімаў і мсціславец Сцяпан Іванаў. Гэтыя майстры разам зрабілі кахляныя фрызы царквы Рыгора Неакесарыйскага ў Маскве, а потым паліхромную кахлю для фасадаў Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве. Сцяпан Іванаў (па мянушцы Палубес) стварыў унікальныя маёлікавыя рэльефы Апосталаў для барабана царквы Ўспення ў Ганчарах (1691 год). Зараз некаторыя яго творы можна пабачыць у музеі народнага мастацтва ў Каломенскім.
Беларускія майстры працягвалі традыцыі гарматніцкай справы, закладзеныя яшчэ Андрэем Чохавым (Чэхавым), таксама беларусам з паходжання, які ў 1586 годзе адліў славутую «Цар-гармату». У Маскве ў ХVІІ стагоддзі асабліва цаніліся беларускія збраёўнікі, якія выраблялі халодную і агнястрэльную зброю; яны працавалі ў складзе Збраёвай (Аружэйнай) палаты.
Сярод беларусаў-ювеліраў вылучаліся спецыялісты па апрацоўцы срэбра, якія выраблялі разнастайны багата аздоблены посуд і царкоўнае начынне.
Менавіта дзякуючы нашым таленавітым продкам высокага роўню ў Маскве дасягнула майстэрства апрацоўкі косці. Асаблівымі здольнасцямі ў гэтай галіне вылучаліся былыя віцебскія майстры, якія выраблялі дзівосныя па прыгажосці шахматныя фігуркі са слановай косці, а таксама шахматныя дошкі і столікі.
Стваральная праца беларусаў у Маскве ў ХVІІ стагоддзі не абмяжоўвалася толькі сферай матэрыяльнай культуры. Вельмі плённым было ўздзеянне нашых продкаў на духоўнае жыццё Масковіі. Дастаткова прыгадаць імя Епіфана Славінецкага, які быў адной з ключавых асобаў у часе вядомых царкоўных рэформаў Нікана. Ён пераклаў і выдаў шматлікія творы айцоў царквы, склаў грэцка-славянска-расейскі лексікон. Праз ягоны пераклад твора заснавальніка навуковай анатоміі А.Везалія «Пра будову чалавечага цела» маскоўскія лекары далучыліся да вяршыняў анатамічнай навукі Заходняй Эўропы. Дзякуючы Епіфану Славінецкаму нашы ўсходнія суседзі пазнаёміліся і з геліяцэнтрычнай тэорыяй М.Каперніка.
Выключнае месца ў маскоўскай культуры заняў Сымон Полацкі — вядомы асветнік, таленавіты паэт, непаўторны драматург, унікальны багаслоў, тонкі перакладнік і выдатны педагог. Яму належыць гонар укладальніка і аўтара першага статута Маскоўскай акадэміі. Пад яго кіраўніцтвам доўгі час дзейнічала маскоўская друкарня. Ён жа, дарэчы, быў і незаменным выхавальнікам царскіх дзяцей, аддаваў шмат увагі ўзгадаванню Пятра І — будучага цара-рэфарматара.
Акрамя таго, беларусы заклалі асновы расейскага тэатра. Яны былі акторамі тэатральнай трупы пры двары Аляксея Міхайлавіча. Нават касцюмы для тэатра рыхтавалі ў асноўным беларускія краўцы і шаўцы. Вельмі шмат беларусаў было і сярод царкоўных спевакоў ды вайсковых музыкаў; яны зрабілі моцны ўплыў на развіццё расейскага музычнага мастацтва.