1984 (на белорусском языке)
Шрифт:
– Як пасоўваецца справа са Слоўнiкам?
– спытаўся Ўiнстан гучным голасам, каб перакрычаць шум.
– Пакуль што павольна, - адказаў Сайм.
– Я цяпер сяджу над прыметнiкамi. Вельмi цiкава.
Пры адной згадцы пра навамоўе ён нiбы аджыў. Ён адсунуў мiсу ўбок, схапiў адной сваёй далiкатнай рукою лусту хлеба, другой - кавалак сыру. Каб не крычаць, ён схiлiўся над сталом.
– Адзiнаццатае выданне - гэта апошняя, канчатковая рэдакцыя Слоўнiка, растлумачыў ён.
– Мы наводзiм апошнi глянец, мы надаём навамоўю такую форму, якую яно будзе мець, калi iнакш нiхто ўжо не будзе гаварыць. Калi мы скончым, людзi накшталт цябе будуць вымушаныя вывучаць усю мову спачатку. Ты, напэўна, думаеш, што мы займаемся толькi тым, што вынаходзiм новыя словы? Якраз наадварот! Штодня мы выкiдаем старыя словы, у вялiкай колькасцi. Сотнямi. Мы спрашчаем мову да яе голага касцяка. У Адзiнаццатым выданнi не будзе болей слоў, патрэба ў якiх адпадзе да 2050 года.
Ён прагна адкусiў хлеба i, праглынуўшы пару кавалкаў, працягваў прамаўляць з фанатычным захапленнем. Яго худы, смуглявы твар ажывiўся, з вачэй знiкла насмешлiвасць, i яны зрабiлiся амаль летуценнымi.
– I гэтае выкрэслiванне слоў - цудоўная рэч! Вядома ж, больш за ўсё даводзiцца выкiдаць дзеясловы i прыметнiкi, але ёсць таксама сотнi назоўнiкаў, якiя гэтак жа лёгка можна выкiнуць з мовы. Я маю на ўвазе не толькi словы з блiзкiм сэнсам, але i тыя, што перадаюць супрацьлеглае значэнне. Урэшце, якое права на iснаванне мае слова, што з'яўляецца ўсяго толькi супрацьлегласцю iншага слова? Кожнае слова мае ў сабе сваю супрацьлегласць. Напрыклад, слова "добры". Калi ёсць слова "добры", нашто ж тады яшчэ i слова "дрэнны"? Слова "нядобры" выконвае гэтую ролю гэтаксама добра цi нават яшчэ i лепей, бо з'яўляецца дакладнай супрацьлегласцю добрага, чаго не скажаш пра слова "дрэнны". Калi ж, з другога боку, табе патрэбная мацнейшая ступень "добрага", дык у чым сэнс цэлага шэрага няясных, непатрэбных слоў, як, напрыклад, "выдатны", "цудоўны" цi як там яшчэ? Слова "плюсдобры" найлепшым чынам выказвае патрэбны сэнс, а калi трэба нешта яшчэ мацнейшае, тады падыдзе слова "звышплюсдобры". Вядома, мы ўжо i цяпер ужываем гэтыя формы, але ў канчатковым варыянце навамоўя iншых слоў проста не застанецца. Уся сiстэма значэнняў "добры-дрэнны" будзе прадстаўленая шасцю словамi, а ўрэшце i адным словам. Цi бачыш ты, Ўiнстан, усю прыгажосць гэтай iдэi? Вядома ж, iдэя гэтая належыць Вялiкаму Брату, - дадаў Сайм, падумаўшы.
На згадку пра Вялiкага Брата твар Ўiнстана на iмгненне асвятлiўся. Але Сайм усё ж адразу заўважыў, што не здолеў захапiць Ўiнстана.
– Ты не можаш па-сапраўднаму ацанiць навамоўе, Ўiнстан, - сказаў ён амаль са смуткам.
– Нават калi ты пiшаш на iм, ты ўсё роўна думаеш на старамоўi. Я чытаў некалькi тваiх артыкулаў, што ты час ад часу пiшаш у "Таймз". Яны вельмi добрыя, але гэта ўсяго толькi пераклады. Ты яшчэ вельмi прывязаны да старамоўя з усiмi яго няяснасцямi i непатрэбнымi адценнямi думкi. Ты яшчэ не адчуў прыгажосцi знiшчэння слоў. Цi ведаеш ты, што навамоўе - адзiная ў свеце мова, дзе колькасць слоў з кожным годам памяншаецца?
Не, Ўiнстан гэтага не ведаў. Ён усмiхнуўся, паспрабаваўшы паказаць на твары разуменне, але не наважыўся адказаць. Сайм зноў адкусiў кавалак чорнага хлеба, хутка праглынуў i казаў далей:
– Цi ж ты не бачыш, што мэта навамоўя - скарацiць абсяг дзеяння думкi. Урэшце мы зробiм немагчымым само iснаванне думзлачынстваў, бо проста не будзе слоў, якiмi iх можна будзе выказаць. Кожнае паняцце, якое калi-небудзь трэба будзе выказаць, будзе азначацца толькi адным словам, пры гэтым яго сэнс будзе дакладна акрэслены, а розныя дадатковыя адценнi значэння будуць злiквiдаваныя i забытыя. Сёння, у Адзiнаццатым выданнi мы ўжо недалёкiя ад гэтага. Але працэс увесь час будзе працягвацца, яшчэ доўга нават пасля нашай смерцi. З кожным годам будзе ўсё менш i менш слоў, абсяг свядомасцi будзе ўсё вузейшы i вузейшы. Вядома ж, ужо сёння не iснуе нiякiх падстаў для апраўдання думзлачынстваў. Гэта проста пытанне самадысцыплiны, кантролю рэчаiснасцi. Але ўрэшце i гэта не спатрэбiцца. Рэвалюцыя пераможа канчаткова, калi мы створым дасканалую мову. Навамоўе ёсць Ангсоц, Ангсоц ёсць навамоўе, - дадаў ён з таямнiчым задавальненнем.
– Цi задумваўся ты калi над тым, што ў 2050 годзе не застанецца нiводнага чалавека, якi ўвогуле здолеў бы зразумець нашу цяперашнюю размову?
– Акрамя...
– хацеў запярэчыць Ўiнстан, але не скончыў.
Ён збiраўся сказаць: "Акрамя пролаў", але стрымаўся, бо не быў цалкам упэўнены, што такая заўвага не падасца праявай ненадзейнасцi. Аднак Сайм адгадаў, што ён хацеў сказаць.
– Пролы - не людзi, - сказаў ён безуважна.
– У 2050 годзе, а можа, яшчэ i раней, сапраўднае веданне старамоўя будзе немагчымае. Уся лiтаратура мiнулага будзе знiшчана. Чосэр, Шэкспiр, Мiлтан, Байран будуць iснаваць толькi ў навамоўных перакладах i будуць не проста перакладзеныя, а ператвораныя ў супрацьлегласць таму, чым яны былi. Нават партыйная лiтаратура не пазбегне пераробкi. Нават лозунгi будуць гучаць iнакш. Як, напрыклад, захаваецца лозунг "Свабода гэта рабства", калi само паняцце свабоды будзе злiквiдаванае? Увесь сусвет думкi будзе выглядаць iначай. Увогуле не будзе iснаваць нiякай думкi прынамсi, у тым сэнсе, якi мы цяпер укладаем у гэтае паняцце. Добранадзейнасць значыць нядуманне - адсутнасць патрэбы ў думаннi. Добранадзейнасць у бяздумнасцi.
Калi-небудзь Сайма выпараць, адчуў Ўiнстан у глыбiнi душы. Ён занадта разумны. Ён бачыць занадта ясна i гаворыць занадта шчыра. Партыi такiя людзi не падабаюцца. Калi-небудзь ён знiкне. Гэта ў яго напiсана на твары.
Ўiнстан даеў хлеб i сыр. Ён павярнуўся на крэсле трошкi ўбок, каб выпiць каву. За столiкам злева ад яго чалавек з пранiзлiвым голасам працягваў сваю бязлiтасную прамову. Нейкая маладая жанчына, напэўна, яго сакратарка, што сядзела спiнай да Ўiнстана, уважлiва яго слухала i, здавалася, заўзята яго падтрымлiвала. Час ад часу да Ўiнстана даляталi заўвагi накшталт: "Вы маеце рацыю. Я цалкам з вамi згаджаюся", прамоўленыя голасам, якi, вiдаць, належаў маладой i не надта разумнай асобе. Але першы голас не сцiхаў нi на хвiлiну, нават тады, калi гаварыла дзяўчына. Ўiнстан ведаў мужчыну з твару, але ведаў пра яго толькi тое, што ён займае нейкую важную пасаду ў аддзеле мастацкай лiтаратуры. Гэта быў чалавек гадоў трыццацi з мускулiстай шыяй i вялiкiм рухавым ротам. Ягоная галава была трошкi адхiлена назад, ён быў павернуты якраз так, што шкельцы акуляраў адбiвалi святло, i таму Ўiнстан бачыў замест вачэй два пустыя блiскучыя круглячкi. Як нi дзiўна, але было амаль немагчыма зразумець хоць адно слова з таго бурлiвага патоку, што вырываўся з яго рота. Толькi аднаго разу Ўiнстан пачуў больш зразумелы ўрывак: "...поўнае i канчатковае выкараненне гольдштэйнiзму", - вылецела вельмi хутка, адным кавалкам, як нейкае цвёрдае цела. Астатняе было незразумелым краканнем: кра-кра-кра... Аднак, нават не чуючы, што кажа гэты чалавек, можна было не сумнявацца ў змесце яго прамовы. Цi ён цяпер абвiнавачваў Гольдштэйна i патрабаваў больш суровых захадаў супраць думзлачынцаў i сабатажнiкаў, цi ён выкрываў зверствы эўразiйскiх салдатаў, цi ён услаўляў Вялiкага Брата або герояў Малабарскага фронту - гэта было ўжо не так iстотна. Што б ён нi казаў, можна было быць пэўным, што кожнае яго слова слушнае, iдэалагiчна вытрыманае i адпавядае прынцыпам Ангсоцу.
Пакуль Ўiнстан разглядаў бязвокi твар, нiжняя скiвiца якога хадзiла ўверх i ўнiз, у яго з'явiлася дзiўнае пачуццё, што гэта быў не сапраўды чалавек, а нейкi манекен i што яго прамова нараджалася не ў мазгу, а ў ягонай глотцы. Тое, што пры гэтым чулася, хоць i складалася са слоў, аднак не было чалавечай мовай у сапраўдным сэнсе слова; гэта былi несвядомыя, цалкам аўтаматычна вымаўленыя гукi, падобныя да качынага кракання.
Сайм на хвiлiну замоўк i пачаў кончыкам лыжкi складаць нейкiя ўзоры з рэштак полiўкi. Голас за суседнiм столiкам не сцiхаў, ён быў добра чутны, нягледзячы на гаману навокал.
– У навамоўi ёсць адно слова, - сказаў Сайм, - не ведаю, цi ты яго калi чуў: качакрак. Гэта адно з найцiкавейшых слоў, бо мае два супрацьлеглыя значэннi. Ужытае ў дачыненнi да ворага яно з'яўляецца лаянкай; сказанае ж аб некiм, хто падзяляе твае погляды, яно з'яўляецца пахвалой.
Без сумнення Сайма выпараць, зноў падумаў Ўiнстан з нейкiм шкадаваннем, хоць i ведаў дакладна, што Сайм ставiўся да яго з пагардай i мог бы выдаць яго як думзлачынца, калi б на гэта была хоць якая прычына. Нешта ў Сайма было не ў парадку. Яму нечага бракавала: тактоўнасцi, стрыманасцi, нейкай уратавальнай дурасцi. Яго нельга было назваць нядобранадзейным. Ён верыў у прынцыпы Ангсоцу, паважаў Вялiкага Брата, радаваўся перамогам, ненавiдзеў адступнiкаў не толькi з пераканання, зацята i непахiсна, але i свядома, з пранiкнёнасцю, якой бракуе звычайным сябрам Партыi. I ўсё ж было ў iм штосьцi, што выклiкала падазрэннi. Ён казаў такое, чаго лепей было б не казаць. Ён прачытаў зашмат кнiг i быў сталы наведнiк кавярнi "Каштан", улюбёнага прыстанiшча мастакоў i музыкантаў. Не было такога закона, нават неафiцыйнага, якi б забараняў наведваць гэтую кавярню, i ўсё ж гэтая ўстанова мела благую славу. Старыя партыйныя дзеячы, што страцiлi ласку ў кiраўнiцтва, часта наведвалi гэтую кавярню, перш чым знiкалi назаўсёды. Казалi нават, што самога Гольдштэйна бачылi тут часам некалькi гадоў цi дзесяцiгоддзяў таму. Лёс Сайма было няцяжка прадбачыць. I, аднак, не было нiякага сумнення, што Сайм, калi б ён хоць на хвiлiнку даведаўся пра патаемныя намеры Ўiнстана, адразу выдаў бы яго Палiцыi Думак. Магчыма, што гэта зрабiў бы i любы iншы, але Сайм хутчэй за ўсiх. Заўзятай адданасцi на гэта было недастаткова. Добранадзейнасць была ў бяздумнасцi.
Сайм падняў вочы. "Сюды iдзе Парсанс", - сказаў ён.
Ён сказаў гэта такiм тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: "Гэты iдыёт". I сапраўды, Парсанс, сусед Ўiнстана ў дамовым блоку "Перамога", прабiваўся скрозь натоўп - тоўсценькi невялiчкi чалавек з бялявымi валасамi i жабiным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы i маладжавы. Усiм сваiм выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашнi камбiнезон, яго цяжка было ўявiць iнакш, як у кароткiх сiнiх шортах, шэрай кашулi i з чырвоным шпiёнскiм гальштукам. Калi спрабуеш уявiць яго, адразу бачыш голыя каленкi i пухленькiя ручкi з закасанымi рукавамi. Як толькi выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкi або нейкай iншай формы фiзiчных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывiтаўся i сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькi поту спрэс пакрывалi яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вiльготнай ручцы ракеткi, што Парсанс толькi што гуляў у настольны тэнiс. Сайм дастаў шматок паперы, на якiм была напiсаная доўгая калонка слоў, i пачаў уважлiва iх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.
– Паглядзiце, як ён працуе пад час перапынку!
– сказаў Парсанс i штурхнуў Ўiнстана ў бок.
– Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьцi занадта мудрагелiстае для мяне. Смiт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкi, што вы мне яшчэ не здалi.
– Што за складка?
– спытаўся Ўiнстан i аўтаматычным рухам намацаў у кiшэнi грошы. Амаль чвэрць яго заробку iшла на розныя добраахвотныя складкi, якiх было так шмат, што цяжка было iх усе запомнiць.
– На Тыдзень Нянавiсцi. Ну, вы ж ведаеце, збор складак па кватэрах. Я адказны за наш блок. Мы ўжо шчыруем, як можам, будзе нешта грандыёзнае. Магу сказаць, што я буду не я, калi наш стары добры блок "Перамога" не вывесiць найпрыгажэйшых у горадзе сцягоў. Вы абяцалi мне два даляры.
Ўiнстан выцягнуў з кiшэнi дзве тлуста-брудныя паперкi i перадаў iх Парсансу, якi адзначыў прынятую складку ў маленькiм нататнiку старанным почыркам малапiсьменнага чалавека.
– Дарэчы, стары, - сказаў ён, - я чуў, што мой падшыванец стрэлiў у вас учора з рагаткi. Я за гэта добра яго адлупцаваў i сказаў, што, калi такое паўторыцца, я адбяру ў яго рагатку.