Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

Між востравам і нашай шлюпкай мора было пустынным. Не відаць было ніводнага судна, ніводнага ныральшчыка. У гэтым месцы сустрэчы лаўцоў перлаў панавала глыбокая цішыня. Капітан Нэма казаў праўду: мы прыбылі сюды надта рана!

У шэсць гадзін раніцы надышоў дзень з той раптоўнасцю, якая ўласціва трапічным краінам, не ведаючым ні золаку, ні вячэрняга змроку. Сонечныя праменні прарываліся праз воблачную заслону, затуліўшую кругавід, і дзённае свяціла хутка падымалася па небе. Цяпер я выразна бачыў зямлю і нават асобныя дрэвы на беразе.

Шлюпка павярнула да вострава Манаар, берагавая паласа якога закруглялася на поўдні. Капітан Нэма падняўся з лаўкі і паглядзеў на мора.

Па яго знаку шлюпка спынілася, і якар быў кінуты ў ваду. Але прышлося выпусціць не больш аднаго метра якарнага ланцуга — настолькі мелкай была ў гэтым месцы перлавая мяліна. Шлюпку зараз-жа падхапіў адліў і пацягнуў назад у адкрытае мора, колькі дазволіў якарны ланцуг.

— Вось мы і прыехалі, прафесар, — сказаў капітан Нэма. — Бачыце гэтую замкнутую бухту? — У ёй праз месяц збяруцца сотні прамысловых суднаў, і тысячы адважных ныральшчыкаў апусцяцца ў гэтыя воды. Гэтая бухта вельмі зручная для лоўлі перлаў: яна абаронена горамі ад самых сільных вятроў, і ў ёй ніколі не бывае буйнага хвалявання, што надзвычай важна для працы ныральшчыкаў. Зараз мы надзенем свае скафандры і пачнём сваю прагулку.

Я нічога не адказаў і, не адрываючы вачэй ад падазроных вод, стаў пры дапамозе аднаго з матросаў апранацца ў цяжкі скафандр. Капітан Нэма і абодва мае таварышы таксама пачалі надзяваць скафандры, аказалася, што ніхто з матросаў «Наўтылуса» не суправаджае нас у гэтым падарожжы.

Неўзабаве мы былі засаджаны па самую шыю ў каўчукавую вопратку і на спіну нам павесілі рэзервуары са сціснутым паветрам. Апаратаў Румкорфа і электрычных ліхтароў у шлюпцы не было. Перад тым як надзець металёвую каску на галаву, я сказаў аб гэтым капітану Нэма.

— Яны нам не спатрэбяцца, — адказаў ён. — Мы не будзем забірацца ў глыбіню, а па мелкаводдзю нам зусім дастаткова будзе сонечнага святла. Акрамя таго, было-б вялікай хібай запальваць электрычныя ліхтары ў гэтых водах: іхняе святло магло-б прыцягнуць увагу небяспечных драпежнікаў.

У той час, калі капітан Нэма гаварыў гэта, я паглядзеў на Нэда Лэнда і Канселя. Але неразлучныя таварышы ўжо насадзілі на галовы металёвыя каскі і нічога не чулі.

Мне засталося толькі задаць капітану Нэма апошняе пытанне:

— А дзе-ж стрэльбы? Няўжо мы пойдзем няўзброенымі?

— Стрэльбы? Навошта яны нам? — адказаў капітан Нэма. — Хіба вашы горцы ідуць калі-небудзь на мядзведзя са стрэльбай? Кінжал у руцэ лепш усякай кулі. Вось добрае лязо. Суньце яго за пояс і хадземце.

Я паглядзеў на нашых спадарожнікаў. Яны былі ўзброены таксама, як і мы, і акрамя таго ў Нэда Лэнда ў руках быў гарпун, які ён захапіў з сабою з «Наўтылуса».

Мне нічога не заставалася рабіць, як прадзець галаву ў цяжкую мядзяную каску, дазволіць закруціць яе і адчыніць кран рэзервуара са сціснутым паветрам.

Праз хвіліну матросы спусцілі нас аднаго за другім у ваду, і на глыбіні не больш за паўтара метры мы намацалі нагамі пласт зляжалага пяску. Капітан Нэма зрабіў нам знак рукой, мы паследвалі за ім і па пакатаму спуску ўглыбіліся пад ваду.

Прыгнятаўшыя мяне прадчуванні раптам зніклі. Я адчуў глыбокі спакой. Лёгкасць майго руху, не сціснутага скафандрам, яшчэ больш узмацніла маю ўпэўненасць, і я ўвесь аддаўся цудоўнаму відовішчу падводнага жыцця.

Сонца зусім ясна асвятляла дно. Нават драбнюткія прадметы былі выразнымі. Пасля дзесяці хвілін хады мы апусціліся на глыбіню пяць метраў, і дно зрабілася плоскім і роўным.

Мы спудзілі некалькі зграек цікавых рыбак з атрада аднапёрых, не маючых іншага плаўніка, акрамя хваставога. Я заўважыў тут паласатых змеягаловаў даўжынёй амаль у метр, з жаўтавата-шэрай спіной і такім-жа брухам; яны адзначаліся ад змеягаловаў кітайскіх вялікім памерам і больш светлай афарбоўкай. Далей нам сустрэлася афарбаваная ў яркія колеры рыбка-парус, спінны плаўнік якой нагадвае каўнерык. Гэта спажыўная рыбка; высушаная і замарынаваная, яна лічыцца дэлікатэсам у мясцовага насельніцтва. Нарэшце я звярнуў увагу на належачую да сямейства карангавых рыб стаўрыду, цела якой пакрыта вельмі дробнай лускай; зверху стаўрыда блакітна-шэрага колеру, знізу — срабрыстага. Даўжыня яе не перавышае трыццаці сантыметраў.

Між тым усходзіўшае сонца ўсё ярчэй і ярчэй асвятляла ваду. Характар дна патроху змяняўся. Дробны, шчыльна зляжалы пясок перайшоў нібы ў шасейную дарогу, замошчаную круглымі зломкамі скал, паросшых дываном з зоафітаў і малюскаў.

Сярод прадстаўнікоў гэтых аддзелаў я ўбачыў плацэн з няроўнымі тонкімі створкамі ракавіны, належачых да сямейства вустрычных, якія водзяцца толькі ў Чырвоным моры і Індыйскім акіяне; памеранцавых люцын з круглай ракавінай; некалькі персідскіх пурніц, якія дастаўлялі «Наўтылусу» добрую фарбу; анацын — спажыўных ракавін, што прадаюцца на індастанскіх базарах, і, нарэшце, акулін, чароўныя веяры якіх прадстаўляюць, мусіць, самае прыгожае відовішча акіянскай фауны.

Сярод гэтых жывёлін-раслін сноўдалі легіёны членістаногіх, у прыватнасці многакаленчатых, з круглаватым целам, якое канчаецца з аднаго боку хабатком, а з другога — брушком з сямю парамі ног; палеастракоў — амаль вымершую разнавіднасць, пазбаўленую перадротавых канцовасцей; гіганцкіх крабаў, якіх назіраў і Чарльз Дарвін; прырода дала ім велічэзную сілу: яны ўзбіраюцца на прыбярэжныя дрэвы зрываюць з іх какосы, якія разбіваюцца пры падзенні, а тады расчыняюць іх сваімі магутнымі клюшнямі. Тут, у гэтых ярка асветленых водах, крабы перасоўваліся з дзіўнай рухавасцю, у процілегласць малабарскім, якія ледзь-ледзь паўзуць паміж скал.

Каля сямі гадзін раніцы мы, нарэшце, дабраліся да перлавай мяліны, дзе параскіданы мільёны ракавін. Гэтыя каштоўныя малюскі прыклейваюцца да скал пры дапамозе вылучаемай імі-ж слізістай вадкасці і больш ужо не рухаюцца, у адрозненне ад спажыўных ракушак, якія не трацяць здольнасці перасоўвацца.

Ракавіна, у якой ствараецца перл, мае амаль аднолькавыя вельмі тоўстыя створкі, шурпатыя звонку. Некаторыя з ракушак мелі зеленаватыя палосы, якія, як праменні, ішлі ва ўсе бакі ад іхняй вярхушкі. Гэта былі маладыя ракушкі. Іншыя, старэйшыя на дзесяць і больш год, былі цмяныя, амаль чорныя, і дасягалі пятнаццаці сантыметраў шырыні.

Капітан Нэма паказаў мне рукою на безліч ракавін, і я зразумеў, што гэтыя пяскі сапраўды невычарпальныя, бо ўраджайнасць прыроды ўсё-такі заўсёды стварае больш, чымся можа разбурыць чалавек. Нэд Лэнд, адданы чалавечаму інстынкту разбурэння, паспяшыў напоўніць сетку, вісеўшую ў яго збоку, лепшымі малюскамі.

Але нам нельга было спыняцца. Трэ’ было не адставаць ад капітана, які ўпэўнена ішоў наперад па вядомых яму дарожках. Мы некалькі разоў траплялі ка такія месцы, што, падняўшы руку над галавою, я даставаў ёю паверхню мора. Але тут-жа дно зноў апускалася. Часта нам прыходзілася абмінаць высокія пірамідальныя скалы. У іхніх шчылінах і расколінах гняздзіліся буйныя ракападобныя. Балансуючы на сваіх высокіх ножках, падобныя на нейкія фантастычныя вайсковыя машыны, яны пільна глядзелі на нас.

Поделиться с друзьями: