Афганская шкатулка
Шрифт:
— Барыс! Ідзі сядай.
Голас у Стася быў зусім спакойны. Мабыць, на ўсё махнуў чалавек рукою, з усім прымірыўся. Будзь як будзе!
Усё гэтак жа моўчкі Крушынскі сеў у «масквіч».
— Куды цяпер?
— На Адоеўскага.
— Зразумела… Што, з гэтым нічога не атрымалася? — спагадліва запытаў Стась.
— Нічога. Гэта былы мой камандзір, — неахвотна патлумачыў Крушынскі. — Служылі разам у Афгане. Калі б хто тады сказаў, што ён ператворыцца ў такога. — не дагаварыў, адно рукою махнуў.
— Бываюць, — пагадзіўся Стась. — Дык што: так-такі зусім нічога не даў?
— Не ён мне, а я яму. Падараваў распіску на пяцьсот даляраў.
— Як… так?!
— Кінуў яму пад ногі. Стась толькі прысвіснуў:
— Бываюць жа людзі! — невядома каго маючы на ўвазе — Крушынскага з яго шчодрасцю, ці сквапнасць былога яго баявога камандзіра.
Па дарозе да вуліцы Адоеўскага Стась яшчэ спытаў:
— А гэтая хворая дзяўчынка дзе? Не ў Мінску?
— Не, не ў Мінску, — коратка адказаў Крушынскі.
Далей абодва маўчалі.
Дом на Адоеўскага аказаўся звычайнай маласямейкай. Не было тут, канечне, ні дамафонаў, ні відэафонаў; дзверы ў пад'езд ледзь целяпаліся на пакрыўленых, разбітых завесках. Затое ў «холе», у фанернай кабіне тырчэла абвязаная хусткай вахцёрка.
— Да каго?!
— Да сябра, — адказаў Крушынскі.
— Дакументы!
Замест адказу ён усунуў у вакенца «шпакоўні» сваю барадатую галаву. Паклаў далонь на расчынены журнал, закрыўшы ёю ледзьве не ўсю старонку.
— Я спяшаюся, — сказаў ён ціха, нават ветліва. — Да таго я ж я злы. Чапаць мяне не раю. Усё зразумела?
Яшчэ і як зразумела! Да паўсмерці зляканай бабцы засталося толькі вачыма правесці гэтага страшнага кашлатага грамілу. Добра яна ведала з уласнага вопыту, чаго ад такіх можна чакаць.
Ліфт, канечне, не працаваў. Крушынскі пехатою падняўся на сёмы паверх. Доўгім вузкім калідорам пайшоў у канец яго, да кутняга пакоя. Дзверы ў пакой былі насцеж.
Крушынскі не быў тут ужо гады два, але цяпер, калі зайшоў, падзівіўся, што абсалютна нічога тут не змянілася. У малюсенькім калідорчыку стаяў той самы старэнькі халадзільнік і вуркатаў, як перагруджаны трактар. У пакоі былі тыя самыя аблупленыя пажоўклыя шпалеры. У кутку была тая самая электраплітка на дзве фаеркі. [1] Як і два гады назад, так і цяпер на патэльні смажылася яечня; усё там сквырчэла і пырскі ляцелі на сцяну.
1
Камфоркі.
Але самае цікавае, што і сябар не змяніўся. Тое ж заношаная кашуля ў клетку, тыя ж растаптаныя патнофлі на нагах, тая ж неахайная прычоска і шчаціна на шчоках, тыя ж добрыя сумныя вочы.
Затое сябар пры з'яўленні Крушынскага аслупянеў. Спачатку ён нават не пазнаў яго.
— Ну, барада! — яны абняліся. — Як жа ты ўмудрыўся так пастарэць за гэты час? Ці, наадварот, памужнеў?
— Затое ты — не, — азіраючыся, з усмешкай, якую нязвыкла было бачыць, сказаў Крушынскі.— Аднак выбачай — зусім няма часу! Дастаў грошы?
— На, — сябар працягнуў яму неахайны жмутак. — Тут дзвесці пяцьдзесят даляраў — ледзь выклянчыў па знаёмых. І маіх сто. Усяго трыста пяцьдзесят. Хопіць? — і дадаў вінавата: — Больш у мяне няма.
— Хопіць, — Крушынскі, не гледзячы, запіхаў жмутак у кішэню. — Я аддам.
— Пра гэта не думай. Калі будуць, тады і аддасі.
— А сам як? — спытаў Крушынскі.
— Не прападу! Тэлевізар новы купіць збіраўся, а раз такая справа — пазаву знаёмага майстра, хай стары падлазіць, хоць адну праграму. Хопіць з мне!
— Дзякую, — Крушынскі моцна паціснуў яму руку. — Ты і праўда не змяніўся.
— Дык а ты як? Хоць у двух словах!
— Магу нават у адным — цудоўна, — адказаў Крушынскі без усмешкі. — Вось толькі. непрадбачаныя абставіны.
— Гэта з-за іх табе спатрэбіліся грошы?
— З-за іх. Калі-небудзь потым усё раскажу. Крушынскі выйшаў ужо на калідор, як раптам, успомніўшы штосьці, хутка вярнуўся.
— Слухай! Ты мне яшчэ можаш памагчы! Тэрмінова трэба доктар. Але. — ён замяўся. — Як бы табе сказаць… Нелегальны доктар, неафіцыйны… Тут такая справа, што не хочацца «свяціцца».
— Разумею. Няма праблем. Гэтую просьбу нашмат лягчэй выканаць, чым першую, — засмяяўся сябар. — Тут літаральна праз вуліцу, у прыватным сектары, жыве адзін доктар. Даўно на пенсіі, але, здаецца, практыкуе яшчэ.
— Адрас хутчэй! — папрасіў Крушынскі.
— Ды не помню я адраса. Там гэтых завулачкаў, што сабак нярэзаных. Сам знойдзеш: направа, потым налева і першы дом з цэглы. Ён там адзіны на рагу. Ды я табе зараз з вакна пакажу!
— Не трэба, дзякую. Я знайду.
— Вось яшчэ што… Ён трохі любіць гэтае дзела. Можа быць не транспартабельным.
— Я яго дастаўлю куды трэба жывога ці мёртвага, — сур'ёзна паабяцаў Крушынскі.
— А куды даставіш? Дзе ты цяпер?
— У лесе, — не азіраючыся, адказаў Крушынскі.
Сябар правёў яго да ліфта і вярнуўся ў пакойчык. Зняў патэльню з пліткі. На сцяне вісеў фотаздымак: маладыя белазубыя ваенныя ў панамах, сярод якіх з цяжкасцю, але можна было пазнаць і Крушынскага, і гаспадара пакойчыка. Побач з фота — нейкая грамата ў рамцы з трэскнутым шклом.
Раздзел IX
Доктар. — Аб тым, як грошы змяняюць людзей. — Зноў леснічоўка. — Медыцынскі агляд. — Дыягназ. — Класці на стол пальчаткі — кепская прыкмета! — Стасева падзяка. — Доктар просіць паперку і ручку.
Менш чым праз гадзіну шустры «масквічок» ужо выбраўся з Мінска і паляцеў па шашы, курачы за сабою снежным пылам.
На заднім сядзенні драмаў з чамаданчыкам на каленях пажылы доктар. На шчасце, Крушынскаму ўдалося застаць яго дома. Доктар аказаўся чалавекам справы. Ні аб чым ён не распытваў, ніякіх умоваў не ставіў, згодзен быў ехаць, куды скажуць. Калі ж Крушынскі на месцы адлічыў яму дваццаць пяць даляраў авансу, паабяцаўшы яшчэ столькі ж, у доктара загарэліся вочы і затрэсліся рукі. Крушынскі аднёс гэта да звычайнай старэчай сквапнасці. Канечне, бедна жыве чалавек, пенсіі не хапае, лектарскай практыкі ўжо няма.
Атрымаў сваю абяцаную палавіну, пяцьдзесят «зялёных», і Стась. І гэтага было не пазнаць цяпер. Куды падзеліся яго асцярога, недавер, раздражненне! Вясёлы, усім задаволены, цяпер ён уключыў гучна прыёмнік і, як салавей, падсвістваў мелодыям.
Ехалі гадзіны паўтары. Нарэшце злева прамільгунуў паласаты слуп з указальнікам «в. Вялікая Паляна — 4 км.». Машына праехала яшчэ з паўкіламетра і спынілася. Ледзь прыкметная паваротка вяла ад шашы проста ў лес. Пакуль Крушынскі выцягваў з ядлоўцавага куста лыжы і сумку са старымі ботамі, Стась таксама вылез з машыны і аглядаў заваленую снегам, вузкую дарогу. На твары яго зноў з'явілася заклапочанасць.