1984 (на белорусском языке)
Шрифт:
Трэба было дапiсаць да канца, трэба было выспаведацца. Пад поўным святлом лямпы ён раптам заўважыў, што жанчына старая. Слой пудры на твары быў такi густы, што, здавалася, мог адвалiцца, як маска з кардону. У яе валасах былi сiвыя пасмы. Але самае жахлiвае было тое, што яе разяўлены рот быў агiднай чорнай адтулiнай - у яе зусiм не было зубоў. Ён паспешлiва запiсаў крывымi лiтарамi:
Пры святле яна выглядала зусiм старой жанчынай, як найменей пяцiдзесяцi гадоў. Але я не спынiўся i ўсё роўна зрабiў тое, дзеля чаго прыйшоў.
Ён зноў нацiснуў пальцамi на павекi. Урэшце ён дапiсаў. Але ўсё было дарма, лекi не дапамаглi. Яму яшчэ мацней, чым перад тым, хацелася на ўвесь голас крычаць брудныя словы.
7
Калi яшчэ i ёсць надзея, напiсаў Ўiнстон, дык толькi сярод пролаў.
Калi была надзея, дык яна мусiла быць сярод пролаў, бо толькi там, у гэтай вялiкай шэрай грамадзе, што складала 85 адсоткаў насельнiцтва Акiянii, магла калiсьцi нарадзiцца сiла, якая б разбiла Партыю. Знутры было немагчыма разбурыць Партыю. Яе ворагi, калi яны ўвогуле iснавалi, не мелi нiякай магчымасцi сабрацца разам цi нават пазнаць адзiн аднаго. Нават калi б легендарнае Братэрства i сапраўды iснавала, было ўсё ж неверагодна, каб яго сябры маглi калiсьцi сабрацца болей чым удвох або ўтрох. Адзiн толькi позiрк у вочы, трымценне ў голасе ўжо былi бунтам, а пагатоў выпадкова прашаптанае слова. Але пролам, калi б толькi яны ўсвядомiлi сваю сiлу, не спатрэбiлася б нават змова. Iм трэба было толькi ўстаць i абтрэсцiся, як конь, што адганяе мух. Калi б яны захацелi, яны б ужо заўтра маглi разбiць Партыю на кавалкi. Далiбог, такая думка мусiць раней цi пазней прыйсцi iм у галаву! I ўсё ж!..
Ён згадаў, як аднойчы iшоў адной люднай вулiцай i пачуў з блiжняга завулка магутны крык тысяч галасоў - жаночых галасоў. Гэта быў жахлiвы крык гневу i роспачы, глыбокае гучнае "О-о-о-о!", што адбiвалася рэхам, як магутны звон. Яго сэрца замерла. "Пачалося!
– падумаў ён.
– Народнае паўстанне! Нарэшце пролы абуджаюцца!" Калi ён дайшоў да месца, дык убачыў вялiкi натоўп - дзвесце цi трыста жанчын, якiя з трагiчнымi тварамi, як у пасажыраў карабля, што iдзе на акiянскае дно, збiлiся вакол латкоў вулiчнага кiрмашу. Але ў гэты момант агульная роспач рассыпалася на мноства дробных сварак. Выявiлася, што ў адным латку прадавалiся бляшаныя рондалi. Мiзэрныя, убогiя рэчы, але любы посуд было вельмi цяжка дастаць. Цяпер жа запас вычарпаўся. Жанчыны, якiм пашчасцiла ўхапiць адну штуку, спрабавалi прабiцца праз натоўп, тым часам як дзесяткi iншых вакол латка крычалi i вiнавацiлi прадавальнiцу, што яна выбiрае, каму прадаваць, i сцвярджалi, што ў яе яшчэ недзе ў сховах засталiся рондалi. Пачуўся новы выбух галасоў. Дзве азызлыя жанчыны, адна з iх з раскудлачанымi валасамi, учапiлiся ў адзiн рондаль i спрабавалi вырваць яго адна ў адной з рук. Яны торгалi кожная сабе, пакуль не адламалася ручка. Ўiнстан з агiдай назiраў за iмi. I ўсё ж якая жахлiвая сiла чулася ў гэтым крыку, што вырваўся на нейкi момант з пары соцень глотак! Чаму яны нiколi не крычаць з-за нечага сапраўды важнага?
Ён запiсаў:
Пакуль яны не зробяцца свядомымi, яны нiколi не паўстануць, а пакуль яны не паўстануць, яны не змогуць зрабiцца свядомымi.
Фраза амаль як з партыйнага падручнiка, падумаў ён. Натуральна, Партыя сцвярджала, што яна вызвалiла пролаў з рабства. Да Рэвалюцыi капiталiсты няшчадна iх прыгняталi. Мучылi iх голадам i лупцавалi лазою, жанчыны мусiлi працаваць у вугальных шахтах (праўду кажучы, жанчыны i дагэтуль працавалi ў вугальных шахтах), дзецi з шасцi гадоў прадавалiся на фабрыкi. Але адначасна, у поўнай згодзе з прынцыпамi двухдумства, Партыя вучыла, што пролы ад прыроды - нiжэйшыя стварэннi, з якiмi трэба абыходзiцца як з жывёлаю, стасуючы да iх некалькi простых правiл. У сапраўднасцi ж пра пролаў вельмi мала было вядома. А шмат i не трэба было ведаць. Пакуль яны працавалi i пладзiлiся, усе iншыя iхныя жыццёвыя праявы былi неiстотныя. Кiнутыя на волю лёсу, як жывёла, што пасвiцца на лугах Аргенцiны, яны вярнулiся да натуральнага для iх жыццёвага ладу, перанятага ад продкаў. Яны нараджалiся, вырасталi ў сцёкавых канавах, у дванаццаць гадоў iшлi працаваць, перажывалi кароткую пару фiзiчнай прыгажосцi i пачуццёвых жаданняў, у дваццаць жанiлiся, у трыццаць старэлi i ў большасцi выпадкаў памiралi да шасцiдзесяцi гадоў. Цяжкая фiзiчная праца, клопаты пра дом i дзяцей, дробязныя сваркi з суседзямi, кiно, футбол, пiва i асаблiва азартныя гульнi - вось што запаўняла абсяг iх думкi. Трымаць iх пад кантролем было няцяжка. Пару агентаў Палiцыi Думак увесь час былi сярод iх, каб распускаць фальшывыя чуткi, а таксама вышукваць i лiквiдоўваць тых, хто здаваўся iм небяспечным. Аднак не рабiлася нiякiх спроб прышчапiць пролам партыйную iдэалогiю. Было непажадана, каб яны мелi выразныя палiтычныя пачуццi. Ад iх патрабаваўся толькi прымiтыўны патрыятызм, да якога можна заклiкаць пры патрэбе, каб змусiць iх пагадзiцца з падаўжэннем працоўнага дня або скарачэннем нормаў прадуктаў. I нават калi яны былi нечым незадаволеныя, iх незадаволенасць нiкуды не вяла, бо, не маючы кiраўнiчае iдэi, яны засяроджвалi яе на паасобных нязначных праблемах. Больш важныя справы непазбежна заставалiся па-за iх увагай. Пераважная большасць пролаў не мела ў кватэры нават тэлегляда. Нават звычайная палiцыя вельмi рэдка ўмешвалася ў iх жыццё. У Лондане iснавала шырокая сетка злачыннасцi, цэлы свой сусвет зладзеяў, рабаўнiкоў, прастытутак, гандляроў наркотыкамi. Але ўсё гэта адбывалася выключна сярод пролаў i таму не мела нiякага значэння. Ва ўсiх пытаннях маралi iм дазвалялася жыць паводле iх старых традыцый. Iм не навязваўся маральны пурытанiзм Партыi. Чужаложства не каралася, развод быў дазволены. Была б нават дазволена рэлiгiя, калi б пролы выказалi ў ёй хоць якую патрэбу або пажаданне. Яны былi па-за падазрэннем. Гэта знаходзiла свой выраз у партыйным лозунгу: "Пролы i жывёлы - свабодныя".
Ўiнстан нагнуўся i асцярожна пацёр сваю язву, якая зноў пачала свярбець. Пунктам, да якога непазбежна вярталiся думкi, была немагчымасць даведацца, якiм было жыццё да Рэвалюцыi. Ён выцягнуў з шуфляды падручнiк гiсторыi для школьнiкаў, якi пазычыў у панi Парсанс, i пачаў перапiсваць адтуль у свой дзённiк:
У старыя часы, да слаўнай Рэвалюцыi, Лондан не быў такiм цудоўным i прыгожым горадам, як цяпер. Гэта была змрочная, брудная, занядбаная мясцiна, дзе мала хто еў удосталь, дзе сотнi i тысячы, бедных людзей не мелi чаго абуць i не мелi нават даху над галавой, пад якiм можна было б спаць. Такiя дзецi, як вы, былi вымушаны дванаццаць гадзiн на дзень цяжка працаваць на жорсткiх гаспадароў, якiя бiлi iх бiзунамi, калi тыя працавалi занадта павольна, i давалi iм есцi толькi сухары i ваду. Але сярод гэтай страшэннай убогасцi стаяла некалькi вялiкiх прыгожых дамоў, у якiх жылi багатыя, што мелi да трыццацi слуг, якiя iх даглядалi. Гэтыя багатыя звалiся капiталiстамi. Гэта былi тоўстыя, брыдкiя людзi са злымi тварамi, як гэта можна бачыць на малюнку. Як вы бачыце, яны насiлi доўгi чорны пiнжак, якi зваўся сурдут, i смешны блiскучы капялюш, падобны да комiна, што зваўся цылiндр. Гэта была ўнiформа капiталiстаў, i нiхто болей не меў права яе насiць. Капiталiстам належала ўсё, што знаходзiлася на зямлi, i ўсе астатнiя людзi былi iх рабамi. Iм належала ўся зямля, усе дамы, усе заводы i ўсе грошы. Калi нехта iх не слухаўся, яны маглi кiнуць яго ў турму або адабраць у яго працу, каб ён памёр з голаду. Калi звычайна чалавек гаварыў з капiталiстам, ён мусiў нiзка схiляцца i выдыгаць перад iм, здымаць шапку i звяртацца да яго: "Сэр". Галоўны сярод капiталiстаў зваўся Каралём, i...
Але ён ужо ведаў, што будзе далей. Далей пойдуць апiсваннi бiскупаў з батыставымi манжэтамi, суддзяў у гарнастаевых мантыях, ганебнага слупа, кайданоў, катавальнага кола, "дзевяцiхвостага ката", банкету лонданскага лорд-мэра i звычаю цалаваць папскi чаравiк. Было тут таксама i гэтак званае права першай ночы, пра што, напэўна, няварта было пiсаць у школьным падручнiку. Гэта быў закон, згодна з якiм капiталiст меў права пераспаць з любой жанчынай, што працавала на любой яго фабрыцы.
Адкуль даведацца, колькi ва ўсiм гэтым было хлуснi? Можа, i праўда, што звычайнаму чалавеку сёння жылося лепей, чым да Рэвалюцыi. Адзiным сведчаннем супраць гэтага быў глухi пратэст уласных костак, iнстынктыўнае адчуванне, што цяперашнiя ўмовы жыцця былi невыносныя i раней мусiла быць iначай. Ён адзначыў, што сапраўднай адметнасцю цяперашняга жыцця была не жорсткасць i небяспечнасць, а проста яго нiкчэмнасць, яго ўбогасць, яго абыякавасць. Калi азiрнуцца навокал, можна было заўважыць, што жыццё не толькi не мела нiчога агульнага з той хлуснёй, што валiла патокам з тэлегляда, але нават не адпавядала iдэалам, вызначаным Партыяй. Большая частка жыцця нават сябры Партыi праходзiла нейтральна i апалiтычна i складалася з клопатаў пра тое, як захапiць месца ў метро, як зацыраваць падраную шкарпэтку, як выпрасiць пару таблетак сахарыну звыш убогай нормы, як захаваць недакурак. Iдэалам, да якога iмкнулася Партыя, было нешта вялiзнае, пагрозлiвае, блiскучае - свет са сталi i бетону, свет гiганцкiх машын i грознай зброi, нацыя воiнаў i фанатыкаў, якiя б маршыравалi наперад у дасканалай еднасцi, думаючы аднолькавыя думкi i крычучы аднолькавыя лозунгi; свет, дзе ўсе б няспынна працавалi, змагалiся, перамагалi, пераследавалi - трыста мiльёнаў чалавек, усе на адзiн твар. А ў сапраўднасцi iснавалi гарады, што паволi ператваралiся ў руiны, па вулiцах сноўдалiся галодныя людзi ў дзiравых чаравiках, людзi гэтыя жылi ў абы-як адрамантаваных дамах дзевятнаццатага стагоддзя, дзе заўсёды смярдзела капустай i сапсаванымi прыбiральнямi. Лондан здаваўся яму вялiзным горадам-руiнай, горадам мiльёна сметнiкаў, i на гэтым фоне ён бачыў вобраз панi Парсанс, жанчыны з маршчынiстым тварам i раскудлачанымi валасамi, якая бездапаможна корпаецца ў засмечанай ракавiне.
Ён нагнуўся i зноў пачухаў нагу. Удзень i ўночы тэлегляды забiвалi галаву лiчбамi, з якiх вынiкала, што людзi цяпер маюць болей ежы, болей адзення, лепшыя кватэры i лепшыя забавы; што яны жывуць даўжэй, што iх працоўны дзень карацейшы, што яны вышэйшыя, здаравейшыя, мацнейшыя, шчаслiвейшыя, разумнейшыя, адукаванейшыя, чым пяцьдзесят гадоў таму. Пры гэтым нiводнае слова нельга было нi пацвердзiць, нi абвергнуць. Партыя, напрыклад, сцвярджала, што цяпер 40 адсоткаў дарослых пролаў маглi чытаць i пiсаць. Да Рэвалюцыi ж, як сцвярджалася, гэтая лiчба складала толькi 15 адсоткаў. Партыя сцвярджала, што дзiцячая смяротнасць складала цяпер толькi 160 на тысячу, тым часам як да Рэвалюцыi - 300, i гэтак далей. Гэта было як адно ўраўненне з двума невядомымi. Цалкам магчыма, што лiтаральна кожнае слова ў падручнiках гiсторыi, нават тое, што прымалася без нiякiх сумненняў, проста прыдуманае. Такi закон, як права першай ночы, такая iстота, як капiталiст, цi такi ўбор, як цылiндр, маглi i ўвогуле нiколi не iснаваць.
Усё расплывалася ў тумане. Мiнулае знiшчалася, факт знiшчэння забываўся, хлусня рабiлася праўдай. Толькi аднойчы ў жыццi - пасля самой падзеi, што вельмi iстотна, - ён меў вiдавочны i бясспрэчны доказ фальшавання. Ён трымаў яго ў руках цэлыя трыццаць секунд. Гэта было недзе ў 1973 годзе - прыблiзна тады, калi яны разышлiся з Кэтрын. Але дата, якой датычыўся гэты доказ, адстаяла ў часе яшчэ не сем цi восем гадоў раней.
Уласна кажучы, гэтая гiсторыя сягае пачаткамi ў сярэдзiну 60-х гадоў, час вялiкiх чыстак, калi былыя правадыры Рэвалюцыi раз i назаўсёды былi злiквiдаваныя. Недзе каля 1970 года нiкога з iх ужо не засталося, акрамя самога Вялiкага Брата. Усе астатнiя былi тым часам выкрытыя як здраднiкi i контррэвалюцыянеры. Гольдштэйн паспеў уцячы i недзе схаваўся, з iншых некаторыя проста знiклi, а большасць была пакараная смерцю пасля сенсацыйных паказальных працэсаў, дзе яны прызналiся ў сваiх злачынствах. Сярод апошнiх ацалелых былi тры чалавекi - Джоўнз, Эрансан i Радэрфорд. Каля 1965 года гэтых трох таксама арыштавалi. Як часта здаралася, яны знiклi на нейкi год цi болей, так, што было невядома, цi яны яшчэ жылi, а тады зноў нечакана з'явiлiся i, як звычайна, выступiлi з самаабвiнавачаннямi. Яны прызналi сябе вiнаватымi ў змове з ворагам (тады таксама ворагам была Эўразiя), у растраце грамадскiх грошай, у забойстве некаторых старых сябраў Партыi, у змове супраць Вялiкага Брата, якую яны рыхтавалi яшчэ задоўга да Рэвалюцыi, i ўрэшце ў актах сабатажу, якiя пацягнулi за сабой смерць сотняў тысяч людзей. Пасля гэткiх прызнанняў iм даравалi вiну, аднавiлi ў Партыi i даверылi пасады з гучнымi назвамi, якiя ў сапраўднасцi былi толькi сiнекурай. Усе трое надрукавалi ў "Таймз" аб'ёмныя нiзкапаклонныя артыкулы, дзе падрабязна тлумачылi прычыны сваёй здрады i абяцалi выправiцца.
Праз нейкi час пасля iх вызвалення Ўiнстан нават сустрэў усiх трох у кавярнi "Каштан". Ён памятаў тое пачуццё страху i захаплення, з якiм ён скоса на iх пазiраў. Яны былi значна старэйшыя за яго, гэтыя рэшткi мiнулага свету, амаль апошнiя вялiкiя постацi з гераiчных часоў нараджэння Партыi. Вакол iх яшчэ трымаўся арэол герояў падпольнага руху i грамадзянскай вайны. У яго з'явiлася пачуццё - хоць ужо i тады пачалi блытацца факты i даты, - што ён ведаў iх iмёны яшчэ раней за iмя Вялiкага Брата. Але ў той самы час яны былi адрынутыя, ворагi Партыi, якiм з абсалютнай пэўнасцю праз год або два пагражала знiшчэнне. Нiводнаму чалавеку, якi хоць раз трапляў у рукi Палiцыi Думак, не ўдавалася выбавiцца ад яе назаўсёды. Яны былi жывыя мерцвякi, што чакалi часу, каб сысцi ў магiлу.
Усе столiкi побач з iмi былi пустыя. Было б вялiкай неасцярожнасцю сесцi блiзка да такiх людзей. Яны сядзелi моўчкi, перад iмi стаялi шклянкi з джынам, прыпраўленым гваздзiкай - гэта быў фiрменны напой кавярнi. Найбольшае ўражанне зрабiў на Ўiнстана выгляд Радэрфорда. Раней Радэрфорд быў вядомым карыкатурыстам, яго бязлiтасныя малюнкi да Рэвалюцыi i пад час яе спрыялi актывiзацыi грамадскай думкi. Нават яшчэ i цяпер у "Таймз" часам з'яўлялiся яго карыкатуры. Але яны былi толькi iмiтацыяй яго ранейшай манеры i заставалiся надзiва нежывымi i непераканаўчымi. Гэта было вечнае перабiранне старых тэм: убогiя кватэры, галодныя дзецi, вулiчныя бойкi, капiталiсты ў цылiндрах - нават на барыкадах капiталiсты чаплялiся за свае цылiндры, бясконцыя безнадзейныя спробы зноў аджывiць мiнулае. Гэта быў нязграбны высокi чалавек з тлустымi сiвымi валасамi, прышчавым азызлым тварам i тоўстымi, як у мурына, губамi. Напэўна, некалi ён быў страшэнна дужы; цяпер жа яго цяжкае цела было сагнутае, разбiтае, распоўзлае. Здавалася, што ён рассыпаецца на вачах, як гара пяску.
А пятнаццатай гадзiне паўсюль было цiха. Ўiнстан ужо не мог згадаць, чаму ён прыйшоў у кавярню менавiта ў гэты час. Зала была амаль пустая. З тэлеглядаў лiлася духавая музыка. Тыя трое сядзелi амаль нерухома ў сваiм куце i маўчалi. Без нiякiх замоваў афiцыянт прыносiў шклянкi з джынам. Побач з iмi на стале стаяла шахматная дошка з расстаўленымi фiгурамi, але нiхто з трох не гуляў. I тады адбылося нешта незвычайнае з тэлеглядамi - цягнулася гэта не болей за паўхвiлiны. Нешта зрабiлася з музыкай - змянiлася не толькi мелодыя, але i тэмбр. У яе быццам нешта ўлезла - але цяжка было апiсаць, што гэта было. Нейкiя дзiўныя, рэзкiя, пранiзлiвыя, з'едлiвыя ноты. I тады голас з тэлегляда заспяваў старую песню: