Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аскепкі вялікага малюнку

Алесь Аркуш

Шрифт:

У Наркамасьветы, разам з Жылуновічам і Некрашэвічам ён стварыў каапэратыўнае выдавецтва «Адраджэньне», выдаваў падручнікі. Рабілася гэта пры дапамозе Ігнатоўскага, тагачаснага наркама асьветы.

Вечарамі «на агеньчык да Баліцкага» заходзілі ня толькі Некрашэвіч, Жылуновіч, але і Кудзелька (Міхась Чарот), Прышчэпаў, іншыя ключавыя «мясцовыя кадры» апарату БССР.

У 1926 годзе на пасадзе наркама асьветы Баліцкі замяняе Ігнатоўскага. У гэтым жа годзе Інбелкульт наладжвае акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Канфэрэнцыя прайшла на эмацыйным патрыятычным уздыме, а яе арганізатары атрымалі па шапцы: на сцэне адсутнічаў партрэт Леніна, затое заля была аформлена ў нацыялістычныя колеры.

На гэты момант у БССР з 4057 чатырохгадовых школ па-беларуску выкладалі 3794 (93,5%). 1 студзеня 1927 году Ігнатоўскі вымушаны апраўдацца ў «Зьвязь¬дзе» супраць публікацый у замежным друку, дзе паведамлялася, што «народна-дэмакратычны рух накіраваны проці ўлады ў Савецкай Беларусі» і рыхтуе паўстаньне».

Разьвязка

Аднак беларускі ўрад быў урадам толькі напалову. Ён не кіраваў сілавымі структурамі. Масква кантралявала Менск цалкам праз сваіх «казачкоў». Як толькі Сталіну сталі без патрэбы нацыянал-камуністы з рэспублік, на якіх ён раней абапіраўся ў свай барацьбе з трацкістамі і іншымі ўхілістамі, ён пачынае разгром нацыянальных элітаў.

Гісторыя ня любіць умоўнага ладу, і тым ня менш: што магло б уратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Паўстаньне, аддзяленьне, абвяшчэньне незалежнасьці? Магчыма, паралельна з Украінай, на хвалі незадаволенасьці калектывізацыяй, голадам… Структуры, якія так старанна разбудоўвалі нацкамы, былі не гатовыя да таго. Каб яшчэ пару гадоў… Мо тады між Балтыйскім і Чорным марамі знайшліся б свае Манэргеймы, што ўратавалі б усходнеэўрапейскія народы ад крывавага памолу.

Першым, 17 лютага 1930 году, быў арыштаваны Ільлючонак. 26 чэрвеня — Смоліч. 14 ліпеня — Цьвікевіч. 17 ліпеня — Лёсік. 18 ліпеня — Алесь Адамовіч і Максім Гарэцкі. 19 ліпеня — Прышчэпаў. 20 ліпеня — Дубоўка. 21 ліпеня — Некрашэвіч і Ластоўскі. 31 жніўня 1929 г. Баліцкі вызваляецца ад пасады наркама асьветы. Яго арыштуюць праз год — 3 верасьня 1930 году. Тады сьледчыя некаторы час спрабавалі паставіць на чале «СВБ» мацёрых нацыяналістаў Ластоўскага-Цьвікевіча-Смоліча. Але нічога не ўдалося, іх уплыў у савецкай Беларусі быў невялікі — і пачалі шукаць Баліцкага.

4 лютага 1931 г. застрэліўся Ігнатоўскі, 11 красавіка 1937 г. скончыў жыцьцё самагубствам у магілёўскай псыхушцы Жылуновіч. Хто заставаўся з жывых — быў зьнішчаны ў 1937 г. Чарвякоў, адзін з апошніх «зуброў»-нацкамаў, застрэліўся. А неўзабаве вынішчылі многіх чэкістаў-сьледчых, што вялі справу «СВБ». Каб у гісторыі не засталося сьлядоў.

Хто кіраваў?

Калі чытаеш апублікаваныя матэрыялы допытаў, ствараецца ўражаньне, што нейкая закансь¬піраваная арганізацыя, без фармальнага сяброўства для неўтаямнічаных сымпатыкаў, усё ж існавала.

Хто ж тады быў за кіраўніка яе? Да інтэлігентаў-«адраджэнцаў» Алесь Адамовіч адмоўна ставіўся. Дарэчы, паэма Андрэя Александровіча «Цені на сонцы», у якой паэт б’е па «нацдэмах», была напісана на замову і на фактуры Адамовіча. Старыя «адраджэнцы» разглядаліся Адамо¬вічам як каштоўныя нацыянальныя спэцыялісты. Але ненадзейныя палітыкі.

Тая арганізацыя выглядае перадусім змоваю нацыянальнае намэнклятуры, што прагнула здабыцьця нацыянальнае незалежнасьці і поўнае міжнароднае суб’ектнасьці сваёй дзяржавай, спачатку хоць бы па манголь¬скім варыянце. У такім разе, Чарвякоў? Ці наркам асьветы Ба¬ліцкі?

А можа ГПУ не памылялася, і гэта быў усё ж Ігнатоўскі зь ягоным багатым вопытам падпольля — спачатку ў шэрагах эсэраў, затым у БПС-Р, і нарэшце ў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якую ўласна Ігнатоўскі стварыў — БПС-Р «Маладая Беларусь» — і да канца ўзначальваў. Гэта пры ім БКА вяла ўзброеную партызанскую барацьбу. Праўда, супраць палякаў, зь іншага боку мяжы, што парвала край на Захад і Ўсход. Як жа тады непаразуменьні з Адамовічам? Магчыма, гэта былі праявы ўнутранай барацьбы.

Змова намэнклятуры

Альтэрнатыўная гісторыя Беларусі ў другой палове ХХ ст. пісалася пад уплывам дзеячаў палітыкі і культуры, якія апынуліся ў эміграцыі. Ясная справа, што тут не магло абысьціся без асабістых рахункаў і ачарніцельства ідэалягічных супернікаў. Хто ж быў чужы для эмігрантаў-нацдэмаў і эмігрантаў-хадэкаў? Вядома ж, сацыялісты і камуністы. У працах гісторыкаў-эмігрантаў яны суб’ектына былі адсунутыя на пэрыфэрыйны плян.

Па-іншаму скажалі ролю нацкамаў у БССР позьнесавецкага пэрыяду, той самы Барыс Сачанка. Дасьледчыкі выстаўлялі «СВБ» пры¬думкай чэкістаў, а «кіраўнікоў» на чале з Усеваладам Ігнатоўскім — нявіннымі ахвярамі. Бо інакш зусім няможна было б нават заікацца пра супраціў савецкай уладзе або пасьлядоўную працу, скіраваную на падрыхтоўку краіны да поўнай незалежнасьці.

З нашага часу дзейнасьць многіх міністраў беларускага савецкага ўраду ўспрымаецца інакш, як тое напісана ў працах гісторыкаў ХХ ст.

Нацкамы, відавочна, дамагаліся найперш падтрымкі сельскага насельніцтва — беларускамоўных аўтахтонаў. Яны стваралі беларускую Беларусь.

Нацкамам нельга адмовіць у патрыятызьме і далекасяжнасьці задумаў. Бадай, гэта была адзіная палітычная сіла, якая дамаглася канкрэтных вынікаў у справе будаўніцтва беларускай Беларусі. Тое, што яны пасьпелі зрабіць за лічаныя гады 1920-х, сталася нацыянальным рэсурсам, на якім Беларусь «дацягнула» да канца ХХ ст.

* 17 лютага 1930 г., арыштваўшы Пятра Ільлючонка, ГПУ пачало справу «Саюзу вызваленьня Беларусі». Усяго па справе «СВБ» вясной—летам 1930 г. арыштавалі 108 дзеячаў навукі і культуры. Увесь цьвет беларускай інтэлігенцыі. Кіраўніцтва «СВБ» (Алесь Адамовіч, Антон Баліцкі, Пётар Ільлючонак і Зьміцер Прышчэпаў) атрымала найбольш — 10 гадоў канцлягераў. З большасьцю, 77 чалавекамі, абышліся дастаткова лібэральна: іх выслалі на пяць гадоў у далёкія раёны СССР. Але неўзабаве ўсіх гэтых людзей даб’юць: у 1937—1941 г. справы былі перагледжаны, некаторых расстралялі, частку паслалі на гібель у канцлягеры. У 1949—1952 г. дабраліся да апошніх, хто заставаўся жывы. Іх проста асудзілі на той падставе, што яны былі… асуджаныя раней.

2005

Друкарскія таямніцы

Споўнілася 10 гадоў з часу выданьня “Ксэраксу Беларускага”

У 1997 годзе да мяне пачалі зьвяртацца некаторыя бібліятэкі і асобныя людзі, каб я дапамог ім знайсьці патрэбныя нумары полацкага літаратурнага альманаху “Ксэракс Беларускі”. Да каго ж ім яшчэ было зьвяртацца, як не да выдаўца. Самымі рэдкімі нумарамі аказаліся №1 (1990) і №3 (1992). Я нават мусіў даць абвестку ў “НН”, маўляў, дапамажыце адшукаць выданьне, бо свае архіўныя нумары я не зьбіраўся нікому ахвяраваць. На мой зварот, як ні дзіўна, прыйшлі лісты. Высьветлілася, што пэрыёдык памяталі. Выручыў Алесь Туровіч, які ў сваёй бібліятэцы знайшоў некалькі асобнікаў.

Сёлета “Ксэраксу Беларускаму” споўнілася 10 гадоў. Гэткі маленечкі юбілей праявы беларускай культуры найноўшай гісторыі. Сымбалічна, што першы нумар “КБ” рыхтаваўся ў Полацку, а друкаваўся ў Вільні.

Паспрабуйце згадаць нешта сваё, што мела месца дзесяць гадоў таму. І вы пабачыце, колькі падрабязнасьцяў згубілася з вашай памяці.

Я ўсё ж паспрабую ўзнавіць падрабязнасьці.

На выданьне “КБ” мяне натхніла зьяўленьне ў 1989 годзе альманаху “Літаратура”, рэдактарам якога быў Дубавец. Я ведаў, што непасрэдна выданьнем пэрыёдыка займаецца Алесь Гуркоў. З Алесем я ліставаўся з 1988-га, ён раз-пораз дасылаў мне новыя незалежныя друкі, якія пладзіліся тады зь нечаканым імпэтам. Перамовы з Алесем адносна выданьня полацкага літаратурнага альманаху пачаліся яшчэ ў лістападзе 1989 году. Вось вытрымка зь ліста Гуркова ад 3.12.89: “Літаратура” №1 пад рэдакцыяй сп. Дубаўца Сяргея абышлася нам паўтара рубля. Калі падрыхтуеце гэткі альманах, дык паспрабуем яго надрукаваць. Для гэтага трэба падрыхтаваць макет на звычайных друкарскіх аркушох (для машынкі). Потым яны памяншаюцца, і атрымліваецца гэткая кніжачка, як у сп. Дубаўца”.

Поделиться с друзьями: