Аскепкі вялікага малюнку
Шрифт:
Роту складалі пераважна выхадцы з Узбэкістану, Азэрбайджану, Казахстану й Таджыкістану, з украпленьнямі грузінаў і туркмэнаў. Грымучая сумесь. Былі, праўда, хлопцы зь Беларусі, Расеі, Украіны й Прыбалтыкі, але яны надвор’я тут не рабілі. Любімым заняткам байцоў падчас адпачынку ў казарме было паляваньне на Сасіпатрава (хлопца з Волагды, ён служыў у трэцім узводзе мэханізацыі, жаўнеры якогая працавалі на рампе на пагрузчыках). Быў ён высокага росту, у круглых «джонленанскіх» акулярах, тоўсты й страшэнна аброслы валасамі, асабліва на сьпіне. Такіх валасатых людзей я ніколі больш ня бачыў. Калі Сасіпатраў з голым торсам абліваўся вадой ува ўмывальні, то нагадваў маманта ці якога пячорнага мядзьведзя. У азіятаў адразу спрацоўваў паляўнічы рэфлекс. Яны пачыналі «паляваць» на хлопца па казарме – кідаць тапкамі й ботамі, некаторыя наскоквалі ззаду на сьпіну. Сасіпатраў, як сапраўдны мядзьведзь, круціўся й скідваў іх долу.
У 1980 годзе, падчас палітычных падзеяў у Польшчы, мы спалі не распранаючыся з аўтаматамі пад ложкамі. Дзякуй Богу, нікуды нас не накіравалі. У гэты час шмат пайшло з захаду (асабліва з Усходняй Нямеччыны) старога ўзбраеньня. Часам з пагрузчыка звальвалася долу драўляная скрыня – адчынялася вечка, і па асфальце рассыпаліся аўтаматы або пісталеты, бязладна ў тыя скрыні насыпаныя. На захад ішло шмат вагонаў з харчамі – сухпайкі, мука, цукар, крупы. Самым складаным і цяжкім быў груз зь мясам. Вайсковыя такеляжнікі называлі яго «голыя бабы», бо зь ім было шмат еб…ні. Дзяды звычайна на такі груз не хадзілі, таму мне пашанцавала – замарожанай «эротыкі» практычна не паспытаў. Мяса прыходзіла ў рэфрыжэратарах – каровіны тушы, расьсечаныя ўздоўж напалам. Пагрузчык тут мала дапамагаў, амаль усё рабілася ўручную.
Праз паўгоду я праводзіў сваіх басмачоў на дэмбель. Разьвітваючыся, Бяззубенка сказаў: «Не давай паслабону, сядуць на шыю!» І перадаў мне замкамузводзтва.
Неўзабаве ў ізалятар, які часова зрабілі з батальённай спортзалі, прывезьлі моладзь. Мяне прызначылі кіраваць папаўненьнем. Там я й пабачыў свой новы ўзвод. На 80 адсоткаў гэта зноў былі прадстаўнікі Азіі. Некаторыя зусім кепска гаварылі па-расейску. Шыхтом яны хадзілі як клоўны, бязладна махаючы рукамі з падвоенай амплітудай. «Азія! Шыхтуйся!» – роў я на сваю такеляжную брыгаду й чарговы раз накручваў зь імі кругі па стадыёне.
Адзін з маіх байцоў стаў хлебарэзам, другі – апальшчыкам у батальённай лазьні (відавочна, за хабар). Іх я бачыў толькі перад адбоем. Астатніх трэба было трымаць у абцугах. Вельмі хутка яны пачалі ня слухацца свайго камузводу-прапаршчыка. Асабліва на палітзанятках (звычайна камузводу проста чытаў вайсковы статут або палітычныя навіны з газэтаў). «Таварыш сяржант, навядзіце парадак!» – скамандаваў камандзір мне. Я браў у рукі вялікую шахматную дошку і кідаў яе ў самага нахабнага. Амаль хвіліну па ўсёй ленкомнаце з грукатам разьляталіся драўляныя фігуркі. На нейкі час усталёўвалася цішыня.
За год службы перачытаў амаль усю расейскую клясыку, якая была ў батальённай бібліятэцы. Таксама любіў глядзець польскую тэлевізію, асабліва музычныя праграмы. Дасюль памятаю кліп Suzi Quatro – яна стаяла на подыюме, і ў твар ёй ляцела лістота.
2005
Вяртаньне ў «Тутэйшыя»
Шмат разоў прасіў былых «тутэйшаўцаў» напісаць успаміны і ўкласьці кнігу. Прасіў Бяляцкага, Сыса, іншых. Той-сёй нешта напісаў, пераважна неістотнае і, часам, непраўдзівае. Такім чынам, зноў замест адказаў пакідаем пытаньні... Пакуль канчаткова ня выпетрыліся з галавы падрабязнасьці тых падзеяў, паспрабую занатаваць старонкі гісторыі, сьведкам якой быў асабіста, балазе, маю вялікі архіў - лісты, дзёньнікавыя запісы, тагачасныя газэтныя публікацыі. Спадзяюся, некалі ўспаміны «тутэйшаўцаў» нехта рупліва зьбярэ ў кнігу.
Адразу папярэджу, што ў «Тутэйшых» быў шараговым сябрам, у ніякія кіраўнічыя ворганы не ўваходзіў, і таму ня ведаю «вышэйшых сакрэтаў». Прынамсі, доўгі час я лічыў, што «Тутэйшыя» паўсталі выключна з ініцыятывы Бяляцкага й Сыса, сяброў па гомельскім «унівэры». Але пазьней, у сярэдзіне 90-х, Генадзь Сагановіч паведаміў мне, што Б. і С. былі ўсяго толькі выканаўцамі, а ідэя стварэньня суполкі належыла іншаму чалавеку, які насамрэч кіраваў ёю. Гэтае прызнаньне падобнае да праўды, я асабіста веру ў тое. Аднак дакладна сьцьвярджаць ня маю права, бо, паўтаруся, ня быў далучаным да таямніцы.
І яшчэ адна заўвага. Я асабіста лічу, што «Тутэйшыя» існавалі датуль, пакуль у дзейнасьці літсуполкі прысутнічала рызыка, таямнічасьць і кансьпірацыя. Калі аб'яднаньне «Тутэйшыя» вырашыла легалізавацца й ператварылася ў Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР, суполка сканала.
Каб патрапіць у «Тутэйшыя», патрэбна была рэкамэндацыя. Мне такую рэкамэндацыю даў Анатоль Сыс. З Анатолем я пазнаёміўся ў ліпені 1986 году ў рэдакцыі часопіса «Маладосьць», куды пэрыядычна заходзіў па навіны да Яўгеніі Янішчыц. Да маіх першых вершаваных спробаў вядомая паэтка паставілася прыхільна й, пасьля азнаямленьня з рукапісам, сказала: «Будем ставіць». Аднак папрасіла прынесьці яшчэ адну нізку вершаў, каб выбраць лепшае. Прыхільнасьць вядомае паэткі не азначала, што ставіць будуць заўтра, ці ў гэтым месяцы, ці ў гэтым годзе. Упершыню Янішчыц адабрала мае вершы для друку ў верасьні 1985 году. А мой дэбют у «Маладосьці» адбыўся ажно ў чэрвені 1987-га. Я чуў з аповедаў дасьведчаных людзей, што чакаць даводзіцца доўга. Але каб столькі!.. Час чаканьня цягнуўся марудна й пакутліва, а вершы ў часопісе ўсё не зьяўляліся. Некалькі разоў я заходзіў да Янішчыц, каб пацікавіцца: калі ўжо, нарэшце? Яна прыязна пасьміхалася й запэўнівала, што ўсё нармальна, але трэба пачакаць яшчэ, маўляў, чарга. У адзін з такіх візытаў я й пазнаёміўся з Сысам. Летам 86-га легендарнаму паэту «новай хвалі» мяне прадставіў Віктар Шніп, якога я ведаў па літаб'яднаньні «Крыніцы», што пад апекай Раісы Баравіковай працавала пры газэце «Чырвоная зьмена». Дарэчы, на «Крыніцах», яшчэ напачатку 85-га, я пазнаёміўся і з Адамам Глёбусам, і з Славамірам Адамовічам, і зь Людкай Сільновай. Культавае Глёбусаўскае апавяданьне «Слон» я ўпершыню пачуў у аўтарскім чытаньні ў рэдакцыйным пакоі «ЧЗ», і друкавалася яно ўпершыню ў гэтай камсамольскай газэце. Больш нідзе б не надрукавалі. Баравікова любіла Валодзю Адамчыка. Але я ня памятаю, каб у «Чырвоную зьмену» заходзіў Сыс. Першая мая размова з Анатолем доўжылася больш двух гадзінаў. Ён апавядаў пра «Талаку», з паэтаў вызначаў Галубовіча й Бембеля (апошняга лічыў сваім настаўнікам). Вельмі раўніва ставіўся да Глёбуса. Нядаўні выпускнік «філфаку» гомельскага «ўнівэру» на той час меў усяго некалькі публікацыяў у цэнтральным друку, аднак быў прыкметна сьпешчаны славай і ўвагай. Сыса ўжо ў той час я ўспрымаў, бадай, як жывую легенду, як прыжыцьцёвага клясыка.
Першы зборнік Анатоля Сыса «Агмень» выйдзе ў 1988 годзе ў толькі што створанай сэрыі «Бібліятэка часопіса «Маладосьць». (Зьяўленьне гэтай кніжнай сэрыі пасьля будзе падавацца галоўным дасягненьнем «Тутэйшых».) Зборнік меў парадкавы нумар 3. Мой зборнік «Вяртаньне», які выйшаў неўзабаве за Сысаўскім, меў нумар 5. (Я назваў свой першы зборнік «Немаўля», аднак рэдактар кнігі Леанід Дайнека сказаў, што назва няўдалая, таму ён пераназваў зборнік на «Вяртаньне». Пачуўшы пра гэта, я ня стаў асабліва пярэчыць. Мне, па шчырасьці, да апошняй хвіліны ня верылася, што выданьне маёй кнігі ўвогуле магчыма). Чаму гэта ўзгадваю? Я па сёньняшні дзень не магу даць веры, што ўвайшоў у літаратуру разам з Анатолем Сысам, прынамсі, нашыя першыя кнігі выйшлі ў адзін год. Мне ўсё яшчэ здаецца, што Анатоль, як мінімум, з пакаленьня Галубовіча, або Шніпа. Бо ў нейкім сэнсе ён быў для мяне настаўнікам.
Аб новай літаратурнай суполцы, якую зьбіраецца ствараць літмоладзь, я пачуў ад Сыса. Адразу пасьля нашай першай сустрэчы ён пачаў апекавацца мной. Увесь час прасіў прыносіць новыя вершы. Я прыходзіў да яго ў інтэрнат (ён тады працаваў на тэлевізіі й меў ад працы пакойчык). Сыс тэатральна чытаў мае вучнёўскія спробы-вэрсіфікацыі і гэтак жа тэатральна іх пляжыў, не пакідаючы нават кволай надзеі. Але, напрыканцы свайго разбору прасіў прыносіць вершы яшчэ. Ня ведаю, ці піў ён тады, як п'е зараз. На колькі памятаю, у тыя гады я ніводнага разу ня ўдзельнічаў з Сысам у справе спажываньня алькаголю. Прычым, сустракаўся зь ім амаль штотыдня, бачыў Толіка й на падпітку, але ў большасьці выпадкаў Сыс мне трапляўся цьвярозы. Сёлета Леанід Галубовіч напісаў артыкул пра Сыса для «Нашай Свабоды» (25.07.2000), у газэце зьмешчаны фотаздымак, на якім Сыс і я. Падпісана, што зьнята ў 1990 годзе. На самой справе гэта здымак 1986 году, яшчэ «перадтутэйшаўскага» часу.
У 80-х я вучыўся ў «наргасе», але жыў у бацькоў у Жодыне й штодня езьдзіў на заняткі электрычкай. На другім ці трэцім курсе ў мяне здарыўся канфлікт з дэканам, і той загадаў не даваць «наглецу» месца ў інтэрнаце - прыйшлося да сканчэньня ВНУ дабірацца на заняткі чыгункай. Лісты да мяне ішлі на бацькоўскі адрас. 12 лютага 1987 году я атрымаў па пошце дзіўнае, таямнічае запрашэньне. На кальцы было надрукавана: «у 19.00 Нядзеляй, 15 лютага, па вул. Акадэмічная, 3, п.32 (дакумэнты здаваць на Капліча Валерыя) адбудзецца чарговая сустрэча літаратурнай суполкі Тутэйшыя. Першым пытаньнем - чытаньне і разгляд драмы Я.Купалы «Тутэйшыя». Другім - абмеркаваньне вершаў новага сябры Тутэйшых. Трэцьцім пытаньнем - праблемы Тутэйшых. ТУТЭЙШЫ»
Я, канечне, паехаў. Хаця, прызнаюся, хваляваўся. Ва ўсім гэтым «свавольстве», відавочна, прысутнічала рызыка. Але цешыла тое, што мне давяраюць, мяне лічаць вартым гэтае рызыкі.
Кожнаму сябру суполкі заўсёды паведамлялі ў запрашэньні, на каго трэба здаваць на вахце дакумэнты, бо вольна ў асьпіранцкі інтэрнат, як і ў любы студэнцкі, не пускалі. Пазначалі розных людзей - нельга было «сьвяціцца» і паказваць, што ўсе прыйшлі па адной справе, у адзін пакой, да аднаго чалавека. Кансьпірацыя. Я і сёньня ня ведаю, хто такі Валера Капліч, да якога я хадзіў на Акадэмічную, 3.