Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аліва і меч

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Раскажыце, — зацікавіўся гаспадар.

I Арсень расказаў пра ўсё, пачынаючы з сустрэчы і канчаючы начной размоваю з Маеўскім, калі яны капаліся ў калекцыях.

— Цікавы тып, — сказаў Ленін, — дык, кажаце, незвычайная мастацкая каштоўнасць.

— Так, — упэўнена кіўнуў Воўкаў, - каштоўнасць не толькі сусветная, каштоўнасць наша. Ён выратаваў наша мастацтва, інкабулы, гравюры, карціны, бытавыя рэчы… Гэтым ніхто не цікавіўся, толькі ён. Загадайце, таварыш Ленін, каб гэтага чалавека не чапалі.

Гаспадар маўчаў, закрыўшы вочы. Шлык з варожасцю глянуў на Арсеня і сказаў:

— Бульба дайшла.

Абцёр бульбіны, паклаў на газетны ліст на стале. Ленін з адсутным позіркам разламіў дымячуюся бульбіну, пасаліў паловы, і раптам вочы яго павільготнелі, з апетытам пачаў есці.

"Недаядае, — падумаў Арсень, і нейкі клубок пачаў драпаць яму глотку, — ён недаядае… Да чаго давялі Расію, сволачы".

У кухні крамлёўскай кватэры сядзелі два госці і гадавалі правадыра пралетарскай рэвалюцыі ружовым, таючым на языку салам і спечанай у пліце бульбай.

Воўкаў заўважыў, што і еў гаспадар з чыста сялянскай акуратнасцю і павагай да ежы. Еў смачна і прыгожа, так, што гледачу таксама хацелася. I Арсень з сумам падумаў, што большасць людзей, калі ядуць, глядзяць на ўсё тупым позіркам і вельмі нагадваюць або малпу з бананам, або тыгра над косткаю.

Усе елі так, што за вушамі трашчала.

Ленін скончыў першым, запіў абед шклянкай гарачай вады, наліўшы па шклянцы субяседнікам.

— Даўно так смачна не еў. Цудоўная штука — печаная бульба.

Замоўк і пасля паўзы дадаў:

— Цюрупа мяне ежма есць, што я быццам не берагу сябе, а сам сёння бачылі як? Празрысты ўвесь.

I тут Юстына прарвала:

— Абураюча вы паводзіцеся, таварыш Ленін. Хіба можна так? Зваліцеся вы — што будзе?

Ленін сур'ёзна глянуў на квадратны твар Шлыка:

— Я — гэта яшчэ не рэвалюцыя.

— Але ўсё ж… Няўжо нельга адшукаць для вашага арганізма і мозга патрэбнай ежы?

— Чаму не, можна, — сказаў гаспадар.

I раптам вельмі ціха і задумліва дадаў:

– Я не хачу зваліцца. Мяне часам мучыць сон: я памёр, не паставіўшы цягнік на рэйкі, не зрабіўшы ўсяго, што магу. I жахлівей мне нічога не снілася… Але ёсць адзін прынцып: быць, як усе. Сорамна быць сытым, калі народ галадае. Лепей заўчасна памерці, чым страціць гэты сорам. I Цюрупа, і я, ды і вы, таварышы, — мы ідзем на гэта не таму, што мы такія ўжо добрыя людзі, а таму, што мы вучні Маркса. I гора нам, калі мы перастанем быць такімі.

Памаўчаў.

— Я ведаў некаторых дзеячаў Другога Інтэрнацыянала… Самы страшны, самы небяспечны вораг рэвалюцыі — карупцыя, перараджэнства. Такі — горшы за хама-купца, таму што яму вераць… I гэта жахлівей, чым сотня Дзянікіных. Калі пабачыце зачаткі перараджэнства, таварышы, — круціце галаву без літасці.

V

У кабінеце, куды яны хутка перайшлі, Уладзімір Ільіч адразу пачаў пісаць: хутка, амаль не закрэсліваючы. Потым сеў бліжэй да субяседнікаў:

— Зброю дамо, таварышы. Вось запіска. Але зброі будзе ўсё ж не вельмі і многа.

— Добра, — сказаў Юстын, — выкруцімся. Калі палякі пачнуць наступ — сялян з дубальтоўкамі ўзброім. Яны зараз ведаюць, што такое панства.

— Верна прыдумана… Гэты ліст перадасцё Кандратовічу, тут справы наконт камандавання. Камандзіра таго корпуса змясціць, каб духу не было… А на яго месца пастаўце чалавека, які боты зняў перад атакай ворага, каб паказаць, што бегчы нельга. Ваенныя веды ў яго добрыя, а галоўнае, людзей ведае… I вось яшчэ ліст наконт бандытызму і становішча з хлебам. Інструкцыі падрабязныя.

Пацёр пальцамі скроні.

— Не ідзе ў мяне з галавы гэты Маеўскі, таварыш Арсень.

Юстын пачырванеў. У гэту хвіліну ён вельмі нагадваў аднаго з рабесп'ераўскіх непрымірымых санкюлотаў.

— Расстраляць яго трэба, Уладзімір Ільіч. Усе ў Чорным моры плаваюць, а гэты ходзіць па горадзе. Мільёншчык, эксплуататар!

– І мільёншчыкаў адрозніваць трэба, — непрыхільна пахітаў галавою гаспадар, — я ведаю аднаго фабрыканта ў Пецярбурзе, якога пасля пятага года судзілі за ўдзел у паўстанні.

Шлык не здаваўся:

— Яны слова гонару парушаюць… Змовы паўсюль… У вас стралялі.

Ленін паклаў на стол сціснутыя кулакі:

— Тое, што ў мяне стралялі, - гэта, таварыш, мая справа. У мяне стралялі. За народ дараваць нельга, а за Ульянава — ён сам даруе. Не мне ліць кроў такіх, я не Аляксандр Трэці… Няхай яны лепей паглядзяць, якой будзе Расія праз васемнаццаць — дваццаць год.

I раптам усміхнуўся Шлыку.

— Куля ў маім целе не варта яшчэ адной крыві. Гэта глупства ў параўнанні з плачам галоднага дзіцёнка. Мяшэчнікі, вось каго трэба расстрэльваць… За дзяцей.

У Арсеня перахапіла подых. Ён сэрцам ведаў: гэта не словы. I ён ведаў яшчэ, што калі спатрэбіцца гэтаму чалавеку яго, Арсеня, жыццё, ён пойдзе на смерць так лёгка, так радасна, бы ў абдымкі каханай.

А Ленін тым часам звярнуўся да Воўкава:

— Вы ўпэўнены, што ён не сарганізуе нічога шкоднага?

I Арсень са шчырым сэрцам адказаў:

— Я паручуся за гэта рэвалюцыйным сумленнем.

— I ён не ўцячэ за граніцу?

— Ад калекцый?! — здзівіўся Арсень.

— Чакайце тады.

I перыйка таннай ручкі зноў зачыркала па паперы. Пісаў ён даволі доўга, потым устаў і працягнуў лісткі Арсеню.

— Бярыце. I прачытайце. Я вырашыў аслабаніць яго дом — кватэры для людзей знойдзеце ў іншых будынках… А там няхай стары робіць музей. Сродкі адшукайце, каб дастаткова было. Маеўскаму дайце пры музеі два пакоі… I яшчэ: прызначце яго пажыццёвым дырэктарам музея, дайце добрую пенсію і спецпаёк.

Ашаломлены Шлык глядзеў на тое, як Арсень дзякаваў гаспадару. Потым буркнуў:

— Не туды ты, Арсень, павёў справу. Адразу бачна, што ў цябе нянавісдь да гадаў толькі асабістая.

— А сапраўды, чаму вы пайшлі ў рэвалюцыю? — зацікавіўся Ленін.

Воўкаў паціснуў плячыма:

— Сям'я была дэмакратычная. Ведалі, нельга так далей жыць. Але галоўным штуршком было тое, што казакі маці застрэлілі пад час курлоўскага расстрэлу. Выпадкова пад кулю трапіла. Яна ў мяне хоць і любіла Шчадрына, але ціхая была, як мышка.

— Што я і казаў, - махнуў рукою Шлык.

I тут Ленін упершыню паглядзеў на яго сурова:

Поделиться с друзьями: