Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

Прайшло каля поўгадзіны, а становішча не змянілася. Але раптам турма наша асвятлілася, і мы былі аслеплены струменямі яркага святла. Па яркасці і белаце святла я пазнаў у ім электрычнасць, — тое самае, што акружала падводны карабель фасфарасцуючым воблікам. Я мімаволі прыплюшчыў вочы ў першую секунду. Зноў адкрыўшы іх, я ўбачыў, што святло ідзе ў каюту з матавага паўшар’я, прымацаванага да столі.

— Нарэшце ўсё відна! — ускрыкнуў Нэд.

Ён стаяў у абарончай пазіцыі, сціснуўшы нож у руцэ.

— Так, — адказаў я жартаўліва, — не відаць толькі, што з намі будзе.

— Раю гаспадару запасціся цярпеннем, — сказаў флегматычны Кансель.

Пры яркім святле мы змаглі аглядзець як след сваю турму. Адзіным яе абсталяваннем былі стол і пяць табурэтак.

Патайныя дзверы былі герметычна зачынены — слядоў іх я не знайшоў. Ніякі шум не даходзіў да нашых вушэй. Карабель, здавалася, увесь вымер. Я не мог пазнаць, ці стаіць ён на адным месцы, ці рухаецца, або пагрузіўся пад ваду, ці па-ранейшаму знаходзіцца на паверхні.

Але відаць было, што электрычная лямпа была запалена з нейкаю мэтаю. Я не сумняваўся, што хто-небудзь з каманды неўзабаве з’явіцца сюды, — людзі яе стануць дарэмна асвятляць турму.

Я не памыліўся. Хутка пачуўся шум адсоўваемых завалаў, дзверы адчыніліся і ў каюту ўвайшло два чалавекі.

Адзін з іх быў маленькага росту, мускулісты, шырокаплечы, з вялікаю галавою, густымі ўскудлачанымі чорнымі валасамі, доўгімі вусамі, жывым працінаючым поглядам. У яго абліччы была тая паўднёвая рухавасць і жвавасць, якая ў Францыі, напрыклад, адрознівае правансальцаў.

Другі невядомы заслугоўвае больш падрабязнага апісання. Вучань вялікіх фізіянамістаў — Грасіёле або Энгеля — прачытаў-бы на яго твары яго характар, як па кнізе. Я, не хістаючыся, вызначыў важнейшыя ўласцівасці яго: упэўненасць у сабе — галава яго горда была ўзнята, і чорныя вочы глядзелі з халоднай рашучасцю; спакойства — бледнасць яго скуры гаварыла пра хладнакроўе; энергія — аб гэтым сведчылі быстрыя скарачэнні надброўных мускулаў; нарэшце смеласць — пра гэта гаварыла яго магутнае дыханне, выяўляўшае вялікі запас жыццёвай сілы. Дадам яшчэ, што чалавек гэты быў гордым, што яго спакойны і цвёрды погляд адбіваў далікатнасць мыслей і што ў цэлым аблічча яго стварала ўражанне вялікай шчырасці.

Як толькі ён увайшоў, я адразу адчуў, што можна не баяцца за наш лёс і што сустрэча з ім скончыцца спрыяльна для нас.

Гэтаму чалавеку можна было даць ад трыццаці пяці да пяцідзесяці год, — дакладней вызначыць яго ўзрост я не мог. Пры высокім росце ў яго быў вялікі лоб, прамы нос, рэзка акрэслены рот, вельмі добрыя зубы, тонкія, прыгожай формы, рукі. Увогуле ён быў самым дасканалым узорам мужчынскай прыгожасці, якую мне калі-небудзь даводзілася сустракаць. Адзначу яшчэ адну своеасаблівую, адрозніваючую рысу яго твара: шырока расстаўленыя вочы маглі ахапіць адным поглядам цэлую чвэрць гарызонта. Гэтая ўласцівасць, як я даведаўся пазней, спалучалася з астратою зроку, яшчэ большай, як у Нэда Лэнда.

Калі гэты незнаёмец глядзеў на што-небудзь, яго бровы хмурыліся, павекі звужваліся, абмяжоўваючы поле зроку, і погляд яго пранізваў наскрозь. Які погляд! Ён павялічваў далёкія прадметы, забіраўся ў самыя скрытыя таямніцы нашых мазгоў, пранікаў, як праз шкло, у вадзяныя тоўшчы і чытаў, як па кнізе, жыццё марскіх глыбінь!

