Аліва і меч
Шрифт:
— Я пачаў скупляць усё гэта даўно. Але ў мяне не было грошай. I шмат што гінула на маіх вачах. Я пачаў выкручвацца, я амаль галадаў два гады, але завёў амерыканскія машыны. Я скупіў на корані палову лясоў князя Любамірскага, бо той прагарэў. Гэта было танна. Я працаваў як вол, я пачаў з невялічкай пільні і стаў гаспадаром двухсот. Я скупіў мноства лясоў на гэтай зямлі.
— I збяднілі яе, — сказаў Воўкаў.
— I я ніколі не быў драпежнікам. Я зберагаў лясы, рабіў высечку толькі спелых і пераспелых. У Палессі яны ўсё адно гінулі марна. Каб не гэта, я меў бы не тры мільёны, а тройчы тры. I я еў горш за некаторых маіх рабочых, бо ў мяне было маё захапленне, падобнае на страсць. Усё ў жыцці было толькі дзеля гэтага… дзеля гэтых карцін… дзеля гэтага разьблёнага дрэва… дзеля жалеза… дзеля ўсяго, што нікому… ніколі не было патрэбна: ні раней — ім, ні зараз — вам. Што ж, жыццё не задалося… У мяне не было дзяцей, бо гэтае, што вы бачыце, былі мае дзеці: Андрэй Аршанскі, Іпаці Куцеянскі, ювелірныя рэчы Лазара Богшы, сапраўдныя гравюры Скарыны і Вашчанкі, Рыгор Мядзвецкі. Я не кажу пра Рублёва, Ушакова, Дзіянісія — іх купяць… Але вы, вы Іваны бязродныя… А тут яшчэ калекцыя старых фламандцаў, італьянскія карціны… наша скульптура… выключная, надзвычай рэдкая калекцыя зброі, старых кніг і тканін. Таго Скарыну я выпадкова спаймаў на віленскім развале, а за тую батлейку два гады гадаваў апошняга батлейшчыка на Беларусі.
Голас Маеўскага перасекся. Задыхаючыся, ён схапіўся рукою за грудзі. Мінула хвіліна цяжкага маўчання, і раптам гаспадар зноў кінуўся ў бой. Напэўна, яму стала сорамна хвіліны слабасці, бо ён напаў на Шлыка. Перад пастаяльцамі сядзеў чалавек і спакойным голасам, але адчайдушна біўся за нешта, імкнучыся ўцвярдзіць свой гонар.
— Учора Шлык сказаў, што я эксплуататар. Магчыма. Я вывучаў Маркса.
Ён непрыхільна глянуў на Юстына і адчаканіў:
— Гэта вельмі непрыемны пан, але ў яго ёсць логіка. Я ведаў, што мы загінем. Бяздарнае начальства даводзіла гэта кожным сваім учынкам. Дык вось, я ведаю, што такое прыбавачная вартасць і прыбавачная праца. Я свядома ішоў на прысваенне, бо без яго дзеці мае засталіся б сіратамі ў свінячым свеце, без яго іх знішчалі б невукі.
— А людзі, якіх вы рабавалі! — выбухнуў Шлык.
— А вы спытайце ў людзей на маіх пільнях, — выбухнуў у сваю чаргу Маеўскі. — А вы спытайце, як у восьмым годзе мае калегі цягнулі мяне на суд, як хацелі ўчыніць байкот, бо я плаціў удвая больш за іх, бо не заводзіў драпежніцкіх крам, не спойваў людзей гарэлкай. I гэта нягледзячы на тое, што на пільнях працавалі затурканыя палешукі. Вo што я мог зрабіць з імі…
I рука яго сціснулася ў кулак, такі жылавата-магутны, што адразу стала зразумела, што мог ён зрабіць з людзьмі.
— Я гэтага не зрабіў. Перад Богам буду адказваць я. I мне шмат даруюць, бо я еў мяса не часцей за сялян… А, ды што вам казаць, Шлык.
Памаўчаў і дадаў:
— Я дам вам адну карысную параду, хоць мне і не хочацца рабіць гэтага: вы мне непрыемны…
— Якую яшчэ? — відавочна збянтэжана спытаў Юстын.
– Навучыцеся глядзець на людзей як на людзей. Не трэба быць просталінейным, бо вы шкодзіце рэвалюцыі больш, чым я. Пакуль мала чалавечых існаванняў у вашых руках — вы карысны. Вы незаменны дыпкур'ер, вы цудоўны разведчык. Вы верны і мужны. Але дай вам у рукі гэтыя існаванні — вы будзеце тыран і таму вораг рэвалюцыі. I сумны будзе ваш канец.
Шлык хацеў нешта сказаць, але памкнуўся раз-другі і махнуў рукою:
— Я лепей да рэўкома пайду, хай спяшаюцца, а тое тут з героя падлу робяць. Трэба яму нявіннасць абараніць, бо не вельмі нешта ён паручаецца.
Арсень зарагатаў. За Шлыком грукнулі цяжкія дзверы.
I тады Воўкаў раптам пасуравеў і спытаў гаспадара:
— Ну нашто вы так зрабілі?
Маеўскі цвёрда сціснуў сківіцы:
— Таму, што зусім не думаю такога пра Маркса і рэвалюцыю.
— Нашто тады дражнілі яго? А ён зусім было паверыў вам, калі вы так… расхваляваліся.
Маеўскі змрочна пахітаў галавою,
— Ён мяне раздражняе. Проста ў піку яму заспяваў бы хвалу Сашу Керанскаму… Я нікога не баюся, запамятайце гэта. I не з-за гэтага я сказаў вам, што рэвалюцыі веру.
— Чаму?
— Яна ўсё адно прыйшла б. I лепей хутчэй. Можа, і створаць нешта вартае. Усе, ад беларуса да апошняга камчадала, чакалі яе. А гаспадары жыцця забылі Бога, рабавалі, крыўдзілі. Бяздарнасць, нават калі робіць добрую справу — наробіць смуроду. У нас быў прыстанак для бяздарнасцей. У нас заўсёды горшыя кіравалі народам. I яны толькі жэрлі і спароўваліся. Прайгралі безліч войнаў, разлютавалі народ хціўствам сваім. I тады іх — віламі… Што ж, трэба будзе, — загіну і я. Толькі іх вось шкада да слёз.
Прыўзняўся і пацягнуў за сабою Арсеня.
— Я вам не буду паказваць заходняй калекцыі, хоць яна і каштуе зараз мільёнаў дзесяць. Яе заўсёды ацэняць… А сваё пакажу. Вось глядзіце, гэта Вашчанка гравіраваў. Ілюстраваў апокрыфы, за гэта яго і абвінавацілі ў ерасі. У каго яшчэ ёсць гэта?
Пальцы яго дрыжэлі над пажоўклымі з краёў аркушамі.
— Бачыце, смяюцца над Марыяй. Гэты, тлусты, як на Язэпа паказвае. Усе ведаюць, што не яго дзіця. А яна яго пад руку вядзе, ён сівы, згорблены. I гордая яна, і сціплая. I ўсміхаецца плоду свайму… Святая мая, чыстая… Вы думаеце, ён у Бога верыў? Не больш, чым я або вы. Людзі, брат, людзі ўсе.
Ён пацягнуў Арсеня далей:
– Іпаці Куцеянскі. Бачыце, нейкі ёлуп, Кунцэвіча-сыраядца слуга, відаць, раскалоў дошку. Дык я ўсё замацаваў… I нашто яму было калоць? А таму, што гэта Юры з мячом, твар зямлі нашай. Бачыце, сурова глядзіць і грозна. Вочы якія… візантыйскія. Такі не пашкадуе, калі няпраўду пабачыць. Паўстане супраць моцных і павергне ў пыл.
Ён цягнуў Арсеня далей і далей. Вякі праходзілі перад ім. Правай рукой ён да болю сціскаў плячо Воўкава, а пальцы левай песцілі бронзу і дрэва, струменіліся па золаце слуцкіх паясоў, гулялі парчой.
Яны не пабачылі, як на дварэ пачало цямнець, бо Арсень прымусіў гаспадара паказаць яму і новы жывапіс. Яны не заўважылі, як прыйшоў Юстын Шлык і паклаўся спаць. Апамяталіся толькі тады, калі другая свечка схіліла кноцік, затыркала і згасла.
Тады яны рассмяяліся, і Арсень пайшоў класціся спаць. Калі ён лёг поруч са Шлыкам, Юстын забурчэў, паўсонны:
— Я вось у Леніна спытаю, ці годна гэта, з класавым ворагам па начах размовы весці.
— Валі,- сказаў Воўкаў, загортваючыся ў шынель.
ІІІ
Дарогі. Дарогі. Дарогі.
Нахабныя мяшэчнікі штурмуюць вагоны. Цягнік паўзе, як слімак.
Пад шынялём пакет у сумцы, шчака адчувае драўляны нагрэты кабур Юстынавага маўзера. Спяць па чарзе.
Пад Барысавам банда абстраляла цягнік, але па ёй сыпанулі свінцовым бобам, толькі тлустыя бандыцкія коні мільганулі ў хмызах.
Дацягнуліся да Барысава. Дарэмна Юстын пагражаў маўзерам, торкаў яго пад нос начальніку станцыі з чырвонымі вачыма.
— Не магу, таварыш. Падмацаванне на фронт вязем.
— Сабатажнік ты. А той састаў, што на другім пуці?
— Забіты ўвесь. Не мне ж вас садзіць.
— Пайшлі, Арсень, — рашуча рыкнуў Шлык, — абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў.
— А ты таксама зух — з колам да мух, — адгыркаўся начальнік.
Рушылі да вагонаў. Набітыя, як пасада ячменнымі снапамі, яны вывяргалі лаянку і тытунёвы дым. Ля самых колаў сядзела жанчына з дзіцём, плакала.
Шлык сцягнуў за нагу нейкага таўстамордага — рэшатам не накрыеш — дзядзьку з торбаю. Другі паспрабаваў быў сунуць Юстына ботам па твары. Сцягнуў і таго, даў ляшча. Пагрозліва пасунуліся да Шлыка яшчэ два.