80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Тым часам Нэд Лэнд дапамог капітану падняцца на ногі. Не атрымаўшы ніводнае драпіны ў барацьбе, ён зараз-жа падбег да індуса, адрэзаў вяроўку з каменем, схапіў яго ўпоперак цела і, адапхнуўшыся ад дна, усплыў на паверхню акіяна.
Мы ўтрох паследвалі за ім і праз некалькі секунд дасягнулі лодкі няшчаснага вадалаза. Першай турботай капітана Нэма было вярнуць небараку прытомнасць. Я баяўся, што гэта яму не ўдасца, але не лічыў справу безнадзейнай, бо індус не доўга быў пад вадой. Вось толькі ўдар хваста акулы мог забіць яго на месцы.
На шчасце, гэтага не здарылася, і ад энергічных расціранняў Канселя і капітана Нэма прытомнасць паступова вярталася да бедака. Ён адчыніў вочы. Якое здзіўленне і жах павінны былі ахапіць яго, калі ён убачыў чатыры вялізныя медныя галавы, схіліўшыяся над ім!
І што ён павінен быў падумаць, калі капітан Нэма адвязаў ад свайго пояса сетку з перламі і палажыў яму ў руку? Гэты багаты падарунак вадзянога чалавека быў з трапятаннем, дрыжачай рукою ўзяты бедным цэйлонскім індусам. Спалох і здзіўленне на яго твары лепш за словы гаварылі, што ён не ведае, якім цудоўным істотам ён абавязаны адначасова жыццём і багаццем.
Па знаку капітана Нэма мы вышлі з лодкі, вярнуліся на дно перлавай мяліны і пасля паўгадзіннай хады падышлі да якара, на якім стаяла шлюпка «Наўтылуса».
Падняўшыся на борт яе, мы, пры дапамозе матросаў, першым чынам вызваліліся ад цяжкіх металёвых касак.
Першае слова капітана Нэма было накіравана да Нэда Лэнда:
— Дзякую, містэр Лэнд! — сказаў ён.
— Няма за што, капітан, — адказаў канадзец. — Я толькі вярнуў вам доўг.
Бледная ўхмылка прабегла па твары капітана, і гэтым усё скончылася.
— Да «Наўтылуса»! — скамандаваў ён.
Лодка стралой панеслася па хвалях. Праз некалькі хвілін мы праплылі каля трупа акулы.
Па вострай мордзе і даўгім, падобным на серп, і важкім плаўнікам, якія даходзілі амаль да спіннога плаўніка, нарэшце па шыфернаму колеру спіны і беламу колеру бруха я пазнаў у ёй блакітную акулу — адну з самых небяспечных парод акул.
Кансель глядзеў на яе з навуковай цікавасцю, і я ўпэўнены, што ён у гэтую хвіліну залічваў яе ў падклас храшчавых рыб, сямейства сапраўдных акул і від блакітных акул. І рабіў правільна.
У той час, калі я разглядаў гэтую нерухомую тушу, штук шэсць ненажэрных яе сваякоў раптам паказаліся каля лодкі. Не звяртаючы на нас ніякай увагі, яны накінуліся на труп блакітнай акулы і пачала вырываць адзін у аднаго кавалкі.
А палове дзевятай мы вярнуліся на борт «Наўтылуса».
Апынуўшыся ў сябе ў каюце, я аднавіў у памяці здарэнні сённяшняй раніцы. З іх можна было вывесці два вывады. Першы аб тым, што капітан Нэма — адважнейшы чалавек, і другі — што, не гледзячы на сваю нянавісць да чалавецтва, ад якога ён уцёк на дно марское, ён рызыкаваў сваім жыццём, каб выратаваць жыццё невядомага яму бедняка. Што-б ні казаў пра сябе гэты дзіўны чалавек, відаць, ён не здолеў да канца прыдушыць гуманныя пачуцці ў сваім сэрцы!
Калі я сказаў яму гэта, ён адказаў мне з некаторым хваляваннем.
— Гэта быў індус, жыхар прыгнечанай краіны. Да апошняга ўздыху я буду на баку ўсіх прыгнечаных, і кожны прыгнечаны быў, ёсць і будзе братам мне!
Раздзел чацвёрты
Чырвонае мора
Дваццаць дзевятага студзеня ўдзень востраў Цэйлон знік за гарызонтам, і «Наўтылус» з хуткасцю дваццаць міль у гадзіну пусціўся ў лабірынт праток, аддзяляючых Мальдыўскія астравы ад Лакедыўскіх. Ён прайшоў каля Кітана, каралавага вострава, адкрытага Васко дэ Гама ў 1499 годзе, аднаго з дзевятнаццаці буйнейшых астравоў Лакедыўскага архіпелага, размешчанага пад 10°0' і 14°30' паўночнай шыраты і 69°0' і 50°72' усходняй даўгаты.
Мы прайшлі да гэтага часу шаснаццаць тысяч дзвесце дваццаць міль, альбо сем тысяч пяцьсот лье з моманту адплыцця з Японскага мора.
На другі дзень, 30 студзеня, калі «Наўтылус» усплыў на паверхню, зямлі ўжо не было відаць. Судна накіроўвалася цяпер на паўночна-паўночны захад, да мора Оман, паміж Аравіяй і Індыйскім паўвостравам, якое служыць уваходам у Персідскую затоку.
Персідская затока была для нас тупіком, далейшага прахода праз яе не было. Куды нас вёў капітан Нэма? Я не мог адказаць на гэтае пытанне ні сабе, ні тым больш Нэду Лэнду, задаўшаму мне яго ў гэты дзень.
— Мы ідзем туды, дарагі Нэд, куды глядзяць вочы капітана Нэма, — адказаў я яму.
— Баюся, што гэта не давядзе нас да дабра, — сказаў канадзец. У Персідскай затокі толькі адзін уваход, ён-жа служыць і выхадам, і калі мы войдзем у яе, нам немінуча прыйдзецца вяртацца назад.
— Што-ж, і павернем, Нэд. Калі-ж пасля Персідскай затокі капітан Нэма захоча наведаць Чырвонае мора, Баб-эль-Мандэбская пратока заўсёды гатова прапусціць яго карабель.
— Спадар прафесар, вы не горш за мяне ведаеце, што Чырвонае мора такое-ж закрытае мора, як і Персідская затока, — сказаў мне Нэд Лэнд, — бо Суэцкі канал яшчэ не пракапаны і нават гэткае таямнічае судна, як «Наўтылус», не здолее прабрацца праз катлаваны будучых яго шлюзаў. Такім чынам Чырвонае мора ніяк не зможа наблізіць нас да Еўропы.
— Але я і не казаў вам, што мы набліжаемся да Еўропы.
— Што-ж вы аб гэтым думаеце?
— Я думаю, што наведаўшы цікавыя воды, амываючыя берагі Аравіі і Егіпта, «Наўтылус» зноў вернецца ў Індыйскі акіян, — ці праз Мазамбікскую пратоку, ці каля Маскарэнскіх астравоў, — і дасягне мыса Добрай Надзеі.
— Дапусцім, што так яно і будзе, — вёў далейшы допыт Нэд Лэнд. — Ну-с, а пасля таго, як мы дабяромся да мыса Добрай Надзеі?
— «Наўтылус» абміне яго і апынецца ў тым самым Атлантычным акіяне, дзе мы яшчэ не былі. Скажыце праўду, Нэд, няўжо вас стаміла гэтае падводнае плаванне? Няўжо вам надакучыла гэтая несканчальная разнастайнасць падводных пейзажаў? Што тычыцца мяне, дык, прызнаюся, я з усёй шчырасцю шкадую, што канчаецца гэтае дзіўнае падарожжа, аб якім не можа і марыць ніводзін чалавек.
— Няўжо вы забыліся, спадар прафесар, — сказаў канадзец, — што вось ужо тры месяцы, як мы знаходзімся ў палоне на гэтым падводным караблі?
— Я гэтага не памятаю, Нэд, і памятаць не хачу! Я не лічу ні гадзін, ні дзён прабывання на «Наўтылусе».
— Чым-жа гэта скончыцца?
— Канец прыйдзе ў свой час! У дадатак, мы нічым не можам паскорыць яго наступлення і толькі дарэмна спрачаемся. Каб вы, мой адважны Нэд, прышлі і сказалі мне: «Ёсць выпадак уцячы адсюль!» — я-б з ахвотай абмеркаваў разам з вамі нашы шансы на вызваленне. Але такога выпадку пакуль яшчэ няма, і, шчыра кажучы, я мала веру ў тое, што капітан Нэма адважыцца калі-небудзь увайсці ў еўрапейскія моры.
З гэтага кароткага дыялога відаць, што я стаў фанатычным прыхільнікам «Наўтылуса» і яго загадкавага капітана.
Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён скончыў гутарку наступным выразам:
— Усё гэта вельмі добра, але па-мойму, дзе ёсць прымус, там няма прыемнасці!
На працягу наступных чатырох дзён, да 3-га лютага, «Наўтылус» вандраваў па мору Омана з рознымі хуткасцямі і на розных глыбінях. Здавалася, ён плыў так сабе, як быццам не вызначыўшы яшчэ канчатковага шляху, але ні разу за гэтыя дні мы не перасеклі тропіка Рака.