Абодва незнаёмцы насілі шапачкі са скуры выдры, высокія марскія боты з цюленевай скуры і былі адзеты ў касцюмы з нейкай невядомай мне тканіны, зручныя, не сціскаючыя рухаў цела і прыгожыя.

Больш высокі — як відаць, начальнік — паглядзеў на нас з найвялікшаю ўвагаю, але не прамовіў ні слова. Звярнуўшыся потым да свайго таварыша, ён загаварыў на невядомай мне мове. Гэта была мілагучная, гнуткая, пявучая мова, багатая галоснымі гукамі, з скачучымі націскамі.

Той у адказ кіўнуў галавой і ў сваю чаргу прамовіў два-тры такія-ж незразумелыя словы.

Потым погляд начальніка накіраваўся на мяне, нібы нешта пытаючы.

Я адказаў на чыстай французскай мове, што не разумею яго пытання. Але ён, відаць, не зразумеў мяне. Становішча рабілася няёмкім.

— Раю гаспадару расказаць нашу гісторыю, можа яны ўсё-такі зразумеюць з яе хоць што-небудзь.

Я паслухаўся парады Канселя і расказаў нашу гісторыю, выразна вымаўляючы кожнае слова, не мінаючы ніводнай дробязі. Я пералічыў нашы імёны і стан і ў канцы, захоўваючы ўсе правілы этыкета, прадставіў незнаёмцам прафесара Аранакса, яго слугу Канселя і заслужанага гарпуншчыка Нэда Лэнда.

Чалавек з задуменнымі і добрымі вачыма слухаў мяне далікатна і ўважліва. Але ніводзін мускул не ўздрыгануўся на яго твары, нішто не сведчыла пра тое, што ён зразумеў хоць адно з маіх слоў.

Заставалася яшчэ адна магчымасць дагаварыцца па-англійску. Можа гэтая мова — амаль міжнародная — будзе больш зразуметай. Я ведаў англійскую, таксама як і нямецкую, даволі добра, каб чытаць без слоўніка, але не настолькі, каб вольна гаварыць. А тут трэба было гаварыць як найлепей.

— Цяпер ваша чарга, — сказаў я гарпуншчыку. — Пачынайце, Нэд! Дастаньце з торбы вашу самую дасканалую англійскую мову і пастарайцеся дабіцца лепшых вынікаў, чым я!

Нэд зараз-жа паўтарыў па-англійску маё апавяданне. Вярней, ён перадаў сутнасць яго, але зусім змяніў форму. Канадзец гаварыў з вялікім палам. Ён рэзка пратэставаў супроць гвалтоўнага затрымання, якое супярэчыць, казаў ён, чалавечым правам; пытаў, у сілу якога закона яго пасадзілі ў гэтую камеру, пагражаў судовым спагнаннем тым, хто пазбавіў яго волі, махаў рукамі, крычаў, і нарэшце выразным жэстам даў зразумець, што мы паміраем ад голаду.

Гэта была праўда, але мы на гэта амаль забыліся.

З вялікім здзіўленнем гарпуншчык пераканаўся, што і яго прамова таксама мала была зразумета, як і мая. Нашы наведвальнікі не міганулі і вокам. Відаць, яны ведалі мову Фарадэя [12] не больш, як мову Араго [13] .

Збянтэжаны няўдачай, вычарпаўшы свае філалагічныя рэсурсы, я не ведаў, што рабіць далей, калі Кансель звярнуўся да мяне.

— Калі гаспадар дазволіць, я раскажу тое самае па-нямецку.

12

Фарадэй — выдатны англійскі фізік.

13

Араго — вядомы французкі фізік і астраном.

— Хіба ты гаворыш па-нямецку? — ускрыкнуў я.

— Як кожны фламандзец, калі гэта цікава ведаць гаспадару.

— Цікава, цікава. Кансель. Гавары хутчэй!

І Кансель зусім спакойна трэці раз паўтарыў апавяданне аб усіх нашых прыгодах. Але, не гледзячы на дасціпнасць зваротаў і майстэрскія прыёмы апавядальніка, нямецкая мова таксама не мела поспеху.

Нарэшце, прыпёрты да сцяны, я сабраў у памяці абрыўкі школьных успамінаў і пачаў тое-ж апавяданне па-лацінску.

Цыцэрон [14] пэўна заткнуў бы сабе вушы і выгнаў-бы мяне на кухню, каб пачуў маю мову, але ўсё-ж я давёў сваю прамову да канца.

14

Цыцэрон — славуты рымскі прамоўца.

Поделиться с друзьями: