Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

— Драўляных, прафесар, драўляных! — супярэчыў Нэд. — Ды, прызнацца, я не дужа ў гэта веру — асабіста я нічога падобнага не бачыў. І датуль, пакуль не будзе даведзена адваротнае, я адмаўляю, што кашалоты, кіты і нарвалы могуць рабіць такія руйнаванні.

— Паслухайце, Нэд…

— Не, прафесар, не! Усё, што вы хочаце, але толькі не гэта! Можа велізарны спрут…

— Ні ў якім разе, Нэд! Спрут — гэта малюск гіганцкіх памераў з вялым, мяккім целам. Хай будзе ён хоць пяцьсот футаў у даўжыню, спрут застанецца бесхрыбетным, і значыць зусім бяспечным для такіх суднаў, як «Шатландыя» або «Аўраам Лінкальн». Трэба пакінуць байкі аб небяспецы васьміногаў для караблёў!

— Такім чынам, спадар прыродазнаўца, — іранічна заўважыў Нэд, — вы настойваеце на існаванні велізарнага нарвала?

— Так, Нэд, я перакананы ў гэтым, і маё перакананне асноўваецца на радзе бясспрэчных фактаў. Я не сумняваюся ў існаванні гіганцкай кітападобнай жывёлы, належачай, — як кіты, кашалоты і дэльфіны — да разраду хрыбетных і надзеленай зубам, рогам або біўнем, надзвычайнай моцы.

— Гм! — ухмыльнуўся гарпуншчык і з сумненнем паківаў галавой.

— Заўважце, дарагі мой канадзец, — прадаўжаў я, — што калі такая жывёла жыве ў глыбінях акіяна, у некалькіх мілях пад паверхняю вады, яна павінна мець выключна моцны арганізм.

— Таму, што патрэбна нечуваная сіла для таго, каб вытрымаць велізарнейшы ціск вады на такой глыбіні.

— Няўжо-ж? — сказаў Нэд, недаверліва прыжмурыўшы вочы.

— Сапраўды так. Магу прывесці некалькі лічбаў, для доказу.

— О, лічбы! — працягнуў Нэд. — Лічбамі можна давесці ўсё, што захочаш…

— Не заўсёды і не ўсюды, Нэд. Вось паслухайце мяне. Уявім сабе ціск у адну атмасферу ў выглядзе ціску вадзянога слупа вышынёй у трыццаць два футы. У сапраўднасці вышыня вадзянога слупа павінна быць нават трохі меншай, бо марская вада мае большую шчыльнасць, як прэсная. І вось, Нэд, калі вы нырцуеце ў ваду, ваша цела знаходзіцца пад ціскам у столькі атмасфер, гэта значыць у столькі кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр яго паверхні, колькі слупоў вады ў трыццаць два футы адлучае вас ад паверхні мора. Адсюль выцякае, што на глыбіні ў трыста дваццаць футаў гэты ціск роўны дзесяці атмасферам, на глыбіні тры тысячы дзвесце футаў — стам атмасферам, і ў трыццаці двух тысячах футах, ці на глыбіні прыкладна двух з паловаю міль, — тысячы атмасферам. Інакш кажучы, каб вам удалося дабрацца да гэтай глыбіні, кожны квадратны сантыметр вашага цела знаходзіўся-б пад ціскам у тысячу кілаграмаў, або адной тоны. Дарэчы, дарагі мой, ці ведаеце вы, колькі квадратных сантыметраў мае паверхня вашага цела?

— Не маю аніякага ўяўлення аб гэтым.

— Каля сямнаццаці тысяч.

— Так многа!

— А як у сапраўднасці атмасферны ціск некалькі перавышае названую мною лічбу ў адзін кілаграм на адзін квадратны сантыметр, то сямнаццаць тысяч сантыметраў паверхні вашага цела знаходзяцца ў гэтую хвіліну пад ціскам у сямнаццаць тысяч пяцьсот шэсцьдзясят восем кілаграмаў.

— І я гэтага не заўважаю?

— І вы гэтага не заўважаеце. Гэты вялізны цяжар не сплюшчвае вас толькі таму, што паветра, што знаходзіцца ўнутры вашага цела, ураўнаважвае гэты ціск. Таму вы нічога не заўважаеце. Але варта вам трапіць у ваду, і гэтая раўнавага парушыцца…

— Разумею, — перабіў мяне Нэд, відаць, зацікавіўшыся маім тлумачэннем. — Вада-ж абкружыць мяне, але не пранікне ўнутр арганізма!

— Вось іменна, Нэд. Такім чынам, на трыццаці двух футах пад паверхняю мора вы будзеце пад ціскам у сямнаццаць тысяч пяцьсот шэсцьдзясят восем кілаграмаў; на трыста дваццаці футах гэты ціск падзесяцярыцца, ці будзе роўна ста сямідзесяці пяці тысячам шэсцьсот васьмідзесяці кілаграм; на тры тысячы дзвесце футах ён павялічыцца ў сто разоў, або на вас будзе ціснуць цяжар у сямнаццаць мільёнаў пяцьсот шэсцьдзясят восем тысяч кілаграмаў. Інакш кажучы, вы мігам ператворыцеся ў аладку, у танюсенькі аркушык, нібы вас вынялі з-пад гіганцкага гідраўлічнага молата!

— Ух, чорт! — ускрыкнуў Нэд.

— Такім чынам, дарагі таварыш, калі хрыбетная жывёла ў некалькі сот метраў даўжыні можа існаваць у падобных глыбінях, дык мільён квадратных сантыметраў яго паверхні знаходзяцца пад ціскам у многа мільярдаў кіламетраў. Падумайце цяпер, якую мускульную сілу павінны мець гэтыя жывёлы, і якое супраціўленне павінна быць у іх арганізмах, каб без ніякай шкоды вытрымлівала гэты ціск!

— Падобна на тое, што яны павінны быць абшыты васьмідзюймовым ліставым жалезам, як браняносцы, — сказаў канадзец.

— Правільна, Нэд! Падумайце цяпер, якія страшэнныя руйнаванні, можа зрабіць такая жывёла, сутыкнуўшыся з караблём, калі яна здольная рухацца ў вадзе з хуткасцю самага шпаркага з нашых паяздоў.

— Так… сапраўды… — няўпэўнена мармытаў канадзец, здзіўлены гэтымі разлікамі, але яшчэ не жадаючы здавацца.

— Што-ж, пераканаў я вас?

— Вы пераканалі мяне ў адным, спадар прафесар, што калі такія жывёлы сапраўды існуюць у глыбінях акіяна, дык яны павінны быць дужа моцнымі.

— Ах вы, упарты гэтакі! Ды калі яны не існуюць, то як вы вытлумачыце выпадак з «Шатландыяй»?

— Можа… — нерашуча пачаў Нэд.

— Ды кажыце-ж!

— Можа… такога выпадку і не было! — выпаліў канадзец.

Але гэты адказ сведчыў толькі аб упартасці гарпуншчыка і больш ні аб чым. У гэты дзень я больш не намагаўся яго пераконваць. Выпадак з «Шатландыяй» быў зусім бясспрэчны. Прабоіна была да таго рэальнай, што яе прыйшлося зашываць; я думаю, цяжка знайсці больш пераканальны довад яе існавання. Не выклікала ніякіх сумненняў і тое, што гэтая прабоіна не магла ўзнікнуць сама. а як зусім не дапускалася нават думка аб сутычцы з падводным камнем або рыфам, то неабходна было прызнаць існаванне страшнага зуба марской жывёлы.

Я асабіста, выходзячы з усіх вышэйвыказаных меркаванняў, адносіў гэтую жывёлу да аддзела хрыбетных, класа сысуновых, падкласа рыбавідных і атрада кітападобных. Што тычыцца сям’і, да якой яе належала аднесці — кітоў, кашалотаў ці дэльфінаў — падсям’і і, нарэшце, віду, то на гэтае пытанне магла адказаць толькі будучыня.

Каб вырашыць гэтае пытанне, трэба было ўскрыць невядомае страшыдла; а каб ускрыць, неабходна было спачатку яго злавіць; каб злавіць, трэба было загарпуніць яго; — гэта тычылася Нэда Лэнда; каб загарпуніць, патрэбна было яго ўгледзець, — гэта справа ўсёй каманды; каб угледзець, трэба было сустрэць яго, — а гэта ўжо была справа выпадку.

Раздзел пяты

Пагоня наўздагад

Першыя дні плавання «Аўраама Лінкальна» не былі адзначаны ніякімі здарэннямі. Толькі аднойчы была падзея, выставіўшая ў самым выгадным святле выключнае майстэрства Нэда Лэнда і давёўшая, што на яго бясспрэчна можна спадзявацца.

Каля Фальклэндскіх астравоў 30 чэрвеня «Аўраам Лінкальн» сустрэў амерыканскае кіталоўнае судна «Манроэ». Каманда яго нічога не чула пра нарвала. Але капітан «Манроэ», даведаўшыся, што на барту «Аўраама Лінкальна» знаходзіцца вядомы Нэд Лэнд, папрасіў яго дапамагчы ў паляванні на высачанага кіта. Капітан Фарагут, якому хацелася паглядзець на работу Нэда Лэнда, дазволіў гарпуншчыку перайсці на борт «Манроэ».

Канадцу пашанцавала і замест аднаго кіта ён загарпуніў двух: першага ён забіў на месцы, усадзіўшы яму гарпун у сэрца, а другога — пасля некалькіх хвілін праследвання.

Калі страшыдла апынецца калі-небудзь у межах, дзе дастане гарпун Нэда Лэнда, я буду дужа здзіўлены, калі яму ўдасца ўцячы цэлым!

Фрэгат прадаўжаў з вялікаю хуткасцю плысці ўдоўж паўднёва-ўсходняга берагу Амерыкі. 3 ліпеня мы падышлі да мыса Дзеў ля ўваходу ў Магеланаву пратоку.

Але капітан Фарагут прайшоў міма гэтай пакручастай пратокі і ўзяў курс на мыс Горн.

Поделиться с друзьями: